BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларуская культура адносна нормаў ЮНЕСКА - прычосаны дзяржавай курдупель?

30.06.2015 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Беларуская культура адносна нормаў ЮНЕСКА - прычосаны дзяржавай курдупель?
Акции / Фото
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Па законе на культурнае жыццё беларуса выдаткуецца 1,5 "базавых" штогод, каб той усцешыў вока пафарбаваным ДК і запрасіў прыўкрасную даму 3 ліпеня на плошчу - патанчыць пад Стаса Міхайлава.

Прэзентацыя маніторынга "Культура як фактар развіцця" адбылася ў прасторы "ЦЭХ" у Мінску 29 чэрвеня. Вынікі супольнага даследвання сферы культуры Беларусі прадставіў грамадскасці Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі. Даследчыкі высвятлілі, якім чынам у Беларусі адбываецца рэалізацыя Канвенцыі ЮНЕСКА "Аб ахове і падтрымцы разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення".

Трэба нагадаць, что Беларусь - удзельнік Канвенцыі, якая абавязвае дзяржавы заахвочваць і развіваць умовы для культурнай разнастайнасці, узмацняць магчымасці сферы культуры ў развіцці грамадства і чалавека, пашыраць магчымасці самавыяўлення культурных груп і асобных людзей. Але наколькі адпавядае стан культуры ў Беларусі каштоўнасцям вольнага развіцця і самавыяўлення?

Мэтай маніторынгу было прадставіць супастаўныя характарыстыкі для адсочвання зменаў у сферы культуры згодна Канвенцыі і стварыць падставы для публічнага абмеркавання стану сферы культуры і перспектыўных напрамкаў рэалізацыі культурнай палітыкі ў Беларусі, распавяла каардынатар Лятучага ўніверсітэта, кандыдат сацыялагічных навук Таццяна Вадалажская.

Стан культуры эксперты вымяралі па пяці накірунках: умовы для развіцця і праявы культурнай разнастайнасці, уплыў сектара культуры на развіццё грамадства, развіццё міжкультурнага ўзаемадзеяння і кантактаў, унутраныя рэсурсы і патэнцыял развіцця сферы культуры, узаемадзеянне розных суб'ектаў культурнай палітыкі.

Маніторынг змяшчаў аналіз прававой базы рэалізацыі Канвенцыі, збор і сістэматызацыю статыстычных звестак і аб’ектыўных паказчыкаў, а таксама экспертныя ацэнкі па пяці вымярэннях Канвенцыі.

Вынікі сведчаць пра тое, што агульныя сістэмы ўяўленняў пра культуру ў беларускай дзяржаве і ў Канвенцыі ЮНЕСКА значна разыходзяцца, паведаміла Таццяна Вадалажская. Агульны ўзровень сферы нашай культуры адносна нормаў Канвенцыі, па ацэнках экспертаў, нізкі. Найлепшы стан палягае ў такіх вымярэннях, як міжкультурнае ўзаемадзеянне, а найгоршы - ва ўплыве культуры на сацыяльнае і эканамічнае развіццё, і на ўзаемадзеянне розных суб’ектаў. Пазітыўныя зрухі і патэнцыйныя накірункі развіцця сёння не выбудоўваюцца ў нейкую сістэму і стратэгію.

"Як эксперты, мы бачым і нейкія станоўчыя элементы, але яны раскіданыя, - адзначыла даследчыца. - То бок, няма адмысловай стратэгіі развіцця культуры".

Эксперт спынілася на праблемах, якія выкрылі падчас маніторынга.

"Першая - гэта  несупадзенне нормаў права і заканадаўства з правапрымяненнем. Другая - захаванне падыходаў, у якіх дзяржава з’яўляецца фактычна манапольным суб’ектам рашэнняў у сферы культуры, - распавяла яна. - Так ці інакш, культурная дзейнасць - гэта дзейнасць установаў. Пры гэтым шырокі спектр тых, хто ўключаны ў культуру па факце, застаецца па-за межамі аналізу культурнай палітыкі".

Да таго ж, існуюць яшчэ две каштоўнасныя праблемы - ідэялагічна-палітычны кантроль і падзел усёй сферы культуры на лаяльную і незалежную, а таксама маргінальны стан беларускай нацыянальнай культуры і моцны культурны ўплыў звонку, паведаміла даследчыца.

Ёсць і тры інфраструктурныя праблемы. Па-першае, адсутнасць стратэгіі развіцця сферы і культурнай палітыкі. "У нас нават няма культурнай палітыкі, у нас ёсць культурная тактыка і выкананне планаў. А менавіта як палітыкі, як сферы супольных інтарэсаў і стратэгічнага мыслення - няма", - дадала Таццяна Вадалажская.

Па-другое - недастатковыя ўмовы для развіцця ў культуры новых ідэяў, падыходаў, метадаў. Апошняе - адтсутнасць неабходных сістэмных дадзеных пра сферу культуры, адпаведных прынцыпам і мэтам Канвенцыі ЮНЕСКА.

Беларусы не бачаць не толькі статыстыкі, але яшчэ больш - сістэмных даследванняў сферы культуры, якія тычацца талерантнасці, ідэнтычнасці, каштоўнасцяў, удзелу людзей у культуры, падкрэсліла навукоўца.

"Якія мы бачым крокі ў бок набліжэння да Канвенцыі? Гэта разгортванне публічнага дыялогу пра пераадольванне двух згаданых каштоўнасных праблемаў і рэалізацыя шэрагу крокаў для дэманапалізацыі сферы культуры ў двух накірунках: спрашчэнне ўмоваў для з’яўлення новага і таго, што не патрабуе дзяржаўнай падтрымкі, - адзначыла эксперт. - Таксама трэба працягваць развіваць тую пазітыўную лакальную практыку, якая намецілася ў рэгіёнах - згадненняў і пошукаў агульнай стратэгіі".

У якасці прыклада даследчыца прывяла Віцебск, у якім патроху пачаліся грамадскія абмеркаванні надзённых культурніцкіх пытанняў. Гэтую практыку трэба пашыраць - рабіць больш публічнай і развіваць, падкрэсліла Таццяна Вадалажская.

Вельмі важным эксперты таксама лічаць пункт прасоўвання праз СМІ і сферу адукацыі больш шырокіх сучасных ўяўленняў пра культуру. Яшчэ неабходна ўдасканаліць сістэму вымярэнняў у сферы культуры: узгадненне сістэмы статыстыкі і рэгулярныя даследванні.

Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі пасля публічнага абмеркавання, крытыкі і дапрацоўкі маніторынга плануе прапанаваць гэтую мадэль для больш шырокага выкарыстання краінам Усходняга партнёрства, паведаміла эксперт. Гэта дазволіць паралельна весці даследванні і праз каардынацыйную працу "мягка кіраваць" культурамі краінаў.

Прававое рэгуляванне сферы культуры Беларусі і суадносіны беларускага заканадаўства і вымярэнняў Канвенцыі ЮНЕСКА асвятліў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

У развітых краінах не было такой практыкі, як у СССР, ад якога ў спадчыну нам засталася з’ява рэгулявання культуры дзяржавай, адзначыў даследчык. Толькі ў канцы 90-х гадоў культура ў Еўропе пачынае рэгулявацца. Таму беларускае заканадаўства больш рэгулятыўна арыентаванае, чым нормы ў межах Канвенцыі ЮНЕСКА і падыходы да рэгулявання культураў Заходняй Еўропы. Прынцыпы будавання - абсалютна розныя.

Аналітык пералічыў асноўныя паняткі беларускіх законаў датычна культуры. Пакуль у краіне дзейнічае закон аб культуры, але ўжо на падыходзе Кодэкс, які можа быць прыняты нават сёлета.

Для беларускага заканадаўства сфера культуры - перш за ўсё, сфера культурнай выторчасці, кшталту эканамічнай, але замест трактароў - культурныя каштоўнасці. То бок, гэта прадукт пэўных суб’ектаў - работнікаў культуры. І усе культурныя адносіны прывязаныя да забяспячэння іхняй дзейнасці. І дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" таксама накіраваная на падтрымку менавіта вытворчасці.

Існуюць сацыяльныя мінімальныя стандарты датычна культуры, дзве нормы: норма культурных установаў для аграгарадкоў і норма выдаткаў на культуру - 1,5 базавых велічыні на чалавека ў год, каб арганізаваць культурны дасуг - спажываць "прадукты" вытворчасці, хадзіць у культурныя ўстановы краіны.

Аналітык адзначыў, што ў Кодэксу, на жаль, кардынальных зменаў датычна сферы культуры чакаць не трэба. Дык навошта тады нам патрэбны гэты Кодэкс? Усе тлумачэнні ляжаць у галіне юрыдычнай тэхнікі… І толькі адна адсылка вядзе да істотных рэчаў - кажа пра тое, што пэўныя нормы культуры не адпавядаюць развіццю грамадскіх адносінаў.

Вынікае, што Кодэкс - гэта ўлік міжнародных абавязкаў Беларусі у адносінах шэрагу канвенцыяў. Але Канвенцыі ЮНЕСКА "Аб ахове і падтрымцы разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення" там не згадваецца ўвогуле. Тым не менш, Кодэкс запазычвае элементы Канвенцыі з тэкстуальнай частцы, таму пазітыўныя змены там ёсць: напрыклад, у трактоўках асноўных паняткаў (пашыраны панятак культуры).

На думку Андрэя Ягорава, практыка яшчэ больш, чым законы, аддаляе нас ад Канвенцыі ЮНЕСКА, якая б магла спрыяць развіццю і прагрэсу беларускага заканадаўства.

Пра вынікі аналізу пяці вымярэнняў у сферы культурнай палітыцы распавяла аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Алёна Зуйкова.

Пасля прадстаўлення вынікаў маніторынгу даследчай групай пачалося агульнае абмеркаванне высноваў і прапановаў. Далей эксперты дыскутавалі пра магчымасці выкарыстання вынікаў у перспектыўных напрамках культурнай палітыкі.

Меркаваннямі пра беларускую культуру днямі з EuroBelarus.Info падзеляцца вядомыя эксперты - філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, архітэктар і рэстаўратар Ігар Раханскі, культуролаг і прадзюсар Маргарыта Корзун, арт-дырэктар кнігарні "ЛогвінаЎ" Павел Касцюкевіч і старшыня ТБМ, гісторык Алег Трусаў.

Гл. відэазапіс прэзентацыі маніторынгу:

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео