BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

"Арт-Ворша-Рубон!": Бяз казла на каньках, затое ў разбуранай хаце

25.10.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
"Арт-Ворша-Рубон!": Бяз казла на каньках, затое ў разбуранай хаце
Акции / Фото
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Дзіўна, але факт: у цэнтры Мінска запрацавала выстава бел-чырвона-белай афарбоўкі. Мінкульт выкінуў з яе толькі дзве карціны: казла на хакеі ды войска Пуціна ва Украіне, якому супрацьстаіць Хрыстос.

"Рубон!" - крычалі нашыя продкі, якія перамаглі маскавітаў у бітве пад Воршай 500 год таму. На старабеларускай мове гэта значыла "ура!", бо яны перамаглі захопнікаў, якіх было ўтрая больш. Гэты кліч пераможцаў уключаны ў назву мастацкай выставы "Арт-Ворша-Рубон!", якая адкрылася ў Мінску 23 кастрычніка.

Падзівіцца на карціны, бойкі рыцараў і паслухаць музыку Сярэднявечча ў сталічны Палац мастацтваў прыйшлі не толькі мінчукі, але і сябры арганізатара выставы, суполкі "Пагоня" Беларускага саюзу мастакоў - знакамітыя беларускія барды, гісторыкі, архітэктары, літаратары і журналісты.

Бард Андрусь Мельнікаў:

- У гэтым годзе "Пагоня" вельмі мудра зрабіла, што зладзіла пленэр на Крапівенскім полі. Гэтым яна зрабіла крок раней за ўлады. Мастакі занялі поле, зрабілі на ім шмат чаго. І вось гэтае "шмат чаго" тут вісіць.

Я з радасцю пазнаю тыя карціны, якія былі напісаныя менавіта на полі бітвы. І Пушкін, і Драздоў, і Грышук… Не называю больш мастакоў, якія былі на полі, бо пакуль не паспеў прагледзець усю выставу.

Затрымаўся больш даўжэй, чым перад астатнімі працамі, перад трыпціхам Генадзя Драздова. Гэта духоўны трыпціх, там ёсць пра што паразважаць, ёсць з чым паспрачацца, але не з мастацкага пункту гледжання, бо я ж не мастак. Там закладзена пэўная філасофія, пэўны жыццяпогляд.

Я вельмі ўзрадаваны, што амаль ніводную карціну не "забанілі", амаль усе былі прынятыя без пярэчанняў. Упершыню за шмат год мастацкая суполка "Пагоня" робіць сваю выставу так, як запланавала.

Мастак Аляксей Марачкін, аўтар менавіта тых дзвюх карцінаў, якія не прайшлі цэнзуру прадстаўнікоў Міністэрства культуры:

- Цэнзура ўелася як іржаўчына ў нашыя душы. І таму ўсе, асабліва чыноўнікі і нават кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў, заціснуты эканамічна, духоўна і фізічна. Таму азіраюцца на тых, хто мае сілу і ў любы час можа нанесці эканамічны ўдар - падвысіць стаўкі на арэнду памяшкання і гэтак далей.

І не дзіва, што здымаюць мае працы. З маёй персанальнай выставы таксама здымалі, але тады я трымаў наступную пазіцыю: калі хтосьці вамі кіруе, то будзьце ласкавы, патрабуйце ад іх пісьмовыя прэтэнзіі!

І калі мы прынцыпова сталі на гэтую пазіцыю, то ніякіх пісьмовых тлумачэнняў яны не далі. Такім чынам, я захаваў тую сваю выставу.

Тут жа, як сказаў старшыня саюзу Рыгор Сітніца, амаль на калені падалі, прасілі: здыміце гэтыя творы! Асабліва твор, прысвечаны агрэсіі Расіі супраць Украіны. У хуткім часе яго можна будзе пабачыць у інтэрнэце. Яго цяжка апісаць, але распавяду: там - выява Хрыстоса і ягоныя святыя словы: "Заповедь новую даю вам, да любите друг друга!". Гэта зварот да людзей.

Назва карціны - "Навала", а яшчэ яна мае другую назву - "Хрыстос і антыхрысты", бо Хрыстос ідзе з любоўю, а ззаду - узброеная арда людзей у чорных масках, у проразях якіх гараць нянавісцю вочы. Яны нацкаваныя вядома кім - нячыстай сілай. Ламаюць усё на сваім шляху, а за імі палыхае полымя. І ва ўсіх на грудзях - гвардзейская, "каларадская" стужка.

Другая карціна, якую знялі з выставы, мае назву "Калядоўшчыкі". Яна вельмі іранічная: на льду, у масцы казла, стаіць хакеіст - галава ў шайбах, а замест клюшкі ён трымае чапялу. І там ёсць знак чэмпіяната па хакеі, які адбыўся ў Беларусі. І ўсё гэта - на фоне маўклівага натоўпу на возеры. Нейкія людзі ловяць рыбку, сагнуўшыся, а далей - атамная электрастанцыя, якая будуецца зараз каля Астраўца.

Вынікае, што ў Беларусі быць блазанам нельга. Хаця пры каралях і нават пра расійскіх царах былі блазаны, якія маглі казаць праўду! У такіх працах я выконваю ролю блазана - гавару  тое, чаго яны баяцца і не хочуць чуць. Але я гавару. І гэта ім не падабаецца.

Дацэнт кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастак-графік Уладзімір Вішнеўскі:

- У цэлым, канешне, выстава мяне не ўражвае, таму што шмат дылетанцкіх прац, мястачковых па духу, непрафесійных. Але сама падзея, якая кожны раз звязаная з "Пагоняй" - успаміны, пастаянная фіксацыя нашай гісторыі, звяртанне ўвагі на яе, - гэта вельмі важна для нашых людзей. Таму што апошнім часам абыякавасць у грамадстве ўзрастае.

Праз цяжкае жыццё людзі адасабляюцца па сваіх кутках, таму мала ўвагі надаюць грамадскім пытанням. Усё звязана з асабістым жыццём. Таму, канешне, сама падзея выставы "Пагоні" - добра, бо яны часта праходзяць са сканадаламі праз саціру на рэжым. Я не лічу гэта недахопам, бо мастацтва трэба падзяляць на вулічнае , музейнае, гістарычнае і так далей.

А ёсць адзнадзённае мастацтва - напрыклад, канкрэтная падзея ва Украіне атрымлівае ў мастакоў водгук. І ён мае права быць! І павінны быць адмысловыя выставы. Самае важнае, каб мастакі рабілі іх ад душы, любілі сваю зямлю, і тады гэта будзе сапраўдным мастацтвам.  

Зноў жа, мы бачылі, якія перашкоды чыніліся ўладамі на Крапівенскім полі. Нават да смешнага даходзіла: пускаць туды не хацелі! І ўсё намагаюцца перад Расіяй паказаць, якія яны "лаяльныя", "харошыя", і "не ўзгадвайце, што пабілі беларусы расейцаў!" Гэта смешна, канешне.

На выставе ёсць вельмі важныя карціны - ні як водгук на канкрэтную падзею, але як разважанні на тэму ўсяго гістарычнага працэсу нашага народа. Карціны-прытчы, як у кіраўніка суполкі "Пагоня" Драздова. Ён спрабуе прытчавае мастацтва, бярэ зрэз біблейскага і наслайвае на наш час. Як нераўнадушны мастак, спрабуе знайсці нейкія падзеі ў тысячагадовай гісторыі.

Хаця ў яго ёсць розныя працы. Вунь пасыл у наіўнае мастацтва, народнае - прыемная чымсьці карціна...

І мастак, канешне, мае права на ўсякае бачанне. Добра, калі адбываецца разнастайнае мастацтва.

Але я не прымаю тыя "трапачкі", анучкі, якія тут расцеляны-развешаны. Ну, гэта настолькі не вяжацца з канцэпцыяй выставы! Калі гэта грамадская секцыя, то патрэбна, усё-ткі, узгадняць, што выстаўляць. Не заўсёды тое, што падаецца важным, з’яўляецца такім. Трэба ўважліва ставіцца да гэтага.

Вось я гляджу на графіці на сценах, вулічнае мастацтва: трапляюцца каласальныя па эмацыянальным ўздзеянні на чалавека працы! Я лічу іх больш важнымі, чым тыя, што ў дадзенай сітуацыі, дзе пануе прымітыўнае.

Я нават і за гэта ў нашай сітуацыі! Але такое мастацтва павінна быць зроблена ад душы і прафесійна.

Малы беларускамоўны хлопчык Рыгор-Валадзей Іскрык, які прыйшоў на выставу разам з бацькамі:

- Мне падабаюцца вось гэтыя зярняткі! Таму што яны размаляваныя ў наш сцяг, які быў у беларускай мове і яшчэ ёсць. Я такія дома таксама зраблю! А вы ж гляньце (паказвае на зерне, прылеплянае да цэнтральнай карціны з трыпціха Драздова. - ЕўраБеларусь), гэта ж тыя самыя зярняткі!

Зярняткі яшчэ могуць прарасці, таму што фарба іх не атручвае.

І вось што яшчэ: гляньце на гэтае зярнятка - бачыце, яно прыроднае? А прырода мае магутную сілу. Я знаю, што прырода робіць цуды! 

Хочаце, я вам нешта другое пакажу? Вось гэта - люстэрачная карціна.

А вось - князь Канстанцін (вядзе да партрэта Канстанціна Астрожскага. - ЕўраБеларусь). Ён жыў у Беларусі. І ў яго быў меч. Князь упраўляў.

Яшчэ мне спадабаўся вадзянік, высечаны на камяні.

       

Святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, айцец Вікенцій (у свеце - Віктар Кавалькоў) з вёскі Данілавічы Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, чые продкі былі стараверамі:

- Зараз мая царква з’яўляецца вандроўнай, таму што няма ў нас памяшкання, нідзе нам не даюць месца. Вось як атрымліваецца. А тут, на выставе, мы шукаем людзей, якія б ішлі ў нашую царкву.

Вядома, што 500 год таму была вялікая бітва з маскоўскай ардой, і вось мы адзначаем яе як адну з вялікіх дат для беларусаў. Таму што, хоць і былі малымі нашыя войскі, але ж ім Бог дапамагаў, як бачыце.

І мы хочам , каб нашыя галасы зноў звярнуліся да Бога, і каб адрадзіліся нашыя дзяржава і мова. І каб кожны чалавек, беларус стаў бы годным ў сваёй краіне і ва ўсім свеце. Так склалася, што ў свой час я служыў у палітаддзеле, але Бог паклікаў да сябе. 

Беларускі народ, вяртайся да сваёй мовы, пад свой сцяг! Ён адзначаны крывёй нашага Госпада Бога Ісуса Хрыста.

Пісьменнік, журналіст, гісторык, краязнаўца Анатоль Валахановіч:

- Я таксама вернік Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Мы прыйшлі сюды разам з айцом Вікенціем, тут нашых вернікаў дзесьці сем ці восем чалавек. І тут выстаўляецца наш мастак, вернік Генадзь Драздоў. Увогуле, бачу процьму знаёмых мастакоў, а таксама калегаў-пісьменнікаў і паэтаў!

Паглядзеў карціны, ёсць цікавыя. Выставу зрабілі вельмі добрую. А якая выстава без абразоў?.. (мае на ўвазе трыпціх Драздова. - ЕўраБеларусь)

Гісторык, пісьменнік і прафесар Анатоль Тарас:

- Добра, што тут карціны разнабаковыя па сэнсе. Іншая справа - мастацкія якасці. Ёсць і патрэты, ёсць і пейзажы, а таксама нейкія батальныя сцэны. І рэмінісцэнцыі ёсць - такое страшэннае слова, але вельмі прыгожае! Добра, што такія выставы ладзяць. Я лічу, чым больш розных выставаў, тым лепш. Трэба, каб быў розны жывапіс - і абстрактны, і рэалізм, і звышнатуралізм.

Сам я - кансерватар, мне падабаюцца добрыя пейзажы. Напрыклад, пейзаж мастачкі Наталлі Сінявокай.

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца:

- Сёння нас сабрала вельмі значная падзея - 500 гадоў гістарычнай бітве пад Воршай. Мы ведаем, што праз нашую беларускую зямлю праходзілі шматлікія навалы - татарская, маскоўская, шведская, нямецкая, французская, і якіх толькі не праходзіла! Але ў нашага народа, у нашых ваяроў заўсёды хапала моцы, каб бараніць сябе і сваю бацькаўшчыну.

І шмат год мы, незалежная краіна, мацуем сваю незалежнасць. І каму як бы не здавалася, сёння ёсць у свеце Беларусь, ёсць беларусы і ёсць беларуская незалежнасць. І ў нас заўсёды будзе хапаць моцы гэтую незалежнасць адстаяць.

Назва нашай выставы - "Арт-Ворша-Рубон!". "Рубон", калі хто не ведае, - гэта баявы кліч старажытных беларускіх ваяроў, ліцвінаў.

Рубон! Жыве Беларусь!

Мастак Генадзь Драздоў:

- Нашая суполка рыхтавалася да гэтай выставы даўно і грунтоўна. Перш, чым рабіць выставу, мы правялі пленэр на Крапівенскім полі, дзе адбывалася бітва.

Хачу распавесці пра тры моманты ўражання ад пленэра. Першае: калі мы прыехалі на поле, то ўбачылі, што там няма ніякага помніка. Здавалася б, туды павінны прыязджаць вайскоўцы, якія б натхняліся перамогай, прысягаць там, ускладаць кветкі… Замест помніка мы ўбачылі чорнае ўзаранае поле і кучу гною.

Другое ўражанне: з 4 па 8 верасня на Крапівенскім полі не было ніводнага лідара беларускіх апазіцыйных партыяў. Відаць, ім не выпісалі грантаў, а за свае сродкі яны не прызвычаіліся ездзіць, ды і небяспечна, бо ўлады забаранілі там святкаваць.

І трэцяе: там адбываюцца цуды. Ёсць кар’ер, дзе бяруць пясок і жвір, і  там шмат валуноў. Дык вось на іх пачалі праступаць выявы твараў герояў бітвы: гетмана Канстанціна Астрожскага, Юрыя Радзівіла і яшчэ аднаго героя. Прыехалі, а на камянях - барэльефы…

Адбываецца тое, што напісана ў Бібліі: "Калі вы, вучні, перастанеце прамаўляць і сведчыць пра мяне, то камні пачнуць прамаўляць". І тут відавочна, што камяні пачалі прамаўляць пра гэтую бітву, пра выбітную старонку нашай гісторыі.

Пад уздзеяннем пленэра і Крапівенскага поля я напісаў гэты трыпціх.

Поле ж само па сабе - вельмі цікавая субстанцыя. Яго можна разглядаць як матэрыю, як інфармацыйнае поле, як тэксты. Мы ідзем па полю жыцця і пакідаем пасля сябе тэксты. Нажаль, што чалавецтва пакідае крывавыя сляды на гэтым полі, але такая праўда.

Тут разважанні на тэму, што ёсць гэтае поле. Левая частка трыпціха - "Баранаванне поля":  ідзе Хрыстос, барануе поле, якое ўздоўж забруджана рэшткамі вайсковай амуніцыі, зброяй розных часоў - сведчаннем таго, як людзі наладжваюць стасункі паміж сабой. Хрыстос барануе і пакідае пасля сябе запаветы.

Цэнтральная частка трыпціха - "Сейбіт". Ён раскідвае пшаніцу, якая пазначана бел-чырвона-белым сцяжком. У прытчы Хрыста ёсць такія словы: "Калі ішоў сейбіт і сеяў, адно семя ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго". Дык  вось, нажаль, лёс нашай нацыі і краіны ў тым, што мы вельмі часта не даем плёну таму, што жадаў ад нас Сейбіт.

І правая частка трыпціха - "Час спальваць салому". Гэта падсумаванне вынікаў нашага існавання. Мы прайшлі па полі, пакінулі сляды і потым, як напісана ў Бібліі, "прыйдзе час, калі Бог адбярэ семя ад саломы і салому зберажэ для агню, прыйдзе час, калі салома будзе спалена, як пустазелле, а семя застанецца для жыцця вечнага". Вось сэнс гэтага трыпціха.

Яшчэ адна карціна, сэнс якой я хачу патлумачыць, - "Пакінуты беларускі дом". Выява напалову разбуранага дома, які занясло снегам, зіма навокал, пад нагамі валяецца "Лямантар" - тая спадчына, якую мы грэбаем сёння і да якой адносімся без належнай пашаны.

Па бервяну ідуць два мядзведзі, якія працягваюць разбураць дом. Асацыяцыя з мядзведзям у нас адназначная - Расія, тыя два "мядзведзікі", якія зараз мяняюць паміж сабой пазіцыі.

Ружжо на сцяне - сімвал таго, што мы баімся ўжыць сілу для абароны свайго дома. Вісяць два партрэты - жаночы і пусты, бо бацькі няма ў хаце. Эпоха безбацькоўшчыны, байструкоўшчына.

У калысцы захавана вёсачка з царкоўкай і крыжам Еўфрасінні Полацкай - тое, што зберагае Бог на будучыню для размнажэння нашай нацыі.

...А дзівака ў вакенцы я зрабіў падобным да мастака Алеся Пушкіна, які ўвесь час баламуціць і абуджае краіну, не дае ёй замерзнуць у гэты зімовы час.  

Выстава "Арт-Ворша-Рубон!" будзе працаваць да 9 лістапада (штодзень, акрамя панядзелка). Час працы - з 11.00 да 19.00.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео