BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Чытанне па-беларуску – калі не катастрофа, то блізка да яе

23.10.2014 Пётр Кухта, "ЕўраБеларусь"
Чытанне па-беларуску – калі не катастрофа, то блізка да яе
Фота Алены Казловай, прэсавая служба Саюза беларускіх пісьменнікаў
Толькі 5 адсоткаў чытачоў аддаюць перавагу літаратуры на беларускай мове. 40% апытаных кажуць, што недастаткова валодаюць беларускай мовай, каб на ёй чытаць.

У Мінску прэзентавалі вынікі сацыялагічнага даследавання практыкі чытання і літаратурных схільнасцяў беларусаў. Апытанне было праведзена Лабараторыяй «Новак» на замову ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і кампаніі «Будзьма беларусамі!». Зазначым, што да мерапрыемства далучыліся прадстаўнікі дзяржавы – супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, ААТ «Белкніга», Інстытута журналістыкі БДУ.

Вось некаторыя, самыя яскравыя вынікі даследавання, што было праведзенае Лабараторыяй «Новак» праз тэлефонныя інтэрв'ю ў Мінску, абласных і раённых гарадах, вёсках. Паводле сацыёлага Лідзіі Міхеевай, даследаванне ахапіла 1.000 рэспандэнтаў розных узростаў і заняткаў.

Мастацкую літаратуру хоць бы раз у месяц чытаюць каля 57,9% беларусаў. Колькасць людзей, якія ў прынцыпе не чытаюць кніг, складае каля 19%. У 2011 годзе (тады было праведзенае аналагічнае даследаванне) апытаныя выбіралі дэтэктывы, жаночыя раманы і фантастыку, у 2014 годзе палепшылі свае пазіцыі класічная літаратура і кнігі па гісторыі.

На пытанне «На якой мове Вы чытаеце мастацкую літаратуру?», якое давала магчымасць выбару некалькіх варыянтаў, 99,4% рэспандэнтаў назвала рускую, і 27,7% – рускую і беларускую мовы. На пытанне «Літаратуры на якой мове Вы аддаяце перавагу?» 93,7% адказалі «На рускай» і толькі 5% – «На беларускай мове». На беларускай, у параўнанні з даследаваннем 2011 года, сталі чытаць нашмат меней – тады на карысць чытання на беларускай мове выказаліся 13,8%.

На думку большасці рэспандэнтаў, культуру чытання фарміруе агульнаадукацыйная школа і гуманітарныя прадметы, і толькі потым уплыў бацькоў і навучанне ва ўніверсітэце.

Большасць апытаных на змаглі назваць нікога, адказваючы на пытанне «Якіх сучасных беларускіх пісьменнікаў вы ведаеце?».

80 % рэспандэнтаў ніколі не наведвалі літаратурныя мерапрыемствы, 15 % зрэдку бываюць на такіх імпрэзах.

Што да ролі дзяржавы ў развіцці культуры чытання, то траціна рэспандэнтаў адзначыла, што дзяржава робіць дзеля гэтага няшмат, і ёй варта ўзмацніць сваю падтрымку.

Адметна, што большасць апытаных лічыць самымі дзейснымі мерамі, якія змогуць палепшыць сітуацыю, павелічэнне колькасці заняткаў па мове і літаратуры ў школе, тэматычных праграм на тэлебачанні, аглядаў у СМІ.

Паводле Лідзіі Міхеевай, галоўная выснова – гэта тое, што агульная цікавасць да беларускай літаратуры расце, але родная мова як мова чытання год ад года страчвае свае пазіцыі.

Старшыня СБП Барыс Пятровіч нагадаў удзельнікам круглага стала, што ў апошнія дзесяцігоддзі пяцёра беларускіх пісьменнікаў - Васіль Быкаў, Алесь Разанаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Святлана Алексіевіч – былі намінтамі на Нобелеўскую прэмію, што сведчыць пра ўзровень беларускай літаратуры. Існуюць літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча і прэмія імя Ежы Гедройца.

- І тым не менш, вымушаны канстатаваць, што ў цэлым інтарэс да беларускамоўнай літаратуры падае. Чаму так сталася? У нашых рэаліях адказ, здавалася б, навідавоку. Мы ведаем, што пачынаючы с 1995 году, а гэта амаль два пакаленні вучняў школ, падае колькасць вучняў, што вывучаюць беларускую мову ў школах, увогуле змяншаецца колькасць беларускіх школ. Прычым, зніжаецца катастрафічна. Да прыкладу, ні ў адным з абласных гарадоў на сёння няма беларускіх школ. У 300-тысячным Магілёве толькі адна дзяўчынка вучыцца на беларускай мове. На 300 тысяч жыхароў у нас адзін патэнцыйны чытач і ён жа адзін патэнцыйны аўтар.

Барыс Пятровіч зазначыў, што пра стан беларускай мовы ўжо загаварылі і прадстаўнікі беларускай улады, але «добра было б, каб словы не разыходзіліся са справай».

Інга Пінголь, настаўніца беларускай мовы і літаратуры з 12-гадовым стажам, а зараз навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі, лічыць вартым ужытку «раскрутку» беларускіх аўтараў, у тым ліку праз акцыі, якія б дазволілі дзецям нестандартна ўспрымаць класічную літаратуру».

Другім важным накірункам яна называе змяненне методыкі выкладання літаратуры ў школе.

- Сёння важна распрацоўваць метадычныя сродкі, якія б дапамагалі зразумець мову мастацкага тэксту, раскрываць асобасныя сэнсы, выхоўваць таленавітага чытача. Гэта няпроста, бо патрэбна мяняць самога настаўніка.

На думку прадстаўніцы Нацыянальнага інстытута адукацыі, галоўны вынік круглага стала – гэта тое, што «ёсць узаемапаразуменне, ёсць імкненне да кансалідацыі творчых сіл дзеля таго, каб пашырыць сферу папулярнасці беларускай літаратуры сярод беларусаў самых розных узростаў».

- Ёсць правільнае разуменне праблемы з розных бакоў, - зазначыла Інга Пінголь у каментары Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі». - Вельмі цікава суаднесці пазіцыі, каб палепшыць сітуацыю з беларускай літаратурай, беларускай мовай і ўвогуле самасвядомасцю беларусаў.

Намеснік старшыні СБП Алесь Пашкевіч у размове з карэспандэнтам Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» назваў агучаныя вынікі даследавання «калі не катастрофай, то блізка да гэтага».

- Але калі бы ў нас не было веры ў лепшае, мы б не займаліся арганізацыяй падобных мерапрыемстваў. Большасць пісьменнікаў Беларусі піша па-беларуску, большасць жыхароў Беларусі не ведае беларускай мовы. Гэтыя дзве палярныя катэгорыі мы б хацелі неяк ураўнаважыць. Хаця б і цягам дзесяцігоддзяў. Натуральна, гэтага не зрабіць за год ці два. Мяне вельмі непакоіць рэзкае павелічэнне колькасці людзей, якія кажуць, што недастаткова валодаюць беларускай мовай, каб на ёй чытаць. І гэта цягам трох гадоў – калі ў 2011 годзе 14% недастаткова валодалі, то ў 2014-м – ужо 40%. Пачынаць вырашаць гэтыя праблемы, натуральна, трэба калегіяльна. Без дзяржаўных органаў, без дзяржаўнай зацікаўленасці ніводная грамадская арганізацыя не зможа вырашыць гэтай сітуацыі, бо яна – агульнанацыянальная, зрэз гэтых праблем вырашальны, у першую чаргу, якраз сродкамі законапраектаў. Таму, не зважаючы на вялікія праблемы, але ўсё ж трэба канстатаваць, што і ў дзяржаўных інстытуцый у апошнія месяцы зацікаўленасць гэтай праблематыкай расце.

Круглы стол завяршыўся абмеркаваннем прапаноў, з якімі варта звярнуцца ў Міністэрствы адукацыі, інфармацыі і культуры Рэспублікі Беларусь, каб змяніць сітуацыю. Дакумент знаходзіцца ў дапрацоўцы, але некалькі прапаноў Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» прыводзіць да ўвагі сваіх чытачоў.

Да Міністэрства адукацыі:

- павялічыць колькасць гадзінаў выкладання беларускай літаратуры і мовы ў школе;

- перагледзець школьныя і ўніверсітэцкія праграмы па беларускай літаратуры і мове;

- павялічыць колькасць беларускамоўных садкоў і беларускамоўных груп у садках;

- стварыць цалкам беларускамоўную вышэйшую навучальную ўстанову;

- забяспечыць пісьменнікам, незалежна ад іх сяброўства ў творчых арганізацыях, роўны доступ да правядзення сустрэчаў з чытачамі ў навучальных установах краіны.

Да Міністэрства інфармацыі:

- павялічыць колькасць беларускамоўных перадач з удзелам сучасных беларускіх літаратараў на цэнтральных і рэгіянальных тэлеканалах, а таксама перадач, прысвечаных кніжным навінкам;

- увесці ці аднавіць рубрыкі, прысвечаныя навінкам беларускай літаратуры, у газетах;

- забяспечыць роўны доступ да сеткі кніжнага гандлю і бібліятэчнага калектару для дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтваў;

-аднавіць кніжныя аддзелы ў крамах буйных мястэчак і аграгарадкоў.

Да Міністэрства культуры:

- забяспечыць пісьменнікам, незалежна ад іх сяброўства ў творчых арганізацыях, роўны доступ да правядзення сустрэчаў з чытачамі ў навучальных установах і бібліятэках краіны;

- выйсці з хадайніцтвам да Савета міністраў істотна паменшыць падаткі на выраб і продаж кніжнай прадукцыі кнігавыдаўцоў у Беларусі.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео