BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

У Беларусі пройдзе конкурс на лепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах памяці ахвяраў сталінізму

02.07.2015
У Беларусі пройдзе конкурс на лепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах памяці ахвяраў сталінізму
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Праект канцэпцыі конкурсу падрыхтуе працоўная група, створаная па выніках круглага стала экспертаў і абаронцаў Курапатаў у Мінску.

У Мінску па выніках круглага стала, арганізаванага грамадзянскай ініцыятывай "Эксперты ў абарону Курапатаў", створана працоўная група па падрыхтоўцы праекту канцэпцыі адкрытага нацыянальнага конкурсу на лепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах памяці бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму, піша "Новы Час".

На пасяджэнне былі запрошаныя навукоўцы (археолагі, культуролагі, мастацтвазнаўцы, філолагі), грамадскія і культурніцкія дзеячы, у тым ліку сябры творчага аб’яднання "Пагоня" Беларускага саюзу мастакоў,архітэктары, краязнаўцы і журналісты.

Чаму гэтым людзям баляць Курапаты? Таму, што яны шмат гадоў апякуюцца нацыянальным некропалем. Так, больш за чвэрць стагоддзя турбуюцца ўрочышчам 86-гадовы старшыня грамадскага аб’яднання "Хрысціянскай злучанасць "Курапаты" Вацлаў Нямковіч, кіраўнік Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, мовазнаўца і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка, мастакі Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Алесь Шатэрнік і Гэнік Лойка.

Яны шмат зрабілі для Курапатаў задкрыцця гэтага жудаснага месцамасавага забойства бязвінных людзей, калі 3 чэрвеня 1988 года ў штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва" з’явіўся артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва "Курапаты - дарога смерці". Так, Вінцук Вячорка быў адным з арганізатараў самага першага шэсця ў Курапаты 19 чэрвеня  1988 года, рыхтаваў знакамітае шэсце ва ўрочышча на “Дзяды” 30 кастрычніка 1988 года, а потым займаўся мноствам розных справаў, звязаных з Курапатамі.

Мастак Алесь Мара спраектаваў сімвал Курапатаў "Крыж пакуты", напісаў абраз "Маці Божай Курапацкай" і зрабіў ва ўрочышчы капліцу з копіяй гэтага абраза. Мастак Мікола Купава - аўтар шэрагу праектаў ахвярам бальшавіцкага тэрору, у тым ліку крыжа ў сталічным Лошыцкім парку. Скульптар Алесь Шатэрнік чатыры разы аднаўляў у Курапатах "лаву Клінтана" (мемарыяльны знак "Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці") пасля таго. як яна ў чарговы раз апаганьвалася чамусьці заўжды невядомымі вандаламі.

З часткі пастаменту помніка Сталіну, які восем гадоў узвышаўся на Цэнтральнай (зараз - Кастрычніцкай) плошчы Мінска, Алесь Шатэрнік дапамагаў рабіць "Габрэйскі камень" - першы экуменічны памятны знак на Беларусі. На гэтым знаку, што зроблены ў адпаведнасці з габрэйскімі традыцыямі і глядзіць на Ерусалім, па-беларуску і на іўрыце высечана: "Нашым адзінаверцам - іўдзеям, братам па Кнізе - хрысціянам і мусульманам - ахвярам сталінізму ад беларускіх габрэяў". А скульптар Гэнік Лойка стварыў уражлівую інсталяцыю ў Курапатах пад час першага мітынгу ва ўрочышчыўлетку 1988 года…

Кожны ўдзельнік пасяджэння па-свойму спрычыніўся да Курапатаў. Грамадскі актывіст Алесь Макаў у 2008 годзе затрымаў ва ўрочышчы вандалаў, за што пазней страціў працу. Намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці "Разам", адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў штомесяц 29 чысла арганізуе ў народным мемарыяле памінанне бязвінна забітых ахвяраў.

Бард і краязнаўца Аляксей Галіч ладзіцьу Курапатах аўтарскія экскурсіі для школьнікаў. Ініцыятар выпуску зборніку "Курапаты" (2002), культуролаг і грамадскі дзяяч Вацлаў Арэшка знаёміць наведвальнікаў сайту "Вытокі" з падзеямі вакол народнага мемарыялу, працуе ў ініцыятыве "Эксперты ў абарону Курапатаў". Яе актывістка Зінаіда Тарасевіч, якая нарадзілася ў 1937 годзе ў ГУЛАГу, рыхтуецца да судовага працэсу дзеля вяртання дому сваіх продкаў у вёсцы Чыжоўка Мінскага раёна. Археолаг Валянціна Вяргей збірае звесткі пра ўшанаванне памяці ахвяраў савецкага таталітарызму ў Беларусі, а краязнаўца Станіслаў Лісоўскі па свайму праекту і на ўласныя сродкі зрабіў велічны мемарыял землякам-сялянам і былой шляхце вёскі Чарнагубава Капыльскага раёна Мінскай вобласці…

Сярод журналістаў, што былі на круглым стале, - Галіна Абакунчык з Беларускай службы "Радыё Свабода". Менавіта яна разам са сваімі калегамі Генадзем Барбарычам, Алегам Груздзіловічам і Леанідам Міндліным 30 кастрычніка 1988 году асвятлала першае шэсце на "Дзяды" ў Курапаты, разагнанае міліцыяй і ўнутранымі войскамі. Археолаг Алег Іоў разам з Зянонам Пазьняком і Міколам Крывальцэвічам праводзіў першыя раскопкі ва ўрочышчы. А кінадраматург Уладзімір Халіп кіраваў кінастудыяй "Летапіс" "Беларусьфільму", дзе рэжысёрам-дакументалістам Міхаілам Жданоўскім і аператарам Сяргеем Пятроўскім па сцэнару Аляксандра Лукашука была створаная першая публіцыстычная стужка пра дарогу на Курапаты…

Вось такія неабыякавыя да нацыянальнага некропалю людзі і сабраліся, каб абмеркаваць праблему ўшанавання ва ўрочышчы памяці забітых продкаў -- ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1939-1940-х гадоў.

Праблему надзвычай актуальную, бо Курапаты, што на пачатку 1990-х гадоў разам з Чарнобылем былі знакавымі з’явамі ў свядомасці беларусаў, найважнейшымі ў справе адраджэння незалежнасці краіны, перасталі быць не толькі знакавай з’явай і памятным гістарычным сімвалам, але і ўвогуле пачынаюць выпадаць з людской памяці.

Таму конкурс на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаўпавінен прыцягнуць да ўрочышча ўвагу як вядомых архітэктараў, мастакоў і скульптараў, так маладых творцаў і грамадства ўвогуле. Неабходна вярнуць беларускаму народу знакавасць Курапатаў, бо яны сыходзяць з нашай свядомасці, з Беларусі. Тым часам суайчыннікам актыўна навязваюць канцэпцыю "русского мира" у сітуацыі, калі моладзь не мае знакаў беларускай ідэнтычнасці. Аднаўленне і падвышэнне знакавасці Курапатаў у грамадстве паспрыяе ўмацаванню маральнасці і гістарычнай памяці народу.

На пасяджэнні прагучаў шэраг цікавых прапановаў па правядзенню адкрытага нацыянальнага конкурсу на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў.

Дарэчы, фармат конкурсу (нацыянальны ці міжнародны) выклікаў бурную спрэчку. Абаронцы першага падыходу даводзілі, што ўзровень беларускіх творцаў дазваляе ім самім паспяхова вырашыць мастацкую задачу, а іх апаненты цвердзілі, што наданне конкурсу міжнароднага статусу зробіць Беларусь больш адкрытай свету.

Доктар мастцвазнаўства ў галіне архітэктуры і ўрбаністыкі Ірына Лаўроўская прапанавала канцэпцыю мемарыялізацыі Курапатаў зрабіць выключна айчыннымі высілкамі, а да рэалізацыі гэтай канцэпцыі далучыць беларускіх і замежных творцаў. І каб нас лепш разумелі ў свеце, мы не павінны трымаць усе свае балячкі пры сабе, тым больш, што праблема ўшанавання памяці бязвінных ахвяраў дыктатарскіх рэжымаў хвалюе не толькі беларусаў, лічыць навукоўца.

Удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы, што рабочая група з 15 чалавек спачатку распрацуе праект канцэпцыі на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў. Пасля грамадскага абмеркавання ў незалежных СМІ і сеціве гэты праект будзе зацверджаны, апублікаваны і стане канцэпцыяй. Згодна гэтай канцэпцыі, урэшце, і будзе праводзіцца адкрыты нацыянальны конкурс на лепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах памяці бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму.

Разам з падрыхтоўкай пректу канцэпцыі працоўная група займецца арганізацыяй выставы мастацкіх твораў і артэ-фактаў, дакументаў і матэрыялаў па тэматыцы Курапатаў і савецкіх рэпрэсій.

Удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы, што працоўная група павінна зважаць на напрацоўкі папярэднкаў. Гаворка ідзе пра першыконкурс на лепшы праект помніка ахвярам сталінізму ў Курапатах, вынікі якога (больш за 50 праектаў) 31 траўня 1993 года разгледзела экспертная камісія пад старшынствам народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Гаворка ідзе і пра палажэнні канцэпцыі мемарыялу ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты” , 3 красавіка 2002 года падпісанай 14 беларускімі грамадскімі аб’яднаннямі.

Дарэчы, палажэнні гэтай канцэпцыі і па сёння застаюцца актуальнымі, бо  праектыроўшчыкам прапанавалася, між іншым, захаваць цалкам некранутымі западзіны-пахаванні і пазначыць іх, дамінантай агульнанацыянальнага мемарыялу пакінуць існуючы Крыж Пакуты і памятныя знакі ўшанавання бязвінна палеглых з мажлівасцю далейшага лакальнага персаніфікаванага ўшанавання ахвяраў. Апроч таго, згодна канцэпцыі 2002 году, мастацкае ўвасабленне мемарыялу павінна выключаць гігантаманію і прадугледжваць прымальнасць для вернікаў розных канфесій, па перыметры гістарычна-культурнай каштоўнасці належыць узвесці традыцыйную для беларусаў агароджу — невысокую дзесьці ўпояс сцяну з натуральнага камення з брамамі.

Гаворка ідзе і пра гістарычна абгрунтаваны праект ахоўнай зоны Курапатаў з мемарыялізацыяй урочышча, распрацаваны ў 2003 годдзе па заказу Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій архітэктарамі Таццянай Косьціч і Вольгай Кукуняй з сталічнага інстытуту "Праектрэстаўрацыя". Гэты бліскучы праект і на сёння з’яўляецца найлепшым, бо ўлічвае сусветны вопыт у падыходзе да помнікаў такога ўзроўню і  адпавядае інтарэсам ўсіх бакоў - Курапатаў, грамадскасці і дзяржавы.

Аўтары ўбачылі мемарыял у выглядзе парослага збажыною поля - поля жалобы і смутку, па якім віецца апошняя дарога бязвінных ахвяраў – дарога за небакрай. Дарэчы, гэты шлях, так званая "Дарога смерці", па якой ў 1930-я гады людзей вазілі на "чорных варанках" з Мінска ў Курапаты на расстрэл, не толькі тапаграфічна вызначаны, але і дагэтуль бачны з космасу на полі паміж урочышчам і "Экспабелам".

На сустрэчы прагучалі і новыя прапановы, што тычацца бачання будучага мемарыялу. Гаворка ідзе пра выкарыстанне светавых эфектаў, колеровае пазначэнне тэрыторый ахоўнай зоны помніка, якія з шырыні ў 300 метраў, навукова абгрунтаванай і зацверджанай дзржавай у 2003 годзе, спачатку звузіліся да 120, а затым і да 50 метраў згодна апошняму нарматыўна-прававому дакументу, прынятаму напрыканцы мінулага года. Гаворка ідзе і пра такую знакавую архітэктоніку будучага мемарыялу, якая б стрымлівала аматараў забаваў і ненажэрныя апетыты забудоўцаў па паглынанні ласых кавалкаў зямлі, што атачаюць Курапаты, якія месцяцца каля МКАДу... 

Засталіся ў памяці прапановы пра неабходнасць узвядзення ва ўрочышчы масткоў, каб не парушаць спакой забітых і не хадзіць па зямлі, дзе ляжаць парэшткі дзясяткаў, а мо і соцен тысяч лепшых сыноў і дачок Беларусі… Пра неабходнасць збору бібліяграфіі і твораў мастацтва па курапацкай тэматыцы, стварэння ў ахоўнай зоне помніка адпаведнага музея і шматканфесійнай капліцы, пра важнасць падтрымкі конкурсу менавіта беларускім нацыянальна-свядомым бізнэсам, пра папулярызацыю самаго помніка і ідэю ягонай мэмарыялізацыі сярод жыхароў сталічнага мікрараёну Зялёны Луг і шырэйшай грамадскасці.

У сітуацыі, калі Курапаты знаходзяцца пад націскам інвестараў, якія імкнуцца забудаваць прылеглыя да мемарыялу тэрыторыі і скараціць да мінімуму плошчу яго ахоўнай зоны, конкурс праектаў па мемарыялізацыі ўрочышча можа стаць адказам грамадскасці і творчай інтэлігенцыіна выклікі несумленных забудоўцаў. Разам з судамі, што супраць чынавенства зараз вядзе ініцыятыва "Эксперты ў абарону Курапатаў", конкурс на лепшую ідэю мемарыялізацыі гістарычна-культурнай каштоўнасці ёсць своеасаблівым адказам на ўзвядзенне "БелРэстІнвестам" аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай "Бульбаш-хол" і спробы пашырэння катэджнага пасёлку "Сонечны" з боку "Вігеўрабуду".

І апошняе. На пасяджэнні прагучаў заклік у бок удзельнікаў справы мэмарыялізацыі Курапатаў да адказнасці ў працы, якую трэба рабіць сціпла, аддана і салідарна з тымі, хто гэтым займаецца. І добра помніць - Курапаты, як важны складнік айчыннага мінулага, сённяшняга і будучыні Беларусі,нікім не могуць быць манапалізаваны і прыватызаваны.   

На жаль, з розных прычынаў у пасяджэнні не змаглі паўдзельнічаць шэраг выбітных асобаў. Гэта навуковы кіраўнік Курапатаў, архітэктарка Мая Кляшторная, якая два гады таму на свае грошы ўсталявала па перыметры Курапатаў 11 памежных камянёў з выявай ахоўнага знаку гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. З дапамогай гэтых камянёў дакладна вызначаныя і адзначаныя на мясцовасці межы ўрочышча дазваляюць не толькі ўявіць сапраўдныя памеры Курапатаў, але і браць адлік пры вызначэнні ахоўных межаў народнага мемарыялу.

Не змог прыйсці на круглы стол і былы вяязень ГУЛАГу, доктар гістарычных навук, вядомы беларускі археолаг Георгій Штыхаў, які ў 1993 годзе ўваходзіў у склад экспертнай камісіі першага конкурсу на лепшы праект помніка ахвярам сталінізму ў Курапатах. На жаль, адсутнічаў і старшыня гэтай экспертнай камісіі Васіль Шаранговіч. Дарэчы, народны мастак Беларусі ўхваліў ідэю новага конкурсу і выказаў пажаданне супрацоўнічаць з ягонымі ініцыятарамі.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео