BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Чарнобыль вуснамі сведкаў - новы конкурс Беларускага архіву вуснай гісторыі

15.04.2015 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Чарнобыль вуснамі сведкаў - новы конкурс Беларускага архіву вуснай гісторыі
Акции / Фото
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Абвешчаны конкурс для студэнтаў на тэму "Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі", якім зацікавілася і Украіна. Сярод прызоў - ноўтбук і ўдзел у навуковай канферэнцыі.

Прэзентацыя новага конкурса БАВГ, адмыслова распачатага напярэдадні 30-годдзя Чарнобыльскай катастрофы, адбылася ў Міжнародным адукацыйным цэнтры IBB ў Мінску 14 красавіка. Прадстаўнікі архіву распавялі пра ўмовы ўдзелу ў конкурсе і яго асаблівасці.

Конкурс стартуе 15 красавіка. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты і магістранты вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў і нават школьнікі старэйшых класаў, але ніякіх зніжак на ўзрост аўтарам прац рабіцца ня будзе.

Што патрэбна зрабіць жадаючым узяць удзел у конкурсе? Напісаць тэкст на падставе вусных успамінаў ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС і перасяленцаў з забруджанай радыяцыяй тэрыторыі - людзей, якія пацярпелі ад Чарнобыля. Дадаткам да тэксту ў электронным файле павінны быць аўдыезапісы ці відэафайлы інтэрв’ю, апытальнік, анкеты рэспандэнтаў, копіі фотаздымкаў, дакументаў ды іншых рэчаў са збораў рэспандэнтаў.

Можна запісаць гісторыі сваякоў ці гісторыі з сем’яў сяброў, знаёмых, бо ў Беларусі амаль хтосьці з кожнай сям’і быў закрануты Чарнобылем, і ёсць шмат месцаў кампактнага пражывання перасяленцаў - напрыклад, мінская Малінаўка, горад Астравец, пасёлак Дружны. Можна паехаць у забруджаныя радыяцыяй раёны Гомельшчыны і Магілёўшчыны, каб знайсці рэспандэнтаў.  

Што ёсць апытальнік і анкета рэспандэнтаў? Пра гэта, правілы афармлення працы ды кантакты для сувязі з арганізатарамі конкурсу можна даведацца на сайце БАВГ. Усе ўдзельнікі атрымаюць метадалагічную падтрымку, у тым ліку і навучанне, ад арганізатараў конкурсу і каштоўны досвед працы "ў полі" - навуковыя экспедыці ўлетку за кошт БАВГ, а таксама забеспячэнне прыладамі працы - дыктафонамі і відэапаратурай.  

Апошні тэрмін падачы прац - 15 кастрычніка, а пераможцы будуць абвешчаны 15 лістапада.

У склад журы ўваходзяць кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, кандыдат культуралогіі Аляксей Крывалап, кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі, кіраўнік ГА "Экадом" Ірына Сухій і архівіст Ларыса Андросік.

Нарэшцэ, што атрымаюць пераможцы? Галоўны прыз - ноўтбук. Лепшыя працы будуць апублікаваныя, а іх аўтараў запросяць на навуковую канферэнцыю з удзелам вядомых гісторыкаў, палітолагаў і сацыяёлагаў.

Мультыдысцыплінарнасць - адна з галоўных мэтаў конкурсу. Для рознабаковага асвятлення чарнобыльскай праблематыцы БАВГ разлічвае прыцягнуць студэнтаў з розных навуковых галін, адзначыў магістр гісторыі, прадстаўнік БАВГ Уладзімір Валодзін. Па словах гісторыка, конкурсам ужо зацікавіліся прадстаўнікі Украіны. Удзельнікаў з іншых краінаў арганізатары толькі вітаюць, але ў першую чаргу чакаюць прац беларускіх студэнтаў.

Гісторыкі БАВГ прапаноўваюць удзельнікам на выбар разнастайныя тэмы для конкурснай працы. Па-першае, гэта жыццёвыя шляхі беларусаў і Чарнобыль. Як паўплывала катастрофа і яе наступствы на паўсядзённае жыццё людзей - тых, хто застаўся на забруджаных тэрыторыях, тых, хто з’ехаў і пачаў новае жыццё ў іншым месцы, тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі аварыі і яе наступстваў, а таксама іх сем’яў? Акрамя таго, як склаліся лёсы і кар’еры іх дзяцей? Якія жыццёвыя стратэгіі яны абіралі? Як вызначаюцца чарнобыльскія падзеі ў жыццёвых апісаннях і ўспрыняцці свету, краіны, сябе?

Па-другое, у працы можна адлюстраваць культурныя і сацыяльныя змены пад уплывам Чарнобыльскай катастрофы. Якія новыя сацыяльныя групы і стасункі ўзніклі пасля катастрофы? Якім было і ёсць стаўленне да "чарнобыльцаў" - перасяленцаў і ліквідатараў? Да таго ж, што адбывалася з традыцыйнай культурай забруджаных раёнаў? І якім чынам адбіваецца катастрофа на сучасным вобразе і культуры Беларусі?

Па-трэцяе, можна адлюстраваць палітычныя і інстытуцыйныя змены, якія адбываліся ў беларускім грамадстве пасля чарнобыльскай катастрофы. Як паўставалі новыя палітычныя і сацыяльныя практыкі, рухі і групы (эколагі, сацыяльная дапамога, праграмы аздараўлення)? Як паўплывала іх дзейнасць на сучасны стан беларускага грамадства, што яны ўяляюць сабой зараз? Якія заканатворчыя і палітычныя ініцыятывы паўставалі, дзейнічалі, адмяняліся? Хто быў іх удзельнікамі? Як да гэтага ставіліся ліквідатары, перасяленцы і людзі, якія адмовіліся кідаць хаты і засталіся жыць у забруджанай зоне?

І, па чацвёртае, удзельнікам конкурсу прапануецца асвятліць невядомыя старонкі і белыя плямы ў гісторыі катастрофы. Як адбывалася адсяленне? Якія версіі прапанавала ўлада? І што было насамрэч? Хто і як трапіў у ліквідатары? Як працавалі праграмы падтрымкі і дапамогі? Як захоўваецца памяць, наколькі яна скажаецца, і ці патрабуюцца дадатковыя высілкі для яе захавання?

Падчас мерапрыемства таксама адбылася прэзентацыя зборніка "Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі", аўтары якога прапануюць новы погляд на 75-годдзе ўз’яднання Беларусі. Сведкі часу паміраюць, і трэба спяшацца захаваць іхнія ўспаміны для будучых пакаленняў. Менавіта гэтым ужо чацверты год займаецца БАВГ, пра неабходнасць працы якога ізноў зайшла гаворка.

Рэдактар партала БАВГ, магістр гісторыі Андрэй Мастыка:

- Зборнік - спроба паглядзець на даследванне, якое праводзяць вусныя гісторыкі, іхнімі вачыма. Нашая каманда ў экспедыцыях запісвала ўспаміны бабулек і дзядулек, якія памятаюць пра падзеі даваеннага часу. Падчас экспедыцый нас суправаджаў Ягор Сурскі і запісваў нашую дзейнасць на відэа, у выніку чаго з’явіўся дакументальны фільм "Восень 1939: на мяжы памяці".

Фільм можа быць дапаможным матэрыялам для школьных настаўнікаў старэйшых класаў у вывучэнні перыяду даваеннага часу. Больш за тое, нават распрацаваная метадычка для настаўнікаў, якая змяшчае мапы і фотаздымкі.  

Адзін з нашых кірункаў - адукацыйная дзейнасць, выкарыстанне вуснай гісторыі ў навучальным працэсе. Мы рабілі конкурс для школьнікаў па 1939 годзе. А зараз - па Чарнобылю.  

Кааардынатар Лятучага ўніверсітэта, кандыдат сацыялагічных навук Таццяна Вадалажская:  

- Я не гісторык і не архівіст, і больш цікавіць мяне ў вуснай гісторыі хутчэй сам метад, спосаб звароту да мінуўшчыны. Пазначу моманты, якія падаюцца мне цікавымі і важнымі. Першы - гэта стасункі вуснай гісторыі з традыцыйнай гісторыяй, і пераход гісторыкаў да гэтага метада. Мне цікава, наколькі гэта выклік, і наколькі гэта сумяшчальныя рэчы. Амаль усе, хто пачынаў працу з вуснай гісторыяй, адзначаюць, што ўжо па-іншаму ставяцца да крыніцаў, якія нібыта з’яўляюцца факталагічнымі, бо іх таксама ствараюць людзі.

Дарэчы, у межах апошняй навуковай канферэнцыі мы абмяркоўвалі такую тэму як маргінальнасць і междысцыплінарнасць вуснай гісторыі, якая патрабуе кампетэнцыі абсалютна розных людзей, якія ёй займаюцца. З аднаго боку, ёсць ідэалогія, а з другога - гэта даволі творчы працэс, які патрабуе ад чалавека шмат высілкаў. Аляксей Ластоўскі (кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўнік Інстытута палітычных даследаванняў "Палітычная сфера". - ЕўраБеларусь) казаў, што, калі вусная гісторыя стала нейкім падрывам асноваў традыцыйнай гісторыі, то, магчыма, калі-небудзь яна стане падрывам традыцыйнай сацыялогіі, антрапалогіі і гэтак далей. То бок, прапануе нейкі іншы погляд, што дасць нам магчымасць пераасэнсавання.

Пасля канферэнцыі мяне не пакідала адна думка наконт таго, чаму вусная гісторыя пайшла ў выкарыстанне. Таму што гэта не толькі дадатковы метад здабычы інфармацы, але і абсалютна ўнікальная гуманітарная практыка - гэта і практыка камунікацый, паглыблення ў гісторыю ў звязку сябе з гісторыяй.

Звяртаючыся да чарнобыльскага конкурсу, мне падаецца, вусная гісторыя - гэта найважнейшая практыка звароту да гістарычных падзей з боку іх асэнсавання разам са сведкамі.

Даведка "ЕўраБеларусі"

Інтэрнэт-праект Беларускі праект вуснай гісторыі (БАВГ) - першы адмысловы праект, мэта якога - арганізацыя on-line доступу да ўспамінаў сведкаў часу, спрыянне аналізу і пераасэнсаванню савецкага перыяда гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы, новым даследванням. БАВГ - гэта on-line сховішча электронных дакументаў па вуснай гісторыі.

Збор, захоўванне і доступ вуснагістарычных дакументаў адбываюцца з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Гісторыя Беларусі XX стагоддзя фіксуецца ва ўспамінах сведкаў часу, што дапамагае захаваць памяць пра найноўшы перыяд гісторыі, у тым ліку па маладаследаваных і актуальных тэмах.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео