BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ігар Мельнікаў: Беларусы ваявалі з нацызмам ад пачатку Другой Сусветнай, вяртаем памяць пра гэта

14.07.2016
Ігар Мельнікаў: Беларусы ваявалі з нацызмам ад пачатку Другой Сусветнай, вяртаем памяць пра гэта
Фота: Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі"
У гэтыя дні ў Нацыянальным гістарычным музеі праходзіць выстава «Беларусы ў Войску Польскім 1939-1945 гг. з прыватнага архіва Ігара Мельнікава».

Выстава прысвечаная беларусам, якія ваявалі ў складзе Войска Польскага супраць нацыстаў на розных франтах Другой сусветнай вайны. Экспазіцыя складаецца з унікальных фотаздымкаў, дакументаў ды іншых артэфактаў з асабістай калекцыі вядомага беларускага гісторыка Ігара Мельнікава.

Карэспандэнт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» наведаў Нацыянальны гістарычны музей і паразмаўляў са стваральнікам выставы Ігарам Мельнікавым.

- Тут увазе наведвальнікаў прапанаваныя стэнды, прысвечаныя розным аспектам удзелу беларусаў у Вераснёўскай кампаніі 1939 году і баях 1944 году ў Італіі. Безумоўна, вялікі акцэнт – на гарнізонах Войска Польскага, якія знаходзіліся ў Заходняй Беларусі, гэта гарнізон у Горадні, у Баранавічах – знакамітая Баранавіцкая дывізія, якая абараняла Млаву, і ў складзе якой была досыць вялікая колькасць менавіта ўраджэнцаў Заходняй Беларусі. Палякі пра гэта добра ведаюць, падкрэсліваюць той беларускі складнік бітвы пад Млавай, у Беларусі ж гэтая тэма, на жаль, амаль невядомая.

Вялікі акцэнт зроблены на даваеннай мяжы. Мяжа з Рэччу Паспалітай зусім жа побач была з Мінскам, але, нягледзячы на тую колішнюю блізкасць, мала хто зараз ведае пра тое.

Канешне, значная ўвага нададзена менавіта падрыхтоўцы Заходняй Беларусі да вайны: гэта і прадчуванне жыхарамі вайны, гэта і дзве хвалі мабілізацыі 1939 году – прыхаваная сакавіцкая і агульная жнівеньская. Ну і сама Вераснёўская кампанія – абарона Берасцейскай крэпасці праз гісторыю аднаго з жаўнераў, падпаручніка рэзерву, беларуса Віктара Амельянюка.

Вялікую цікавасць у наведнікаў выклікаюць дзве сапраўдныя пярліны выставы – гэта гісторыя Пінскай рачной флатыліі, а таксама удзел беларусаў у Бітве за Брытанію. Гэта ўвогуле невядомая старонка нашай гісторыі, а там, як аказалася, у складзе Польскай эксадрыллі Брытанскіх ВПС было багата беларусаў.

Ну і канешне гісторыя Арміі Андэрса. Дарэчы, на адкрыцці выставы было шмат сваякоў андэрсаўцаў, напрыклад, прыходзіў філосаф Уладзімір Мацкевіч, двое дзядоў якога ўдзельнічалі ў вызваленні Італіі ў 1944 годзе. Тут на выставе, дарэчы, ёсць два здымкі з ягонага архіву. Былі тут і двое праўнукаў андэрсаўцаў, чые здымкі таксама скарыстаныя ў выставе.

Асобны планшэт – гісторыя Уладзіміра Завадскага, дакументы з ягонага архіву.

І гісторыя аператыўнай групы «Палессе» - гэта была ўжо апошняя бітва, яны змагаліся ў кастрычніку 39-га, вымушаныя былі капітуляваць, бо засталіся без боепрыпасаў, моцная гісторыя – зноў жа з моцным беларускім складнікам.

- Ваенная форма тых часоў?

- Мундзіры – гэта таксама гонар калекцыі. Тут уніформа марака Пінскай рачной флатыліі, мундзір капітана 84-га пяхотнага палку з Пінска, і мундзір паручніка, пілота Польскіх ВПС у складзе Брытанскіх ВПС. Апошні – цалкам арыгінальны. У астатніх шмат арыгінальных элементаў - гузікі, узнагароды. Зазначу, што ўпершыню ў Беларусі паказваецца гэта ўніформа, калегі-навукоўцы адзначаюць, што гэта вельмі моцна дапаўняе выставу.

- Ігар, рэгулярна – з нагоды кнігі альбо выставы – размаўляем з вамі на тэму забытай ці невядомай гісторыі, ці мяняецца нешта ва ўспрыняцці беларусамі тых падзеяў?

- Ёсць дынаміка, сапраўды. І даволі заўважная – калі я толькі пачынаў, людзі проста банальна або нічога не ведалі пра гэты перыяд нашай гісторыі, або былі ўпэўненыя, што гэта нейкая выключна польская тэма. А зараз прыходзіць разуменне, што тут ёсць менавіта беларускі акцэнт Другой Сусветнай вайны, які проста выкінуты з кантэкста, на жаль. І калі ў акадэмічнай навуцы ён – хоць і вельмі рэдка – прысутнічае хаця б на нейкіх вузкаспецыяльных канферэнцыях, то грамадства толькі зараз пачынае ўсведамляць, што вось: гэта іх дзяды, прадзеды, ці нават калі не маюць такіх сваякоў, то ўсё-роўна прыходзіць разуменне, што гэта – наша гісторыя, пра якую варта памятаць і ганарыцца. Зазначу, што на адкрыцці было шмат моладзі, і зараз, як можаце бачыць, шмат тут моладзі. І гэта файна, бо ведаю, што пасля выставы яны не будуць успрымаць тыя падзеі, як нешта чужое для сябе, сваёй краіны.

Людзі прыходзяць, людзі цікавяцца. Выстава накіраваная на тое, каб вярнуць беларусам разуменне таго, што: па-першае, Другая Сусветная вайна прыйшла ў Беларусь у верасні 1939 года, па-другое, 70.000 беларусаў з першага дня гэтай вайны – 1 верасня 1939 года – змагаліся з нацызмам, гераічна змагаліся, і што пра гэтых жаўнераў забыліся на Беларусі, а нам бы варта памятаць пра іх гераізм і ганарыцца імі.

- Памятаем гісторыю пра забарону выставы «Заходнебеларуская Атлантыда» у 2014 годзе. Зараз не было незразумелых праблем? Усё ж выстава праходзіць у дзяржаўнай установе, галоўным гістарычным музеі Беларусі.

- Не, праблем не было. Пры гэтым хачу падкрэсліць, што выстава зробленая пры вялікай дапамозе Амбасады Польшчы ў Беларусі. Без гэтай дапамогі мала што атрымалася б зрабіць, бо тут было шмат і арганізацыйных, і фінансавых пытанняў.

Канешне, думаю, і самому музею было цікава паказаць нешта ўнікальнае, тое, чаго тут раней не паказвалася і пра што не расказвалася. Але, мяркую, не разлічвалі ў музеі на такую цікавасць да выставы – у дзень адкрыцця чарга пачыналася там унізе, на сходах. Заўважу, што і адміністрацыя музея вельмі добра зрэагавала на такі попыт.

- Думаю, варта было б паказаць гэтую выставу і ў іншых нашых гарадах, правезці па мястэчках той жа Заходняй Беларусі. Маеце такія планы?

- Добрае пытанне, але чаму ж толькі па Заходняй? Плануем з верасня і да канца года правезці яе па ўсёй Беларусі. Гэта не толькі шэсць абласных цэнтраў, але і такія гарады як Бабруйск, Маладзечна, Пінск, Баранавічы. То бок паўсюль – бо ва Ўсходняй Беларусі таксама добра б ведаць, што гэта – не чужая гісторыя. Бо я на ўласным досведзе ведаю пра гэтую праблему ўсведамлення. Калі была прэзентацыя ў Магілёве маёй кнігі «Мяжа ля Заслаўя», то людзі пыталіся: «Што такое ўвогуле Заходняя Беларусь?», «Як апынуліся беларусы ў польскай арміі?», «Чаму беларусы ўвогуле пайшлі змагацца за Польшчу?» - таму гэты момант нашай гісторыі варта б вярнуць усім беларусам. Плануем з Польскай амбасадай рабіць такія прэзентацыі.

Акрамя таго, запрасілі з гэтай выставай у Музей Войска Польскага ў Варшаве, там таксама мала вядома пра беларускі складнік змагання з нацызмам падчас Другой Сусветнай.

- Можа і нешта новае рыхтуеце да друку?

- Так, плануецца на гэту восень мая трэцяя кніга. У верасні думаю выдаць «Заходнебеларускую Атлантыду. Кнігу другую» - гэта працяг маіх даследаванняў па гісторыі Заходняй Беларусі, але таксама гэта будзе працяг даследавання ўдзелу суайчыннікаў у Арміі Андэрса.

Нагадаем, выстава «Беларусы ў Войску Польскім 1939-1945 гг. з прыватнага архіва Ігара Мельнікава» працуе да 17 ліпеня ўключна.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео