BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Лятучы ўніверсітэт - выспа акадэмічнай свабоды і татальнага эксперыменту

10.09.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Лятучы ўніверсітэт - выспа акадэмічнай свабоды і татальнага эксперыменту
Акции / Фото
9 верасня Лятучы ўніверсітэт абвесціў пра пачатак новага навучальнага сезона.

Імпрэза "Універсітэт і сучаснасць" з нагоды пачатку ўніверсітэцкага года ў Лятучым адбылася 9 верасня ў крэатыўнай прасторы "ЦЭХ" у Мінску.

Яна сабрала вядомых беларускіх філосафаў, культуролагаў, тэолагаў і дызайнераў, якія выкладаюць ва ўніверсітэце, а таксама ўсіх зацікаўленых справай Лятучага і мыслення разам.

Чальцы калегіума Лятучага распавялі пра свае уяўленні, развагі і пытанні, з якімі распачынаюць працу ў новым навучальным годзе. 

Служыць ісціне

Філосаф, метадалог і кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюма "ЕўраБеларусь" Уладзімір Мацкевіч:

- Што ёсць сучасны ўніверсітэт? Роўны сярод роўных, сярэдні сярод сярэдніх, ці той, на які раўняюцца з часам? Што такое сучаснасць? Здольнасць паспяваць за рухам часу, вельмі-вельмі хутка бяжаць, каб заставацца на месцы.

Філаматы і філарэты былі сучаснымі таму часу і таму свету, таму дагэтуль з’яўляюцца ўзорамі для нас. Мода, як сурагат сучаснасці, заснаваная на перайманні. Але ёсць тыя, каго пераймаюць, і тыя, хто пераймае. І няма ў гэтым нічога крыўднага. Уся культура цывілізацый заснаваная на прыпадабненні, перайманні.

На пустым месцы немажліва сучаснасць. Універсітэт - гэта супольнасць людзей, якія абавязаліся служыць ісціне, якія даюць такое абяцанне адзін аднаму перад тварам усяго свету. Служыць не заснавальніку, не спонсару, не пакупніку адукацыйных паслугаў, але ісціне.

Плечы гіганта

Бібліст, багаслоў і філосаф Ірына Дубянецкая:

- Яшчэ Эклезіяст казаў пра адсутнасць новага: "Усё, што было, ёсць цяпер. А ўсё, што будзе, ужо было". Гэта так. Але новае ствараецца штораз. І штораз па-іншаму ўзнаўляецца. І гэта адна з нашых вялікіх праблемаў ці заганаў, што ў кожнага з нас вельмі кароткая памяць. Мы сапраўды вельмі мала што можам месціць у сабе, але мы стараемся.

Наша калектыўная памяць таксама кароткая. Нават на тое, што было не так даўно. Мы вельмі часта жывем нібыта з чыстага аркуша. І мы не патрапляем туды, куды хочам патрапіць праз тое, што паўтараем старыя памылкі, пра якія проста не памятаем. Працуючы са старажытнымі цывілізацыямі, вельмі добра бачу, што нашыя адкрыцці былі даўным даўно зробленыя, але проста забытыя.

І для таго, каб усведамляць сябе, гэтая памяць павінна быць. Памяць - гэта, відаць, большая частка чалавечай свядомасці. Магчымасць нашай супольнасці, краіны развівацца і рухацца далей.

Універсітэт, відаць, той гігант, на плечы якога можна стаць, таму што ён збірае накопленыя веды, прырошчвае іх і спрабуе нанова асэнсаваць. Але адначасова ўніверсітэт ёсць і той, хто стаіць на плячох гэтага гіганта. Той, хто можа зазірнуць у будучыню з вяршыні пройдзенага.

Разам у супольным прырошчванні і пошуку ведаў, праўды мы можам развівацца і індывідуальна, і развіваць агульнае, каштоўнае для ўсіх нас - нашую краіну ці ўвогуле чалавечую супольнасць.

Сёлета ў Лятучым універсітэце мы, безумоўна, будзем далей шукаць праўды, шукаць новыя інтэрпрэтацыі таго, што было, і новыя разуменні таго, что ёсць і будзе.

З самалёціку глядзець на "Макдональдс"

Філосаф і літаратар Ігар Бабкоў:

- Ірына Дубянецкая казала вельмі сур’ёзныя рэчы. А я б хацеў расслабіцца і пагаварыць пра прыгожы самалёцік, які з’явіўся ў якасці сімвала Лятучага ўніверсітэта.

Сёння мы гаварылі з Уладзімірам Мацкевічам пра катастрофу інтэлектуалаў, пра тое, што ўніверсітэты ва ўсім свеце пераўтвараюцца ў такія фаст-фуды, інтэлектуальныя "Макдональдсы", якія заклікаюць бакалаўраў на працу. І пра тое, што рабіць у гэтай сітуацыі катастрофы.

Такога бяспечнага месца, якім былі раней для інтэлектуалаў, для навукоўцаў акадэмія і ўніверсітэт, на сёння не існуе. Трэба прыдумваць нешта іншае.

Мне хочацца звярнуць увагу на самалёцік. Вось як я бачу рэцэпт выйсця з катастрофы: гэта ўзвысіцца, не губляць вышыню. Ясна, што ў гэтым маленькім самалёціку страшна: там трасе, турбуленцыя, не ясна, ці ведае пілот, куды ён ляціць. Але высока і прыгожа. І з вышыні бачна ўсё зусім па-іншаму.    

Палёты птушкі і камяня

Філосаф, лінгвіст, санскрытолаг, паэт Міхаіл Баярын:

- Лятучы ўніверсітэт для мяне - гэта лятучая форма. Я маю на ўвазе тое, што адрознівае камень і птушку. Камень ляжыць, птушка сядзіць, камень ляціць, і птушка ляціць, але гэта зусім розныя падзеі. Тая свабода, якая ёсць у птушкі - ляцець направа ці налева. І тая свабода, якой няма ў камяня, які ляціць, - ім рухае нечая воля.

І нашая краіна сёння - гэта, па сутнасці, камень яшчэ, а не птушка.

Другі тэзіс, які я хацеў сказаць: сучасны ўніверсітэт ператвараецца ў інтэрфэйс. Лятучы ўніверсітэт - інтэрфэйс для культурнай эліты, для людзей, якія здольныя ствараць і змяняць культуру. Не толькі перадаваць культурную традыцыю, але і змяняць.

Гэта тое, што можа з каменя ператварыць Беларусь у птушку. Зрабіць скачок самасвядомасці нацыі, калі нацыя сама зможа вырашаць - направа ёй ці налева, уверх ці ўніз, а не будзе проста пасіўным аб’ектам у руках іншых народаў і палітычных элітаў іншых культур.

Жукі ў бурштыне

Філосаф Павел Баркоўскі:

- Вельмі рады бачыць столькі людзей, зацікаўленых у тым, каб спрычыніцца да нечага новага ў сваім жыцці, да нейкіх новых магчымасцяў. Досыць даўно знаходзячыся ў Лятучым універсітэце, мушу сказаць, што мы пакрысе сталеем.

Калісьці мяне вельмі збянтэжыла фраза, якую я прачытаў у аднаго нямецкага філосафа: "Не варта імкнуцца быць сучаснікам для кожнай сучаснасці". Я тады не адразу зразумеў, пра што гаворка, а пасля дайшло: не трэба нам імкнуцца рабіць нейкі свой досвед нібыта ўніверсальным. Не трэба спрабаваць знаходзіць сваю належнасць да кожнай эпохі. Так можна згубіцца ў часе і ў прасторы, згубіць сябе і сваю гістарычную памяць.

Тых людзей, якія імкнуцца пазбавіцца ўласнай ангажаванасці, бытавання ў гэтым свеце, у гэтым часе, можа чакаць вялікае расчараванне. Яны могуць застынуць як той жук у бурштыне на мільёны гадоў і заставацца па-за часам, па-за гісторыяй, па-за жыццём.

Трэба рабіцца сучаснікам самім сабе - свайму часу, сваёй прасторы. І абагульняючы свой экзістэнцыйны досвед таго, чаму я дасюль у Лятучым універсітэце, чаму мне цікава штогод уключацца ў дзейнасць гэтага праекта ці праграмы, я адзначыў для сябе тры пункты.

Па-першае, гэта адзіны ўніверсітэт у Беларусі, у якім існуе месца для акадэмічнай свабоды. Гэта адзіная ўстанова, дзе выкладчыкаў і слухачоў нават падштурхоўваюць да таго, каб яны рабілі шмат для самакіравання ўніверсітэта, рабіць яго ўсё лепей, а не выконваць загады адміністрацыі.

Па-другое, Лятучы для мяне - сакральнае месца, дзе збіраюцца неабыякавыя да развіцця мыслення і пошуку ісціны людзі, якія не задаволеныя стандартамі ва ўсім. Лятучы - пляцоўка татальнага эксперыменту. Тут эксперыментуюць усе.

І трэцяе, чаму я вельмі рады і чым вельмі ганаруся: гэты ўніверсітэт для мяне - адзінае вартае месца ў Беларусі, дзе шукаюць адказы на тыя праблемы і выклікі, якія стаяць перад краінай. То бок, гэта сапраўдны беларускі ўніверсітэт. Тут можна здабыць нешта вартае і для сябе, і для сваёй краіны.

Праграму новага навучальнага сезона ў Лятучым універсітэце можна знайсці тут.

Відэазапіс імпрэзы:

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео