BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сяргей Драздоўскі: Ёсць неабходнасць кансалідацыі вакол інвалідаў усёй грамадзянскай супольнасці

03.12.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Сяргей Драздоўскі: Ёсць неабходнасць кансалідацыі вакол інвалідаў усёй грамадзянскай супольнасці
Нягледзячы на фармальнае выкананне міжнародных нормаў, у нашай краіне праблему інваліднасці працягваюць разглядаць з сацыяльнага, а не з прававога боку.

Летась Беларусь далучылася да Канвенцыі аб правах інвалідаў, стаўшы ў гэтым шэрагу апошняй з краін Еўропы. Нормы дакумента нясуць антыдыскрымінацыйны пасыл і ўказваюць на неабходнасць людзям з інваліднасцю ў поўнай ступені ажыццяўляць іх правы. У Беларусі ж, нягледзячы на высокія словы ўладаў, да інваліднасці працягваюць падыходзіць як да выключна медыцынскай, а не прававой праблемы.

Ці падштурхнула Канвенцыя беларускую дзяржаву да зменаў, Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” запытала ў кіраўніка Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага.

– 3 кастрычніка адбылася ратыфікацыя Канвенцыі Парламентам, гэта фармальны і паступальны крок. З вялікімі затрымкамі, але пачаў пісацца Нацыянальны план дзеянняў па імплементацыі Канвенцыі, неабходны, каб наша рэчаіснасць стала на рэйкі Канвенцыі да 2030 года.

Фармальныя дзеянні ідуць, і нават у фармаванне гэтага плану ўключаны некаторыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Нашы арганізацыі ўнеслі не адзін дзясятак прапаноў, але, атрымаўшы апошнюю рэдакцыю Нацыянальнага плану, мы ўбачылі, што ён не змяшчае надзвычай важных пазіцый, на ўключэнні якіх мы настойвалі.

– Што гэта за пазіцыі?  

– Насамрэч гэты план вельмі падобны на папярэднія планы рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў краіне. Так, ён уздымае праблему дыскрымінацыі, якой раней не было, але не зусім у тым кантэксце, у якім яна павінна гучаць. Ён не ўздымае пытанне адсутнасці ў Беларусі інстытута забароны дыскрымінацыі, па шэрагу пазіцый прапанаваныя ў ім антыдыскрымінацыйныя меры важныя, але агулам не нясуць сістэмнага характару. Для канкрэтнага чалавека з інваліднасцю гэты план не створыць сістэму абароны ад дыскрымінацыі.

Важна і тое, што Нацыянальны план пабудаваны не паводле структуры Канвенцыі, а паводле структуры разумення дзяржаўнай палітыкай Беларусі праблемы інваліднасці. І ў гэтым традыцыйная ў нашай краіне сістэма, спалучаная з шэрагам канфліктаў міжведамаснага ўзаемадзеяння, няўключанасці самога чалавека з інваліднасцю.

У плане фактычна адсутнічае раздзел, датычны незалежнага пражывання людзей з інваліднасцю ў мясцовых супольнасцях. Чалавек павінен рабіць самастойны выбар жыццёвай стратэгіі. А сёння ў нас асоба з цяжкай ступенню інваліднасці, калі нават сваякі і мясцовыя сацыяльныя службы не могуць аказваць дапамогу, мае толькі адно выйсце – інтэрнат. І нашы ўлады кажуць: “У чым праблема? Вось жа выбар: хочаш – ідзеш у інтэрнат, не хочаш – не ідзеш”. Але калі чалавек адмаўляецца ад інтэрнату, ён проста памірае.

План дзеянняў мае нараканні ад большасці арганізацый людзей з інваліднасцю, бо не нясе рэфармавання і галоўнай пазіцыі Канвенцыі аб уключанасці самога чалавека з інваліднасцю ва ўсе працэсы. Таксама план не прадугледжвае рэфармавання нашай сістэмы фінансавання. Амаль адсутнічаюць спробы рэфармаваць сістэму працы і занятасці, вырашыць праблему інклюзіі ва ўсіх сферах, запоўніць “белыя палі” ў нашай прававой практыцы адносна таго, як быць з людзьмі з інваліднасцю пры надзвычайных сітуацыях.     

– Якім чынам можна змяніць становішча з правамі інвалідаў у Беларусі?

– Неабходна прыняць структуру Канвенцыі. Трэба браць кожнае права і глядзець, што неабходна ў краіне зрабіць для яго рэалізацыі. І тады вельмі проста выбудоўваць індыкатары дасягнення мэты.

Беларуская рэчаіснасць цяпер ідзе ў адваротны бок ад Канвенцыі. 2016 год адзначаны шэрагам крытычных і непрыемных з’яў, якія сведчаць аб адкаце праваабарончага разумення інваліднасці ў медыцынскае. Вельмі шмат дэкларуецца з боку ўлады і грамадскасці аб зменах, але паміж дэкларацыямі і рэальнымі дзеяннямі вялікая прорва.

Мы адзначаем вялікую колькасць зваротаў адносна сацыяльнага забеспячэння: крызіс у эканоміцы ў першую чаргу ўдарыў па гэтай сферы. Улады адмаўляюцца прызнаваць у гэтым эканамічную праблему і спрабуюць знайсці віну людзей. Дзяржава імкнецца скарачаць базу пенсіянавання людзей з інваліднасцю, штучна паніжаючы ступень інваліднасці. Адмаўляецца ад шэрагу спецыяльных платных паслуг па доглядзе за інвалідамі першай групы: іх памочнікі атрымліваюць 80 еўра на месяц, пры гэтым ім забараняюць працаваць і сумяшчаць працу з доглядам за інвалідам. А з гэтага года яны нават не могуць зарабляць пенсію, і праблема тычыцца не столькі іх, колькі інвалідаў, якія не могуць атрымліваць дапамогу. Таксама дзяржава працягвае павялічваць колькасць інтэрнатаў (умовы ўтрымання ў якіх жахлівыя), замест таго, каб пашырыць комплекс мер сацабароны.

Канвенцыя патрабуе роўнага дыялогу паміж дзяржавай і грамадствам, а яго як не было, так і няма.

– Міжнародныя структуры могуць уплываць на гэты працэс?

– Канвенцыя – не адзіны спосаб узаемадзеяння з міжнароднай супольнасцю, і мы імкнемся выкарыстоўваць усе магчымыя. Але Беларусь досыць своеасабліва ставіцца да міжнародных рэкамендацый – проста ігнаруе, не абцяжарваючы сябе тлумачэннямі. Мы лічам, што ўсе дзеянні павінны быць унутры краіны і праводзіцца нацыянальнымі актарамі – арганізацыямі і самімі людзьмі.

– А хіба патрабаванні грамадскасці дзяржава не ігнаруе?

– Я б сказаў, што не ў такой ступені. Рэгулярна адкрываюцца слабыя месцы, якія дэманструюць, што татальны кантроль без дэмакратычных метадаў прыводзіць у тупік. І часам проста няма куды дзявацца і даводзіцца размаўляць з грамадскімі арганізацыямі.

Пытанні палітыкі інваліднасці датычацца ўсёй грамадзянскай супольнасці. Але мы настойваем, каб голас саміх людзей з інваліднасцю быў мацнейшым. Таму ёсць неабходнасць кансалідацыі вакол інвалідаў усёй грамадзянскай супольнасці.

* Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праэкта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Парадак дня 50)”.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео