BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Падарожжа ў Чарэю

08.11.2014 Аляксей Чубат, ЕўраБеларусь
Падарожжа ў Чарэю
Фота Аляксея Чубата
Навуковая вандроўка ў Чарэю, Чашнікі, Новалукомль і Лепель, арганiзаваная Лятучым ўніверсітэтам, была прысвечана колішнім і цяперашнім праблемам беларускай ідэнтычнасці.

У вандроўцы ўдзельнікі высвятлялі, з чаго лепіцца наша сённяшняя ідэнтычнасць,  што перадвызначыла наш цяперашні стан, на якім базісе мы грунтуем нашу сучаснасць і будучыню.  Таксама ў падарожжа былі ўпісаныя развагі, на якім падмурках і руінах мы лепім нашу ідэнтычнасць і, галоўнае, чаму мы сёння такія, а не іншыя. Галоўнымі праваднікамі гэтай вандроўкі былі Сяргей Харэўскі і Ірына Дубянецкая.

Мы пабачылі зямлю, па якой гісторыя прайшлася шматлікімі драматычнымі  падзеямі, і, паглядзелі, у якім стане знаходзяцца помнікі, штó зберагаецца ў вуснай гісторыі, штó самі местачкоўцы думаюць пра свой край.

Стагоддзі знішчэнняў і вусцішу

Многія факты, імёны і акалічнасці знікаюць у смузе стагоддяў, а я імкнуся папоўніць ваш багаж ведаў, сканцэнтраваць ваш погляд на падзеях, якія не трапляюць ні ў школьныя падручнікі, ні ва ўніверсітэцкія праграмы, – так пачаў вандроўку Сяргей Харэўскі i далей зрабіў уводзіны.

Не ўсё ўвапхнеш у падручнікі, але гэтаму ёсць і ідэалагічныя прычыны.  Некаторыя факты нашай гісторыі свядома скажаюцца: даносяцца як паўпраўда, інтэрпрэтуюцца па-іншаму, або спецыяльна замоўчваюцца. Зразумела, чаму: нейкія факты не ўпісваюцца ў магістральную канцэпцыю афіцыйнай гісторыі, або пярэчаць візіі дыдактычнага працэса школы і ўніверсітэта.

З найбольш балючых кропак, па-першае, – прабема інтэрпрэтацыі падзеяў апошняй вайны, халакосту. Гэтым падзеям ёсць месца у падручніках, але там яны нават не займаюць і старонкі. І, зразумела, чыноўнікі на месцах не рупяцца пра захаванне спадчыны.

Па-другое – камуністычныя рэпрэсіі, і асабліва рэпрэсіі эпохі Сталіна. Пра іх гаворыцца скарагаворкай. Не ўдакладняецца маштаб, не агаляюцца лічбы. Прычым сёння мы бачым працэс латэнтнай гларыфікацыі сталінізма: апраўданне Сталіна і забыццё сотняў тысяч знішчаных бальшавікамі людзей.

Тое самае можна сказаць і пра падзеі яшчэ больш ранніх эпох: Першай Сусветнай вайны – першай вялікай вайны, якая прынесла каласальнае разбурэнне народам Еўропы. Але, перадусім, народам, якія жылі на лініі ўсходняга фронта. Лінія фронта прайшла па тэрыторыі Беларусі , і наша нацыя была парэзана папалам паміж Германіяй і Расіяй. З аднаго боку беларусы чатыры гады жылі пад акупацыяй немцаў, на другой частцы сённяшняй Беларусі размясціліся 2 млн чалавек расійскай арміі. На тэрыторыі Беларусі ішлі крывавыя баі: факт, але салдат у Першую сусветную вайну на тэрыторыі Беларусі загінула больш, чым у Другую сусветную вайну – 1,5 млн чалавек. Але Другая сусветная вайна прынесла больш цывільных ахвяр.

Чаму мы “забылі” Першую сусветную вайну? Гэта была сведамая палітыка бальшавікоў, якія не хацелі, каб іхнюю перамогу ў кастрычніку 1917 года звязвалі з Першай сусветнай. Бо, ужо агульнавядома, што бальшавікоў фінансавалі немцы.

Таму першае, што зрабілі бальшавікі ў 20-я гады XX ст. у Мінску, – яны знішчылі могілкі ахвяр Першай сусветнай вайны. Могілкі былі там, дзе зараз месціцца тралейбусны парк на цяперашняй вуліцы Машэрава. Побач са Старажоўскімі могілкамі падчас Першай Сусветнай быў ваенны шпіталь. А далей ад Старажоўкі ішлі яшчэ і агромныя могілкі цывільных людзей, якія пацярпелі ад Першай вайны.

Вайна змусіла сысці з нажытага месца 2,5 млн беларусаў, ад Беластока да Мінска. Натуральна, у гэтай масе бежанцаў было шмат старых, дзяцей, хворых. Так, цяперашняя інфекцыйная бальніца на Крапоткіна была пабудавана ў часе Першай сусветнай вайны за грошы маці Мікалая II. Таксама там была пабудавана і  капліца, дзе былі напісаныя словы “Памяці ахвяр Вялікай вайны”. Тую капліцу, бальшавікі, зразумела, таксама знішчылі.

І мы зараз з вамі едзем у край, дзе спынілася лінія фронта Першай сусветнай. Паводзе Брэст-Літоўскага міра (дамовы паміж бальшавікамі і немцамі), бальшавікі аддавалі фактычна ўсю Беларусь і краіны Балтыі, і такім чынам нямецкія войскі дайшлі аж да Чашнікаў, куды мы з вамі кіруемся. Немцы акупавалі іх у 1917 годзе, прычым яны рушылі яшчэ і далей, аж да Полацка.

Пасля гэтай вайны (якую ў Беларусі назвалі “чужой вайной”), – працягвае расповед Сяргей Харэўскі, – пісьменнік Міхаіл Гарэцкі стварыў нізку апавяданняў “На імперыялістычнай вайне”. Каб зразумець бязглуздасць вайны для беларуса дастаткова ўспомніць абразок, дзе жаўнер беларус забівае жаўнера аўстрыяка (які насамрэч ўкраінец). Салдаты сустрэліся, пасядзелі, зацягнулі махорку, і потым разышліся. А беларус падумаў: што пра мяне скажуць – які ж я ваяка, калі ворага адпусціў? І тады ён страляе ў спіну, падбягае да ўкраінца, а той: “ой, маскаль дурны, што ж ты нарабіў”. Псіхіка ў беларуса надламваецца, ён ляжыць у шпіталі і крычыць: “рускі я, рускі я”! Беларусам не было ніякой справы ні да немцаў, ні да аўстрыякаў – у той час беларусы пачуваліся нібы пасынкі.

За гэтай вайной надышла савецка-польская вайны. Гэта была авантура бальшавікоў супраць юнай Польшчы, якая адрадзілася ў 1918 годзе. Найперш, авантура Тухачэўскага. Дзевяць месяцаў гэты край, куды мы едзем, знаходзіўся пад польскай акупацыяй. А на змену яму прышла бальшавіцкая ўлада і новыя часы.

Калі зазірнуць яшчэ ў ранейшы час, варта ўзгадаць падзеі вайны 1812 года. Чарэя была шэсць месяцаў пад французскай акупацыяй, і ўвесь той час там быў штаб славутуга французскага ваеначальніка Жана Віктора Маро.

Яшчэ раней Чашнікі і Лепель адыгралі вельмі цікавую ролю ў гісторыі нашага краю – усёй Рэчы Паспалітай. Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) у склад імперыі Кацярыны II патрапілі абшары полацкага і віцебскага ваяводства. І вось да Другога падзела, які адбыўся ў 1793, шляхта, што паўцякала з Полацка і Віцебска, была ў выгнанні. І ўдзельнічала ў палітыцы Рэчы Паспалітай як прадстаўцтва акупаваных тэрыторый – Полацка і Віцебска. Сталіцай полацкага ваяводства на 21 год стаў Лепель, а віцебскага ваяводства – Чашнікі.

На вялікі жаль, гэтыя мясціны сталі арэнай і крывавай Паўночнай вайны, 1700-1721 гг. Тут праходзілі шматкроць войскі Петра I, Войскі Карла XII, найміты- саксонцы, найміты-палякі, якія дашчэнту знішчылі гаспадарку і абрабавалі край. За гэтым рабаваннем прышоў голад, неуражаі, эпідэміі. Пасля спатрэбілася паўстагоддзя, каб аднавіцца.  

Таксама менавіта гэты край – Чарэя, Чашнікі, Пула і Лепель – сталі арэнай баёў у эпоху Інфляндскай (Лівонскай) вайны (1558-1583). Войскі цара Аляксея Міхайлавіча, казакі запаланілі наш край. Чарэя тры разы пераходзіла  з рук у рукі, ваявода Васіль Шарамецеў знішчаў усё на сваім шляху. Тады ж адбылася славутая сеча пад Чашнікамі: войска Шарамецева было разгромлена. Дарэчы, шматкроць большае войска маскоўскае была неаднаразова разгромлена ваяводам Сапегам, уладальнікам гэтых мясцін, і ваяводам польскім Чарнецкім. Так што не толькі “слава Воршы ўжо не горша”, былі і іншыя аналагічныя падзеі ў нашым краі.

Сем гадоў цягнулася гэта крывавая куламесь, – метафарычна расстаўляе акцэнты Сяргей Харэўскі. – Былі знічтожаны старажытныя гарады Лукомль і Друцк, старажытныя Ула, Чарэя, Чашнікі і Лепель. Кропку ў гэтай вайне паставіў звычайны беларускі селянін, які выскачыў з лесу і сякерай (тапаром) забіў ваяводу Шарамецева. Яму было нададзена шляхецкае годнасць  і яго род пачаў называцца Топар. Так, умоўна кажучы, адным ударам беларускага селяніна была пастаўне кропка ў Лівонскай крывавай вайне. Але гэтая ж вайна паставіла кропку ў развіцці гарадоў з 1000-гадоваў гісторыяй: Друцка і Лепеля.

Калі узяць яшчэ на 100 гадоў раней, дык гэтая зямля стала арэнай паходаў цара Івана IV Васільевіча (Жахлівага). Ён змог дайсці да гэтых мясцінаў і дашчэнту знішчыў насельніцтва. Факт: вайна ішла не на захоп тэрыторыі, а проста на знішчэнне людзей. Гэтым паходам былі спаленыя дашчэнту гарады. І вусціш у тым, што першая летапісная згадка пра многія мястэчкі і гарады ў гэтым краі пачынаецца з таго, што яны былі знішчаныя і выразаныя войскамі Івана Жахлівага.

Рэдка дзе ў Беларусі ёсць такія мясціны, дзе так шматкроць ішла вайна, дзе былі такія знішчэнні. Напрыклад, да Мазыра ні вайна 1812 года, ні Першая сусветная вайна не дайші. Не да ўсіх беларускіх гарадоў дайшлі і шведскія войскі, і войскі Аляксея Міхалайвіча ці Івана Жахлівага. А вось над гэты краем, куды мы рухаемся, проста нейкі фатум вісіць.

Чарэю не мінула нішто. Праз Барысаў таксама прайшлі ўсе войны на тэрыторыі Беларусі: там адбывалася шмат бітваў, і ўсе ваеначальнікі мелі ў Барысаве штабы: ад ставак кназёў ВКЛ і аж да Гітлера. Але па ўзроўню разбурэнняў Чарэя ўсіх пераўзышла. Бо Барысаў як стаяў, так і стаіць, а вось Чарэя, Лукомль перасталі быць значнымі паселішчамі. Чарэя да Другой сусветнай вайны мела 3,5 тыс. насельніцтва, а зараз – 500 чалавек. Лукомль на стагоддзе старэйшы за Мінск, праіснаваў 700 год, каб быць дашчэнту знішчаным. Чашнікі таксама не выглядаюць такімі, як іх апісвалі раней. Чашнікі расчароўваюць: хоць там няма бруду, але ёсць адчуванне пустэчы.

Людзі і храмы

Але Чарэйшчына слаўная не толькі гэтымі падзеямі. Варта гаварыць пра людзей, якія жылі тут. Нягледзячы на тое, што гэтыя войны разбівалі невялікія – год па 10 – перыяды мірнага жыцця, здзіўляешся, колькі ў гэтых краях нарадзілася талентаў сусветнага маштаба. Тут, пад Чашнікамі, жыў і тварыў Васіль Цяпінскі, выдатны дзеяч руху Рэфрмацыі і пратэстантызму, сябар Сымона Буднага. Цяпінскі выдаў за свае грошы анталогію Бібліі: тры Евангелля, Катэхізіс на старабеларускай мове. Што, відавочна, паспрыяла развіццю асветы і навукі. Васіль Цяпінскі ў маладосці быў афіцэрам, шмат ваяваў пад камандаваннем князя Валадковіча, – дадае ведаў Сяргей Харэўскі. – Пасля загаспадарыў у сваім маёнтку, сабраў бібліятэку, пераклады Бібліі, і ў Цяпіне завёў друкарню.

Дарэчы, межы княстваў Лукомльскага і Чарэйскага да 1916 года не рухаліся наогул. Яны шаблонам накладаліся на ваяводствы, губерніі і г.д. Бо нязменнымі былі ўласнікі гэтай зямлі – князі Лукомскія (да 1916 Лукомскія больш за 1000 гадоў валодалі гэтымі землямі). Род іх – адзін з найстаражытнейшых, і самы старажытны з тых, які дажыў да XX ст. Лукомская, умоўна кажучы, вобласць, у XI ст. вылучылася з Полацкага княства, і ўжо досыць позна, у XIV ст., з яе вылучылася асобнае Чарэйскае княства. У ім таксама валадарылі Лукомскія. Гэты быў класічны феадальны падзел паміж сынамі і рознымі галіна рода. Прычым гэта драбненне – унікальная з’ява на нашых землях: да 1916 года розныя дробныя Лукомскія валодалі ўсімі гэтымі абшарамі. Але спакваля яны мусілі прадаваць кавалкі зямлі, ці праз шлюбы зямля трапляла ў іншыя рады. У пачатку XVI ст. Чарэйскім княствам валодалі Пяструцкія, якія фундавалі манастыр ў Лукомлі, фундавалі першую царкву ў Чарэі, і з Пяструцкіх была маці бабкі Льва Сапегі.

Пазней землі Лукомскага і Чарэйскага княстваў былі выкупленыя Сапегамі. Менавіта маёнтак у Чарэі выкупіў Багдан Сапега, дзед нашага слыннага канцлера. Пасля падзелу былых абшараў, купленых Сапегамі, гэтая маёмасць драбнілася, і пазней Чарэя перайшла князю Івану Сапегу і янонай жонцы Алене з Друцкіх-Сакалінскіх. Яе дзядзька – епіскап смаленскі Міфаіл – быў далучаны да ліку святых.

Іван (Ян) Сапега пабудаваў замак, некалькі фальваркаў. Таксама дзядзька маці Льва Сапегі пабудаваў на возеры Галаўль настаражнейшы манастыр у нашым  краі, дзе быў абраз, прывезены са Смаленску. А манастыр у Лукомлі быў заснаваны яшчэ раней, у 1332 годзе, епіскапам смаленскім, і праіснаваў да савецкага часу. Манастыр быў адным з найстарэшых манастыроў у гэтых краях.

Але, безумоўна, росквіт Чарэі прыпадае на эпоху канцлера Льва Сапегі. Сёння імя гэтага унікальнага палітычнага і рэлігійнага дзеяча добра вядомае. Статут ВКЛ на старабеларускай мове, актыўнае развіццё Уніі – спрыяў рэалізацыі рашэння Берасцейскага сабора на практыцы. Чарэя мусіла стаць для Сапегаў тым, чым стаў Нясвіж для Радзівілаў. Падчас Льва Сапегі каласальныя валы атачылі Чарэю, зрабіўшы з яе супер-фартэцыю з бастыёнамі. Разам з возерам Галаўль – найглыбейшае ў Беларусі (глыбіня яго – 52 м), – з рэчкамі і валамі Чарэя была як крэпасць.

З цягам часу замак Сапегаў стаў замкам Мілашаў. А ў час Другой сусветнай вайны ў яго патрапіла бомба, і замка не стала. Пасля на яго месцы пабудавалі школу. Цэглу на яе бралі са сцен касцёла, што месціўся непадалёк, – рэзюмуе Сяргей Харэўскі.

Свята-Міхайлаўская царква ў Чарэі, якую наведалі ўдзельнікі вандроўкі, пабудавана ў самым пачатку XVII ст. – па сутнасці, з’яўляецца першай уніяцкай царквой у свеце. Увага людзей, якія прыязджаюць у Чарэю, звычайна скіравана на Белую царкву (яна знаходзіцца ў жывапісным месцы, выгядае прыгожа, кранальна, гістарычна – як з мастацкай паштоўкі). Але Свята-Міхайлаўская царква, якая, калі можна так сказаць, знаходзіцца па-суседству, у разы пераўзыходзіць Белую царкву у плане культурна-гістарычнай каштоўнасці. Свята-Міхайлаўская царква, царква Уніі, увасабляе яднанне заходняй і ўсходняй хрысціянскіх традыцый, мультыкультуралізм і талерантнасць беларусаў.

Закінутая царква (Белая) на паўвыспе возера ў Чарэі – гэта хутчэй узор архітэктуры барока XVI ст. Усярэдзіне царквы зараз утварылая прошча – народам арганізаванае месца, дзе стаяць іконы. Нягледзячы на занядбанасць царквы, у ёй праводзяцца службы. На дне возеры ляжыць звон, які быў скінуты з царквы.Ён ляжыць недалёка ад берага, і чакае свайго ратаўніка. Над уваходам бачна месца для абраза, але яно зроблена пазней, таму што ў старых беларускіх храмах абразоў на ўваходзе не вешалі. Ля царквы ляжыць старажытная пліта – надмагільны камень, вырабнік якой назваў пліту лепшым сваім творам.  

Працяг чытайце на eurobelarus.info .

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео