BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

17 верасня 1939 года – чаму ўлада забылася на юбілей?

28.09.2014 Пётр Кухта, "ЕўраБеларусь"
17 верасня 1939 года – чаму ўлада забылася на юбілей?
75-годдзе далучэння Заходняй Беларусі да БССР праз вераснёўскі паход Чырвонай арміі (з другога боку Рэч Паспалітую нішчылі хаўруснікі Крамля з Берліну) дзяржава сціпла замаўчала.

Галоўнай падзеяй гэтых угодкаў, на жаль, стала забароны выставы «Заходнебеларуская Атлантыда», якую зладзіў у Заслаўі гісторык Ігар Мельнікаў. Выстава ўнікальная – з артэфактамі таго часу, здымкамі, ваеннай амуніцыяй, паштоўкамі, выданнямі і г.д. На думку ідэолага Мінскага аблвыканкама Руслана Трухана, «такая выстава прыніжае ролю СССР, правапераемніцай якой з’яўляецца Беларусь, а значыць прыніжае і саму Беларусь». Выстава ў выніку прапрацавала два дні, бо дырэктар заслаўскага музею Мікалай Паграноўскі паспрабаваў адкрыць яе пад асабістую адказнасць. Але ідэолагі абралі правераны спосаб: былі выкліканыя спецыялісты МЧС, якія знайшлі небяспеку ў праводцы. І гэта пасля нядаўняга грандыёзнага святкавання Дня пісьменства ў Заслаўі.

Дзяржаўная ж прэса, фактычна, абыйшла юбілейную дату маўчаннем, хаця 70-годзе на афіцыйным узроўні было адзначанае. Чаму? Каб знайсці адказ на гэтае пытанне Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» наведала Міжнародную навуковую канферэнцыю «Верасень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі», што зладзілі на 26-27 верасня Беларускі архіў вуснай гісторыі, Інстытут славістыкі ПАН (Варшава) і Лятучы ўніверсітэт.

Меркаванне гісторыка Ігара Мельнікава

Я лічу, што, на жаль, гэта тэндэнцыя, але вельмі дзіўная тэндэнцыя, таму што нават у сучаснай расійскай прэсе, у выданнях, напрыклад, «КоммерсантЪ», «Огонек» былі артыкулы, прысвечаныя 75-й гадавіне пачатку Другой Сусветнай вайны і ўз'яднанню 1939 года. І гэта Расія, якая вядзе зараз выразна імперскую палітыку, але яны дату заўважылі, прапісалі. У нас у Беларусі ў дзяржаўных выданнях нават не было ўзгадак у календары. Гэтая выстава была прысвечана ўсё ж больш не да 17 верасня 1939 года – да 1 верасня. Што праўда, гэтую дату таксама ніхто ў нас не згадаў, Еўропа і Расія ўзгадалі, а ў Беларусі нібы яе і не было. Я ставіў акцэнт гэтай выставай менавіта на ўдзеле беларусаў у змаганні з нацыстамі з першага дня Другой Сусветнай вайны. Але без 17 верасня яе таксама немагчыма паказаць, таму, безумоўна, частка гэтай выставы была прысвечана і гэтай даце. Акцэнтаў нейкіх на выставе не рабілася, паказвалася праўда, прычым у такой форме, каб яна была даступнай і не адмыслоўцам – праз здымкі, праз артэфакты, праз дакументы. Я проста даваў арыгінальныя прадметы, а людзі, якія прыходзілі, маглі пачытаць пачатковую інфармацыю пра што ўвогуле ідзе гаворка ў тым ці іншым блоку выставы. І мы былі здзіўленыя, што ў першы дзень адкрыцця прыйшло амаль 60 чалавек. І большая частка гэтых людзей мела нейкія сувязі з Заходняй Беларуссю: продкі жылі, нехта служыў у Войску Польскім, але чаму яны там былі ў той Польшчы, як гэта ўсё адбывалася – яны не мелі аніякага ўяўлення. І менавіта праз гэтую выставу трэба было падаць інфармацыю, таму што нейкі навуковы артыкул будзе чытаць дзесяць гісторыкаў, але грамадства не будзе чытаць такое вузкаспецыяльнае нейкае даследаванне – нецікава шырокаму колу людзей гэта. Трэба даць менавіта лёгкую, цікавую, даступна патлумачаную гісторыю, але не прымітыўную.

І вось тут з'яўляецца нейкая «прыватная» ініцыятыва ідэолага, які ўбачыў у гэтай выставе небяспеку таго, што яна быццам бы неяк прыніжае ролю Савецкага Саюзу. Больш таго, там і адміністрацыя Заслаўя паўдзельнічала ў гэтым – яны не разумелі ўвогуле што да чаго, убачылі фігуру польскага жаўнера, фігуру чырвонаармейца – і пытаюць: «А з кім яны ваявалі, хто гэта былі такія?». У нас у музеі Вялікай Айчыннай вайны нават і ўзгадкаў няма пра ўдзел гэтай Польшчы ў антыгітлераўскай кааліцыі, прычым што Польшча валодала трэцім па ліку войскам у гэтай вайне. І што быў вельмі моцны беларускі акцэнт у гэтым удзеле. Беларусы змагаліся з 1 верасня 1939 года з нацыстамі, беларусы змагаліся пасля амністыі 1941 года ў арміі Андэрса. Можам узгадаць і бітву пры Монтэ-Касіна, іншыя – гэта таксама наша беларуская гісторыя. Палякі гэта добра ведаюць, беларусы – увогуле не ведаюць. І варта гэта паказваць менавіта праз музеі. А што мы бачым у музеі Вялікай Айчыннай? Некалькі здымкаў Янкі Брыля 1939 года, што быў дэсантнікам у Войску Польскім, некалькі ўзгадак пра вераснёўскую савецкую кампанію – і ўсё. Але я ведаю, што ў музеі Вялікай Айчыннай ёсць процьма дакументаў беларусаў, якія ўдзельнічалі ў Другой Сусветнай з першага дня вайны. Чаму іх не паказаць? Нашу выставу закрылі. Шкада, але такім чынам была і прыцягнутая ўвага. І з гэтага зразумела, што патрэба ў такіх выставах, такой інфармацыі ў нашым грамадстве ёсць. Але сітуацыя вакол «Заходнебеларускай Атлантыды» яшчэ раз паказала, што менавіта смага да гістарычных ведаў па Заходняй Беларусі вельмі вялікая. І трэба на гэтую смагу даваць не толькі кнігі ды артыкулы – трэба даваць жывую гісторыю, тое, напрыклад, чым займаецца Беларускі архіў вуснай гісторыі – жывыя ўспаміны людзей, што жылі ў тую пару, артыкулы ў Сеціве, напісаныя даступнай мовай. Паглядзіце на тых жа палякаў ці брытанцаў – яны даўно зрабілі гісторыю даступнай для грамадства.

Што да афіцыйнага маўчання, то гэта вельмі дзіўна сапраўды, бо ў 2009 годзе на 70-годдзе ўз'яднання было шмат артыкулаў, былі заклікі зрабіць афіцыйнае свята 17 верасня. А тут быццам бы не заўважылі. Бачаць менавіта заходні акцэнт, вось такі польскі акцэнт ва ўсім гэтым. І гэта вельмі праблемна, што падзеі 17 верасня і падзеі 1 верасня менавіта звязваюць з Польшчай. Трэба неяк абстрагавацца ад гэтага, тым больш, што ўдзел 70 тысяч беларусаў у барацьбе з нацызмам упісваюцца ў канцэпт афіцыйнай беларускай ідэалогіі. Тут няма ніякіях супярэчнасцей! Мы падкрэсліваем паўсюдна, што беларусы з першага дня Другой Сусветнай вайны змагаліся з нацызмам, няхай не ў савецкіх мундзірах, але – супраць нацыстаў. Гэта проста старыя савецкія штампы, якія шкодзяць аб'ектыўнаму і глыбокаму аналізу нашай айчыннай гісторыі.

Меркаванне гісторыка Алеся Смалянчука:

У часы ўжо Рэспублікі Беларусь гэтай даце менш увагі надавалася, чым за СССР. Але ўсё ж 70-годдзе было заўважным, былі публікацыі, была спроба з дзяржаўнага боку неяк усё гэта асэнсаваць, захаваўшы выразна савецкае стаўленне да 17 верасня. Але 75-годдзе прайшло абсалютна маўкліва. Думаю, тут розныя моманты дзейнічаюць. Між іншым, можна казаць, што не вельмі жадаюць падкрэсліваць нацыянальны характар гэтай падзеі. Бо вядомае стаўленне дзяржаўных структур да ўсяго нацыянальнага. Яны гэтага баяцца больш, чым працэсаў русіфікацыі і г.д. Іншы момант, на які трэба звярнуць увагу, гэта тое, што падзея не ўпісваецца неяк у сённяшнюю ідэалогію. У Савецкім Саюзе ўсё было зразумела і проста, зараз, магчыма, ёсць разуменне, што 17 верасня як свята цяжка адзначаць, бо гэта ўсё ж пачатак вайны для Беларусі. Можа 2 лістапада нешта з'явіцца – у гэты дзень Вярхоўны савет СССР афіцыйна зацвердзіў далучэнне. Гэтую дату ўжо можна неяк адарваць ад непасрэдна вайны.

Меркаванне гісторыка Ігара Кузняцова:

Можна нават дынаміку прасачыць. Да 60-годдзя быў выдадзены зборнік Інстытутам гісторыі Акадэміі навук, да 70-годдзя, паралельна ветэранскімі арганізацыямі ставілася пытанне зрабіць гэтую дату святочным днём. У гэтым годзе я ўзяў 17 верасня дзве газеты - «Звязду» і «Советскую Белоруссию». У «Звяздзе» - 17 верасня ў Скідалі пачалося антыпольскае паўстанне, у «СБ» - 17 верасня Заходняя ваенная акруга пераўтвораная ў Беларускі фронт. У гэтым годзе Інстытут гісторыі правёў дзяжурны круглы стол, але, праўда, зноў выпусціў двухтомнік - «Ад Рыжскай дамовы да 1939 года». Зборнік вытрыманы ў рэчышчы савецкай гістарыяграфіі, нават не беларускай.

Я думаю, што тут спрацоўваюць два стэрэатыпы. Па-першае, у апошнія гады ў беларускай ідэалогіі вельмі выразна праяўляецца ігнараванне падзеяў. І асабоіва тых падзеяў, на якія рэагуюць прадстаўнікі неафіцыйнай плыні. Аршанская бітва, напрыклад. Па-другое, трэба адказваць на пытанні, пытанні кшталту 23 жніўня і пакта Молатава-Рыбентропа. Што, адкуль, навошта... І ідэолагі зрабілі так: 23 жніўня ўвогуле ніяк не пазначанае ў сёняшняй афіцыйнай прэсе, 17 верасня – дзяжурным напамінам пра нейкую другасную падзею. Вырашылі без акцэнтаў. Але самі ж паставілі акцэнт закрыццём выставы Ігара Мельнікава. І звялі ўвесь запланаваны эфект да нуля. Ідэалагічна не спрацавала задума.

Звярну ўвагу і на тое, што аўдыторыя Лукашэнкі, на якую ён абапіраўся ў 1994 годзе, пастарэла – ім ужо далёка за 80. І навошта ідэолагам зараз траціць высілкі, каб патрафляць ветэранам і патрыётам СССР? Каб яны актыўна пісалі нейкія звароты пра належную памяць пра «вызваленчы паход», то ідэолагі б зрэагавалі, канешне. Не было актыўнай перапіскі з уладай – улада вырашыла і прамаўчаць. Не было каманды ўскласці кветкі да помнікаў у райцэнтрах – ну і не ўсклалі.

Альтэрнатыўныя мерапрыемствы былі. Але ж і тут розныя плыні. Але давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Так, 17 верасня спрыяла аб'яднанню беларускага і ўкраінскага народаў, але зроблена было гэта супрацьпраўнымі сродкамі, агрэсіяй. І гэта зараз не лепшы прыклад. Ну вось народ Крыма «папрасіў» - і іх таксама «прыядналі». Працоўныя Заходняй Беларусі нікога таксама не прасілі – невядомыя гісторыкам аніякія дакументальныя звароты. Вядомая толькі дамова СССР і Трэцяга Рэйху. Калі на шалі вагаў пакласці радасць ад аб'яднання і крывавыя наступствы, то наступствы пераважаць. Аб'яднанне павінна было адбыцца ў межах нейкіх паступовых дэмакратычных працэсаў, а не любым коштам.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео