BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

На сёмай “Камяніцы” “гоцалі” з украінцамі і вучылі эстонскую мову

06.09.2015 Яўгенія Бурштын, "ЕўраБеларусь"
На сёмай “Камяніцы” “гоцалі” з украінцамі і вучылі эстонскую мову
Фота аўтара
Учора, 5 верасня, у Музеі народнай архітэктуры і побыту ў сёмы раз прайшоў фолк-фэст “Камяніца”, які сабраў выступоўцаў з Беларусі, Польшчы, Украіны і Эстоніі.

Да заяўленага адкрыцця фэсту – 12 гадзін – людзей прыехала няшмат. На тэрыторыі музея наведвальнікам прапаноўвалі пабіцца бяспечнай зброяй, пастраляць у ціры, самастойна вырабіць манету і, вядома ж, набыць сувеніры. Іх колькасць, дарэчы, сёлета значна пашырылася – арганізатары стрымалі абяцанне зрабіць з кірмаша майстроў ледзьве не асобную забаўляльную пляцоўку. Набыць тут можна было і разнастайныя вышыванкі, і вырабы з гліны, саломкі, хэнд-мэйд-упрыгажэнні, мыла ручной работы, посуд, свістулькі, кнігі і многае іншае.

Як павялося некалькі гадоў таму, перад уваходам у асноўную зону гулянняў выставілі турнікеты, міліцыя правярала рэчы і абмацвала ўсіх, хто прыходзіў. Гэтую працэдуру трэба было праходзіць кожны раз, нават калі чалавек ужо пабываў на канцэртнай пляцоўцы і выйшаў адтуль, каб паглядзець сувеніры ці проста прагуляцца. Зрэшты, міліцыянты асабліва не раздражнялі, а паводзілі сябе даволі ветліва і ўсміхаліся, толькі прасілі зашпіліць курткі тых, у каго на майках была, напрыклад, выява “Пагоні” – маўляў, яна мае палітычны падтэкст. Ахоўнікі парадку, можа, былі і не вельмі ў курсе таго, што гэты сімвал з’яўляецца цалкам “легальнай” гісторыка-культурнай каштоўнасцю, затое свае абавязкі ведалі дасканала. Напрыклад, прымушалі пакідаць на ўваходзе ежу і напоі (у тым ліку гарбату ў тэрмасах і пітную ваду, калі яе было больш за 1 літр). Праўда, гэтым разам арганізатары загадзя папярэдзілі: праносіць алкаголь, ваду ў шкляных бутэльках і любую ежу, апроч дзіцячага харчавання, забаронена. Так што большасць была падрыхтаваная і харчы на фэст не прынесла. Праўда, былі і тыя, каму ўсё ж удалося пранесці гарбату ў тэрмасах і такую-сякую закуску. Як – незразумела.

Тых, хто арганізавана прыехаў у музей да пачатку, чакала праграма на малой сцэне, вядучай якой традыцыйна была спявачка Руся.

– На малой сцэне ёсць гурты, якія выступаюць штогод, але сёлета з’явіліся новыя цікавыя праекты, – распавяла яна Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”. – Напрыклад, вакальны гурт “Мярэжа”, які спявае памежныя песні Беларусі. Гэта неверагоднае відовішча і “слуховішча”. Дзяўчаты паказваюць абрадавыя элементы з хлебам, жытам, сярпом. Апроч таго ўпершыню заяўлены гурт “Варган” з Полацку, “Таццянка-вяснянка” і гурт “Этна-суполка” з Універсітэта культуры і мастацтваў.

Па словах Русі, яшчэ не ўсе людзі гатовыя слухаць этнічныя спевы ў аўтэнтычным выкананні, шмат для каго яны больш звыклыя ў рокавай, электрычнай ці якой іншай апрацоўцы.  Гэта было бачна і па адносна невялікай колькасці людзей, якая сабралася ля малой сцэны.

Тым часам, пакуль галоўную сцэну рыхтавалі да адкрыцця, можна было трапіць на містэрыю “Споведзь пад стрэхамі” лідара гурта “Троіца” Івана Кірчука. Ён не пайшоў традыцыйным шляхам выступоўцы, а зладзіў уласны шаманскі міні-канцэрт у былоў уніяцкай царкве. У афішы было заяўлена пра відовішча для дзяцей, але дарослыя таксама не засталіся раўнадушнымі: усе тры разы, што Іван Іванавіч паказваў сваю містэрыю, ён збіраў аншлаг, нават не ўсе ахвотныя маглі трапіць у будынак, каб паглядзець гэтую дзею.

– Я пачаў займацца фальклорам у 1983 годзе, з гэтага часу пачаўся мой шлях да яго. Беларускі фальклор здзіўляе сваёй глыбінёй, – расказаў Іван Кірчук.    

Ён зазначыў, што “Споведзь пад стрэхамі” – гэта жальба тых вясковых хат, што часам стаяць вясёлыя, а часам – журботныя ад таго, што іх пакінулі. У сваім відовішчы – іначай гэта не назавеш -  музыка прадставіў увесь абрадавы гадавы цыкл нашых продкаў. Пачалося ўсё з калыханкі, затым ішло гуканне вясны. Прычым напачатку майстар выкарыстоўваў глухія інструменты і ціхія спевы – бо вясна яшчэ далёка. Але з часам інструменты змяняліся на званчэйшыя, спевы – на дынамічныя, голас грамчэў. Так прайшлі адмыканне зямлі, русалле, Купалле, сустрэча сонца, жніво, час вяселляў, Каляды з батлейкай… У якасці інструментаў Іван Кірчук, апроч усемагчымых флейт і дудачак, выкарыстоўваў розныя бразгачы, а таксама каменне, чыгуны і нават збан.

Тым часам галоўную сцэну фэста адкрыў гурт Altanka, які публіка прыняла халаднавата. Крыху разварушылі гледачоў заўсёдныя ўдзельнікі “Камяніцы” “Стары Ольса”, дзякуючы не толькі заліхвацкім песням пра піва і ваяроў, але і сярэднявечным танцам, у якіх бралі ўдзел гледачы. Наступным на сцэну выйшаў гурт Vuraj, таксама ўжо сталы ўдзельнік фестывалю. Дзякуючы праекту лідара калектыву Сержука Доўгушава “Спеўны сход” некаторыя песні былі добра знаёмыя наведвальнікам, якія з задавальненнем падпявалі музыкам.

На гэтым выступы беларускіх выканаўцаў разбавілі замежнікі. Першымі з іх вядучы Ілья Маліноўскі (сёлета ён замяняў Алега Хаменку, які зламіў нагу і не змог, як звычайна, весці фэст, але застаўся ў яго аргкамітэце) запрасіў на сцэну польскі гурт Dzikie Jablka. Трэба сказаць, што “Дзікі яблык” прыйшоўся гледачам па смаку.

 Пасля гарачага сэту палякаў, каб асцюдзіць публіку, правялі традыцыйны конкурс сярод пар на лепшыя нацыянальныя строі. З васьмі ўдзельнікаў перамагла сям’я з Полацку, якая атрымала запрашальнік на рамантычную вячэру ў кафэ “Агінскі”. Затым на сцэну выйшаў гомельскі гурт “Ягорава гара”, які летась, дарэчы, выступаў на малой сцэне фестывалю і меў вялікі поспех.

Да гэтага часу людзей ля сцэны значна паболела, і чым ніжэй сядала сонца, тым гарачэй рабілася каля яе. Па-сапраўднаму запалілі фэст госці з Украіны "Дримба да Дзига". Як патлумачыла салістка гурта, “дрымба” – гэта варган. Калектыў выконвае як украінскія народныя песні ў сучаснай апрацоўцы, так і аўтарскія – у фолькавай. Салістка запрасіла гледачоў “гоцаць” (гэта значыць – скакаць і танчыць) пад музыку, і выдала такі зарад энергіі, што наведвальнікі проста не маглі праігнараваць запрашэнне.

Драйвовых украінцаў змяніла, бадай, самая экзатычныя каманда сёлетняга фестывалю Trad Attack! з Эстоніі. Прадстаўнікі гэтай краіны ўпершыню ўдзельнічалі ў беларускім фолк-фэсце, а гэтыя хлопцы і дзяўчына да таго ж упершыню наведалі нашу краіну. Мы заспелі эстонскае трыа – Сандру, Ялмара і Тыну – падчас таго, як яны з цікавасцю разглядалі сувеніры ў горадзе майстроў. Сандра ўжо паспела павязаць на галаву стужку з беларускім арнаментам. А яшчэ гурт паказаў нам сваё акустычнае відэа, якое ўдзельнікі запісалі на “Камяніцы” і паабяцалі выкласці ў інтэрнэт. У Trad Attack! ёсць генеральны план, паводле якога яны мусяць зайграць ва ўсіх краінах свету, і Беларусь стала 13 краінай у гэтым спісе.

 – Гэтым летам мы гралі шмат на якіх фестывалях, і тут нам спадабалася, што нас выдатна прынялі, у нас быў добры саўнд-чэк, і побытавыя ўмовы цудоўныя, – адзначылі ўдзельнікі гурта ў эксклюзіўным каментары для Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі”.

Эстонцы ўпадабалі мінскую архітэктуру, а яшчэ Сандру, якая з раніцы рабіла прабежку ў парку Горкага, прыемна ўразіла цішыня і спакой мінчан. Тыну ж назваў мілагучнай беларускую мову, і каманда нават вывучыла па-беларуску “дзякуй” і “прывітанне”. А падчас свайго выступу гурт паспрабаваў навучыць беларусаў эстонскім словам, паўтараць іх атрымлівалася, але сэнс мала хто зразумеў. Зрэшты, галоўнае было не гэта, а той настрой, які балтыйскія госці падаравалі беларусам.

Сёмы фолк-фестываль "Камяніца" традыцыйна праходзіў пр падтрымцы ААТ "Банк БелВЭБ".

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео