BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Святлана Алексіевіч: Трэба знаходзіць моц заставацца чалавекам

15.04.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Святлана Алексіевіч: Трэба знаходзіць моц заставацца чалавекам
TUT.BY
Першая пасля ўручэння Нобеля публічная сустрэча пісьменніцы з грамадскасцю ў Мінску прайшла вельмі цёпла і душэўна.

Больш за дзве гадзіны ў паўнюткай малой зале Палаца Рэспублікі (куды змаглі трапіць не ўсе ахвотныя, а толькі тыя, хто паспеў здабыць запрашэнні) Святлана Алексіевіч казала пра свабоду і пакуты, каханне, Чарнобыль, чырвонага чалавека, уладу, Беларусь і Украіну, і шмат пра што яшчэ, адказвала на пытанні. А пасля яшчэ дзве гадзіны падпісвала кнігі сваім чытачам. Знаходзіла некалькі хвілін, каб сказаць колькі словаў кожнаму, і людзі нават не думалі разыходзіцца. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” занатавала ўсё самае важнае з сустрэчы.

“Мерыць усё толькі савецкім часам – гэта наіўна”

З’яўленне нобелеўскай лаўрэаткі на сцэне зала вітала воплескамі і стоячы.

“Нарэшце мы сустрэліся. Я вас люблю”, - прызналася пісьменніца.

Сустрэчу, прымеркаваную да прэзентацыі кнігі “Святлана Алексіевіч на Свабодзе” вялі старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч і дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандр Лукашук. Апошні спытаў у пісьменніцы, калі больш цяжка пісаць – да Нобеля ці пасля?

“Пісаць заўсёды цяжка, ніякія прэміі не могуць на гэта паўплываць. Мне цікава жыць, цікава пісаць”.

Культуролаг і сяброўка Святланы Алексіевіч Юлія Чарняўская зачытала ўрывак з кнігі “Час сэканд-хэнд”.

“Недастаткова вапіць на форумах “Гэта вы, хто чытае Алексіевіч, саўкі, а я ніякі не “чырвоны чалавек”, я па замежжы паездзіў, я паспяховы і ўвогуле хачу пазітыву” Вось гэта і ёсць той самы “чырвоны чалавек”. Ён пакутліва баіцца цяжкай веды і верыць ва ўтульную ўтопію, дзеліць свет на чорнае і белае”.

Юлія Чарняўская спытала, чаму добрае засвойваецца кепска, а навыкі біць, прыніжаць перадаюцца лёгка?

“На гэтае пытанне нават Дастаеўскі не адказаў. Адзінае, што я абсалютна зразумела за 40 гадоў, што мерыць усё толькі савецкім часам – гэта наіўна. Гэта ўсё глыбей у чалавечай прыродзе. На рэчы трэба глядзець шырэй. Свет не такі просты. З пункту гледжання мастацтва аднолькава цікавыя і Берыя, і герой маёй кнігі, што камандаваў НКУСаўцамі, якія расстрэльвалі людзей.

Нам хочацца дакладных і хуткіх адказаў, але чым больш углядаешся ў свет, тым менш адназначных адказаў. Дабро і зло не сфакусаваныя так яўна”.

“Я не здраджу “маленькаму чалавеку”

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка нядаўна начытала “Час сэканд-хэнд” для аўдыёкнігі.

“Мы, як сказаў вялікі Ніл Гілевіч, ніяк не дойдзем да Беларусі. Многія з нас, на жаль, яшчэ не дайшлі да вашых кніжак, да вашага таленту. Але я ўпэўнена: дойдзем, дойдзем мы, беларусы!”

Зінаіда Бандарэнка расказала, што Святлана Алексіевіч паспела папрацаваць на тэлебачанні. Нобелеўская лаўрэатка патлумачыла, што гэта быў момант, калі ёй не хапала слова. Алексіевіч прапанавалі гісторыю пра Машэрава, і пісьменніцу вельмі ўразіла яго жонка, якая ўвесь час прагаварыла пра каханне.

“Цяпер, калі я раблю кнігу пра каханне, я думаю, як шкада, што няма гэтай жанчыны.

Мяне часта папракаюць, што ў маіх кнігах вельмі прыгожа людзі гавораць, што гэта аўтар. Вы ведаеце, я заспяваю людзей уражаных – ці каля смерці, ці ў стане кахання. Тады чалавек вышэйшы за сябе, ён тады самы добры, лепшым ніколі больш не бывае ў жыцці. І тады ён вельмі добра кажа.  

Цяпер мне ў кнігу пра каханне прапанавалі Гарбачовых. Але не, я ўсё ж не здраджу “маленькаму чалавеку”. Але што такое “вялікія” людзі, якія яны? Гэта як дача Януковіча: здаецца, што за гэтай фігурай і аўрай улады нешта неверагоднае, а як адкрыюць, вы ўбачыце гэты залаты батон, прасціны з уласнымі партрэтамі. І я думаю, мы яшчэ такое ўбачым таксама (смех у зале і апладысменты. – ЕўраБеларусь.), наколькі гэта маленькі чалавек”.

“Радасць жыцця не абавязкова чэрпаць з Маркса, Леніна ці нацыянальных адкрыццяў”

Журналіст Радыё Свабода з Прагі Сяргей Навумчык у відэазвароце зазначыў, што нельга анэксаваць краіну з нобелеўскім лаўрэатам. У сваю чаргу ён запытаўся, ці выжыве кніга?

“За апошнія тры месяцы я была ў пяці еўрапейскіх краінах, і мне паўсюль казалі, што цяпер зноў час кнігі.

Самае складанае для мяне – зразумець маладых і мужчын, іх расповеды пра каханне. Калі ў Расіі была траўля супраць мяне пасля прэміі, спрабавалі прынізіць жанр, у якім я працую, казалі, што проста ўзяла інтэрв’ю, і ўсё. Не. Калі я прыходжу да чалавека, гэта размова пра жыццё. І калі гэта тая цагліна, якой не хапае ў маёй кнізе, я прыходжу да яго і пяць, і сем разоў.

Я цяпер не вельмі хачу выступаць, бо стамілася ад самой сябе. Мне трэба прыслухацца да сябе, “абжыць” гэты стан, бо “нобелеўка”  існуе асобна, а я асобна. Але ўсё-такі я адэкватны чалавек (апладысменты. – ЕўраБеларусь.)”.

“Моладзь, як казаў пра іх Платонаў, — гэта свежы час. Яны на 40—50 гадоў маладзейшыя за цябе. Зусім іншыя людзі. У іх абсалютна свае каштоўнасці, поўны разрыў з савецкімі каштоўнасцямі, на якіх мы выраслі. І гэта не нацыянальныя каштоўнасці, да якіх мы не прыйшлі. Яны занятыя проста жыццём. І гэта культ прыватнага жыцця. Я спачатку ставілася да яго з пагардай. Але пасля зразумела, што гляджу на гэта не як мастак. Прыватнае жыццё — гэта надзвычай цікава. Проста мы ім ніколі не жылі. А тут, аказваецца, тваё метафізічнае — гэта вельмі цікава. Радасць жыцця, сэнс жыцця не абавязкова чэрпаць з Маркса, ці Леніна ці нейкіх нацыянальных адкрыццяў. Калі пачынаеш размаўляць з моладдзю, то ў іх гэта неўсвядомлена”.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў узгадаў, што пазнаёміўся з будучай нобелеўскай лаўрэаткай пасля Дзядоў 1988 года. Ён распавёў, што яго лавіла міліцыя за тое, што жыў без прапіскі, а Святлана спрабавала яго прапісаць у сваё жыллё.

Журналістка Аляксандра Дынько зазначыла, што Святлане Алексіевіч удалося зрабіць амаль немагчымае: яна прымусіла беларусаў быць шчаслівымі, калі яны дзясяткамі і сотнямі чалавек збіраліся на прагляд трансляцыі ўручэння Нобеля ў барах.

Пра Адамовіча-Гавела і калектыўнага Пуціна

“Нас затрымалі ў часе. Калі мы вучылі марксізм-ленінізм і ролю асобы ў гісторыі, лічылася, што масы галоўная дзеючая моц у гісторыі. Мы з вамі сведкі, што маса няшмат можа. Гэта было для мяне галоўнае паслясавецкае адкрыццё.

Калі б у нас быў Вацлаў Гавел (я лічу, што Алесь Адамовіч падыходзіў для гэтай ролі, у яго быў такі еўрапейскі погляд на свет, з любым чалавекам ён быў на роўных), то гэта было б іншае грамадства. З іншага боку, усе кажуць: “Пуцін” – ідзе такая дэманізацыя. А насамрэч гаворка ідзе пра калектыўнага Пуціна.

Страх робіць з людзей пакорлівую масу. Чаму нашы пакуты не канвертуюцца ў свабоду, я не ведаю. У нас “культ асобы” пакутаў. Але мне здаецца, што пакуты ламаюць чалавека, затрымліваюць, змяншаюць.

Можна на кухні крыху сцябацца, пасмейвацца з таго, што адбываецца. Але нельга не прызнацца, што мы ўсе саўдзельнікі гэтага”.

“Свабода – гэта доўгі шлях. Мы бегалі па плошчах у 90-я гады, крычалі “Свабода!”, думаючы, што яна народзіцца з гэтых нашых ускрыкаў, а аказалася, гэта больш жорсткая рэч. Мы не ведаем, што гэта такое, і ў нас няма каму гэтаму вучыць.

Я думаю, што ад эліты шмат чаго залежыць. Нейкая ўнутраная здача адбылася ў кожным з нас”.

“Можна сутыкнуць Заходнюю Беларусь з Усходняй – гэтыя інстынкты жывуць”

Журналіст Зміцер Лукашук паведаміў, што ў кнігарні “У вайны не жаночае аблічча” каштуе задорага – 360 тысяч. А заадно спытаў, ці трэба беларусам баяцца прыкладу Украіны, “рускага свету” і як нам прыйсці да сваёй нацыянальнай ідэі.

“Калі б я ведала адказы на вашыя пытанні, я была б лідарам нацыі, - адказала пісьменніца, і зала адрэагавала бурнымі воплескамі. – Я прыехала ўзрушаная з Украіны, раз на паўгода там бываю. Нават такая дэталь: усе гавораць па-англійску. Мне кажуць: “У нас уся краіна вучыць англійскую, мы хочам будучыню, мы хочам Еўропу, мы хочам новы свет”. Як гэта цудоўна бачыць! А тое, што робіць рускае тэлебачанне, проста злачынства.

Народ (украінскі. – ЕўраБеларусь.) накіраваны ў будучыню, і я б толькі жадала, каб яны змаглі перамагчы. Гэта не грамадзянская вайна ні ў якім разе. Ведаеце, калі сюды прывезці некалькі грузавікоў са зброяй і дзясятак танкаў, то можна сутыкнуць Заходнюю Беларусь з Усходняй – гэтыя старыя інстынкты жывуць.

У мяне павінна была быць сустрэча з Парашэнкам, але я не змагла затрымацца, а ён у гэты час быў у Японіі. Але не ў гэтым справа. Чамусьці ўкраінскі прэзідэнт хацеў са мной сустрэцца (смех і воплескі. – ЕўраБеларусь.), нямецкі прэзідэнт знайшоў час сустрэцца…

Польскія журналісты ездзяць па ўсім свеце, размаўляюць з людзьмі. Таму яны маюць іншую нацыю. А мы сядзім і слухаем, хто колькі надаіў. З нацыяй, асабліва з намі, што выйшлі з лагеру, трэба размаўляць пра іншыя рэчы. І гэта павінны казаць людзі, якім нацыя давярае. А ў нас адзін нехта ўсё вырашае, і раніца пачынаецца з таго, што ён там вырашыў. Мы ўсе дурнеем”.

Што да кошту кнігі, то Святлана Алексіевіч вельмі яму здзівілася і адзначыла, што ў Расіі яна каштуе танней. Пісьменніца заўважыла, што хоць кнігу далі ў кнігарні, але такое адчуванне, што стараюцца, каб яе менш куплялі.

“Наша ўлада часам нагадвае мне папуасаў”

Шведская журналістка спытала ў нобелеўскай лаўрэаткі, з якімі пачуццямі яна выступае на Радзіме, а таксама што яна вынесла для сябе пасля 30 гадоў чарнобыльскай катастрофы.

“Я магла б застацца ў Германіі, у Францыі, але я хацела жыць дома.

Што тычыцца Чарнобылю, я ўдзячная, што мяне зрабілі ганаровым кіраўніком аргкамітэту Чарнобыльскага Шляху. Гэта тое малое, што захавалася з нашага супраціву таму, каб Чарнобыль забыць і каб атамная станцыя будавалася ў нас. Але галоўная небяспека дыктатуры ў тым, што яна прымітыўная і спрашчае ўсе праблемы, якія перад ёй стаяць. У яе застаецца толькі адна праблема – праблема ўлады.

Восі міністр Ананіч. Як я магу сур’ёзна думаць пра чалавека, калі ў яе пытаюцца:”Чаму няма кнігі Алексіевіч на беларускай мове?”, а яна кажа: “Усе правы ў рускага выдавецтва”. Але калі ты кіруеш, то ты павінна ведаць, што рускага выдаўца хвалююць рускія правы, яму зусім не трэба беларускія. Ці калі ў галоўнага рэдактара “Мастацкай літаратуры” запытваюць, чаму няма кніг Алексіевіч, ён адказвае: “Яна не прынесла рукапіс”. Задаюць другое пытанне: “А калі яна прынясе рукапіс?” – “Вы ведаеце, у нас 500 рукапісаў на пяць гадоў”.

На думку пісьменніцы, улада не існуе асобна, гэта ланцуг.

 “Ёсць такі анекдот, крыху грубы: калі б Чарнобыль выбухнуў у папуасаў, увесь свет пра гэта даведаўся б, акрамя папуасаў. Наша ўлада часам нагадвае мне такіх папуасаў.

Экалагічныя праблемы сёння выходзяць на першы план. Гэта новая форма вайны. Таму Чарнобыльскі Шлях – гэта справа кожнага беларуса, калі ён думае пра сваіх дзяцей”.

Святлана Алексіевіч звярнула ўвагу на асноўныя праблемы, якія стаяць перад беларускім грамадствам: гэта і той жа Чарнобыль, і праблема нацыі. На яе думку, усе ўсё разумеюць, але чамусьці кожны сядзіць у сваім кутку, як крот.

“Гэтыя дзве праблемы трэба вырашыць у першую чаргу, а часу ў нас не так шмат. Мы і так нацыя, якая спазнілася, а час ідзе ўсё хутчэй”.

Пісьменніца засумнявалася, ці змагла б яна паклікаць людзей на Плошчу, бо ёй бліжэйшыя ідэі Гандзі і пацыфізму. Але прызналася, што сама б магла пайсці.

“Часы трывожныя, але гэта ўсё не адмяняе наша адзінае жыццё. Таму трэба паспрабаваць быць шчаслівым. Трэба знаходзіць моц заставацца чалавекам, нават у неверагодных абставінах, як Надзя Саўчанка”.  

У сустрэчы ўзялі ўдзел першы выдавец кнігі “Чарнобыльская малітва” на беларускай мове паэт Сяргей Законнікаў, прыйшлі многія палітыкі, культурныя і грамадскія дзеячы, замежныя дыпламаты і журналісты.

Развітваючыся з пісьменніцай па завяршэнні выступа, зала зноў паднялася і праводзіла сваю лаўрэатку доўгімі апладысментамі.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео