BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Лекі ад хвароб грамадства ёсць, але імі не вельмі карыстаюцца

25.12.2014 Петр Кухта, "ЕўраБеларусь"
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Лекі ад хвароб грамадства ёсць, але імі не вельмі карыстаюцца
Фота: Catholic.by
Віншуючы з Калядамі, арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч нагадвае пра галоўныя праблемы, на думку Касцёла, сённяшняга грамадства.

Напярэдадні Калядаў арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з журналістамі. У перадсвяточнай размове ён падсумаваў вынікі 2014 года і выклікі, што хвалююць Касцёл.

- Напэўна, самай вялікай падзеяй каталіцкага касцёла ва ўсім свеце і ў Беларусі быў Сінод біскупаў, прысвечаны сям'і. Ён адбыўся ў кастрычніку ў Ватыкане, я быў удзельнікам гэтага Сінода, як і яшчэ каля 200 біскупаў з усіх краінаў свету. Па выніках Сінода можна зрабіць такое заключэнне: сям'я вельмі і вельмі хворая. Гэта быццам духоўны Чарнобыль, нейкая духоўная Эбола, ад якой усе шукаюць лекі. Хаця, на мой погляд, лекі ёсць — гэта вярнуцца да Евангелля, да традыцыйнай сям'і, захоўваць традыцыі жыцця. Сям'я павінна стаць крыніцай жыцця, а не месцам смерці. Мы бачым, што Еўропа старэе, свет старэе, не нараджаецца жыццё ў сем'ях, адбываецца дэвальвацыя Божага дару жыцця.

Мы бачым, што расце колькасць разведзеных сем'яў — гэта праблема не толькі яго ці яе, але і дзяцей. Замест таго каб іх выхоўвалі бацькі, іх выхоўвае вуліца, яны жывуць быццам сіроты пры жывых бацьках. Сёння наступае дэвальвацыя традыцыйнай сям'і як адзінага непарушнага саюза мужчыны і жанчыны для сумеснага жыцця, дапамогі адзін аднаму, нараджэння патомства і выхавання яго.

Вялікай праблемай застаецца хрысціянскае выхаванне дзяцей, сёння вельмі часта сем'і праводзяць нядзелю ці свята ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах. Але там няма Бога, там яны Бога не спаткаюць.

У гэтым годзе мы адзначалі стагоддзе нараджэння кардынала Свёнтака, які з'яўляецца іконай каталіцкага касцёла Беларусі, жывым мучанікам, які прайшоў савецкія і нямецкія лагеры. Калі яго пыталіся, як ён змог застацца жывы, ён казаў: «Так хацеў Бог».

Бог дазволіў мне адзначыць 25-годдзе біскупскай сакры, што для мяне вельмі важна. Тым больш што ў біскупы мяне кансакраваў Ян Павал ІІ, які ў гэтым годзе быў кананізаваны, аб'яўлены святым.

Тадэвуш Кандрусевіч з гонарам і гумарам адзначае, што ў 2014-м беларускі горад Ліда прымаў Чэмпіянат Еўропы па футболе сярод святароў.

- На гэтыя спаборніцтвы прыехалі 14 каманд з розных краін Еўропы. Першае месца занялі святары Польшчы, другое — харваты, трэцяе — партугальцы. Мы занялі чацвёртае месца — лепшае, чым беларуская зборная на чэмпіянаце свету па хакеі.

Што да планаў на 2015 год, то арцыбіскуп паведаміў, што «наблізімся да заканчэння будаўніцтва двух-трох касцёлаў у Мінску».

- У пастырскай праграме нашага касцёла наступны год будзе Годам навяртання — гэта таксама ў межах падрыхтоўкі да стагоддзя Фацімскіх аб'яўленняў. Адбудзецца другая частка Сіноду біскупаў, якая зноў будзе прысвечаная сям'і. Адзначым 50-годдзе завяршэння Другога Ватыканскага сабора — плануем правядзенне ў нашай дыяцэзіі канферэнцыі, прысвечанай гэтай даце. Другі сабор стаў зваротным пунктам у гісторыі касцёла, унёс шмат новага, пазітыўнага.

Віншаванне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча:

- Глыбока паважаныя браты і сёстры, усе людзі добрай волі! Свет заходняга хрысціянства адзначае адно з самых вялікіх, самых прыгожых, самых папулярных святаў — свята Божага Нараджэння. Сваімі думкамі мы пераносімся ў далёкі Бэтлеем — туды, дзе Бог уцелавіўся, туды, дзе далёкі Бог стаў блізкім. Дзе ён прыйшоў у наш свет з чалавечым тварам і з чалавечым сэрцам, каб быць блізка да чалавека. Гэты момант стаўся зваротным у гісторыі чалавецтва, бо Бог пачаў спадарожнічаць чалавеку, будучы разам з ім, каб раздзяліць яго радасці, клопаты, каб дапамагаць яму.

Бог з намі на ўсе часы, каб мы не заставаліся аднымі — у гэтым праяўляецца вялікая любоў Бога. У наш час, час наступаючага секулярызму, мы павінны думаць не толькі аб нашым матэрыяльным дабрабыце, але і аб тым, каб Бог быў у нашых сэрцах і душах. Таму свята Божага Нараджэння не павінна пераўтварыцца толькі ў свята падарункаў, у свята, калі мы ідзем у госці. Гэта свята павінна стацца святам Нараджэння Сына Божага ягонай ласкай у нашых сэрцах і ў нашых душах.

Я віншую сёння сваіх адзінаверцаў-каталікоў. Віншую таксама іншых хрысціянаў, якія разам з намі адзначаюць гэтае свята. Са словамі віншавання звяртаюся таксама да праваслаўных братоў і сясцёр, якія рыхтуюцца праз два тыдні святкаваць падобнае свята. Розніца календараў, розніца традыцый не з'яўляецца розніцай нашай веры ва ўцелаўленне Сына Божага. Мы верым у адну і тую ж таямніцу прышэсця Збаўцы ў гэты свет. І сёння мы разам павінны адказваць на выклікі нашага часу. Вельмі небяспечныя выклікі, калі лагічнае становіцца нелагічным, а Божы Закон часамі нават лічыцца абсурдам. Мы павінны разам абвяшчаць Евангелле і разам бараніць хрысціянскія каштоўнасці, вяртацца да хрысціянскіх каранёў, бо дрэва з падрэзанымі каранямі засохне.

Са святам, дарагія браты і сёстры! Радасных, вясёлых святаў Божага Нараджэння! Поўнай Божай ласкі і шчаслівага Новага года!

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео