BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

"Тролі" ў Беларусі сядзяць па хатах, а ў Расіі зарабляюць у офісах

25.03.2015
"Тролі" ў Беларусі сядзяць па хатах, а ў Расіі зарабляюць у офісах
Калі расійскі "троль" атрымлівае афіцыйны заробак і працуе ў офісе, то ягоны беларускі "калега" плюецца афіцыйнай прапагандай за ганарар, седзячы ў хаце.

Журналістам расійскіх незалежных СМІ ўдалося вылічыць "фабрыку троляў", якая круглыя суткі працуе ў Санкт-Пецярбургу. Сотні адмыслова навучаных каментатараў бесперапынна насычаюць форумы каментарамі ў падтрымку палітыкі Крамля, атрымліваючы за гэта заробак. А ці існуюць "тролі-найміты" ў Беларусі? Высвятляла "Радыё Свабода".

Наш калега з расійскай службы радыё Дзмітрый Волчак пагутарыў з піцерскім блогерам Маратам Букхардам, які за 45 тысяч рублёў акладу два месяцы па 12 гадзін на суткі "любіў Пуціна". Па яго словах, гэта сапраўдная фабрыка прапаганды: вялікі чатырохпавярховы будынак, блізу паўсотні кабінетаў, у якіх працуюць па два дзясяткі прафесійных троляў.

За кожным падраздзяленнем замацаваны свой напрамак падрыўной дзейнасці: аддзелы навінаў, сацыяльных сетак, гарадзкіх форумаў, дэматыватараў, замежных СМІ, візуальны (карцінкі і відэа). Аддзел, у якім працаваў Марат, каментаваў пасты.

Механізм такі: спецыяльныя людзі закідваюць на форум навіну, задача астатніх - яе адкаментаваць. Для гэтага брыгады б’юцца на "тройкі": адзін - "злыдзень", які нібыта ня згодны з тым, што напісана, ганіць Пуціна. Двое ўступаюць у дыскусію на баку ўладаў. Прычым адзін забяспечвае каментар нейкім малюнкам, другі - спасылкай з афіцыйных крыніцаў. Усталяваная норма - 135 каментароў за 12-гадзінную змену, у рэжыме два дні праз два.

Дзякуючы расійска-ўкраінскаму канфлікту і заходнім санкцыям супраць Расіі, фальшывых акаўнтаў у Твітэры, Фэйсбуку, УКантакце, ЖЖ становіцца ўсё больш - іх лік ідзе на тысячы.

А ці ўцягнутая ў арбіту крамлёўскай прапаганды Беларусь? Вымушаная прысутнасць у расійскім інфармацыйным полі ўжо схіліла значную частку тутэйшых спажыўцоў у бок Масквы, пра што сведчыць ухваленне ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне. Наколькі гэтаму спрыяюць "штатныя пенальтысты"? Ці ёсць адпаведныя ідэалагічныя падраздзяленні ў нетрах беларускіх спецслужбаў?

Сілавыя ведамствы катэгарычна адмаўляюць існаванне падпольных лабараторыяў па вырабе ідэалагічна выверанага інфармацыйнага прадукту. Але вядомы блогер Яўген Ліпковіч у існаванні такога адгалінавання не сумняецца:

"Я проста перакананы ў тым, што яны ёсць. Адзінае, невядома, ці гэтыя тролі тэрытарыяльна знаходзяцца ў Беларусі, ці яны фрылансяць зь якой-небудзь Сярэдняй Азіі, з Казахстану або яшчэ аднекуль. Але тое, што яны існуюць, - адназначна. Гэта бачна найперш па рэзанансных публікацыях, скажам, на tut.by, якія выклікаюць 300 практычна аднолькавых каментаў.

Асабіста бачыў, як усё адбываецца. Так, на абмеркаванне навіны пра высылку праваабаронцы Танкачовай у блог Матолькі наляцела цэлае полчышча троляў, было бачна няўзброеным вокам. З некаторымі я нават размаўляў на іхняй жа мове, яны досыць хутка здзімаюцца. Жахлівыя каментары, жывы чалавек так ня можа пісаць пра жанчыну. Што тычыцца сацыяльных сетак, то ў Фэйсбуку бачыў прарасійскіх троляў, добра ведаю іх, але да сябе на сцяну не дапускаю. У Livejournal таксама ёсць, абсалютна адназначна, яны ўжо дакладна апісаныя".

Галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты "Салідарнасць" Аляксандар Старыкевіч таксама згодны, што ва ўмовах чарговага вітка ідэалагічнага супрацьстаяння аўтарытарнай і дэмакратычнай сістэмаў спецслужбы актыўна выкарыстоўваюць разнастайныя сродкі ўздзеяння на электарат - у тым ліку і праз віртуальную прастору. Але расійскі маштаб для беларускіх прапагандыстаў недасягальны:

"Можа быць усё што заўгодна. Іншая справа, што ў нашых умовах гэта, хутчэй за ўсё, робіцца праз суполкі БРСМ, па хатах і з невялічкім ганарарам, яўна не за заробак. Бо, як можна меркаваць, у нас усё ж размах не расійскі, што тычыцца фінансавання падобных праектаў. Але тое, што часам заўважная пэўная ступень зарганізаванасці троляў, то сапраўды, ёсць такое.

Справа ў тым, што так званыя кібервойны - гэта цяпер зусім не дзіцячая забава, а досыць сур’ёзная рэч. І калі спецслужбы працуюць, то яны мусяць нешта мець і ў гэтым кірунку. Як і супраць каго ўсё гэта выкарыстоўваецца - на жаль, ужо вызначаем ня мы. Як і тое, што з боку адпаведных структураў прызнання факту такой дзейнасці дабіцца папросту немагчыма".

Блогер Яўген Ліпковіч згодны, што рэсурсы на прапаганду беларускага цуду аб’ектыўна не такія, як у Расіі. Але ён перакананы, што пад выбарчую кампанію "падпольшчыкі" абавязкова актывізуюцца:

Як толькі пачне набліжацца выбарчая кампанія, распачнецца агітацыя і г.д., у нас гэта праявіцца ня ў меншых аб’ёмах, чым у той жа Расіі.

"Калі іх паслугі будуць патрэбныя, убачыце, што павылазяць з усіх дзірак. Як толькі пачне набліжацца выбарчая кампанія, распачнецца агітацыя і г.д., у нас гэта праявіцца ня ў меншых аб’ёмах, чым у той жа Расеі. Зразумела, адпаведна маштабу краіны. Увогуле, троля лёгка адрозніць ад звычайнага чалавека, які пакідае нейкі допіс. Але ў масе сваёй гэта выдаецца за "голас народа". Ну і што з таго, божа ты мой? Яны робяць выгляд, што намі маніпулююць, а мы робім выгляд, што іх "любім".

Механізму ня ведаю, магу толькі ўяўляць, як гэта выглядае. Ёсць такі чалавек па прозвішчы Мацэбіла, дык вось не выключаю, што ён можа кіраваць працэсам. Гэта першае. А другое - цалкам дапушчаю, што за гэтым стаіць Янчэўскі, які курыруе дзяржаўную ідэалогію. Але я не магу нічога сцвярджаць, бо за руку нікога не хапаў, магу толькі меркаваць".

З пачаткам ваенных дзеянняў ва Ўкраіне расейскія падраздзяленні "міністэрства праўды" кінулі дадатковыя сілы на дыскрэдытацыю "кіеўскай хунты" і яе "замежных спонсараў". На піцерскай "фабрыцы троляў" арганізаваны ўкраінамоўны аддзел, які займаецца правакацыйнымі "ўкідамі" на форумах, дзе збіраецца ўкраінская публіка, з мэтай пасварыць між сабой аднадумцаў.

Зрэшты, высілкі застаюцца збольшага марнымі - агрэсія Масквы толькі з'яднала ўкраінцаў перад агульнай бядой. Нявызначаным у сваёй грамадзянскай пазіцыі беларусам зразумець гэта складана. Пакуль.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео