BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Краіна, якую мы можам згубіць. Як жывуць людзі каля Астравецкай АЭС (ФОТА)

02.07.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Краіна, якую мы можам згубіць. Як жывуць людзі каля Астравецкай АЭС (ФОТА)
Акции / Фото
Усё нібыта ідзе сваім парадкам. Але рэактары і будаўнічыя краны на новай атамнай станцыі, якія бачна за некалькі дзясяткаў кіламетраў, уносяць трывогу ў звыклы краявід.

Карэспандэнту Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі” выпала пабываць у памежнай зоне ў некалькіх кіламетрах ад Літвы і даведацца, як жывуць мясцовыя жыхары.

“Гэта ж другі Чарнобыль будзе”

Да вёсачкі Быстрыца вядзе гравійка, якая пачынаецца неўзабаве пасля ідэальнай асфальтаванай трасы з Астраўца. Тут ездзяць хіба рэдкія легкавікі мясцовых ды машыны памежнікаў – да граніцы адсюль восем кіламетраў. Мы едзем дзвюма машынамі валанцёраў з Мінска, каб добраўпарадкаваць мясцовую крыніцу Святога Яна. Крыніца – свавольны (бо каторы ўжо раз мяняе русла) помнік прыроды, і, як кажуць месцічы, мае цудадзейную сілу. Напрыклад, нам расказалі, што ў людзей, якія ўмываліся крынічнай вадой, паляпшаўся зрок. Праўда гэта ці не – невядома, але крыніцу жыхары Быстрыцы і навакольных вёсак вельмі шануюць: паставілі каля яе капліцу ў гонар Святога Яна і штогод ладзяць тут фэсты і набажэнствы.

Крыніца Святога Яна нядаўна "выбрала" сабе новы шлях.

Увогуле, Быстрыца – унікальная вёска, і адна з самых старажытных на Беларусі. Упершыню яна згадваецца ў 1390 годзе, калі вялікі князь Ягайла заснаваў тут касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Гэты храм цягам сваёй гісторыі ніколі не зачыняўся, хіба што на час перабудоў, калі ў 1760 годзе яго ўвасобілі ў стылі барока, пасля паўстання 1863 года перарабілі ў праваслаўную царкву, ды падчас рэканструкцыі ў 1926-м, калі касцёлу вярнулі яго папярэдні выгляд і перадалі каталікам.

Быстрыцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа.

– У савецкія часы людзі плацілі падатак, каб касцёл не зачынялі, і адстаялі яго, – распавяла мясцовая жыхарка цёця Лёля, у якой мы спыніліся на ноч.

Цёця Лёля жыве адна і трымае вялікую гаспадарку: карову, цялушку, чатырох свіней, два дзясяткі курэй, гусей, два сабакі і двух катоў. А яшчэ агарод з бульбай, ніву з жытам ды дзялянку пад сенакос. Гаспадыня 40 гадоў адпрацавала на ферме і па выніку атрымлівае два мільёны пенсіі – і з яе яшчэ ўмудраецца дапамагаць унуку, які вучыцца ў Гродне.

Да будаўнічай пляцоўкі АЭС адсюль 15 кіламетраў, цёця Лёля бачыць яе, калі выганяе пасвіць карову.

– Гэта ж другі Чарнобыль будзе, – хістае галавой жанчына. 

Увогуле Быстрыца, хоць і аддаленая ад трасы, але акуратная вёсачка. На цэнтральнай пляцоўцы падарожных сустракае вялізны валун са скульптурай Багародзіцы на ім, яго колькі дзён таму ўсталяваў мясцовы ксёндз. На кожным падворку – клумбачкі, скульптуркі, акуратныя грады, а трава абкошана нават уздоўж гасцінца.

Апроч крыніцы і касцёла ёсць у Быстрыцы яшчэ адна славутасць – старадаўні вадзяны млын. І хоць колавага механізму на ім ужо няма, але нейкім чынам млын працягвае працаваць, прынамсі, на збудаванні вісіць шыльда з рэжымам працы.

Вадзяны млын.

У вёсцы нам давялося сустрэцца і з памежнікамі. Праверыўшы нашы дакументы і дазвол на знаходжанне на памежнай тэрыторыі, яны пакінулі тэлефон, па якім трэба званіць на выпадак сустрэчы “нярускіх” – значыць, бежанцаў. Паводле мясцовых жыхароў, час ад часу тут сапраўды сустракаюцца ўцекачы з Украіны.

Будуюць дамы “для начальства” і крамы

На зваротным шляху заязджаем у вёсачку Слабодка. Праз усю вёску пралягае цудоўная траса, ёсць крама з рэстаранам, а сядзібкі – як з карцінак у часопісах. Гэтая дарога вядзе на памежны пункт пропуску “Катлоўка”. Але нас цікавіць адна мясцовая славутасць – крыж-меч у гонар 150-годдзя паўстання 1863-1864 гадоў, усталяваны тут два гады таму мясцовым актывістам Алесем Юркойцем, які з мінулай вясны сядзіць у турме. Алесь Юркойць працаваў на мытні, размаўляў па-беларуску і ўздымаў культурнае жыццё на Астравеччыне. Ён трапіў пад вядомую “справу мытнікаў”, калі нібыта за хабар пасадзілі ўсю змену. Расследаванне справы ідзе ў поўнай сакрэтнасці, хоць калісьці пра яе паведаміў сам Лукашэнка. Аднак нягледзячы на тое, што аўтар ідэі помніка знаходзіцца за кратамі, крыж яго стаіць. Прадавачка ў кавярні ахвотна падказала нам, як да яго дабрацца, “хоць сама там не была”. Тым не менш, указаны ёй шлях прывёў нас да гэтага даволі густоўнага помніка. Белы каменны крыж у выглядзе мяча стаіць на ўзгорку, над ім узвышаецца “Пагоня”, на рукаятцы-перакладзіне выбіты даты паўстання, а падмурак выкладзены каменнем з металічнымі выявамі косаў.

Крыж-меч у Слабодцы.

Наступны прыпынак робім у Астраўцы. Чысты прыемны гарадок з царквой, двума касцёламі і вадзяным млынам. І нават помнік Леніну тут не такі аграмадны, як у большасці беларускіх гарадоў, і надпіс на ім зроблены па-беларуску. Паўсюль акуратныя клумбачкі, трава выкашана, кустоўе прыгожа падрэзана, дамы пафарбаваныя. У будні дзень людзей на вуліцах больш, чым у Мінску, шмат бесклапотных мам з дзіцячымі вазкамі. Горад і цяпер выглядае някепска, а пры запуску атамнай станцыі, пэўна, яшчэ больш расквітнее. Аднак усё, што нагадвае пра рэактар у горадзе – будынак інфармацыйнага цэнтра АЭС, які стварылі “для правядзення інфармацыйна-асветнай працы з рознымі групамі насельніцтва” на тэму атамнай энергетыкі. Пакуль жа мясцовыя жыхары нейкіх зменаў у сувязі з будаўніцтвам станцыі не адчулі.

– Хіба што дамы новыя будуюць і крамы. Дамы, напэўна, для атамшчыкаў, але больш для начальства. А так нічога не змянілася, – падзялілася прадавачка адной з мясцовых крамак і дадала, што месцічы ўсё ж крыху пабойваюцца новай станцыі.

Пабойвацца ёсць чаго, нават сам краявід, у які побач з прыгожым вытанчаным варнянскім касцёлам уварваліся каржакаватыя блокі АЭС, выглядае пагрозліва. Усход і поўдзень Беларусі ўжо пакрытыя чорнай плямай радыяцыі, дык няўжо мы хочам пакрыць ёю і поўнач з захадам?..

Недалёка ад будучай АЭС знаходзіцца касцёл Святой Троіцы ў Гервятах - адзін з найпрыгажэйшых у Беларусі.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео