BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Праз 30 гадоў Беларусь усё яшчэ не асэнсавала Чарнобыль

17.04.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Праз 30 гадоў Беларусь усё яшчэ не асэнсавала Чарнобыль
interfax.by
У Мінску прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 30-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Падчас мерапрыемства абмяркоўвалі асэнсаванне катастрофы, яе фізічныя, гістарычныя і культурныя, сацыяльныя  наступствы. На канферэнцыю прыехалі ўдзельнікі з Японіі, Украіны, Польшчы, Нямеччыны. Гэта сведчыць пра тое, што за мяжой праблеме ядзернай энергетыкі надаецца нашмат больш увагі, чым у Беларусі.

– Разуменне таго, якая трансфармацыя ў грамадстве адбылася пасля катастрофы, у нас няма. Здарыўся адзін з найбуйнейшых міграцыйных патокаў, новыя стасункі, фактычна, новая страта ў краіне. Нашы даследаванні пакуль што кропкавыя, часткова тычацца медыцыны, палітыкі, пачаліся даследаванні штодзённасці, але не хапае нейкага сацыялагічнага разумення гэтай праблемы, - падзялілася са Службай інфармацыі “ЕўраБеларусі” каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.

Каб усвядоміць і пераасэнсаваць тое, што адбылося, патрэбна развіццё навукі, перадусім сацыялогіі і паліталогіі, мяркуе яна. Штуршок да гэтага можа даць вусная гісторыя, якая ўздымае гуманітарныя праблемы і культурныя траўмы.

У памяці беларускага народа чарнобыльская катастрофа захавалася, хутчэй, як асабістая трагедыя, распавядае навуковы кіраўнік Беларускага архіва вуснай гісторыі, прафесар Інстытута славістыкі ПАН (Варшава) Алесь Смалянчук.

– Гэта вельмі цяжкія размовы пра трагедыю сям’і, блізкіх, людзі яшчэ не перажылі да канца гэтую траўму. Мы запісвалі ўспаміны вельмі старых людзей, мужа і жонкі, ім за 90 гадоў, на самай мяжы з чарнобыльскай зонай. Яны казалі, што жывуць, і нічога з імі не здараецца, а тыя, што з’ехалі ў горад, усе паўміралі. Гэта суцяшэнне саміх сябе.

На думку гісторыка, чарнобыльскай зоне варта было б удзяляць больш увагі.

– Тое, што апошнім часам паздымалі ўсе прывілеі і льготы, пачалася “ліквідацыя ліквідатараў”, як яны самі кажуць, абсалютна не па-чалавечы. Гэтыя людзі ў свой час прынялі на сябе першы ўдар і сталі закладнікамі тагачаснай савецкай палітыкі, а цяпер іх проста кінулі як адпрацаваны матэрыял.

Дзякуючы прапагандзе, чарнобыльцаў многія цяпер успрымаюць як утрыманцаў. Гэтую тэму, у прыватнасці, даследаваў Мікалай Мялюк, які распавёў пра чарнобыльскія карані міфа аб сацыяльным утрыманстве. Сама па сабе гэтая з’ява не новая і не беларуская, але ў нас яна мае асаблівую спецыфіку, бо Беларусь – адзіная краіна, дзе дадзенае азначэнне замацавана заканадаўча і распаўсюджваецца на многія катэгорыі грамадзян, ад льготнікаў да беспрацоўных.

– Першая стратэгія фармавання вобразу чарнобыльскага ўтрыманца пачала фарміравацца, калі ў 1995 годзе скасавалі частку ільгот ліквідатарам, - зазначыў Мікалай Мялюк.

Па яго словах, з аднаго боку гэта падавалася як балючая, але часовая неабходнасць, з іншага – як спроба змагання з “ілжэліквідатарамі”.

Паступова праблему Чарнобыля сталі прадстаўляць як перабольшаную, у першую чаргу, ставіліся пад сумнеў ацэнкі медыцынскіх наступстваў катастрофы, такі метад стаў выкарыстоўвацца ў Беларусі ў 2000-х гадах. Хаця з самага пачатку МАГАТЭ адмаўлялася прызнаваць нават савецкія ацэнкі маштабу здарэння, а МВФ у 1993 годзе рэкамендаваў Беларусі перагледзець ацэнкі медыцынскіх наступстваў. Ключавой у папулярызацыі азначэння ўтрымальніцкай залежнасці Мікалай Мялюк называе ролю Сусветнага банка.

Акрамя скарачэння колькасці атрымальнікаў дапамогі, стаў выкарыстоўвацца прыём абвінавачвання самой ахвяры.

Даследчык лічыць, што на фоне эканамічнага крызісу і ўзмацнення жорсткасці грашовай палітыкі выкарыстанне стэрэатыпу сацыяльнага ўтрыманства толькі ўзрасце, у тым ліку ў адносінах да насельніцтва найбольш пацярпелых чарнобыльскіх раёнаў.

Кандыдат культуралогіі Аляксей Крывалап лічыць, што за 30 гадоў успрыняцце чарнобыльскай катастрофы прайшло шлях “ад драмы да файнага паджарожжа”. Апошнім часам тэма Чарнобылю набывае ўсё больш забаўляльны характар і працуе як паспяховая рэклама. Напрыклад, спажыўцу прапануюць экскурсійныя туры ў чарнобыльскую зону, камп’ютарныя гульні на адпаведную тэматыку.

У тым, што аварыя на ЧАЭС уяўляе сабой не толькі гістарычную, але і культурную з’яву, перакананы кандыдат сацыялагічных навук Андрэй Камароўскі. Людзі, якія вымушаны былі з’язджаць з забруджаных тэрыторый, пазбаўляліся даўніх сувязяў і мусілі наладжваць новыя кантакты.

Тэму культурнай траўмы працягнула даследчыца з Кіева, кандыдат гістарычных навук Святлана Махоўская. У сваім выступе яна прывяла прыклад даследавання катастрафізму ў затопленых і забруджаных вёсках Украіны. Калі перасяленцы з першых маглі перанесці магілы сваіх продкаў на новыя месцы, то чарнобыльцы не мелі магчымасці забраць нават элементарных рэчаў, не кажучы пра пахаванні. Па словах даследчыцы, адрозніваецца нават сам наратыў першых і другіх перасяленцаў, расповеды пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС вызначаюцца кароткімі фразамі і поўнай нявызначанасцю таго, што будзе далей.

Святлана Махоўская таксама заўважыла, што экспанаты, якія засталіся ў зоне, - гэта вялізны пласт культуры, і ён памірае. Гэта непамерная страта для Украіны. А вось у Беларусі маштабы падобных стратаў ніхто не ацэньваў, якіх-кольвек даследаванняў на гэтую тэму не праводзілася. Хіба што выходзілі працы па фальклоры чарнобыльскіх раёнаў, у астатнім жа гэты пласт застаецца нявывучаным і, бадай, ён ужо страчаны, бо даследаваць яго трэба было дваццаць гадоў таму.

Сярод слухачоў на канферэнцыі прысутнічала дачка пісьменніка Алеся Адамовіча Наталля Адамовіч.

– Быць тут – гэта не толькі абавязак, але і памяць. Я хаджу на ўсе Чарнобыльскія Шляхі, мой бацька ўдзельнічаў у першым і другім Шляхах. Я ў адну кніжку сабрала ўсё, што тычыцца запісаў Алеся Адамовіча па атаму. Ён у 1980-я гады стаў займацца гэтай тэмай, зразумеў небяспеку, хоць быў пісьменнікам, а не фізікам.

Спадарыня Наталля лічыць жахлівым, што ў Беларусі будуюць новую атамную станцыю на апошнім больш-менш чыстым месцы, блізу Нарачы.

– Я лічу, што гэта толькі палітыка, - упэўнена дачка пісьменніка.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео