BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

ЕГУ мусіць быць разбураны!

10.05.2015 Павел Баркоўскі, Лятучы ўніверсітэт
ЕГУ мусіць быць разбураны!
Свой взгляд
Фота Аляксея Братачкіна
Сябры, давайце пачнем з таго, што згадаем, якой выбітнай установай недзяржаўнай адукацыі доўгі час быў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт!

Насамрэч, цягам 1990-х і 2000-х гадоў ён без перабольшання заставаўся найбольш прарыўным, інтэлектуальна паспяховым і амбіцыйным праектам у сваёй галіне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Пачынаючы прыблізна з 1995-га і ажын да 2004-га (года выгнання з Беларусі), ЕГУ заставаўся месцам бурлівага інтэлектуальнага жыцця, сапраўдным "акенцам у акадэмічную Еўропу" ў тады злёгку правінцыйным Мінску. Гэта было месца, дзе можна было сустрэць бадай найлепшых, разумных, апантаных сваёй дзейнасцю выкладчыкаў, прафесараў, якія няспынна эксперыментавалі са зместам і формай вышэйшай адукацыі; тут выкладаліся надзвычай цікавыя і эксклюзіўныя курсы, якія, насамрэч, набліжалі нашае мясцовае мысленне да еўрапейскага роўню, адсюль пайшло шмат таленавітых студэнтаў-выпускнікоў, якія маглі б зрабіць гонар амаль кожнай навучальнай установе. Тут цягам навучальнага года можна было зусім вольна прымаць удзел у міжнародных акадэмічных мерапрыемствах, канферэнцыях, летніх школах, нароўні пагутарыць з вучонымі з сусветным імём. ЕГУ тае пары мог без перабольшання разглядацца як узор таго, якім павінен быць адукацыйны праект новага пакалення.

І не ў апошнюю чаргу гэта было заслугай тагачаснага кіраўніцтва ўніверсітэта - рэктара, акадэміка Анатоля Міхайлава і прарэктара Уладзіміра Дунаева, - якія здолелі сабраць бліскучую каманду і доўгі час трымаць установу на высокім узроўні. І нават апошні істотны закід, які рабілі ў гарод тагачаснага ўніверсітэта прадстаўнікі беларускай грамадскасці - ягоная прынцыповая апалітычнасць і нежаданне ўпісвацца ў нацыянальны беларускі кантэкст - як падалося, быў цалкам адменены пасля сітуацыі грамадскага супрацьстаяння і зыходу ўніверсітэта з краіны. Пасля, пэўны час, універсітэт, што мясціўся цяпер у Вільні, падаваўся галоўнай надзеяй беларускай незалежнай адукацыі: там распачаліся шматлікія праграмы (па паліталогіі, гісторыі, сацыяльна-палітычнай філасофіі і інш.), якія акумулявалі найлепшыя інтэлектуальныя чалавечыя рэсурсы і якія ўпэўнена павярталі напачатку касмапалітычна арыентаваны ўніверсітэцкі праект у нацыянальны беларускі бок.

Але ж, праекты друзнеюць, а людзі - драбнеюць!..

Фактычны заснавальнік універсітэта - акадэмік Міхайлаў - стаўся ягоным нявольным магільшчыкам. Стварыўшы сітуацыю манаполіі рэктарскай улады, адціснуўшы на перыферыю акадэмічную супольнасць і паступова выціскаючы ўсіх нязгодных, якія, на жаль, былі менавіта сярод лепшых, зачыняючы цэлыя праграмы з прычыны іхняй нізкай прыбытковасці, Міхайлаў фактычна завёў універсітэт у сённяшні глыбока крызісны стан. Спачуваючы па чалавечы людзям, якіх шмат што злучае з універсітэтам асабіста і якія маюць там месца працы ці вучобы, мушу адзначыць, што на сёння, калі разважаць стратэгічна, праект ЕГУ, па-першае, для Беларусі некарысны, а па-другое, і зусім нават шкодны!

Для Беларусі было б карысна мець незалежную ўстанову, дзе б навучаліся сучасным гатункам дзейнасці і мыслення найлепшыя яе прадстаўнікі, месца, дзе б у найбольш прарыўных галінах веды выгартоўваліся нацыянальныя эліты. Такі ўніверсітэт без перабольшання мог бы лічыцца нацыянальным. Але, стаўшыся ахвярай "менеджэральнай рэвалюцыі”, ЕГУ фактычна скараціў фонды ўсіх больш-менш цікавых бакалаўрскіх ды магістарскіх праграм, акадэмічных праектаў і застаецца на сёння, водле народнай прыказкі, "універсітэтам дызайну і турызму". Пры ўсёй павазе да згаданых спецыяльнасцей, ці можам мы сцвярджаць на чысціню, што будучыня Беларусі звязаная менавіта з развіццём сферы турыстычных паслуг і продажам дызайнерскіх праектаў? Пытанне рытарычнае, таму за праектам універсітэта больш не адчуваецца карысці. Праект сябе дыскрэдытаваў настолькі моцна, у тым ліку інтэлектуальна, што нават высілкі тых творчых жывых сіл, што яшчэ засталіся ва ўніверсітэце і ладзяць імпрэзы падобныя фестывалю Artes Liberales, ужо не ратуюць сітуацыю цалкам.

А вось чаму ён яшчэ і шкодны?! Таму, што фактычна дыскрэдытуе на сёння ідэю незалежнай вышэйшай адукацыі для беларусаў, спараджае пачуццё спустошанасці і расчаравання ў тых, хто раней звязваў з універсітэтам свае вялікія спадзяванні на беларускую нацыянальную адукацыю (не з міністэрствам жа яе звязваць, не - напраўду!), перацягвае на сябе фінансавыя рэсурсы замежных партнёраў, якія маюць дасюль ахвоту падтрымліваць цікавыя і значныя акадэмічныя праекты для Беларусі.

Магчыма, ЕГУ яшчэ ўдасца калі-небудзь адрадзіць нейкай новай камандзе, можа, у ЕГУ і зараз ёсць невялікі шанец, што да ягонага кіравання нейкім цудам прыйдзе каманда маладых рэфарматараў, якая верне ўніверсітэту былую славу. Але пакуль, нягледзячы на ўсе ранейшыя сантыменты і сімпатыі, мы мусім сказаць шчыра: ЕГУ МУСІЦЬ БЫЦЬ РАЗБУРАНЫ!

Гэта не заклік да фізічнага знішчэння праекта, нават не закід у бок спонсараў цалкам пакінуць праект без дадатковага фінансавання, гэта простая і цвярозая развага, якая грунтуецца на простым сцвярджэнні: беларусам трэба спыніць звязваць свае надзеі і расчараванні з праектам ЕГУ, варта даць яму спакойна сканаць, а самім углядацца ў іншую будучыню!

Некаторыя вядомыя палітыкі і дзеячы культуры сёння, карыстаючы з гэтай нагоды татальнай дыскрэдытацыі ЕГУ як парушальніка акадэмічных правоў і свабод і бадай што цалкам здэбеларусаванай інстытуцыі, заклікаюць да стварэння новага нацыянальнага ўніверсітэта за мяжой. Калі нават не прымаць да ўвагі іншыя акалічнасці, на мой сціплы розум, нацыянальны ўніверсітэт немагчыма рабіць за мяжой, бо там ён ніколі не здолее стаць тым фактарам развіцця беларускай культуры, як на тое шмат хто спадзяваецца, але затое мае вялікі шанец застацца на культурным маргінэзе і сваёй, і чужой краіны.

Нам варта звярнуць увагу на тое, што мы маем у краіне ўжо! Гэта цэлая сетка незалежных акадэмічных праграм, якія безумоўна не маюць афіцыйнага статуса і інстытуцыялізацыі, але знаходзяцца на пярэднім краі барацьбы за новыя гатункі нацыянальнай беларускай вышэйшай адукацыі: гэта і Беларускі калегіюм, і Лятучы ўніверсітэт, і новы праект выхадцаў з ЕГУ - каледж Liberal Arts. Менавіта на базе падобных рэсурсаў варта было б разгортваць структуры нацыянальнага ўніверсітэта, каб пасля пры першай спрыяльнай магчымасці ён бы здолеў разгарнуцца ў паўнавартасную і дынамічную інстытуцыю, што магла б прасунуць беларускую вышэйшую адукацыю на ролю рэгіянальнага, а магчыма і аднаго з сусветных лідараў. Але гэта пакуль добрыя пажаданні, якія не адмяняюць, аднак, раней прамоўленага.

Каб ісці далей і сягаць новых акадэмічных даляглядаў, мы мусім для сябе канчаткова вырашыць: ЕГУ МУСІЦЬ БЫЦЬ РАЗБУРАНЫ!

Сказаць яму: "Дзякуй" і, нарэшце: "Бывай!.."

Лятучы ўніверсітэт

P.S. Хачу яшчэ кроць расставіць некаторыя акцэнты наконт ЕГУ, каб не паўставала недарэчных пытанняў.

Я не "заклікаю да фізічнага знішчэння праекта і не закідаю спонсарам пра неабходнасць спынення ягонага фінансавання". Я не буду пісаць лісты ў літоўскае міністэрства адукацыі, каб тыя пазбавілі вну акрэдытацыі, і не напішу ягоным спонсарам, каб тыя не марнавалі дарма грошы і час, падтрымліваючы дыскрэдытаваную структуру, гэтаксама як не буду заклікаць гэта рабіць нікога іншага.

Не, тое, што я прапаную, - куды радыкальнейшае: проста выкрэсліць ЕГУ з зоны інвестыцыі калектыўных мараў і спадзяванняў і пачаць да яго ставіцца як да Палесскага дзяржаўнага ўніверсітэта, то бок абыякава. Гэта такі ж сімвалічны жэст, як ранейшая прапанова Валянціна Акудовіча "разбурыць Парыж" ці заклік Уладзіміра Мацкевіча "зруйнаваць Маскву". Не самая, дарэчы, благая кампанія для ўніверсітэта...

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео