BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Аліна Літвінчук: Я не пужаюся міліцыянтаў, фактычна ўсіх ужо ведаю ў твар

12.07.2015 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Аліна Літвінчук: Я не пужаюся міліцыянтаў, фактычна ўсіх ужо ведаю ў твар
kommersant.ru
Карэспандэнт польскай радыёстанцыі рыхтуе скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі па ўласных адміністрацыйных справах. У выпадку адхілення, адпаведная скарга пойдзе ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Днямі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) выступіла з публічнай заявай, у якой заклікае кіраўніцтва МУС, КДБ, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды, пракуратуру, а таксама шэраговых супрацоўнікаў гэтых інстанцыяў спыніць ціск на журналістаў-фрылансераў у сувязі з выбарчай кампаніяй.

Хоць фрылансеры не ўваходзяць у штат замежных СМІ, міліцыя і суды насуперак Закону "Аб сродках масавай інфармацыі" распаўсюджваюць на іх абавязак атрымання акрэдытацыі ў МЗС. Затым дзейнасць без акрэдытацыі дзіўным чынам  трансфармуюць у парушэнні парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КоАП).    

Між тым, пераслед журналістаў за матэрыялы ў замежных СМІ парушае не толькі іх канстытуцыйныя і прафесійныя правы, але і права ўсіх грамадзянаў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, падкрэслівае БАЖ.   

Ад пачатку 2015 года беларускія суды ўжо 22 разы штрафавалі журналістаў нібыта за парушэнні. Толькі ў чэрвені да адміністрацыйнай адказнасці фрылансераў прыцягнулі 8 разоў. У першы тыдзень ліпеня на 50 базавых велічыняў аштрафаваны Алесь Ляўчук, яшчэ дзве справы разглядаліся 9 і 10 ліпеня. Агульная сума штрафаў, якія прысудзілі незалежным журналістам у Беларусі цягам 2015 года, ужо складае больш за 117 мільёнаў рублёў.

Аліна Літвінчук з Берасця - сапраўдная "чэмпіёнка" па колькасці штрафаў праз працу на замежны СМІ без акрэдытацыі. Да дзяўчыны ў кватэру ламіліся міліцыянты, а позвы ляцяць у яе паштовую скрыню нібыта восеньскае лісце - яна працуе карэспандэнтам "Беларускае Радыё Рацыя", якое знаходзіцца ў польскім Беластоку.

Зараз журналістка абскарджвае штрафы ў Берасцейскім абласным судзе на пастанову суда Ленінскага раёну Берасця, які 3 чэрвеня прысудзіў яе да чарговай адміністрацыйный адказнасці. Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" датэлефанавалася да Аліны Літвінчук, каб даведацца пра яе багаты судовы досвед - кошт незалежнай журналістыкі ў нашай краіне.       

- Аліна, колькі штрафаў на тваім асабістым рахунку фрылансера, і за што ты іх атрымала?

- Агулам у мяне - чатыры штрафы, літаральна за паўгады. Усе гэтыя штрафы - па артыкуле 22.9 КоАП Рэспублікі Беларусь, незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі. То бок, былі сабраныя людзі, які сведчылі пра тое, што я ўзяла ў іх каментары для "Беларускага Радыё Рацыя", а потым яны нібыта знайшлі запісы са свам голасам на сайце рэсурса.

Справу пачынала весці абласное аддзяленне КДБ, потым спускала яе да міліцыянтаў, і тыя ўжо сустракаліся са сведкамі, на падставе сведчанняў якіх справа перадавалася ў суд. Нягледзячы на тое, што я не з’яўляюся юрыдычнай асобай, мяне судзілі, атрымоўваецца, як юрыдычную асобу - прадстаўніка СМІ, які незаконна распаўсюджваў інфармацыю, як значыцца ў Адміністрацыйным кодэксе.

- Сведкі прысутнічалі на судах, ці не?

- Усе суды былі рознымі. На першым быў Аляксандр Драчук. На момант узяцця ў яго каментара, ён быў старшынёй міжнароднай арганізацыі "Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых" (YMCA) у Берасці. На другі суд мяне не запрасілі, я не атрымала афіцыйнай позвы, а толькі - судовую пастанову ў паштовую скрыню. І там праходзіла сведкай старшыня Беларускага фонду міру па Берасцейскай вобласці, ужо не ўзгадаю яе імя і прозвішча.

Трэці і чацвёрты суды аб’ядналі ў адзін, гэта было зусім нядаўна - у чэрвені. Сведкай на ім выступала Алена Каховіч, адна з каардынатараў кампаніі "Будзь валанцёрам!" па Берасцейскай вобласці. Канешне, яна не змагла адмовіцца ад паперы, якую падпісала ў міліцыі, але і суду таксама не змагла патлумачыць, ці то было інтэрв’ю, ці то гаворка. Сказала, што проста сустракалася са знаёмай.

Яшчэ адна сведка, якая была на тым судзе, узначальвае форум матуль і займаецца дабрачыннымі акцыямі - Святлана Пашалюк. Вось яна якраз сведчыла, што Аліна Літвінчук, то бок я, здзейсніла супрацьпраўнае дзеянне ў адносінах да яе, што я ёй не патлумачыла пра "Беларускае Радыё Рацыя" - сродак, які не зарэгістраваны ў Беларусі.  Вось на падставе яе сведчання суд і вынес рашэнне.

Варта адзначыць наступнае: у апошніх дзвюх справах, аб’яднаных у адну, сведкі тлумачылі, што яе вялі прадстаўнікі КДБ. Да сведак не прыходзілі ніякія супрацоўнікі міліцыі, іх выклікалі ў КДБ. Так было і з Святланай Пашалюк. Яна пайшла ў КДБ і там жа падпісала паперу. Да Алены Каховіч адтуль прыходзілі на працу і пагражалі звальненнем.

Я прасіла суд выклікаць таго супрацоўніка КДБ, а суддзя адказаў, што гэтае хадатайніцтва не мае адносінаў да справы.

У тых жа справах адсутнічалі мае подпісы ў пратаколе і пад тым, што я азнаёмленая са сваімі правамі і абавязкамі. Больш за тое, мяне не азнаёмілі з матэрыяламі справы!

Па трэцяй справе я спрабавала самастойна пайсці па позве да міліцыянта, але ён не прыйшоў на сустрэчу. Мне зрабілі занатоўку ў позве пра тое, што я прыйшла ў пазначаны час, і я прыклала яе да справы хадатайніцтва, але суд таксама яе адхіліў.                

- Колькі грошаў ты ўжо аддала дзяржаве праз працу без акрэдытацыі?

- За першыя дзве справы ўжо выплачана 70 базавых велічыняў - гэта 12 мільёнаў 600 тысяч рублёў. Яшчэ за дзве справы невыплачана 60 базавых, ці 10 мільёнаў 800 тысяч.

- Рэдакцыя радыёстанцыі ў Беластоку неяк кампенсуе твае страты, ці ты аддаеш грошы з уласнай кішэні?

- Гэта складанае пытанне... Першыя два штрафы я аплаціла з дапамогай людзей, але не з дапамогай рэдакцыі. Дапамаглі іншыя арганізацыі. Ну, а апошні штраф - яшчэ не.   

- Касацыйную скаргу на апошні прысуд па дзвюх справах, па якіх з цябе хочуць спагнаць 60 базавых, ужо разгледзелі?

- Не. Пакуль чакаю позвы ў абласны суд. Але думаю, што, хутчэй за ўсё, будзе вынесена рашэнне пакінуць без зменаў гэтыя дзве справы, як было і ў выпадку папярэдніх.

Дарэчы, па першым дзвюм я рыхтую скаргу ў Вярхоўны суд. І яны, мяркую, будуць аб’яднаныя з дзвюма апошнімі (у залежнасці ад таго, якое рашэнне вынясе Вярхоўны суд) для скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН.   

racyja.com

- Ці былі спробы цябе запужаць, адбіць ахвоту да супрацы з замежным СМІ?

- Так, такія спробы былі неаднойчы. Напрыклад, па першай справе. Тады я ўвогуле не зразумела, што адбываецца - гэта было падобна да спецаперацыі: фактычна зламалі двое дзвярэй. Вельмі гучна грукалі і званілі ў дзверы цягам 30 хвілін, пагражалі расправай.

Калі я патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што за маімі дзвярыма - невядомыя з пагрозамі, мне адказалі: "гэта нашыя супрацоўнікі, мы пра іх ведаем" і гэтак далей. Тады я нарэшцэ адчыніла дзверы і спытала ў міліцыянта, што тут адбываецца, і той адказаў штосьці пра "калегу", які проста быў "некарэктны". І папрасіў за таго прабачэння.

Трэцяя справа была цікавая тым, што мяне шукалі пад выглядам крымінальнай справы. Нібыта я прахожу сведкай па нейкаму забойству, і мяне было трэба тэрмінова апытаць. Апыталі ўсіх - ад калегаў да суседзяў, - дзе мяне можна знайсці. А потым, ужо падчас маёй размовы з міліцыянтам, ён мне сказаў: "добра, што вас не было на месцы злачынства, і што вы - не сведка, але мы прыйшлі не па гэтаму, а таму, што на вас завялі яшчэ адну адміністрацыйную справу".

Пасля гэты ж самы міліцыянт - Андрэй Віктаравіч Іваніцкі - не з’явіўся, як я казала раней, на сустрэчу са мной ў пастарунак.

- Наколькі ты прызвычаілася да псіхалагічнага ціску?

- Цяжка сказаць, што да гэтага ціску можна прызвычаіцца. Я проста працую, як і працавала раней. Ведаю, што такое можа паўтарацца, і, у прынцыпе, да гэтага гатовая. Я не пужаюся міліцыянтаў, фактычна ўсіх ужо ведаю ў твар (з тых, хто праходзіў па маіх справах).

На месцы, дзе я жыву, напэўна, тройчы мяняліся ўчастковыя, літаральна за паўгады. Ніхто не можа ўтрымацца на гэтым месцы, таму, я думаю, ім таксама псіхалагічна цяжка рабіць вышэй згаданыя рэчы. Ці то іх звальнялі, ці то пераводзілі на іншыя ўчасткі, невядома.

- На твой погляд, навошта карэспандэнтам СМІ з іншых краінаў патрэбна акрэдытацыя Міністэрства замежных спраў?

- Шчыра кажучы, я не ведаю. Напэўна, для таго, каб можна было вызначыць, што вось гэты журналіст праўладны, бо атрымаў акрэдытацыю, а гэты, хто яе не атрымаў - не праўладны. Таму што ў Беларусі ёсць толькі адзін пункт гледжання - праўладны, і журналісты могуць прадстаўляць толькі ўладу. Вось для гэтага, пэўна, і патрэбна акрэдытацыя.

Асобныя замежныя СМІ маюць у нас акрэдытацыю, хутчэй за ўсё, таму, што яны не прадстаўляюць нейкай пагрозы для ўлады. Можа быць, яны займаюцца аналітыкай, ці то культурніцкімі справамі ў Беларусі, і іх, напэўна, пужае кантакт з простымі грамадзянамі. Таму што грамадзяне чуюць такіх жа, як яны самі, і кажуць пра адныя і тыя ж праблемы - вось, напрыклад, як на "Радыё Рацыя". Гэтае радыё не займаецца сур’ёзнай аналітыкай, а, хутчэй, кажа пра тое, што адбываецца тут і цяпер вуснамі простых грамадзян.

- Ці павялічваецца ціск на фрылансераў з надыходам выбараў?

- Мне здаецца, якраз ціск не будзе падвышаны. Наадварот, будзе паніжаны. Хутчэй за ўсё, ён будзе падвышаны ізноў ужо пасля прэзідэнцкіх выбараў. Таму што, як мы ўсе ведаем, рыхтуецца лібералізацыя, асобныя еўрапейскія палітыкі хочуць легалізаваць гэтыя выбары. А для легалізацыі трэба, каб не было ціску на журналістаў.

Думаю, сваю задачу-мінімум у гэтым сэнсе улады ўжо выканалі - каго хацелі, таго запужалі, каб знізіць актыўнасць падчас выбараў. А на тых, хто будзе занадта актыўным на выбарах, адыграюцца ўжо пасля прэзідэнцкай кампаніі.    

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео