BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Украінская разведка зліла базу беларусаў, што хацелі служыць «ДНР»

23.08.2016
Украінская разведка зліла базу беларусаў, што хацелі служыць «ДНР»
В Украине
novorosnews.ru
Журналісты сабралі апраўданні беларусаў, якія хацелі паехаць на вайну.

Блізкі да ўкраінскіх спецслужбаў праект «Міратворац» учора апублікаваў анкеты людзей, якія хацелі стаць баевікамі г.зв. ДНР. 

Для гэтага трэба было запоўніць фармуляр на сайце сепаратыстаў, які складаўся з графаў «краіна, горад, ініцыялы, кантакты, чым магу дапамагчы». Агулам там больш за 4000 прозвішчаў.

У злітай «Міратворцам» базе прыкладна два дзясяткі беларусаў, з некаторымі з іх звязалася «Наша Ніва»

Газета прапануе ўвазе чытачоў вытрымкі з анкетаў нашых суайчыннікаў і іхнія тлумачэнні таго, як прыватныя звесткі аказаліся ў руках вярбоўшчыкаў «Наваросіі». 

Першым з беларусаў у спісе ідзе Сяргей Шырокі з Бабруйска. У графе «чым магу дапамагчы» ён піша: «Стать в строй и пока живой мочить укропов!». 

Па ўказаным у анкеце нумары слухаўку падняў той жа ж самы чалавек, што яе запаўняў. Сяргей не стаў адмаўляць таго, што збіраўся ехаць на Данбас.

«Я не даехаў, — сказаў Сяргей, — Але матывы былі. Першы з іх — калісьці мой дзед ваяваў з фашыстамі, а цяпер яны зноў там ходзяць…».

Пра «фашыстаў» мужчына даведаўся з расійскіх каналаў, так ён сказаў. А паездка не ўдалася з прычыны «недахопу сродкаў».

Сваёй прафесіяй Сяргей назваў «навядзенне парадку ў Беларусі», пры гэтым не ўдакладніўшы, маецца на ўвазе — міліцыя ці дворнікі.

Зрэшты, міліцыянты ў спісе ёсць і без гэтага, напрыклад, мазырскі маёр Віктар Казак

«Старшыня разведроты ПДВ СССР, маёр міліцыі Беларусі», — напісаў Віктар пра сябе ў анкеце.

Як стала вядома «Нашай Ніве», такі супрацоўнік сапраўды служыў у Мазырскім РАУС, але не працуе там ужо пяць гадоў. 

Што прывяло маёра на сайт баевікоў? 

«Гэта жарт, — сказаў ён. — Ехаць я не збіраўся, вы што, смеяцеся? Гэта ж турма. Гэта ў п’янай кампаніі пажартавалі проста».

У такім жа ж духу быў адказ і Васіля Шумілкіна з Віцебска, які абазначыў сваю матывацыю ў анкеце проста «хачу ўступіць у шэрагі апалчэнцаў».

«Не, не, не, можа па памылцы набраў неяк, я не ведаю. Я нікуды не збіраюся, я ў Віцебску», — сказаў Васіль.

Сваё стаўленне да ідэй г.зв. «Наваросіі» ён не захацеў абмяркоўваць па тэлефоне.

Яшчэ адзін патэнцыйны тэрарыст падпісаўся як А.М.Сідарэвіч з Мар'інай Горкі. 

«Старшы-стралок-наводчык, сержант. Узрост 45. Навыкі выжывання ў паўночных шыротах, пераадольванне водных перашкод, турыст, будаўнік. НЕНАВІДЖУ ФАШЫСТАЎ!!!! У мяне сваякі з Украіны», — так напісаў пра сябе Сідарэвіч.

Але ў размове з журналістам мужчына сказаў, што за гэты час перагледзеў свае погляды і больш нікуды не збіраецца. 

«Быў час, я астыў трохі. На пачатку вельмі балюча ўспрыняў навіны з Украіны, я думаю, такому ўспрыманню агрэсіўнае тэлебачанне паспрыяла і інтэрнэт — чаго там толькі не напішуць. Ды ў сям'і былі непаладкі… А цяпер неяк усё наладзілася і я ўжо інакш гляджу на сітуацыю», — сказаў А.М.Сідарэвіч.

Сяргей Паўлаў жыве ў Мінску і Стоўбцах, мае бізнес па грузаперавозках. Ён скончыў Стаўрапальскае вайскова-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў і штурманаў. Яму 49 гадоў. «Гатовы быць на вашым баку», — напісана ў матывацыі Паўлава.

Мужчына рашуча адмаўляе, што некуды адпраўляў свае звесткі.

«Нічога я не адпраўляў нікуды. Няхай яна абсярэцца, украінская разведка.

Падтрымліваю «ДНР», «ЛНР», канечне! Не, я, мусіць, буду падтрымліваць кіеўскую хунту, рабіць мне больш няма чаго», — на гэтым Паўлаў абяцае падаць у суд, калі яго прозвішча будзе згаданае, а пасля кідае слухаўку.

Антон Пікун родам з Свіслачы кажа, што ў кожнага медаля ёсць два бакі. «Я падтрымліваю і «ДНР», і Украіну. Мне проста шкада людзей. Я не збіраўся ехаць ваяваць, я што, смяротнік? Я жыць хачу!»

Праз нейкі час Антон Пікун прызнаецца, што ўсё ж адпраўляў зварот. «Нешта такое было 2 гады таму. Хацеў паглядзець, як працуе гэтая сістэма. Было цікава проста, але мне ніхто не адказваў».

Пасля спадар Пікун стаў цікавіцца, ці будзе яму ўскладнены выезд ва Украіну і іншыя краіны і ці зацікавяцца ім спецслужбы.

«За гэтыя два гады ў мяне ў жыцці шмат што памянялася, памяняўся мой светапогляд. Я цяпер разглядаю той канфлікт як проста дзіцячы садок», — кажа Антон Пікун.

«Малодшы лейтэнант запасу. Досвед разведвальна-дыверсійнай працы ў Карабаху. Фізічная форма — здавальняючая для маіх гадоў. Гатовы дапамагчы», — піша 56-гадовы мінчук Ігар Хаткоўскі. Як высветлілася з размовы, Хаткоўскі ў свой час служыў у ГРУ.

«Я нікуды не пісаў. Мае дадзеныя адкрытыя ў Аднакласніках, Укантакце. Мне ж ужо 57 гадоў, досвед нейкі маю, можа, нехта з украінцаў мяне памятае. Не, я нікуды не збіраюся. Цяпер на фронце людзі майго веку доўга не жывуць, доўга жывуць тыя, хто добра бегае. А куды мне з маім жыватом?

У мяне няма сімпатый ні да ўкраінцаў, ні да «ДНР», іх справы, няхай разбіраюцца. У мяне куча знаёмых у спецструктурах, таму я не здзіўлены, што дадзеныя трапілі.

Два гады таму я перапісваўся з цэлым шэрагам людзей, якія занялі актыўную пазіцыю, яны цікавіліся, клікалі мяне. Спрабавалі раіцца. Але я кажу, што раіць на дыстанцыі бессэнсоўна.

Нават тут у Мінску ў мяне быў калега на працы — былы амапавец расійскі. Мы разам адпрацавалі месяцы два, а потым ён знік. Праз нейкі час пісаў мне ў інтэрнэце Віця, што ён быў у Марыупалі. Даваў мне дадзеныя адной дамы цікавай, якая мяне клікала ў Марыупаль. Але я цяпер сяджу ў Беларусі, у Мінску, можаце прыходзіць у госці, папіць кавы».

Цяпер Ігар Хаткоўскі ўдзельнічае ў пошуках зніклых людзей разам з добраахвотнікамі Чырвонага крыжа. Ён аўтар кнігі «Родам з разведкі».

Падобна да таго, што гэты спіс зусім не фэйкавы. І прыведзеныя размовы з беларусамі пацвярджаюць, што выпадковых людзей там фактычна няма. Больш за тое, адзін з узгаданых у спісе беларусаў — Андрэй Грышуцін — усё ж паехаў ваяваць на Данбас, дзе «служыць» снайперам і перадае відэа-вітанні Лукашэнку.

«Былы снайпер спецназа МУС РБ», — так апісваў сябе Грышуцін у анкеце на сайце баевікоў. 
 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео