BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі сабраў навукоўцаў з усяго свету

03.10.2015 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі сабраў навукоўцаў з усяго свету
Акции / Фото
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
2 кастрычніка пачала працу буйная пляцоўка у літоўскім Коўна, куды прыехалі 450 даследчыкаў і 80 гасцёў з 18 краін свету, у тым ліку з ЗША, Нямеччыны, Брытаніі, Даніі, Чэхіі, Арменіі, Украіны і Расіі.

У фокусе ўвагі навукоўцаў апынулася не толькі непасрэдна Беларусь, але і ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Шырокая праблематыка - ад эканомікі, палітыкі, міжнародных стасункаў да гісторыі, лінгвістыкі ды праблем культуры - будзе разглядацца цягам трох дзён, да 4 кастрычніка ўключна.

Як паведамляла Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі", V Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі адчыніўся пленарным паседжаннем у канферэнц-зале гатэля Park Inn, на якім выступілі кіраўнікі амбасады Літвы ў Беларусі, мэрыі Коўна, універсітэта Вітаўта Вялікага, дэпутат нямецкага Бундэстагу Ёхан Вадэфуль і генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыуму "ЕўраБеларусь" Улад Вялічка. Мадэратарам пленара гэтым разам стаў галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Андрэй Дынько.

Пленар працягнуўся дакладамі навукоўцаў з ЗША і Беларусі, тэмы якіх прысвяцілі 70-м ўгодкам сканчэння Другой сусветнай вайны. Амерыканец Уэйтман Беорн распавёў пра ўдзел Вермахта ў забойстве габрэяў у Беларусі на прыкладзе жыхароў горада Слоніма, а беларус Сяргей Новікаў даследваў баявыя дзеянні ў Беларусі летам 1941 года, параўнаў гістарыяграфічныя міфы і гістарычную рэальнасць.

Удзельнікі і госці Кангрэса падзяліліся са Службай інфармацыі "ЕўраБеларусі", навошта і з чым завіталі на міжнародную навуковую пляцоўку ў Літве.

Доктар псіхалагічных навук Аляксандр Лабанаў, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка:

- Мая тэма тычыцца псіхалогіі інтэлекта - гэта дынаміка развіцця інтэлекта ў кантэксце эфекта Фліна. Іншымі словамі, зараз ёсць такія даследванні, якія прадказваюць, што інтэлектуальнае развіццё еўрапейцаў будзе падаць да 2050 года. І мы адсочваем дынаміку ў межах Беларусі. З 1975 года і па сёння.

Каб лепей разумець, што адбываецца ў псіхалогіі, трэба разумець, што адбываецца ў іншых галінах навукі. Мяне зацікавіў у Кангрэсе, па-першае, шырокі навуковы ахоп. А па-другое, новыя знаёмствы, новыя сустрэчы, новыя людзі.

Навуковы супрацоўнік Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэкі Расіі, аспірант Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніс Міронаў:  

- Я ўдзельнічаю ў шостай панэлі - "Гісторыя Беларусі канца XIX - пачатку XX стагоддзя". Для мяне гэты Кангрэс крыху нечаканы, таму што запрасіў на яго мой сябра - даследчык Андрэй Ціхаміраў. Я вельмі зацікавіўся, бо працую ў Цэнтры сацыяльна-палітычнай гісторыі Дзяржаўнай публічнай гістарычнай  бібліятэкі Расіі, а гэта - былы Інстытут марксізму-ленінізму, то бок, галоўная цытадэль камунізму СССР. У нас вялізарная колькасць матэрыялаў не толькі па РСФСР, а таксама па Беларусі - і Усходняй, якая ўваходзіла ў склад СССР, і Заходняй.

Увогуле я займаюся прэсай 1920-1930-х гадоў.  У нашым цэнтры - вельмі цікавы матэрыял, які адлюстроўвае палітыку непасрэдна Масквы ў адносінах да Беларусі. Усё, што збіралася, збіралася не наўпрост так, а з мэтай пэўнага вывучэння, аналіза. І галоўнае, што пасля вайны Інстытут марксізму-ленінізму стаў галоўным па зборы матэрыялаў, у тым ліку, з Беларусі, таму ў нас шмат калекцыяў, якія маглі б зацікавіць беларускіх даследчыкаў.

Кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі, Інстытут палітычных даследванняў "Палітычная сфера":

- Мы ўжо назіраем тэндэнцыю, калі Кангрэс проста з падзеі, якая прэтэндуе на статус галоўнай акдэмічнай, пераўтвараецца сапраўды ў цэнтр прыцягнення і навуковай, і экспертнай супольнасці. Я заўважаю, што шмат людзей пачынае падладжваць свае даследчыя графікі пад Кангрэс, абавязкова ўключаць яго ў свае планы.

Ходзяць чуткі і нават легенды пра тое, што адбываецца ў Коўна. Не заўжды, канешне, пазітыўнага плану (смяецца). Нас ужо абвінавачваюць у тым, што мы тут "дактрынуем" людзей, "накачваем", як было напісана ў адным дакладзе. Хоць гэта абсалютна ня ёсць праўда, бо Кангрэс - месца адкрытай камунікацыі, куды збіраюцца людзі розных поглядаў. І нашая місія, мэта - стварыць месца, дзе могуць прыйсці ў дачыненне розныя версіі, гіпотэзы, погляды. Менавіта ў гэтым скрыжаванні інтарэсаў і мусіць адбывацца ўзаемадзеянне, рух наперад у асэнсаванні таго, што адбываецца ў Беларусі. І вось гэтую шматвектарнасць, шматпалярнасць і адкрытасць мы будзем захоўваць і надалей, каб Кангрэс заўжды быў месцам збору людзей, якія прысвяцілі сябе вывучэнню Беларусі.

Мы бачым, што на Кангрэс прыязджаюць навукоўцы з мноства краін. Зноў жа, іншая тэндэнцыя, што ўсё больш і больш у вывучэнні нашай краіны ўбудоўваецца ў прынамсі рэгіянальны кантэкст. Таму, што мы ўжо маем магчымасць параўнання сітуацыі Беларусі з іншымі краінамі, таксама бачым шмат дакладаў і даследванняў, якія прысвечаны хутчэй асэнсаванню не толькі беларускага выпадку.

Як заўжды, я каардыную шмат пытанняў па Кангрэсе, напрыклад, надавання прэміі, займаюся арганізацыяй секцыі па гісторыі XX стагоддзя. Але і таксама выступаю з дакладам з неардынарнай тэматыкай - "Расавая праблематыка ў працах пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху". Калі мы возьмем працы тых, хто стаяў у вытокаў беларускага нацыянальнага руху - гісторыкаў кшталту Усевалада Ігнатоўскага і палітыкаў кшталту Вацлава Ластоўскага, то для іх было вельмі істотным суаднесці беларускую ідэнтычнасць у сучасных тэрмінах з заходнееўропейскай. І яны для гэтага выкарыстоўвалі ўключэнне нас у канцэпцыю арыйскай расы.

Пра гэта зараз не згадваецца, таму што было цалкам дыскрэдытавана пасля Другой сусветнай вайны. Але трэба разумець, што ў кантэксце еўрапейскага мыслення XX стагоддзя гэта был легітымны шлях - паказаць права беларусаў на сваё існаванне, а таксама даказаць, што іншыя народы, асабліва расійцы, ужо расава змяшаныя з манголамі. Па сучасных параметрах - трошкі дзікавата, але той пласт можна крыху прыўзняць і суаднесці з тэндэнцыямі, якія адбываліся ў расійцаў альбо ўкраінцаў - агулам у кантэксце канца XIX - пачатку XX стагоддзя.

Габілітаваны доктар гісторыі Дарота Міхалюк, універсітэт Мікалая Каперніка ў Торуні (Польшча):

-   Я сюды прыехала з дакладам датычна Антона Луцкевіча. Магчыма, тэма гэта не новая, але вельмі мяне зацікавіла дыскусія, якая распачалася ў беларускіх медыя, у інтэрнэце адносна сённяшняга значэння і ролі беларускай мовы. Мне вельмі цікава падыскутаваць на тэму, як лідар вольнага руху беларускага народу бачыў пераход беларускіх школ на родную мову замест расійскай.   

Генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыуму "ЕўраБеларусь" Улад Вялічка:

- Я прыехаў сюды, з аднаго боку, як госць, бо гэта мой першы Кангрэс, негледзячы на тое, што іх было ўжо чатыры. З другога - як арганізатар, бо "ЕўраБеларусь" - сябра аргкамітэту Кангрэса. Хачу адчуць вось гэты "спірыт" кангрэснага жыцця, бо тут - вялікая частка Беларусі, якая на пэўны час збіраецца па-за межамі краіны і абмяркоўвае вельмі ўніверсальны набор пытанняў, праблемаў. Вядома, што цікава быць часткай гэтага працэсу, адчуць сябе ў ім. Таму я, хутчэй, госць у гэтым сэнсе і чакаю, што мне Кангрэс прынясе.

Фактычна гэта адзіная пляцоўка, дзе Беларусь з’яўляецца наўпрост прадметам даследвання. Гэта, з аднаго боку, задае пэўную цэласнасць, і можна ў інтэнсіўным рэжыме пабачыць, пачуць, паўдзельнічаць. З другога боку, гэта задае абсалютную бясконцасць тэмаў, разрэзаў, у якіх пра беларускае, пра Беларусь можна размаўляць.

Таму вельмі важна, што гэта не закрытая пляцоўка "беларусы для беларусаў", а адкрыты фармат, дзе на прыкладзе Беларусі можна шмат чаго зразумець і пра рэгіён наш, і пра сучасную Еўропу. Гэта як арэна, і трэба ў гэтым меню панэляў неяк арыентавацца, абіраць тое, што цябе зацікавіць.

Мае асноўныя зацікаўленасці - у сферы грамадзянскай супольнасці, таму я буду мадэратарам адной з дыскусіяў 3 кастрычніка. Яна тычыцца таго, як сёння глядзець на супольнасць, як яе даследваць, што нам даюць гэтыя даследванні, ці папярэднія ўстаноўкі састарэлі і нам трэба зразумець, што мы ў XXI стагоддзі, а не арыентавацца на канцэпты 60-х ці 70-х. Усё тое, што тычыцца грамадазнаўства ў шырокім сэнсе, для мяне вельмі цікава, таму што, усё ж ткі, я не акадэмічны чалавек і больш працую з грамадска-палітычнымі пытаннямі. Мяне цікавіць менавіта гэты патэнцыял Кангрэсу, тое, якім чынам ён можа даследчую інструментальнасць выкарыстаць, прапанаваць для працы з такімі выключна практычнымі рэчамі, як праблемы нашага грамадства.

Паэт Зміцер Вішнёў:

- Нашая панэль прысвечана літаратуры пасля літаратурнага руху "Бум-Бам-Літ" - творчым плыням канца ХХ - пачатку ХХІ стагоддзяў. Я буду яе мадэратарам, таксама падрыхтаваў адпаведны даклад. Мне падаецца, панэль будзе цікавай, бо ў ёй бяруць удзел такія асобы як Пятро Васючэнка, Арцём Кавалеўскі, Адам Шостак, Ілля Сін. У кожным выпадку будзе плён працы, будуць цікавыя даклады - усё ж ткі, сёлета спаўняецца 20 гадоў "Бум-Бам-Літу". Дарэчы, 5 лістапада запрашаю ўсіх, хто будзе ў Беларусі, у клуб "ДК" на святкаванне ўгодак.

У Кангрэсе я бяру ўдзел другі год запар. На жаль, сёлета не прыехаў сюды наш важны дакладчык Віктар Жыбуль, на ўдзел якога мы спадзяваліся. Да таго ж, праз пэўныя складанасці не здолелі прыехаць Юрась Барысевіч і Алесь Туровіч.

Нагадаем, што Міжнародны Кангрэс даледчыкаў Беларусі ў Коўна - найбуйнешая акадэмічная і экспертная падзея, якую штогод традыцыйна ладзіць Інстытут палітычных даследванняў "Палітычная сфера".

У межах Кангрэсу ўвечары 3 кастрычніка адбудзецца наданне Прэміі даследчыкам за найлепшую навуковую публікацыю па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычныя навукі, гуманітарныя навукі. Шорт-лісты прэтэндэнтаў на перамогу ўжо абвешчаныя.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео