BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Жыццё і смерць краёўца

26.09.2014 Пётр Кухта, "ЕўраБеларусь"
Жыццё і смерць краёўца
Добрая навіна ад гісторыка Алеся Смалянчука – палова кнігі пра Рамана Скірмунта ўжо напісаная. Спадзяемся, што другая частка будзе неўзабаве.

Гісторык Алесь Смалянчук у межах цыкла публічных лекцый «Галоўнае пытанне» Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь» выступіў з адкрытай лекцыяй «Жыццяпіс Рамана Скірмунта як выклік для гісторыка».

Чаму Скірмунт

Лятучы ўніверсітэт канцэнтруецца на міждысцыплінарных накірунках, але тут якраз канкрэтная гісторыя аднаго гісторыка і аднаго палітыка.

На публічную арэну Раман Скірмунт упершыню выходзіць напачатку ХХ стагоддзя як адзін са стваральнікаў Палескага таварыства ўзаемнага крэдыту, Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. То бок такі гаспадарчы чалавек, чалавек справы. У 1904 годзе ў Львове выходзяць дзве яго невялікія кнігі, дзе ён фактычна выкладае асновы Краёвай ідэалогіі, выступае ўпершыню як краёвец. Этнакультурны, этналінгвістычны нацыяналізм на той час ужо прыйшоў у Беларусь і Літву, там галоўныя крытэрыі нацыі – гэта мова, культура, гістарычная памяць. Краёўцы ж прапануюць іншы падыход, больш палітычны ці грамадзянскі. Калі ты лічышся грамадзянінам беларуска-літоўскага краю, то незалежна ад паходжання, ад таго, якая мова родная і г.д., ты належыш да нацыі ліцьвінаў. Нацыі, якая яднае ўсіх, хто з'яўляецца патрыётам ці лічыць сябе грамадзянінам краю. Выйшла гэтая ідэя з асяродку палякаў, потым першая рэвалюцыя ў Расійскай імперыі, якая шмат што змяняе – пачынаецца палітычнае жыццё, якога раней краіна не ведала. Скірмунта абіраюць дэпутатам Першай Дзяржаўнай думы, дзе ён праславіўся на ўсю тагачасную Расію, бо цэнтральным пытаннем той думы было пытанне зямлі – прапаноўвалася нацыяналізацыя ўсіх зямель. Ідэя была вельмі папулярная, а Скірмунт быў адзін з тых, хто адкрыта і вельмі рэзка выступіў супраць гэтай ідэі, таму адразу атрымаў цэтлік «ворага народу». Гэта была ягоная прынцыповая пазіцыя, якую ён тлумачыў тым, што нацыяналізацыя зямлі зробіць уласнікам не рабочага чалавека, селяніна, а бюракрата.

Пазней Скірмунт спрабуе стварыць Краёвую партыю Літвы і Беларусі, у 1916 годзе далучаецца да беларускага нацыянальнага руху, у маі 1918 года пачынае фармаваць урад Беларускай народнай рэспублікі, прэм'ерам якой на кароткі час становіцца, едзе ва Ўкраіну весці перамовы наконт межаў, бо Ўкраіна тады прэтэндавала на ўсё Палессе. Беларускі эпізод біяграфіі абрываецца Рыжскім мірам, які перакрэсліў абсалютна ўсе намаганні адстаяць БНР. Скірмунт спрабуе сарваць ратыфікацыю Рыжскага міру ў польскім Сейме, але нічога з гэтага не выйшла.

Потым была праца ў маёнтку, які быў разбураны падчас Першай Сусветнай вайны. Вяртаецца Скірмунт у вялікую палітыку ў 1932 годзе, калі абіраецца сенатарам Другой Рэчы Паспалітай. На пачатку кастрычніка 1939 года быў забіты ў сваім Парэччы.

Кніга

Збіраў матэрыялы ў розных архівах – Расіі, Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны. Біяграфістыка апошнім часам вылучылася ў асобную галіну гуманітарных ведаў і належыць яна сферы міждысцыплінарнасці, дзе апроч гісторыі прысутнічаюць псіхалогія, антрапалогія, культуралогія. Чалавек разглядаецца як біясацыяльная сістэма, феномен прыроды і гісторыі, Прынцыповы момант – зразумець іншага чалавека як непаўторнага, як элемент пэўнай гістарычнай эпохі. Біяграфістыка савецкай школы зводзіцца да адлюстравання грамадска-палітычнай дзейнасці, а для мяне асабіста вельмі важна зразумець матывы паводзінаў асобы. І пазбавіцца ад філасофіі падазрэння, уласцівай зноў жа савецкай школе. Ёсць і небяспека падмены, калі ты праз біяграфію асобы прасоўваеш свае светапогляды. Таму ў напісанні біяграфіі добра браць паўзы, павінен быць час для самарэфлексіі даследчыка. Будучая кніга памяняла ўжо чатыры назвы. Першы варыянт: «Раман Скірмунт. Шлях да Беларусі».

Калі патрапіў у Парэчча, то дамінуючай стала тэма забойства Скірмунта. Дагэтуль яна, мяркую, галоўная падзея для мясцовых жыхароў старэйшага пакалення. Забойствы былі два. Фізічнае ў кастрычніку 1939 года, а потым забойства, зробленае савецкімі беларускімі гісторыкамі. У нейкі момант Скірмунт становіцца сімвалам прыгнёту, здзеку, сімвалам самага вялікага няшчасця беларускага народа. Прычым, знікае імя нават – а Скірмунтаў было шмат. Застаецца толькі памешчык Скірмунт, які ў разныя часы і эпохі аднолькава жудасна нішчыць беларускіх людзей. Другі варыянт: «Апалогія Рамана Скірмунта».

Трэці варыянт: «Супраць плыні». Нонканфармізм Скірмунта, які прыстунічае пастаянна. У яго быў заўсёды канфлікт з большасцю.

Апошні варыянт: «Раман Скірмунт. Жыццяпіс краёўца».

1939 – смерць краёўца

Смерць, як самая трагічная старонка жыцця надае нейкую цэльнасць і магчымасць адчуць, убачыць, зразумець нейкі сэнс таго, што адбывалася. А ў сітуацыі са Скірмунтам вельмі трагічна ўсё выглядае. Чалавек, які клапаціўся пра народ і ў шырокім сэнсе, і ў сваім Парэччы, належыў да такога традыцыйнага тыпу пана-апекуна – быў забіты ў сваёй вёсцы, сваімі ж сялянамі. Гэтая смерць штурхае і да іншага – ну вось як ацэньваць той самы 1939 год? Гэты 75-гадовы юбілей праходзіць неяк так ціха, сціпла, ніяк. Я спецыяльна 17 верасня купіў сабе стос афіцыйнай і недзяржаўнай прэсы – і адзіная згадка пра 1939 год была інфармацыяй у «Народнай волі» пра забарону выставы Ігара Мельнікава ў Заслаўі. Усе адмаўчаліся. На сайце кіраўніка дзяржавы – віншаванне з 75-годдзем прэзідэнта Кыргызстана і 75-годдзем рэжысёра і акцёра Уладзіміра Мяньшова. Больш нічога.

Гаворачы пра таго ж Скірмунта, тут сутыкаешся з тым, што не проста там трагедыя, забойства, а з тым, што такія рэчы часта рабіліся рукамі саміх беларусаў. Такі вось унёсак у сваю гісторыю. Зноў жа, гэта не з'яўляецца нейкай таямніцай, але ў нас пра гэта не прынята казаць. Мы – талерантны народ. Мы ўсіх любім, праўда, тая талерантнасць часцей на суседзяў распаўсюджваецца, на саміх сябе – не надта. Здаецца, пра гэта таксама трэба казаць і пісаць.

Парадоксы краёвасці

Пра гэта вельмі добра сказаў адзін з ідэолагаў краёвасці Міхал Ромер ў лісце да Юзэфа Пілсудскага ў 1920 годзе: «Разумею трагедыю літоўскіх палякаў, якія не з'яўляюцца ні літоўцамі, ні палякамі. Сам належу да іх. У гістарычныя часы блізкасці Польшчы і Літвы гэтая падвоенасць можа мець плён, у перыяд разыходжання яна становіцца вельмі цяжкай». Скірмунт якраз належыў да літоўскіх палякаў. У чым тут выклік? У нашай гістарыяграфіі вельмі проста трактуюцца гэтыя з'явы: ёсць палякі, ёсць літоўцы, ёсць беларусы, ёсць расейцы. А тут з'яўляецца нейкая катэгорыя, якая паміж гэтага ўсяго. Куды іх дзець? Яны хто? Гэтыя людзі, якія і тыя, і тыя? Яны палякі-інтрыганы, якія толькі падманваюць сваёй літоўскасцю ці беларускасцю, ці яны патрыёты сваёй зямлі? Зараз з'яўляюцца працы, якія пачынаюць паціху іх уключаць у беларускую гісторыю, прынамсі, не выкідаюць іх увогуле. У краёвасці было ўсё вельмі складана, вельмі няпроста. Сітуацыю трэба неяк тлумачыць, чаму гэта ўвогуле нараджаецца, чаму Скірмунт выступае з краёвай праграмай менавіта ў 1904 годзе. 1902-1903 гады – пачатак вельмі вострай польска-літоўскай спрэчкі якраз наконт таго, хто ліцьвін, хто паляк. Спрэчка, якую зараз часта называюць супрацьстаяннем паміж младаліцьвінамі і стараліцьвінамі. Стараліцьвіны – гэта, напрыклад, Міцкевіч (літовец па паходжанні, паляк па нацынальнасці), а младаліцьвіны – літоўскі нацыянальны рух з вельмі выразнай этна-культурнай пазіцыяй. Выступ Скірмунта з Палесся і краёўцаў – гэта спроба захавацца неяк на гэтай зямлі, бо, відавочна, старая канцэпцыя развальвалася. Каб нацыянальныя рухі не разарвалі гэтую зямлю, каб яна засталася адзінай і г.д. Але матывы краёвасці Скірмунта былі розныя ў розныя перыяды ягонага жыцця. У нейкі момант выразна з'яўляецца ягоная беларушчына ва ўсім гэтым, якой не было зусім на пачатку. У яго была Літва і Русь, потым Русь знікае – з'яўляецца Беларусь.

Цікава, што падчас сенатарства ў Сейме беларушчыны ў выступах і лістах Скірмунта амаль няма. А вось перыяд 1916-1918 гадоў можна назваць выразна беларускім. Шмат цікавых момантаў. Напрыклад, падчас гэтага перыяда Раман Скірмунт вельмі часта кантактуе з польскімі коламі. Для яго было вельмі важным дасягнуць нейкага паяднання, паразумення польска-беларускага. Можа таму, што не адчуваў, што беларусы не маюць патрэбнай сілы, каб самім дабіцца гэтай самастойнасці? Тут няма сумневаў, што Скірмунт выступае менавіта як палітык БНР, але пры гэтым увесь час ідуць нейкія кантакты з палякамі.

Годнасць

Раман Скірмунт спакойна паводзіў сябе перад смерцю, размаўляў з забойцамі. Яму загадалі адвярнуцца, каб стрэліць у патыліцу, але ён сказаў, што ніколі ад людзей не адварочваўся, вочы не хаваў. Адкуль вядома? Самі ж забойцы і расказвалі па вёсцы, былі, бачна, уражаныя...

Відэазапіс адкрытай лекцыі:

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео