BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ігар Кузняцоў: “Калі б была магчымасць падняць злачынцаў з магіл, мы б гэта зрабілі"

30.10.2015 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Ігар Кузняцоў: “Калі б была магчымасць падняць злачынцаў з магіл, мы б гэта зрабілі"
Учора ў Курапатах ушанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Адзіны ўдзел дзяржавы заключаўся ў ціхарах, што сачылі за актывістамі, і супрацоўніках ДАІ, якія спынялі ўсіх, хто прыехаў на аўто.

Калі ў многіх постсавецкіх краінах гэты дзень з’яўляецца афіцыйнай памятнай датай, улады Беларусі працягваюць яго ігнараваць. Затое памятае і ўшаноўвае грамадскасць. Блізу чатырох дзясяткаў актывістаў сабраліся каля крыжа з заходняга боку мемарыяла (дзе стаіць так званы “Бульбаш-хол”, – заўв. “ЕўраБеларусі”), памаліліся, затым прыладзілі да крыжа памятную шыльду. Зачыталі прозвішчы расстраляных, якія сталі вядомыя дзякуючы даследаванням гісторыка Леаніда Маракова, усклалі кветкі. Затым удзельнікі акцыі запалілі знічы і ўсталявалі іх на крыжы, што стаяць уздоўж курапацкай алеі, прайшлі гэтым зорным крыжовым шляхам. На ўзвышшы ў цэнтральнай частцы ўрочышча выступілі грамадскія актывісты, таксама ўпершыню былі зачытаны прозвішчы тых, хто меў дачыненне да злачынстваў сталінскага тэрору.

Напярэдадні акцыі, удзень, Рух салідарнасці “Разам” ініцыяваў аб’езд месцаў расстрэлаў у Мінску. Групы актывістаў наведалі Кальварыйскія могілкі, Цівалі, Лошыцу, урочышча Благоўшчына, Вайсковыя могілкі (там да акцыі далучыліся Мікола Статкевіч і Міхась Скобла), парк Чалюскінцаў і скончылі Курапатамі. Акцыі ўшанавання праводзіліся і ў рэгіёнах.

А пра гісторыю ўзнікнення гэтага памятнага дня Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” расказаў гісторык, даследчык палітычных рэпрэсій Ігар Кузняцоў.

– У 2007 годзе, калі споўнілася 70 гадоў з падзей 1937 года – “вялікага тэрору” – была створана грамадская камісія з трыма сустаршынямі – Кузняцовым, Якавенка і Галецкім. Як раз выйшла кніга Леаніда Маракова пра гэтую расстрэльную ноч 29 кастрычніка 1937 года. І мы выступілі з ініцыятывай абвесціць у Беларусі гэты дзень Днём памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій – па аналогіі з Расіяй, дзе 30 кастрычніка ў 1992 годзе быў абвешчаны днём памяці.

Ігар Кузняцоў

Мы напісалі ў Савет міністраў, каб нас падтрымалі, а адказ прыйшоў з КДБ, які прыкладна гучаў так: “У Беларусі ўстаноўлены дзве даты памінання памерлых – Радаўніца і Дзяды, а гэты дзень не з’яўляецца для краіны актуальным, такім чынам Ваша ініцыятыва адхілена”. Гэта значыць, улада адказала, што няхай іншыя адзначаюць, а нам гэта не трэба.

Мы тады абвесцілі гэты дзень памяці, і ўпершыню 29 кастрычніка 2007 года ў Курапатах адбылася памінальная акцыя. Вячаслаў Сіўчык увогуле прапанаваў, каб гэтая дата ўкаранілася ў грамадскай свядомасці, 29 чысла кожнага месяца прыходзіць у Курапаты. І ўжо восем гадоў 29 кастрычніка акцыя памяці праходзіць штогод у больш пашыраным фармаце.

За гэтыя гады мы ўстанавілі пяць мемарыяльных знакаў на тых пахаваннях, дзе праводзілася эксгумацыя. Летась тут быў усталяваны крыж у памяць аб вязнях турмы “амерыканкі” – то бок, палітычных зняволеных, расстраляных у ноч 29 кастрычніка.

Нягледзячы на сталы ўзрост, вядомы абаронца Курапатаў Вацлаў Нямковіч удзельнічаў у аб'ездзе месцаў расстрэлаў і акцыі ва ўрочышчы

Расстрэлы былі і да 29 кастрычніка, і працягваліся пазней. Але менавіта ў гэтую ноч былі расстраляны 103 чалавекі, якіх завочна асудзілі па прысудзе ваеннай калегіі Вярхоўнага суда, а па ўдакладненых спісах – 133 прозвішчы. Дакладную лічбу мы не даведаемся. Але нават з гэтых 103 чалавек 22 – гэта паэты, пісьменнікі, літаратурныя крытыкі… У гэтым спісе ёсць расстраляны студэнт БДУ і рэктар БДУ Ананій Дз’якаў. Ёсць просты інжынер, а ёсць намеснік наркама, сакратар партыйнай арганізацыі мінскага завода і сакратар кампартыі Беларусі. У гэтым пераліку аказалася 95% беларускай інтэлігенцыі. Не так шмат было ў Беларусі літаратараў, каб за адну ноч расстраляць 22 чалавекі.

Гэты дзень сімвалічны не таму, што адбыўся самы вялікі расстрэл – былі ночы, калі расстрэльвалі яшчэ больш. Але тут іншае пытанне. Калі цяпер кажуць, што “былі расстраляны лепшыя”, я заўсёды кажу: “А астатнія былі горшыя?” Каштоўнасць жыцця што наркама, што хатняй гаспадыні аднолькавая.

– Як сталі вядомыя гэтыя імёны?

– Тут трэба аддаць належнае Леаніду Маракову, які знайшоў гэты спіс у архіве, прычым не ў нас, а ў Маскве. То бок гэта не ўлада прадаставіла, не КДБ. Тут выключна намаганні грамадскасці. Дзяржава нічога не зрабіла не толькі для ўшанавання памяці, яна аказалася нават няздольнай даць магчымасць даследчыкам папрацаваць у архіве КДБ. Я сам казаў, што гатовы бясплатна працаваць. Сказалі “Не, людзі, якія ведаюць, нам тут не патрэбны”.

Гэты дзень мы абвесцілі ў 2007 годзе, а ў 2006 мы пачалі праводзіць першую сесію грамадскага трыбуналу па злачынствах сталінізму ў Беларусі. У яе межах на камні (што на курапацкім узвышшы, – заўв. “ЕўраБеларусі”) з’явіўся надпіс “Ахвярам сталінізму”, праводзіліся іншыя мерапрыемствы. Другая сесія трыбуналу адбылася ў 2015 годзе. Мы правялі сем пасяджэнняў. Фактычна мы збіралі доказную базу 10 гадоў. І нават калі б нам сказалі сабраць за месяц – мы б сабралі за месяц. Таму што ўжо столькі апублікавана (не толькі ў Беларусі, а асабліва ў Расіі) і дакументаў, і матэрыялаў з архіваў ФСБ, якія цалкам даказваюць віну КПСС і кампартый саюзных рэспублік, НКУС у здзяйсненні злачынстваў супраць свайго народу. У адных краінах гэта кваліфікуецца як генацыд, у іншых – злачынства супраць чалавецтва, акрамя таго, у нас яшчэ здзейснена злачынства супраць замежных грамадзян. Гэта афіцэры польскай арміі і цывільныя асобы, расстраляныя ў красавіку – чэрвені 1940 года (гэта больш за 15 тысяч чалавек). Тут знаходзіліся спецыялісты з шэрагу краін, якія аказвалі дапамогу Савецкаму Саюзу: гэта расстраляныя па нацыянальнай прыкмеце літоўцы, польскія грамадзяне, нямецкія. Пра гэта гаворыцца ў першым пункце зачытанага ўчора (28 кастрычніка, – заўв. “ЕўраБеларусі”) абвінавачвання.

– Але ці ёсць каму яго цяпер прад’явіць?

– Мы не ставілі такую мэту. У жывых непасрэдных выканаўцаў ужо няма. Але не асуджаны ні рэжым, ні ідэалогія, ні партыя, якая стварыла гэтую сістэму, ні карныя органы, якія яе ажыццяўлялі. Таму не даўшы калі не юрыдычную, то хаця б маральную ацэнку гэтых падзей, пра якую прававую дзяржаву мы ўвогуле можам казаць? Калі б была магчымасць падняць злачынцаў з магіл і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, мы б гэта зрабілі. Але гэта ўжо немагчыма, таму трэба даць ацэнку, каб тыя, хто сёння працуе ў тых жа сілавых структурах, ведалі, што іх папярэднікі, якія здзейснілі ўсе гэтыя злачынствы, атрымалі яе. І, выконваючы свой службовы абавязак, думалі, што калісьці час можа змяніцца і ты апынешся ў такім жа спісе тых, хто парушаў закон ці выконваў злачынны загад.

Другі важны момант: мы ў працяг гэтага назвалі найбольш важныя мерапрыемствы, якія патрабуем (20 гадоў прасілі ў дзяржавы, а сёння патрабуем). Па-першае, каб была выканана пастанова, прынятая 25 гадоў таму аб мемарыялізацыі ўрочышча Курапаты. Па-другое, устанавіць у Мінску помнік ахвярам палітычных рэпрэсій у сувязі з тым, што многія сваякі расстраляных атрымлівалі даведкі, у якіх было ўказана, што месца расстрэлу і пахавання невядома. А апроч Курапат у Мінску 12 месцаў расстрэлаў, таму павінен быць хаця б сімвалічны знак. Ёсць адзін чалавек, Уладзімір Іванавіч Мазанік, бацьку якога расстралялі. Ён не ведае, дзе магіла, прайшоў усе інстанцыі. Ля райвыканкама стаіць камень, і гавораць, што ў дзяржавы няма грошай. Ён кажа, што гатовы на камні ўсталяваць мемарыяльную шыльду за свой кошт. Адмоўлена. На зварот у Міністэрства культуры намміністра адказвае, што па заканадаўству магчыма ўстанавіць знак, напрыклад, у раёне Гарадскога вала. Праз тры месяцы міністр культуры Барыс Святлоў адказвае: усталяванне такога знака немэтазгодна ў сувязі з тым, што памяць ахвяр рэпрэсій належным чынам увекавечана ва ўрочышчы Курапаты, дзе ўсталяваны помнік. Міністр культуры не ведае, што ў Курапатах няма помніка і ніводнага мемарыяльнага знака ад дзяржавы?          

Адказ Мінкульта прадубляваў Мінгарвыканкам, нарэшце ў маі ён ідзе на прыём да кіраўніка Адміністрацыі Косінца, тры месяцы не атрымлівае адказу і нядаўна прыйшло паведамленне, што “Ваша заява накіравана ў Міністэрства культуры”.

Ну і патрабуем правядзення шэрагу іншых мерапрыемстваў: стварэнне нацыянальнага цэнтра, музейных экспазіцый, увядзенне ў вучэбныя праграмы, СМІ.

– Як вы лічыце, ці варта чакаць рэакцыі ад дзяржавы?

– Не будзе рэакцыі – значыць, будзе рэакцыя з боку грамадскасці. Я разумею, складана разлічваць, што заўтра адбудуцца нейкія змены. Але калі рэакцыі цягам месяца не будзе, мы апошні раз звяртаемся пісьмова, адпраўляем абвінаваўчае заключэнне ва ўсе органы ўлады, і калі рэакцыі зноў не будзе ці будзе нейкая адпіска, значыць, мы будзем рабіць усё магчымае ў рамках грамадскіх ініцыятыў.

Беларусь – першая сярод краін, дзе выйшлі на ўзровень грамадскага трыбуналу і вынеслі абвінаваўчае заключэнне. Ні Расія, якая валодае такой магчымасцю, ні Украіна – ніхто не дайшоў да гэтага ўзроўню. А ў нас самая горшая сітуацыя і ў гэтых умовах мы зрабілі вельмі важны крок, які паслужыць прыкладам.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео