BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Гэты касцёл з вайны столькі людзей не бачыў!”

28.09.2017 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
“Гэты касцёл з вайны столькі людзей не бачыў!”
Фота: Facebook
У Лынтупах энтузіясты выкупілі гістарычны будынак і ствараюць там культурны цэнтр, каб павялічыць турыстычны патэнцыял рэгіёна.

Тут жыве натхненне

Архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік з жонкай Ядвігай Лукашык дзесяць год таму набылі летні дом на Лынтупшчыне. А летась выкупілі там будынак ХІХ стагоддзя і вырашылі стварыць на яго базе культурны цэнтр. Цяпер на краўдфандынгавай платформе Talaka ідзе збор сродкаў на рэстаўрацыю “родных” вокнаў і дзвярэй збудавання, і застаецца зусім не шмат часу, каб у ім паўдзельнічаць: кампанія завершыцца праз тыдзень. Але разам з ёй не завершыцца сам праект. Пра тое, што ўжо зроблена і што ў планах, Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” распытала ў стваральнікаў культурнага цэнтра “Культыватар”.

Арт-дырэктар "Культыватара" Ядвіга Лукашык. Фота: Facebook

Лынтупшчына здаўна вабіць творчую інтэлігенцыю, і сёння тут маюць лецішчы вядомыя мастакі, кінаакцёры, дызайнеры, распавядае дырэктар цэнтра Вадзім Гліннік. І сапраўды, тутэйшы край здольны дарыць натхненне, бо тут ацалелі надзвычай разнастайныя культурныя і прыродныя ландшафты. На поўдні Лынтупшчына мяжуе з запаведнымі Блакітнымі азёрамі, ландшафты якіх падобныя да фіна-карэльскіх, а на поўначы - суцэльна іншыя паводле характару пагоркі Свянцянскага ўзвышша. Некаторыя вёскі ля Блакітных азёраў - Вайшкуны, Станчыкі - сёння ўжо болей падобныя на курортныя пасёлкі. А на поўначы края некалькі гадоў таму вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы выкупілі пустыя дамкі і ствараюць арт-вёску Каптаруны.

Ад творцаў не адстаюць і бізнесоўцы: расіяне выкупілі і рэстаўруюць палацавы комплекс у Лынтупах, каб зрабіць у ім спа-гатэль, беларусы ствараюць аграсядзібы ў наваколлі.  

Яшчэ ў складзе Віленшчыны першай палове ХХ стагоддзя гэтыя землі былі досыць густа заселенымі і заможнымі, уся эканоміка Лынтупаў трымалася на транзіце. Пасля таго, як у 1990-х гадах тут прайшла беларуска-літоўская мяжа, транзітныя шляхі перакрыліся і край стаў паціху прыходзіць у заняпад. У той жа час гэта пайшло на карысць мясцовым краявідам: адсутнасць індустрыялізацыі прывяла да хуткай рэгенерацыі прыроды, да таго ж побач раскінуліся абшары запаведнікаў.

– У саміх Лынтупах планіроўка гістарычнага цэнтра не мянялася з XV стагоддзя, – паказвае Вадзім Гліннік на здымак працоўнага стала свайго камп’ютара. – Тэрыторыя не была разбурана інтэрвенцыямі 1960 – 70-х гадоў. Таму яна ўсё больш і больш вабіць турыстаў.

"Вярнулі" беларусам самага паспяховага камерцыйнага фатографа

Вадзім і Ядвіга таксама вырашылі зрабіць свой унёсак у развіццё турыстычнага патэнцыялу Лынтупшчыны і аб’ядналі вакол гэтай ідэі мясцовых жыхароў і сяброў. Мясцовыя ўлады таксама падтрымалі ініцыятыўных “дачнікаў”.

– У маі мы зарэгістравалі некамерцыйную арганізацыю “Лынтупскі культурны цэнтр “Культыватар”. Але да гэтага мы выкупілі закінутую камянічку, якую прадавалі з аўкцыёна. З аднаго боку, мы робім рамонт у адпаведнасці з усімі сучаснымі будаўнічымі стандартамі, з іншага – вырашылі не чакаць, пакуль рэстаўрацыя скончыцца, а паралельна праводзіць мерапрыемствы.

Дырэктар "Культыватара" Вадзім Гліннік. Фота: Facebook

Гістарычны будынак з часам займее выставачную і кінаканцэртную залу, кавярню, летнюю тэрасу. Энтузіясты збіраюцца таксама выкупіць некалькі суседніх будынкаў, каб зрабіць там хостэл.

Па словах Вадзіма Глінніка, “Культыватар” пазіцыянуе сябе не як асобны аб’ект, а як цэнтр, які дапаможа наладжваць сувязі паміж людзьмі і інстытуцыямі. За пакуль яшчэ кароткі час існавання цэнтра ўжо адбыўся шэраг падзей і нават навуковых даследванняў. Стваральнікі “Культыватара” выявілі, што сто гадоў таму падчас Першай сусветнай вайны ў Лынтупах жыў фатограф Фрыц Краўскопф, які ў будучыні стаў знакамітасцю, але ў нас, як часта гэта здараецца, яго імя трапіла ўнябыт.

– За зіму мы сабралі каля сотні яго арыгінальных фотаздымкаў, выдалі каляндар з імі, падрыхтавалі набор паштовак (цяпер рыхтуем альбом), публікацыі і правялі дзве выставы (у Мінску і Лынтупах) – такім чынам, вярнулі ва ўжытак забытае імя. Гэта вельмі цікавы чалавек, ён быў самым паспяховым камерцыйным фатографам ва Усходняй Прусіі міжваеннага часу!

Яшчэ адна падзея, якая адбылася ўлетку, – канцэрт класічнай музыкі ў лынтупскім касцёле. Стваральнікі “Культыватара” мараць праводзіць там штогадовы фестываль камернай музыкі – балазе, у храме ёсць арган і такая акустыка, якой пазайздросцілі б сталічныя канцэртныя залы.

– Мы баяліся, бо ніколі не арганізоўвалі канцэртаў, тым больш у касцёле. Але людзей прыйшло столькі, што адна з манахінь пабегла па фотаапарат са словамі: “Трэба сфатаграфаваць, бо гэты касцёл з вайны столькі людзей не бачыў!”

“Мы бачым, што камусьці, апроч нас, гэта трэба”

На базе “Культыватара” ладзяцца мерапрыемствы не толькі “для душы”. Так, улетку сюды на архітэктурны летнік прыязджалі студэнты БНТУ, якія вучыліся рабіць абмеры на прыкладзе лынтупскіх помнікаў архітэктуры. Ахвотных паехаць аказалася ўдвая больш, чым маглі ўзяць арганізатары, таму даводзілася нават праводзіць конкурс. Традыцыю летніка таксама збіраюцца працягнуць налета. 

Асноўныя цяжкасці ў развіцці культурнага цэнтра, як заўжды, звязаныя з недахопам рэсурсаў – грошай і часу.

– Мы маглі б нашмат больш зрабіць, калі б мелі доступ да крэдытаў. Але гэта праблема любога бізнесу, а не толькі наша, – разважае Вадзім Гліннік. – Калі б крэдыты былі б з такімі працэнтнымі стаўкамі, як у Еўропе, мы б за год усё запусцілі. А браць крэдыт на такіх умовах, як у нас, няма сэнсу. Мы ўкладваем у праект усё, што зарабляем, нават бярэм пазыкі ў сваякоў, але глядзім на гэта па-філасофску.

Такія на першы погляд неабачлівыя крокі Вадзім і Ядвіга тлумачаць проста: “Мы бачым, што камусьці, апроч нас, гэта трэба”. Краўдфандынгавая кампанія паказала, што грошы на справу ахвяруюць, як правіла, тыя, у каго іх зусім не шмат. Людзі пераводзяць нават па 5 рублёў – бо для іх гэта важна. Да тых жа, хто можа ўкласці ў культурны цэнтр больш сродкаў, трэба шукаць іншыя падыходы, якія часткова ўжо распрацаваныя, але суразмоўцы пакуль што трымаюць іх у сакрэце.

Лынтупскі культурны цэнтр "Культыватар". Фота: Facebook

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео