BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ігар Кузняцоў: Наконт таго, што адбылося на выставе пра Курапаты – есць вялiкiя пытаннi

27.12.2015 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Ігар Кузняцоў: Наконт таго, што адбылося на выставе пра Курапаты – есць вялiкiя пытаннi
svaboda.org
Навошта шырокай грамадскасці прадставілі неправераную інфармацыю аб нібыта расстрэле палітвязняў мінскіх турмаў НКУС 23-25 чэрвеня 1941 года і імёны “расстраляных” у Курапатах у 1937-1938 гадах?

У мінулым месяцы ў мінскім Палацы мастацтваў прайшла выстава “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”.  Аднак наконт “праўды” і “фактаў” ёсць вялікія пытанні, сцвярджае адзіны абаронены спецыяліст у Беларусі па тэме палітычных рэпрэсій Ігар Кузняцоў. Хоць, адзначае ён, крайне важна, што такая выстава адбылася. Даследчык выказаў cлужбе інфармацыі “ЕўраБеларусі” свае заўвагі наконт імпрэзы, а таксама распавёў пра яе наступствы.

“Ніякай поунай  праўды пра Курапаты мы ўжо не даведаемся”

– Гэтую тэму ніхто не захацеў падымаць. Але я думаў, што зробяць высновы, аднак прайшло некалькі дзён, і ў яшчэ больш пампезным варыянце ў СМІ з’явіўся матэрыял пра выставу, – гаворыць Ігар Кузняцоў.

Ён прыводзіць даволі сур’ёзныя абвяржэнні шэрагу прадстаўленых на выставе “фактаў” і здзіўляецца, чаму ніхто не звярнуў на гэта ўвагі.

– Калі б выстава адпрацавала і скончылася – ладна, спецыялістаў па гэтай тэме не шмат і не ўсе маглі звярнуць увагу. Але гаворка ідзе пра тое, што яна будзе дэманстравацца ў розных гарадах Беларусі. І з боку прадстаўнікоў недзяржаўнай прэсы не ўзнікла памкненняў разабрацца ў сітуацыі ці нешта ўдакладніць. Да тэмы гісторыі рэпрэсій у апошні час увогуле вельмі прахалоднае стаўленне ў журналістаў. Нягледзячы на тое, што пастаянна падымаюцца новыя тэмы, матэрыялы і дакументы па тэме палітычных рэпрэсій у Беларусі перыяду  1920 -1950-х гадоў. Мінімальным было асвятленне вынікаў 10-гадовай работы Грамадскага трыбуналу па вывучэнні злачынстваў сталінізму ў Беларусі і вынясенні ім абвінаваўчага заключэння 28 кастрычніка гэтага года. Пры тым, то мы ўпершыню на постсавецкай прасторы правялі гэты грамадскі трыбунал – ні Расія, ні Украіна, ніякія іншыя краіны яшчэ не прыступілі да гэтага працэсу.

Ігар Кузняцоў наракае, што не было ніводнага каментарыя спецыялістаў, якіх і так па пальцах можна пералічыць, а значыць, прафесійнай ацэнкі гэтай выставы таксама не было. Можа быць, усіх звяло ў зман тое, што экспазіцыю арганізавалі “Эксперты ў абарону Курапатаў” (эксперты ж не могуць памыляцца), якія пакляліся, што адказваюць за яе змест “імёнамі і рэпутацыяй”?

– Я і тое, хоць 30 гадоў працую, сваёй рэпутацыяй ніколі не магу клясца, бо заўсёды раблю агаворку: а калі дакумент сфальсіфікаваны? Ніхто не можа па гэтай тэме ўзяць на сябе такую адказнасць. Гэта наіўнае меркаванне, што нам адкрыюць архівы КДБ, мы туды прыйдзем і даведаемся ўсю праўду. Ды ніякай поўнай праўды мы ўжо не даведаемся, архівы КДБ “чысцілі” пасля 1953 года шэсць разоў. Убіралі ўвесь кампрамат на кіраўніцтва, якое засталося пасля смерці Сталіна, у тым ліку і дакументы па здзейсненых злачынствах.

Аднак спачатку невялікая перадгісторыя. У сітуацыі з Курапатамі, мяркуе даследчык, адбылося дзяленне, як ва ўсёй беларускай апазіцыі. У 2001 годзе як рэакцыя на пашырэнне кальцавой дарогі ствараецца ініцыятыва “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”. У яе ўвайшлі прадстаўнікі многіх грамадскіх арганізацый, у тым ліку гісторыкі і археолагі . Была выдадзена кніжка “Курапаты. Зборнік матэрыялаў”, упершыню прыйшоў адказ пракуратуры аб тым, што ў 1937 – 1940 гады (пра 1941 гаворкі не было) з месцаў зняволення ва ўрочышча Курапаты вывозіліся людзі і там расстрэліваліся. Інцыятыва ўвесь час працавала: дасылала звароты ў дзяржструктуры, праводзіла з 2007 года Дні памяці ахвяр рэпрэсій 29 кастрычніка, талокі па прыборцы ўрочышча. За гэтыя гады тут было ўсталявана восем мемарыяльных знакаў на пахаваннях, дзе праводзілася эксгумацыя. У 2013 годзе з ініцыятывы выдзяляецца суполка людзей, якая стала называць сябе “Эксперты ў абарону Курапатаў”. Туды ўвайшлі Марат Гаравы, Вінцук Вячорка, Вацлаў Арэшка, Зінаіда Тарасевіч і іншыя, якія раней рабілі агульную справу. Гэта было зроблена без усялякіх скандалаў і прад’яўлення прэтэнзій.

– Я падумаў: добра, гэта будзе ўзмацняць нашу працу. Аднак яна не ўзмацнілася, а пайшла ў розных кірунках.

Гэтае раздзяленне адлюстравалася і на выставе: на стэндзе, прысвечаным абаронцам мемарыялу, інфармацыі аб ахоўнай дзейнасці пасля 2001 года фактычна няма (як і згадак пра ініцыятыву “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” і дзейнасць беларускіх членаў Міжнароднага Мемарыялу), яна з’яўляецца толькі з 2013 года.

– Наведвальнікі, якія прыходзілі на выставу, бачылі “веху” 2001 год і наступную “веху” – 2013 год. І больш нічога не было, акрамя КХП БНФ, якая пастаянна ставіць крыжы. Гісторыя іншых абаронцаў  Курапатаў знікла. Гэта было зроблена свядома. І ўсе астатнія матэрыялы выставы – “эксперты судзяцца”, “эксперты адстаялі ахоўныя зоны”... Прабачце, гэта ўсё пачала яшчэ ў 2001 годзе інцыятыва “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”!

Называць экспазіцыю “ўнікальнай” не выпадае

Па словах Ігара Кузняцова, выстава рыхтавалася таемна ад прадстаўнікоў ініцыятывы. Гісторык даведаўся пра яе за некалькі дзён да адкрыцця. А напярэдадні з’явілася публікацыя ў той жа газеце “Новы час”, якая яго насцярожыла. У артыкуле прыводзілася “фантастычная гісторыя”, якую аўтару нібыта распавёў старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі Сяргей Мацкевіч аб тым, як яго дзед Сільвестр Мацкевіч у 1941 годзе быў вывезены для расстрэлу ў Курапаты і цудам выжыў.

– Калі я прачытаў гэты матэрыял, у мяне ўзнікла два пытанні: чаму  аўтар публікацыі не праверыў  гэтую гісторыю ” цудоўнага” выратавання, ці, прынамсі, не прадставіў іншых доказаў гэтай падзеі. З якой мэтай на выставу, адкрытую для шырокай публікі, выносіцца адзіны ўспамін, не замацаваны ні дакументамі, ні нейкай фіксацыяй падзей? Да таго ж на адкрыцці, апроч звычайных наведвальнікаў, былі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, гісторыкі, археолагі. І агучваць гэты матэрыял было ў лепшым выпадку паказчыкам адсутнасці прафесіяналізму, а ў горшым – поўнай безадказнасцю.

– Але пытанні ўзніклі толькі ў вас?

– Можа быць і ўзніклі ў іншых наведвальнікаў выставы, але ў СМІ ніякай інфармацыі аб гэтым не было. Адказ вельмі просты: у нас сапраўды на сённяшні дзень амаль не засталося спецыялістаў, здольных прафесійна ацаніць такую выставу. Наколькі я ведаю, яе арганізатары не бралі каментары ў Алега Іова, Міколы Крывальцэвіча, Леаніда Маракова ці Таццяны Процькі.

– Вы выказалі свае заўвагі аганізатарам?

– Вядома, я не стаў рабіць гэта на адкрыцці. У праграме я ўбачыў, што будзе прэс-канферэнцыя, і вырашыў задаць свае пытанні там.

Па словах гісторыка, на выставе многія прадстаўленыя дакументы і матэрыялы раней ужо былі апублікаваныя, таму называць экспазіцыю “ўнікальнай” не выпадае.

– Нельга браць на сябе адказнасць і называць выставу “Праўда пра Курапаты”. Таму што ўсёй  праўды пра Курапаты мы ніколі не даведаемся. І першае пытанне, якое я задаў, было пра гісторыкаў, якіх у якасці кансультантаў прыцягнулі да арганізацыі выставы. Мне не назвалі нікога.

На думку Ігара Кузняцова, адсутнасць звестак пра тое, што Курапаты – адно з найбольш буйных, але не адзінае месца расстрэлаў у Мінску, увяла наведвальнікаў у зман. Каб паказаць маштабы рэпрэсій, можна было б размясціць карту з указаннем 12 выяўленых на сённяшні дзень месцаў масавых расстрэлаў і пахаванняў у Мінску і ваколіцах, апублікаваную ў 2002 годзе ў кнізе “Курапаты. Зборнік матэрыялаў”. Прабелы былі і ў пераліку катаў – людзей, якія давалі і выконвалі смяротныя загады. На выставе прысутнічалі прозвішчы Берыі, Бермана, Наседкіна і Цанавы.

– У гэты час НКУС СССР узначальваў Ягода, пад кіраўніцтвам якога праводзіліся рэпрэсіі ў Беларусі, самы крывавы перыяд прыйшоўся на час кіравання Яжова, і толькі ў 1938 годзе прыходзіць Берыя. Я магу адназначна казаць, што ў Курапатах 2/3 расстрэлаў – гэта перыяд 1937-38 гг. – адбываліся да прыходу Цанавы. А з наркамаў НКУС БССР прапушчаны два: Ляплеўскі і Малчанаў, – заўважае гісторык.

На пытанне Ігара Кузняцова аб тым, чаму не пералічылі ўсіх, хто меў дачыненне да катаванняў, Вацлаў Арэшка адказаў, што “на стэндзе не хапіла месца”.

Вяртаючыся да гісторыі Сільвестра Мацкевіча, Ігар Кузняцоў нагадвае, што да сёй пары было вядома толькі два імені расстраляных у Курапатах людзей – Мойша Крамер і Мардэхай Шулькес.

– Увогуле: з кнігі Маракова “Ахвяры і карнікі” без усялякай сістэмы выбрана дзясяткі паўтара прозвішчаў, маўляў, яны расстраляныя ў Курапатах у 1937-1938 гадах. На якой падставе? Яны расстраляныя ў “амерыканцы” (турме КДБ – заўв. “ЕўраБеларусі”). Куды іх трупы вывезлі – мы не ведаем.

Адкуль узніклi дадзенныя?

Але чаму інфармацыя пра Сільвестра Мацкевіча з’явілася толькі перад выставай? Гэта, па словах Ігара Кузняцова, Вінцук Вячорка патлумачыў “сямейнай таямніцай”.

Яшчэ адна рэч, якая выклікала насцярожанасць, – дата растрэлу: чэрвень 1941 года, пасля пачатку вайны. Але за ўсе следствы не было знойдзена ніякіх доказаў таго, што расстрэлы праводзіліся ў гэты час.

– Я пракансультаваўся з кім толькі можна, і цяпер з навуковага пункту гледжання магу казаць: тое, што прадстаўлена ў гэтых успамінах – альбо фантазія, альбо кімсьці кінутая дэзінфармацыя.

Ігар Кузняцоў разбірае матэрыял “па палічках”. Па-першае, нягледзячы на фразу, што “гісторыя заснавана на фактах”, ніводзін факт у тэксце не прыведзены. Але далей – самае галоўнае. 22 чэрвеня 1941 года ЦК КП(б) прымае рашэнне аб расстрэле вязняў, асуджаных на смяротнае пакаранне ў турмах Заходняй Беларусі. І з Мінска пачаліся эвакуацыі турмаў “Валадаркі” і “амерыканкі”, першая з іх праводзілася ў ноч з 23 на 24 чэрвеня па маршруце Мінск-Магілёў. Адбывалася гэта на падставе загаду камандзіра 42 брыгады канвойных войскаў НКУС СССР  226 канвойным палком, які дыслакаваўся ў Мінску. “Эвакуацыя” ішла  па Магілёўскай шашы – гэта расстрэлы ў Трасцянцы ў ноч з 24 на 25 чэрвеня, а таксама расстрэл пад Чэрвенем 26-27 чэрвеня вязняў, у тым ліку прыгнаных з Каўнаса ў Мінск.

Важная дэталь: большасць  калон арыштантаў былі пешымі, таму што ўвесь транспарт быў прызначаны для эвакуацыі архіва НКУС  і партыйнага і савецкага  кіраўніцтва.БССР. А ў тэксце напісана, што вязняў пасадзілі ў машыны і павезлі, ды яшчэ і насустрач ворагу. А як жа загад? Далей расказваецца, што ўключылі фары і людзей пачалі расстрэльваць з кулямёта. Ігар Кузняцоў парыруе, што сыходзячы з мясцовасці Курапатаў, машыны не маглі пад’ехаць да ямы, каля якой нібыта ў два шэрагі стаялі людзі.

– Калі мінімальна было дзве машыны, то колькасць людзей павінна была быць не менш за 40 – 60. Каб правесці расстрэл, трэба выставіць ачапленне, задзейнічаць мінімум два кулямёты – у ручнога кулямёта Дзегцярова  патроны заканчваюцца пасля 15 секунд няспыннай стральбы. Змена кулямётнага дыска займае не менш за 30 секунд. Калі не пачаць страляць з другога, то будуць уцёкі! – гаворыць Ігар Кузняцоў.

Далей ідзе апісанне, як Мацкевіч упаў разам з трупамі ў яму, а пасля вылез. Адметна, што НКВДысты нават не закапалі ямы. Навошта тады было іх выкопваць, а, галоўнае, як гэта паспелі зрабіць?

І яшчэ адна істотная нестыкоўка. У тэксце напісана, што акрамя Мацкевіча выжыў вязень, якога ён называў палякам (малаверагодна, што да гэтага часу ў мінскай турме заставаліся палякі), разам з якім яны рушылі да бліжэйшай вёскі і даведаліся, што страшнае месца расстрэлаў у народзе завуць Курапатамі. Але так гэтае месца ніхто не называў! Брод, Цна-Ёдкава, Зялёны Луг – але не Курапаты.

Анатоль Майсеня напачатку 1990-х гадоў выпусціў кнігу, у якой быў успамін зняволенага Цодзіка аб расстрэле вязняў мінскіх турмаў у ноч з 25 на 26 чэрвеня ў Трасцянцы. У мяне склалася ўражанне, што публікацыя  ў “Новым часе” ўспамінаў Сільвестра Мацкевіча (за выключэннем некаторых эпізодаў) – гэта падзеі, якія адбываліся не ў Курапатах, а ў Трасцянцы 24 – 25 чэрвеня 1941 года.

Даследчык мяркуе, што гэтая гісторыя дала нагоду зноў пачаць мусіраваць тэму “нямецкага следу” ў Курапатах, як гэта адбылося ў артыкуле, што з’явіўся на мінулым тыдні ў сеціве, і патрабаваць правядзення чарговага расследвання. Аднак адказу на пытанне, навошта было спяшацца даваць неправераную інфармацыю на выставу, Ігар Кузняцоў не знаходзіць.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео