BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Рут Уолер: беларуская трагедыя амерыканкі

07.08.2015 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Рут Уолер: беларуская трагедыя амерыканкі
Акции / Фото
фота аўтара
У Мiнску 4 жніўня грамадскія актывісты ўшанавалі памяць Рут Уолер, амерыканкі, якая ахвяравала жыццём дзеля паратунку беларускіх дзяцей.

Магіла Рут Уолер з незвычайным для беларускага некропалю надпісам на помніку на рускай і англійскай мовах знаходзіцца на Вайсковых могілках у Мiнску. Гісторыя гэтай жанчыны вядома вузкаму колу беларускага грамадства. Падрабязна яе біяграфію даследаваў журналіст-фрылансер Юрась Навіцкі.

Рут Уолер была жонкай намесніка кіраўніка, а пасля кіраўніка арганізацыі ЮНРРА (UNRRA: United Nations Relief and Rehabilitation Administration — скарочаная назва арганізацыі ААН па аказанні дапамогі і аднаўленні краін, якія пацярпелі ў Другой сусветнай вайне) Тэадора Уолера. Жанчына займала пост сакратара місіі ЮНРРА. Арганізацыя ўзнікла яшчэ ў 1943 годзе, але пагадненне аб супрацоўніцтве з савецкай Беларуссю было падпісана толькі ў снежні 1945. У адпаведнасці з пагадненнем БССР павінна была атрымаць ад ЮНРРА дапамогу на суму 61 млн даляраў.

Місія ЮНРРА У цэнтры ўсміхаецца Рут Уолер

– Адразу пачаліся пастаўкі таго, што замовіла савецкае кіраўніцтва. Пераважная ўвага надзялялася аднаўленню прамысловасці – пастаўлялі абсталяванне, праграмныя тэхналогіі. На тое, каб накарміць савецкі народ у галодны пасляваенны час, ніхто стаўку не рабіў, – распавёў Юрась Навіцкі.

Аднак харчы таксама пастаўляліся. Збольшага гэта былі кансервы, кава, гарбата, шакалад, крупы. Былі сярод гэтага і каштоўныя прадукты, напрыклад, сыры і нават ікра. Але асядалі далікатэсы ў элітарных крамах, на закупку ў якіх выдаваліся спецыяльныя талоны. Вядома, шараговаму грамадзяніну іх было не дастаць. Звычайным сем’ям часцей за ўсё даставаліся так званыя “рацыёны” – кардонныя каробкі з парцыённымі кансервамі, крупамі, арахісавым маслам.

Разам з тым згадваць пра тое, што ў савецкіх крамах няма савецкіх тавараў, а ўсё толькі замежнае, было афіцыйна забаронена. Таму інфармацыя пра дапамогу ЮНРРА стала засакрэчанай на доўгія гады.

Для таго, каб урэгуляваць размеркаванне гуманітарных паставак, 1 красавіка 1946 года ў Беларусь прыехала кіраўніцтва ЮНРРА. Размясцілі яго ў сядзібе ў Лошыцкім парку. Такім чынам і 24-гадовая ўраджэнка Каліфорніі Рут Уолер трапіла ў Менск. Удзень разам з астатнімі членамі місіі Рут ездзіла па краіне і дапамагала размяркоўваць прадукты і іншую дапамогу, а ўвечары гуляла ў баскетбол, тэніс, бавіла час ля сажалкі ў парку.

У адзін з такіх дзён напрыканцы ліпеня, калі сакратар місіі адпачывала на беразе, яна ўбачыла ў возеры трох падлеткаў, якія выправіліся ў плаванне на плыце. Аднак плыт разваліўся ў вадзе, і дзеці пачалі тануць. Не доўга думаючы Рут кінулася ў сажалку і павыцягвала дзяцей. На наступны дзень яна як звычайна паехала на працу, але там у яе раптоўна паднялася тэмпература. Беларускія лекары ратавалі амерыканку некалькі дзён, але на той час яны не мелі ў сваім арсенале пеніцыліну. Па злой іроніі лёсу маладая амерыканка Рут Уолер памерла ў Менску 4 жніўня 1946 года ад звычайнага менінгіту, у той час як дзякуючы дапамозе ЮНРРА ў 1947 годзе тут быў пабудаваны пеніцылінавы завод (цяпер “Белмедпрэпараты”).

Магіла Рут Уолер

– Упершыню пра амерыканку, пахаваную на Вайсковых могілках, я даведалася ў 70-я гады. Мая маці, Місейчык Тамара Фёдараўна, расказала, што мая бабуля Аляксандра вадзіла яе на гэтыя могілкі і казала, што тут пахавана яе ратаўніца, – гаворыць жонка спадара Навіцкага Таццяна Грачанікава.

Маці Таццяны Грачанікавай у дзяцінстве і цяпер

Пасля вайны маці спадарыні Таццяны разам з братам і бабуляй жылі ў адным з менскіх падвалаў у раёне Нямігі. Праз перажытыя цяжкасці, а таксама праз тое, што Свіслач пастаянна выходзіла з берагоў і затапляла падвал, Тамара, якая тады была падлеткам, моцна захварэла. Дзяўчынка не магла ўжо хадзіць. Аляксандра ў роспачы шукала дапамогу для дачкі, і знайшла яе: дзякуючы місіі ЮНРРА атрымалася адправіць Тамару ў санаторый у Астрашыцкім гарадку. Невядома, ці спрыяла гэтаму Рут Уолер асабіста, але Тамара Фёдараўна і дасюль успамінае яе добрым словам.

– Мама расказвала, што есці там ніколі не хацелася, харчоў было шмат і ўсё было вельмі смачнае. Больш за ўсё яна запомніла шакаладны напой, кампот з сухафруктаў, што для ваенных дзяцей было рэдкасцю, – успамінае Таццяна Грачанікава.

– Я дзіця вайны, і памятаю тыя часы, – расказвае грамадская актывістка Галіна Сіўчык. – Памятаю, як у трэцім класе дзяўчаткі хадзілі фатаграфавацца басанож. Гэта быў ужо 1951 год, для фота стараліся апрануць усё самае найлепшае, але абутку не было. Таму хачу выразіць падзяку тым людзям, якія дапамагалі нам, і гэтай слаўнай жанчыне, якая ахвяравала жыццём, ратуючы нашых падлеткаў. 

 У 2010 годзе Рух салідарнасці “Разам” ініцыяваў акцыі ўшанавання памяці Рут Уолер. З таго часу грамадскія актывісты штогод прыходзяць да магілы Рут у дзень смерці жанчыны 4 жніўня. Вось і сёлета людзі прыйшлі да помніка з кветкамі, свечкамі, пад бел-чырвона-белым сцягам. Памаліліся, памаўчалі і ўспомнілі несправядліва забытую амерыканку. Сярод прысутных быў і бард Зміцер Захарэвіч, які прачытаў ля помніка свой верш “Агні Эйрэны”. Акцыя была нешматлікай, у ёй узялі ўдзел каля палутара дзясятка чалавек. Зрэшты, іншага і не варта было чакаць ад грамадства, якому 70 гадоў навязвалі думку аб варожасці ўсяго, што звязана з ЗША.   

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео