BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Павел Белавус: Ні бел-чырвона-белы сцяг, ні сцяг з “Пагоняй” не страшна прадаваць легальна

05.07.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Павел Белавус: Ні бел-чырвона-белы сцяг, ні сцяг з “Пагоняй” не страшна прадаваць легальна
citydog.by
Як арганізаваць беларусаарыентаваны бізнес і прывучаць грамадства да нацыянальных каштоўнасцяў.

Заснавальнік і кіраўнік крамы symbal.by Павел Белавус расказаў Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”, чаму масавая вытворчасць нацыянальным сімвалам толькі на карысць, калі перастануць затрымліваць аўтамабілі з бел-чырвона-белымі сцягамі і што рабіць, калі дзяржава плагіяціць ідэі.

– Павел, як вы зразумелі, што нацыянальнаарыентаваныя рэчы – тое, чаго не хапае беларусам?

– Мы не адразу вырашылі развіваць камерцыйны кірунак, а прыйшлі да гэтага паступова. Інтэрнэт-сайт крамы symbal.by пачаў працаваць роўна два гады таму, а да гэтага мы шмат гадоў займаліся рознымі грамадскімі акцыямі і кампаніямі, накіраванымі на папулярызацыю беларускай мовы і культуры. Перад стартам сайту збіралі подпісы за ўнясенне бел-чырвона-белага сцяга ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У ім ужо ёсць “Пагоня”, а сцяга няма.

Мы зрабілі вялізнае абгрунтаванне, напісалі 50 фактаў пра бел-чырвона-белы сцяг, накіравалі ў Міністэрства культуры, але пасля разгляду там сказалі, што пакуль не могуць надаць яму такі статус. Пасля гэтай кампаніі мы ўбачылі, што нацыянальная сімволіка хвалюе людзей, яны сталі запытвацца, дзе яе можна набыць. Была і другая кампанія, падчас якой мы спрабавалі вызначыць, якія сімвалы краіны людзі лічаць нацыянальнымі. У нас ужо была аўдыторыя, якой гэта цікава, у якой ёсць попыт, але няма прапановы. Паўплывалі і ўкраінскія падзеі, пасля якіх беларусы сталі задумвацца, хто яны такія. У нас была ідэя сабраць разам розныя вырабы – арнаменты, сцягі, “Пагоні” ў розных варыянтах сувеніраў і адзення. Спачатку гэта было 20 – 30 пазіцый, цяпер іх у нас больш за 200, і нам ужо даводзіцца фільтраваць звароты рамеснікаў, бо пакуль мы не можам зрабіць такі гіганцкі асартымент.

Яшчэ адзін прэцэдэнт, які мне асабіста хацелася зрабіць пры дапамозе сайта – паказаць, што ні бел-чырвона-белы сцяг, ні сцяг з “Пагоняй” не страшна прадаваць легальна. Гэта сімвалы, пад якімі наша краіна атрымала незалежнасць, Лукашэнка прымаў прысягу, і імі варта ганарыцца ўсім.

Вы казалі, што ў вас ужо была пэўная аўдыторыя зацікаўленых людзей. Але ці пашырылася яна за час працы сайта?

– Нядаўна чуў крытыку, што мы працуем на кола людзей, якія і так паважаюць гэтыя сімвалы і лічаць іх нацыянальнымі. Я не пагаджуся, бо лічу, што мы значна пашырылі гэтае кола. Зайдзіце ў Інстаграм і набярыце хэштэг #symbalby, і вы ўбачыце тысячы фотак з розных куткоў свету – школьнікаў, прыгожых дзяўчат, палітыкаў, публічных людзей. Вось, некалькі дзён назад з’явілася фота вядучага АНТ Дзмітрыя Врангеля ў цішотцы з “Пагоняй”. А колькі спартоўцаў, людзей культуры іх стала апранаць, нават гламурных асоб, якія пра гэта ніколі не думалі. Нават па колькасці прададзенай прадукцыі мы можам меркаваць, што гэта новая аўдыторыя. Той жа прыклад з кадэтамі. Хлопцам 15 – 16 гадоў, яны нарадзіліся пад чырвона-зялёным сцягам, у школе ім пра ранейшыя сімвалы не распавядалі, яны прыйшлі да гэтага, хутчэй за ўсё, праз сацыяльныя сеткі, знаёмых. У тым ліку, я думаю, тут ёсць і нашая заслуга.

Многія крытыкуюць нас за тое, што мы робім мас-маркет, але мы лічам, што “Пагоня” можа быць на чым заўгодна, хоць на майтках, хоць на прэзерватывах, калі груба казаць. Гэта не страшна, бо поп-прадукт якраз і выжывае, бо карыстаецца попытам. Для нас прыклад – Амерыка і Вялікабрытанія, паглядзіце, як яны выкарыстоўваюць сваю афіцыйную дзяржаўную сімволіку і на чым яе толькі нельга сустрэць. З-за гэтага яны не сталі слабейшымі.

– Вашыя ініцыятывы актыўна падхоплівае БРСМ. Як вы гэта патлумачыце, і ці можа дзяржава папулярызаваць нацыянальныя каштоўнасці без паху нафталіну?

– У нас склалася дваістае стаўленне да гэтага. З аднаго боку, крута: зерне, кінутае ў зямлю, дае свае парасткі, і нават дзяржава пераймае і спрабуе нешта рабіць. Такіх прыкладаў ужо як мінімум тры. Першы – з арнаментарнай стужкай, калі мы зрабілі акцыю, а пасля БРСМ пад выбары зладзіў кампанію “Выбірай.by”, прывязаўшы гэта пад канкрэтную палітычную асобу. Другі выпадак – “вышыванкі” з яблыкамі, звязаныя з перамогай у Вялікай Айчыннай вайне. Трэцяя ініцыятыва – вышыванкі да Дня незалежнасці 3 ліпеня, а гэта зноў вызваленне Мінска ад фашыстаў. Прывязкі не тыя, мы гаворым пра народную культуру, традыцыі, мову, а вы прывязваеце гэта альбо да нейкіх выбараў, альбо да Вялікай Айчыннай вайны.

Мы звярнуліся да іх з прапановай далучыцца (да Дня вышыванкі 2 ліпеня. – ЕўраБеларусь.), на што нам сказалі: праграма зацверджаная, зменаў у ёй быць не можа, месца для вас на кірмашы рамеснікаў таксама няма. Мы не пакрыўдзіліся, але такія моманты паказваюць, што людзі робяць крыху няправільна і няшчыра. А яшчэ яны зрабілі плакаты да конкурса сэлфі з хэштэгам #вышиванка на рускай мове, дзе з шасці фота ўзялі два нашых, не спытаўшы. Я ім напісаў, што з такім хэштэгам будзе мільён фота, дзе вы будзеце свае шукаць, якія на конкурс дашлюць?

Змагацца мы з гэтым не будзем, ствараць, як у нас прынята, афіцыйны Дзень вышыванкі і неафіцыйны таксама. Мы лепей пад Новы год правядзем Дзень пад знакам “Пагоні” ці што-небудзь яшчэ. Прывучылі дзяржаву і той жа БРСМ да вышыванкі, будзем прывучаць да таго, што “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг – гэта не страшна, гэта наша гісторыя.

– Ці сапраўды не страшна, мяркуючы па трох выпадках затрымання аўто пасля акцыі “БЧБмабіль”?

– Я праехаў па праспекце са сцягамі на сваім аўто, нават ДАІ стаяла на Плошчы Перамогі, нас не чапалі. Пабачыўшы, што гэта прыгожа, эмацыйна выглядае, і што гэта не забаронена, вырашылі паспрабаваць: а хто яшчэ пагодзіцца ездзіць з такімі сцягамі? Мы сказалі, што 20 камплектаў раздадзім бясплатна. За суткі атрымалі 100 заявак з розных куткоў Беларусі ад уладальнікаў транспарту ад трактараў і “масквічоў” да машын класу “люкс”. І вырашылі замест 20 раздаць 100 камплектаў.

Было ўжо тры выпадкі затрыманняў. Першы быў таксіст Леанід Кулакоў, які размясціў сцягі і натрапіў на ДАІ. Але тут трэба ведаць яго характар: ён прынцыповы, і калі яму скажуць зняць, ён не здыме. Я б, напрыклад, на канфлікт, хутчэй за ўсё, не пайшоў бы, лепей бы зняў, праехаў 20 метраў і начапіў зноў, бо мне часу няма ехаць з імі ў апорку, і я нічога не дакажу. Але ў Кулакова ўсё скончылася добра, ён прыходзіў да нас, сцягі ў яго скралі, і мы далі яму новыя. Другі выпадак (беспадстаўны арышт аўтамабіля Яўгена Батуры. – ЕўраБеларусь.) – была акцыя падпісання паштовак Пальчысу, і да яе была ўвага. І чалавек разумеў, што яго машына прыцягне ўвагу. А ў трэцім выпадку да чалавека (Цімафея Дранчука. – ЕўраБеларусь.) падышлі сябры, ён сказаў, што нікуды не паедзе, яму далі штраф за таніроўку і адпусцілі. Зразумела, што такія выпадкі пакуль што будуць, мы адразу пісалі: “Хто смелы?”. Гэта такі народны эксперымент – паглядзець на рэакцыю. Але гэтыя людзі і для нас, і для грамадскасці героі ў тым, што не пабаяліся, адстаялі сваю пазіцыю да канца і стварылі прэцэдэнт. Я спадзяюся, што розгалас прывядзе да знікнення такіх выпадкаў, іх трэба даводзіць да абсурду.

– Калі ўжо закранулі тэму акцый, чаго чакаць ад вас у найбліжэйшы час?   

– Зараз думаем над канцэпцыяй вялікага фестывалю. Распрацоўваем новыя прынты, збіраемся папулярызаваць выцінанкі. Запусцілі працяг акцыі “Пагоняпобач”: выпусцім камплекты з шасці налепак з “Пагоняй” на аўто, ровар, планшэт, тэлефон, дзённік... І колькі пасты ў сацсетках пра пачатак гэтай акцыі збяруць “лайкаў” і рэпостаў, столькі набораў мы выпусцім і раздамо бясплатна. На сённяшні дзень сабралі ўжо больш за пяць тысяч – давядзецца столькі і выпускаць. Ну і робім шмат культурных імпрэзаў.

– А наколькі папулярныя, так бы мовіць, “спадарожныя паслугі” – беларускамоўныя вядучыя, гурты?

– Гэта нашая новая “фішка”, мы яе толькі запусцілі. Размясцілі выканаўцаў, з якімі ўжо раней працавалі – NAVI, HURMA, Martin.S, “Амплітуда смеласці”, Пётр Клюёў, у тым ліку і персанальныя паслугі нашых людзей, напрыклад, Аляксей Сапрыкін вядзе розныя святы – ад дзіцячых да вяселляў – на беларускай мове. Таксама звярнуўся Зміцер Вайцюшкевіч, можна замовіць яго асобна, ці ў складзе WZ-Orkiestra. Плюс у тым, што на сайце адразу бачны рэальны кошт.

А ўвогуле ці дорага быць беларусам – насіць рэчы з беларускай сімволікай, замаўляць беларускія гурты, – асабліва цяпер, у крызіс?

– У нас зараз вельмі шмат зніжак, ёсць рэчы, якія мы аддаем амаль па сабекошце. Кошт на адзенне ў нас сярэднерынкавы па Мінску. Зразумела, што гэта даражэй, чым у Mark Formelle, але ў іх свая вытворчасць, 100 крамаў па Беларусі і мы не можам з імі канкураваць, бо памеры не тыя – нас пяцёра, а іх сотні чалавек.

– Не збіраецеся пашырацца?

– Мы працуем з Беларуссю і ўсім светам. Месяц таму мы перазапусцілі сайт, каб ён адпавядаў усім патрабаванням інтэрнэт-крамы. У нас ёсць дастаўка поштай з накладзеным плацяжом, ёсць магчымасць аплаты карткай, і мы дастаўляем тавары па ўсім свеце. Не так даўно з’явілася дастаўка па горадзе. Таму адкрываць стацыянарныя крамы ў кожным абласным цэнтры пакуль не плануем. Але мы супрацоўнічаем з малым бізнесам і нешта пастаўляем у некалькі кропак у Мінску, Пінску, будзем працаваць з Асіповічамі.

– А ці ёсць у вас канкурэнты?

– Канкурэнцыя ёсць шчырая і не вельмі шчырая. Mark Formellе, “Купалінка” ці “Світанак” хоць і даўно працуюць, але бачачы, што арнамент стаў цікавіць людзей, яны пачалі “дубасіць” свае “вышымайкі”. Але ў гэтым няма шчырасці. Па-першае, яны гэта не робяць па-беларуску, не жывуць гэтым, не адчуваюць. Такі ж прыклад – Fainy.by – фірма, створаная ў БНТУ, нейкі стартап БРСМ. Зрабілі беларускамоўны брэнд, але ўсё вядуць па-руску. Апошняе, што мы знайшлі ў іх Інстаграме – зробленыя на замову байкі з гербам БССР. Вось гэта для мяне няшчырая канкурэнцыя.

Адпаведна, ёсць і шчырая, але мы іх нават не лічам канкурэнтамі, а супрацоўнічаем. Гэта і Honar, i LSTR, і Prastora.by, i Imbryk.by, Belarusam.by. З імі мы робім агульную справу.

– Беларуская тэматыка цікавіць толькі індывідуальных пакупнікоў, ці ёсць і карпаратыўныя замовы?

– Калі стваралі сайт, мы пра гэта не думалі, але ад самага пачатку да нас сталі звяртацца розныя прадпрыемствы з прапановамі нешта вырабіць. Апошнюю замову рабілі некалькі дзён таму для “Белінвестбанка”: маечкі з арнаментам і іх лагатыпам. Рабілі для Wargaming’а, беларускага прадстаўніцтва “Кока-колы” – агулам каля 50 кампаній. Найбольш цікавая замова была ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Летась у Гродна быў чэмпіянат свету па пажарным спорце, ім трэба было зрабіць пола з вышыўкай, яны папрасілі чырвона-зялёны сцяжок. Але я падумаў, што гэта не адпавядае нашым прынцыпам, і прапанаваў замест сцяжка зрабіць чырвоны надпіс “Беларусь”, што па кошце атрымлівалася танней. Такім чынам мы іх пераканалі.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео