BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Чарнобыльскі шлях – 2016: людзі адмовіліся ісці ў загон (ФОТА)

27.04.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Чарнобыльскі шлях – 2016: людзі адмовіліся ісці ў загон (ФОТА)
Акции / Фото
Учора ў Мінску адбылося традыцыйнае шэсце ў памяць аб аварыі на ЧАЭС.

Акцыя, якая сёлета прымеркавана да 30-годдзя катастрофы, была дазволена Мінгарвыканкамам. Улады санкцыянавалі шэсце ад кінатэатра “Кастрычнік” да чарнобыльскай каплічкі насупраць парку Дружбы народаў і мітынг. Аднак пазней выявілася, што ў план вырашылі ўнесці карэктывы.

Каля “Кастрычніка без дзесяці шэсць ужо збіраўся натоўп, уздымалі сцягі, разгортвалі транспаранты і плакаты. Здавалася, людзей няшмат, усё больш моладзі, але сустракаліся і сярэдняга веку мужчыны са знакамі ліквідатараў на грудзях ды сталыя заўсёднікі апазіцыйных акцый.

– У мяне сябра ёсць, ліквідатар, ён падчас аварыі быў на станцыі, на даху, дапамагаў ратаваць краіну. Увесь час пра яго ўлады не ўзгадвалі, а тут перад юбілеем пазванілі, прапанавалі дапамогу. Ну ён напісаў адпаведны ліст, а яму прыйшоў адказ: “Няхай вам вашы дзеці дапамагаюць”. Хацелі, пэўна, галачку паставіць, што дзяржава клапоціцца, – распавёў Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” адзін з удзельнікаў мерапрыемства.

Тым часам людзі пачалі выгукваць “Жыве Беларусь!”, “Астравец – другі Чарнобыль”. Кампанія маладзёнаў з вялікай расцяжкай крычала: “Мы построим Островец – беларусам всем трындец”. Арыгінальна выглядаў хлопец у касцюме смерці з касой.

– Я была на Фукусіме, цяпер іду на Астравец. Спадзяюся не дайсці, – нечакана прызналася “смерць”.

Сярод натоўпу гойсалі людзі са скрынкамі для ахвяраванняў, некалькі чалавек збіралі подпісы супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

 – Першыя дзесяць гадоў была спроба змагчыся з наступствамі чарнобыльскай катастрофы, потым была абрана іншая палітыка: маўляў, трэба забыцца пра гэтую праблему, аднаўляць землі. Але гэтая пячатка незмывальная,  – мяркуе сустаршыня БХД Павел Севярынец. – Адначасова гэта была магчымасць для Беларусі штосьці асэнсаваць. Але ці асэнсавала яна? Думаю, пакуль яшчэ не.

Палітык лічыць, што ўводзіць у зварот забруджаныя землі – няправільна. Ён прапанаваў кіраўніцтву краіны пабудаваць там рэзідэнцыю і жыць з сям’ёй, каб паказаць прыклад людзям.

 – Калі сабе адно, а людзям другое – ясна, што ніхто не паверыць. Беларусам яшчэ давядзецца ўсвядоміць, што такое Чарнобыль. Тысяча, дзве тысячы, нават пяцьдзясят тысяч чалавек на Чарнобыльскім шляху – гэтага не дастаткова, каб уся нацыя скаланулася, – сказаў Павел Севярынец “ЕўраБеларусі”.

Але ці ёсць рэальны эфект ад Чарнобыльскага шляху, апроч сімвалічнага сэнсу і знака памяці пра трагедыю? З гэтым пытаннем звяртаемся да аднаго з арганізатараў мерапрыемства Юрыя Меляшкевіча.

– Безумоўна, сёння застаецца праблема радыеактыўнага выпраменьвання ў выніку трагедыі. Памяць пра гэты факт павінна заставацца ў грамадстве. Улады гэта замоўчваюць. Таму абавязак нацыі, актыўных грамадзян – нагадваць пра яе, патрабаваць захадаў для яе вырашэння, – лічыць актывіст.

Старшыня грамадскага аб’яднання “Экадом” Ірына Сухій прыйшла на акцыю разам з паплечнікамі.

 – Чарнобыль не скончыўся, ён будзе працягвацца яшчэ доўгія гады. І трэба не замоўчваць праблемы, а адукоўваць насельніцтва, казаць, што трэба рабіць, каб захаваць здароўе. Трэба зрабіць даступнымі абследаванні, мамаграфію. Бо ў забруджаных населеных пунктах можна год у чарзе прастаяць. Дзяцей у школе вучаць карыстацца прэзерватывамі, а радыелагічнай бяспецы іх не вучаць, і ў гэтым вялікая праблема. І будаўніцтва АЭС – гэта будучая небяспека, незразумела, для чаго Беларусь гэта робіць, калі гэта і эканамічна нявыгадна, і экалагічна, – сказала эколаг.

Нарэшце ўдзельнікі сталі шыхтавацца ў калону і рушылі. Спачатку здавалася, што людзей няшмат, але неўзабаве лік мітынгоўцаў пераваліў за паўтысячы чалавек. Ідучы, выгуквалі лозунгі, спявалі – балазе, сёлета арганізатары паклапаціліся пра гукаўзмацняльнікі.

На падыходзе да капліцы ўдзельнікаў шэсця сустракала агароджа з турнікетаў, узвод міліцыі з металашукальнікамі  і сталамі для дагляду сумак. Некалькі чалавек з гатоўнасцю пайшлі да міліцыянтаў, расшпільваючы на хаду заплечнікі. Але астатняя калона ўзбунтавалася: людзі адмаўляліся ісці ў загон.

 – Я да такога веку дажыла, каб мяне АМАПаўцы мацалі? Не пайду! – абуралася сталая ўдзельніца ўсіх мітынгаў яшчэ з дзевяностых гадоў Алена Аляксееўна, якая апынулася наперадзе ў атачэнні моладзі БНФ.

Пенсіянерку спрабаваў супакоіць сустаршыня партыі БХД Віталь Рымашэўскі, але атрымаў жорсткі і амаль нецэнзурны адпор.

– Чаму ў капліцу – праз металашукальнікі? Хіба ў касцёл ці ў царкву праз металашукальнікі заходзяць, га? – крычала другая жанчына ці то ў адрас міліцыі, ці то арганізатарам.

Сябры аргкамітэту яшчэ крыху паўпрошвалі людзей прайсці за агароджу да капліцы, але падтрымкі не атрымалі і, прымірыўшыся з будучымі штрафамі, вырашылі ў загон народ не гнаць і мітынг не праводзіць.

– Удзельнікі не хочуць ісці за рамкі, які сімвалізуюць рабскі прыніжальны рэжым, – распавёў журналістам Віталь Рымашэўскі. – З мінскай міліцыяй дамаўляліся, што гэтых рамак не будзе. Сёння я сказаў кіраўніку мінскага АМАПу, што калі ёсць ад каго бараніць людзей, то гэта ад іх. Тое, што выстаўлены рамкі – гэта парушэнне папярэдняй дамовы. Яшчэ за паўгадзіны да акцыі тут не было гэтых сталоў і рамак.

– Трэба мець гонар, быць цвёрдымі да канца і не ісці туды. Памаліцца і ўскласці кветкі можна тут, ці побач з дрэвам. Ці прыйсці заўтра, калі нікога тут не будзе. Трэба быць прынцыповымі. Я думаю, што нашы суседзі палякі так бы зрабілі, – заўважыла каталіцкая місіянерка Юлія Фралова.

Хвілінай маўчання ўдзельнікі ўшанавалі памяць ахвяр Чарнобылю пад гукі звона, затым людзі запалілі свечкі. Ахвотныя ў прыватным парадку пайшлі ўскладаць кветкі і знічкі да капліцы. Некаторыя праспявалі “Магутны Божа” і паступова сталі разыходзіцца.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео