BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Андрэй Хадановіч:“Левыя” з “правымі” на розных мовах хутчэй паразумеюцца, чым беларускамоўныя (ФОТА)

15.09.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Андрэй Хадановіч:“Левыя” з “правымі” на розных мовах хутчэй паразумеюцца, чым беларускамоўныя (ФОТА)
Акции / Фото
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Сталічная кнігарня “Кніжная шафа” распачала серыю творчых сустрэч з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі.

Вось і настаў час для цёплых пледаў, духмянай гарбаты і добрых кніг. На першы, нешматлюдны, але вельмі цёплы і  ўтульны кніжны восеньскі вечар пад адным ліхтаром завітаў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Сустрэча складалася з дзвюх частак: для дзетак і для дарослых. Не сакрэт, што цяпер усё цяжэй заахвоціць малечу чытаць, і, здаецца, ужо зусім невыканальная задача – чытаць па-беларуску. І нават Андрэй Хадановіч – бацька дзесяцігадовай дачкі – не мае ўніверсальнага рэцэпту.

“Французскі пісьменнік Даніэль Пенак напісаў цэлае эсэ, як заахвоціць да чытання. Найперш дзейнічае ўласны прыклад: калі дзіця бачыць, што бацькі не чытаюць, што б яны не казалі пра карысць чытання – абсалютна гіблы нумар. У мяне ёсць “паскудная” звычка: куды б я ні пайшоў – у ванны пакой, на кухню, п’ю каву, сядаю за камп’ютар – усё раблю з папяровай кніжкай. І мая Алена [дачка] гэта пераняла.

Па-другое, Пенак раіў зрабіць чытанне супольным заняткам. Найлепш – гэта чытанне перад сном. Чытанне ўслых дае адну перавагу: калі ты хочаш зрабіць гэта па-беларуску, а пад рукой томік на іншай даступнай мове, можна адразу перакладаць. Праўда, з вершамі так не выходзіць”, – падзяліўся паэт са Службай інфармацыі “ЕўраБеларусі”.

Адметна, што да пачатку “дзіцячай” часткі, апроч некалькіх мам са сваімі малечамі, прыйшлі і даволі сур’ёзнага выгляду сталыя мужчыны і маладыя дзяўчаты з хлопцамі – аматары творчасці Андрэя Хадановіча. Паэт стаў чытаць вершы са свайго пэтычнага зборніка “Нататкі таткі”. Гэтая кніжка – першая спроба паэта пісаць для дзяцей. Зборнік атрымаўся такім натуральным, бо сітуацыі, апісаныя ў вершах, браліся з сапраўднага жыцця.

Як распавёў сам паэт, самая галоўная яго натхняльніца, муза, першы чытач і літаратурны крытык – дачка Алена, якой цяпер 10 гадоў. У “Нататках” Хадановіч апісвае прыгоды дзіцяці, знаёмыя ўсім бацькам, але робіць гэта настолькі незвычайна і віртуозна, што нават самыя звыклыя сітуацыі набываюць іншыя барвы: поўныя жыцця, вясёлых усмешак і радасці.


”Кніжка мне самому падабаецца – а беларускаму пісьменніку яго кніжкі не абавязкова могуць падабацца”, – зазначыў Андрэй Хадановіч.

Ад "Нататак таткі" ў захапленні не толькі дзеці, але і дарослыя.

Другую частку сустрэчы сам госць умоўна акрэсліў “16+”. Спачатку Андрэй Хадановіч зачытаў некалькі вершаў з кніжкі “Дэжа вю”. У гэты зборнік увайшлі творы з шасці папярэдніх кніг, таму сам аўтар акрэсліў яе як “перавыбранае”. “Ведаеце, што ў нас, калі кагосьці выбіраюць, то заадно і перавыбіраюць”, – дадаў паэт. І зачытаў адзіны свой верш, які ўхваліў філосаф Валянцін Акудовіч:

“Больш нічога не адбываецца,

Толькі неба ў вадзе адбіваецца”.

Для тых, хто знаёмы з Акудовічавым пастулатам “Няма”, прыхільнасць філосафа да гэтага твора цалкам зразумелая.

Пасля выступоўца пазнаёміў гасцей "Шафы" з творамі, якія ўвайшлі ў яго нядаўнюю кнігу вершаў “Цягнік Чыкага-Токіё”. Як зазначаў сам Андрэй Хадановіч, адметнасць гэтай кнігі – набліжанасць лірычнага героя да аўтара. Гэтым тлумачыцца шчырасць, якой прасякнуты ўвесь зборнік, дзе значную частку складаюць вершы-падарожжы (здзейсненыя насамрэч) і верлібры.

Паміж чытаннем аўтар разважаў пра тое, што “культуру пачало ліхаманіць рознымі дробнымі скандаламі” . Паэт прывёў прыклады “траўлі” Альгерда Бахарэвіча, Марыі Мартысевіч, ды і ўласнай, калі купалазнаўцы ашчэрыліся на Хадановіча за верш “Хлопчык і копчык”.

“Праблема ў тым, што я той верш напісаў і забыў, а яны – памятаюць”, – усміхнуўся Андрэй Хадановіч. І згадаў:

“Гадоў 12 – 15 таму ты мог стаяць на вушах, рабіць у беларускай культуры што заўгодна і мець за гэта халяўную любоў усіх сегментаў калябеларускамоўнага грамадства. Хулігань на здароўе, ці будзь праведнікам – абы “наш хлопец”. Цяпер у нас, нарэшце, усё стала, як ва ўсім свеце: “левыя” зрабіліся “левымі”,” правыя” – “правымі”. І “левыя” з “правымі” на розных мовах хутчэй знойдуць паразуменне, чым беларускамоўныя. І гэта нармальна”.

Цягам вечара ў камернай атмасферы пад святлом адной лямпы паўкола чытачоў разам з аўтарам перанесліся ў Паўднёвую Карэю, даведаліся пра “вядзяную картошку” (яна ж “візітная картачка”), пракаціліся на 38 тралейбусе і першых дзіцячых санках, і нават наведалі музей фаласаў у Ірландыі… усяго толькі перагортваючы старонкі кніг.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео