BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Як я стаў інтэлектуалам: Ігар Бабкоў

05.09.2014 Віялета Ермакова, Лятучы ўніверсітэт
Як я стаў інтэлектуалам: Ігар Бабкоў
Личности
Сайт Лятучага ўніверсітэта працягвае друкаваць шматсерыйны аповед пра беларускіх інтэлектуалаў. Гэтым разам — аповед пра Ігара Бабкова.

У новым навучальным сезоне Лятучага ўніверсітэта Ігар Бабкоў будзе чытаць курс «Гісторыя беларускай думкі: падзеі, дыскурсы, эпістэмы». Запісацца на курс можна тут.

Чытайце таксама папярэдні аповед з цыклу: Как я стал интеллектуалом: Андрей Егоров.

* * *

Гісторыя пра Ігара Бабкова — ад аўтаркі

Я не вытрымаю, я распавяду. Як Ігар Бабкоў стаў Ігарам Бабковым, вы прачытаеце ніжэй. Але спачатку — некалькі слоў пра маю з ім першую сустрэчу. Магчыма, гэта стане для некага ключыкам да тэксту.

ЕГУ, 2008 год, лета, Вільня, курс па посткаланіяльных тэорыях. Да нас прыходзіць чалавек, пра якога я ведаю толькі яго імя. Ён пачынае гаварыць. Я сумленна спрабую разумець. Але вось няўдача, праз дзесяць хвілін мяне пачынае хіліць у сон. «Хіліць» — гэта мякка сказана, слэнг дае куды больш дакладнае слова — мяне ўсур’ёз «рубіць». Спаць на пары няветліва, мабільных тэлефонаў з Інтэрнэтам яшчэ няма, гэта значыць падзецца зусім няма куды. Ён распавядае, я амаль адключаюся. «Трэба неяк сябе пазабавіць, інакш я засну», — кажу я сам сабе. Але чым пазабавіць? І я вырашыла адгадаць загадку: высветліць, што такога робіць гэты чалавек, што мне хочацца спаць. Пакінула ўсе спробы сачыць за думкай і стала вывучаць яго гаворку. Аказалася, яна выбудаваная ў рытмічныя пасажы і напоўненая метафарамі. Рытмы і метафары, метафары і рытмы, нібыта казку распавядае. Так во-о-ось чаму!

Натхнёная, я штурхаю локцем у бок суседку: «Паліна, Паліна! У яго рытмізаваная гаворка, поўная метафар! Дык ён жа паэт!» «Віола, — строга кажа мне куды больш культурна-прасунутая суседка, — майце гонар. Гэта ж і ёсць даволі вядомы паэт». Я чырванею і змаўкаю.

Але цяпер я ведаю, што трэба рабіць. Паэтаў нельга слухаць, як выкладчыкаў. У іх словах марна шукаць выразную структуру. Іх ідэі не разгортваюцца паслядоўна як матэматычны доказ. Паэты ўмеюць спаць і адначасова ўслых распавядаць свае сны. І лепшае, што можна зрабіць, — гэта «заснуць» і глядзець разам з імі. З тых часоў сны вытворчасці Ігара Бабкова — адны з маіх найлюбых. Успамінаецца анекдот: «Ты яшчэ не бачыў гэты сон? Класны! Абавязкова паглядзі!»

* * *

Як я стаў... Ігарам Бабковым

(Плён супольнай працы Віолы Ермаковай і Ігара Бабкова)

прастора

Я нарадзіўся ў цэнтры Гомеля, на вуліцы Рагачоўскай. Сам горад, яго тапалогія, думаю, на мяне паўплывалі найперш. Нарадзіцца і вырасці ў горадзе, у цэнтры якога знаходзіцца парк і палац, закладзеныя ў эпоху Асветніцтва, — гэта, безумоўна, карма. Спрыяе тапалагічнаму мысленню. Для якога галоўнае — гарманічнае размяшчэнне аб'ектаў у прасторы. Альбо дысгарманічнае, але таксама прадумана дысгарманічнае. Канфліктнае альбо некафліктнае. Яшчэ, можа быць, маштабнасць. Усё ж такі Гомель — гэта горад над Сожам. І вось гэтая прастора, якая адкрываецца, калі падыходзіш да ўскрайку парка, гэты далягляд, адчуванне шырыні... Не так шмат такіх гарадоў у Беларусі. Хаця, можа, і шмат. Гародня, Магілёў...

Доўгі час, калі я з Акудовічам пачаў хадзіць на байдах, для мяне лясныя беларускія рэчачкі, маленькія, зарослыя, былі проста здзекам з ідэі ракі. Таму што архетып ракі для мяне — гэта Сож альбо Дняпро. Штосьці шырокае, разлеглае.

Напалеон Орда. «Палац Румянцавых-Паскевічаў»

правільная карціна свету

Сёння я разумею, што ў маіх бацькоў была правільная карціна свету. І правільны этас. Яны, праўда, пра гэта не ведалі, таму не павучалі, а проста жылі. Бацька — інжынер, геніяльны інжынер, прайшоў шлях ад рабочага да завадзкіх вышыняў. Маці — майстар вытворчага навучання ў тэхнікуме. Іх этас быў хутчэй вясковы, але сапраўдны беларускі вясковы этас. Са сваім разуменнем, што правільна, а што не. І ў гэтай карціне свету адукацыя, розум стаялі на вельмі высокім месцы. Пры гэтым яны досыць гарманічна існавалі ў формах познесавецкай эпохі, хаця за іх і не трымаліся.

Частка настаўнікаў вучыць выходзіць за межы, формы і шукаць штосьці новае, а частка наадварот — такая канфуцыанская стратэгія — вучыць уменню існаваць у тых формах, якія ёсць. І гэта зусім не канфармізм.

канец баявога дзяцінства

Я не памятаю, як навучыўся чытаць. Можа нават ужо ў школе. Бо дзяцінства ў мяне было баявое, хацелася больш бегаць, чым перагортваць старонкі. Толькі з пятага-шостага класа адбыўся пералом. Цалкам натуральны, бо не будзеш жа бясконца бегаць па вуліцы. Формы жыцця вычэрпваюцца. Ну і сам ужо амаль дарослы, хочацца выйсці за межы двара, уступіць у нейкія больш сур’ёзныя стасункі. Так з’явіліся гурткі, секцыі.

дзіцячая энцыклапедыя

Дома бібліятэкі практычна не было. Хаця, ясна, кнігі купляліся. Але хутчэй тое, што было модна мець на паліцах. У позняй савецкай цывілізацыі былі дэфіцытныя тавары, і ў тым ліку кнігі. У дэфіцытнае, зрэшты, патраплялі розныя рэчы. Так, я памятаю адкульсці паўсталыя томікі Есеніна, альбо «Легенды і паданні Лацінскай Амерыкі». Адна з першых кніг, якая мяне сфармавала, — дзіцячая энцыклапедыя. Два таўшчэзныя тамы. Там было ўсё: ад егіпецкіх фараонаў да кітайцаў, ад звяроў і птушак да навукі і тэхнікі. І я туды залез.

борхесаўская бібліятэка

Бацька тады працаваў у параходстве, і я, класе ў пятым, запісаўся ў бібліятэку Гомельскага рачнога вузла. Дзіўная бібліятэка. Бабулька-бібліятэкарка — істота абсалютна міфалагічная, падобная да персанажаў Борхеса. Яна ведала ўсе кнігі сваёй бібліятэкі. Я прыходзіў, казаў «вось пра гэта» альбо «пра гэта», дзіцячая энцыклапедыя давала мне накірункі, і яна проста ішла і даставала, не шукаючы.

Я не ведаю, як бібліятэка паўстала і як камплектаваўся кніжны фонд, але там была, напрыклад, акадэмічная гісторыя антычнасці. У пяці, здаецца, тамах. Кожны том пад тысячу старонак. Прыкладна ў шостым класе, калі я папрасіў бібліятэкарку даць мне што-небудзь пачытаць пра Старажытную Грэцыю, яна вынесла мне гэтыя тамы. Я выбраў два. Памятаю, прынёс адзін з іх на ўрок і ціхенька раскрыў пад партай. Калі настаўніца гісторыі задала пытанне, я падняў руку і пачаў расказваць, прыблізна на поўгадзіны. Спадзяваўся, што ўсе зацэняць. Але яна чамусьці страшна раззлавалася і ледзь не выгнала мяне з класа. Ёй гэта падалося формай здзеку.

Там былі дзіўныя кнігі. Выдатная філасофская калекцыя: напрыклад, шматтомнікі Платона і Арыстоцеля. Гэта я чытаў ужо, калі вучыўся на філасофіі ў Мінску. Прыехаў у Гомель, і зайшоўшы па старых мясцінах, пабачыў чатыры тамы Платона. Дзіўная бібліятэка. Яе проста не магло быць, з такой калекцыяй. Можа яе і не было, і ўсё гэта мне прыснілася? А можа гэта нейкі стары бібліятэчны фонд. Каб яго захаваць, прыдумалі бібліятэку Гомельскага рачнога вузла. Таму што сумняюся, каб для маракоў рудавоза адмыслова замаўлялі чатырохтомнік Платона альбо акадэмічную гісторыю Грэцыі і Рыма.

На абанеменце абласной бібліятэкі ў школьныя часы я ўзяў прыжыццёвае выданне Блэйка, на ангельскай мове. Хутчэй за ўсё, са збораў Паскевіча, з рэшткаў старых бібліятэчных фондаў. Кніга была пашкоджаная і перакасабочаная, хутчэй за ўсё, перажыла паводку, а можа, і не адну. Блэйк для мяне важны аўтар і сёння. Тады ж, калі я пачаў чытаць, я нічога не зразумеў. Але зацікавіўся. Таму далей пайшлі пераклады Маршака, санеты Шэкспіра, Кітс, усё такое. Гэта было ў 9-10 класе. Я са здзіўленнем для сябе зразумеў, што мне гэта вельмі падабаецца, што гэта важна, і пачаў чытаць паэзію як раней фантастыку. Гэта і была для мяне фантастыка, толькі эмацыйная. Добрая паэзія вучыць разуменню сябе і свету, але разуменню праз сэрца, праз эмоцыю. Крок за крокам я праходзіў праз тэксты як праз сцежкі. А пісаць сам пачаў ужо ва ўніверсітэце, калі зразумеў, што гэта важна. І, каб разумець сябе, не абавязкова глядзець толькі ў чужыя люстэркі.

шахматы

Шахматны клуб месціўся ў самым цэнтры Гомеля і падрыхтаваў мяне да філасофіі. Туды мяне запрасіў прыяцель. На той час шахматы ў Гомелі — практычна габрэйскі нацыянальны спорт. Адмысловы асяродак. І вось мой аднакласнік, сябра-габрэй, сказаў: «А чаму не? Можна, і табе паспрабаваць. Не толькі ж нам». І я паспрабаваў. І неяк хутка ў восьмым класе стаў кандыдатам у майстры спорту, чэмпіёнам Беларусі сярод школьнікаў. Падышоў да мяжы, пасля якой трэба было ўжо прафесіяналізавацца. І там спыніўся. Мне падалося, што шахматы — гэта толькі падрыхтоўка, практыкаванне перад чымсьці іншым. Я прыйшоў да сваёй трэнеркі з пытаннем, што трэба прачытаць, каб зразумець сэнс жыцця, зразумець, што ў гэтым жыцці вартае, а што не. Яна склала мне спіс кніг. Я зараз прыгадваю гэты спіс, для васьмікласніка ён быў вельмі сур’ёзны: практычна ўся сусветная літаратура. Ад Гамэра да Кафкі і Сэлінджара. Філасофіі, праўда, там не было. Філасофію я адкрыў для сябе сам, як сцежку, па якой можна ісці, напрыканцы школы.

Да канца школы дваравога этасу ва мне не засталося. Можа быць, таму, што ў нас не быў аўтэнтычны раёнчык, бандыцкі ці, наадварот, элітны, а быў звычайны гомельскі цэнтр. А вось шахматы — так, там ужо і свой этас. Інтэлектуалізм, культура, эрудыцыя, крытычнае мысленне. Там быць некультурным было проста непрынята. Мы ездзілі на спаборніцтвы ў розныя гарады, спыняліся ў гатэльчыках, снедалі ў рэстарацыях. Першае, чаму цябе вучылі, — правільна трымаць нож і відэлец. Потым — чытаць правільныя кнігі. Калі ты не пазнаваў цытату з Ільфа і Пятрова, не істотна, у шостым ты класе ці дзясятым — ты не свой. Адмысловыя словы-паразіты, такія як «у прынцыпе» прыліпалі адразу і на ўсё жыццё. Зараз гэта амаль забыта, але тады адказ на любое пытанне пачынаўся з «ну, у прынцыпе»... і далей.

Шахматы — асноўны мой асяродак у старэйшых класах. Людзі, з якімі я мог пра штосьці размаўляць. Я быў самым малодшым, паколькі рана стаў кандыдатам у майстры, увайшоў у зборную вобласці і ездзіў увесь час са старэйшымі. Памятаю, як мы з Юрам Клімовічам, ходзячы па Савецкай, абмяркоўвалі «Легенду аб Вялікім інквізітары» Дастаеўскага. Юра — сапраўдны інтэлектуал. Потым аказалася, што яго бацька — беларускі літаратар, які прайшоў праз сталінскія лагеры. Падняў славутае паўстанне, якое апісвае Салжаніцын.

Шахматы былі альтэрнатыўнай супольнасцю. Гэта было тое іншае месца, якое мяне выбіла з традыцыйных роляў. І ў двары, і ў школе, і ў сям’і ты выконваеш пэўныя ролі, ёсць пэўныя чаканні. А шахматы — гэта адкрытая прастора, дзе ты становішся тым, кім ты сам хочаш і можаш быць.

Кадр з кінастужкі Інгмара Бергмана «Сёмая пячаць»

філасофія

Пачатак цікаўнасці да філасофіі — гэта дзяцінае ўсведамленне смерці. Кожны чалавек у пэўны момант сустракаецца з разуменнем «я таксама знікну», з ідэяй, што яго калісьці не будзе. І вось са мной гэта адбылося ў пятым класе. І пачаліся пошукі сэнсу. Я тады толькі-толькі рабіў свае першыя крокі, у мяне быў трэці разрад, і нас павезлі, здаецца, у Крычаў на вялікі турнір, куды звозілі ўсю школьную малышню. Гэта было ўзімку. І я ўвесь турнір думаў пра гэта.

Філасофія пачыналася з кніжак, якія ўвесь час аказваліся не тымі. Калі я зразумеў, што буду займацца філасофіяй, я яшчэ не быў з ёй знаёмы напрасткі. Ва ўсіх бібліятэках прапаноўвалі «Анти-Дюринг», які я чэсна спрабаваў прачытаць. Не пайшло. Таму на той час гэта была хутчэй ідэя філасофіі, нейкія імёны, прозвішчы... Аднойчы ў дзясятым класе нас запрасілі на гомельскае тэлебачанне. На дыскусію пра фізікаў і лірыкаў. Дарослыя, якія ўсё гэта арганізоўвалі, чакалі дзіцячага разсюсюквання. Нас рассадзілі на два бакі. І тут я горда заявіў, што сама апазіцыя фальшывая і што, напрыклад, Дэкарт альбо Паскаль былі матэматыкамі і, у той жа час, філосафамі. Адмовіўся займаць адзін з бакоў. Сеў пасярэдзіне. У дарослых адвіслі сківіцы, калі я пачаў расказваць пра Паскаля. Памятаю, потым мне яшчэ не адзін год мае гомельскія знаёмцы расказвалі ўражанні сваіх бацькоў, якія выпадкова глядзелі гэтую перадачу.

Бацькі радаваліся, што я не буду трэнерам па шахматах. Чамусьці ім шахматы падаваліся галоўнай небяспекай. Ім цяжка было ўявіць такую прафесію — гуляцца ў фігуркі. Яны лічылі гэта несур’ёзным. Трэнер стаяў у іх іерархіі на апошнім месцы. Але і з філасофіяй не да канца было ясна. Маці доўга яшчэ пыталася ў мяне, ужо пасля ўніверсітэта, чым канкрэтна я ў жыцці займаюся.

Але на мяне ніхто ніколі не ціснуў. Яны верылі, што я сам знайду тое, што хачу. Адзінае, я хаваў, што буду паступаць на філасофію ад настаўнікаў і школьных сяброў. У нас быў фізіка-матэматычны клас, і ўсе былі ўпэўнены, што я паступаю на матэматыку, фізіку ці на нешта інжынерна-тэхнічнае. І калі даведаліся, што я пайшоў на філасофію, канечне, моцна здзівіліся.

Эдвард Мунк. «Фрыдрых Ніцшэ»

вучоба

Мінск напачатку падаўся чужым і халодным. Першыя сябры — аднакурснікі. На апошніх курсах у нас склалася прыўкрасная паўдысідэнцкая група, хаця сесці ў турму мы не паспелі. Можа быць, яшчэ і таму, што да філосафаў ставіліся як да не зусім нармальных. Нам шмат чаго было можна. У філосафы ў позднесавецкія часы нармальныя людзі не ішлі. Не ішлі, дарэчы, і тыя, хто хацеў рабіць ідэалагічную кар’еру. Бо лепшая ідэалагічная кар’ера атрымоўвалася з вытворчай біяграфіяй. Пры гэтым філасофія лічылася элітным аддзяленнем, на ім плацілі стыпендыю Карла Маркса — 55 рублёў. Усім астатнім, здаецца, 38-м. Агулам, гэта гістфак з трыма аддзяленнямі: гісторыкі, філосафы і палітэканомы. Гісторыкі — больш правільныя і больш устойлівыя, філосафы — незразумелыя і ненадзейныя, палітэканомы ўраўнаважвалі і забяспечвалі сувязь паміж гэтымі двума полюсамі.

Я на той час шукаў сваіх аўтараў. Усе больш і больш набіраў імён і ідэй, але не натрапляў на важныя кнігі. Першым тэкстам, які мяне перакуліў, стаў, канечне ж, Ніцшэ. «Па той бок дабра і зла». Гэта быў першы курс філасофіі. Я быў непрыемна ўражаны тым, што навучанне пачалося з курса па гісторыі КПСС. Штосьці страшнае і мутнае. І, увогуле, людзі, якія нам выкладалі, зусім не нагадвалі мудрых. Яны маглі быць кім заўгодна, але не тымі, хто мае дачыненне да мудрасці.

Той тэкст Ніцшэ быў зачытаным ксераксам, які студэнты перадавалі адзін аднаму. Мне ён дастаўся на адну лекцыю. Трэба было паспець прагартаць, прачытаць, перапісаць важныя ўрыўкі. Чалавек сядаў на апошнюю парту, закрываўся па максімуму і пагружаўся. Лекцыі, ясна, не хапіла, таму далей пачаўся пошук па бібліятэках. Ва ўніверсітэцкай бібліятэцы выдавалі толькі падручнікі, а гэта быў канкрэтны адстой. Нават найлепшае — гісторыя філасофіі — усё адно была толькі пераказам. Таму мусіла быць бібліятэка. Але нас не пускалі.

На той час у Мінску была Ленінка, у яе можна было запісацца пасля трэцяга курса. І тут аказалася, што ёсць бібліятэка Акадэміі навук, у якую ніхто асабліва не запісваўся, акрамя супрацоўнікаў Акадэміі. Таму там былі настроеныя больш ліберальна. На першым курсе мой прыяцель пазычыў білет чытача, і далей па ім хадзілі мы ўсе. Сёння адзін, заўтра другі. Прыгледзеўшыся, разведаўшы што да чаго, я зразумеў, што можна пайсці на авантуру. Атрымаўшы пасведчанне бетоншчыка трэцяга разраду ў будатрадзе, часовую прапіску ў інтэрнаце, я напрыканцы лета горда прыйшоў у бібліятэку і кажу: «Хачу запісацца». — «А хто вы?» — «Бетоншчык, працую на заводзе». — «Ну, ведаеце, у нас бібліятэка Акадэміі навук... Можа быць, вам нецікава будзе». — «Вы што, рабочаму класу адмаўляеце?» Гэта была магічная формула. Яны нават не паглядзелі на часовую прапіску. Мне выдалі сапраўдны білет чытача. Гэта быў скарб.

Там была рэдкая кніга, дзе можна было спакойна чытаць Ніцшэ і астатніх. І пачалося канструяванне сваёй бібліятэкі, сваіх улюблёнцаў. Як у садзе разыходзячыхся сцежак Борхеса: ты натрапляеш на аўтара, які аказваецца твой, у гэтага аўтара ты сустракаеш імя другога, і так пачынаецца вандраванне.

У бібліятэцы было сваё асяроддзе. Утульныя канапкі. Там можна было проста жыць. Потым гэткім жа спосабам запісаўся мой прыяцель. Праўда, яму не паверылі бы, што ён бетоншчык, у яго валасы былі задоўгія, але ён таксама штосьці прыдумаў. І мы пачалі хадзіць у гэтую бібліятэку. І да Ленінкі ўжо ставіліся з лёгкай пагардай. На трэцім курсе я нават не пайшоў туды запісвацца.

А яшчэ мы прыдумалі сістэму вынаса кніг. Калі ты набіраў многа кніг і калі да цябе ўжо прызвычаіліся, бо ты ходзіш практычна штодня, яны не праглядалі кнігі на здачы, а проста пералічвалі па колькасці. І мы пранасілі ў бібліятэку якую-небудзь левую кніжку і падсоўвалі замест той, якую хацелася дачытаць увечары. Ясна, гэта не крадзеж, проста мы бралі на пару дзён, каб дачытаць з кубачкам кавы. Альбо, калі ўжо з’явіліся магчымасці, зрабіць ксеракс. Так, ужо ў 1984 ці ў 1985 годзе мы адксерылі з бібліятэкі Акадэміі навук «Быццё і час» Гайдэгера. І ў нас яно было па-нямецку, калі яшчэ не было перакладаў.

Мы не толькі чыталі, але і абмяркоўвалі. Гэта былі цэлыя рытуалы. Часам да чытальнай залы мы так і не даходзілі. Там былі курылкі, прыбіральні, канапкі, фатэльчыкі, і мы размаўлялі.

Акрамя бібліятэкі, былі кавярні і вуліцы. Калі ты званіў чалавеку за дзень і прызначаў сустрэчу, напрыклад, а пятай пад гадзіннікам ці на Чырвонай, ці ў «Хвілінцы», то гэта ўжо значыла вельмі многа. Гэта значыла, што чалавек мусіў настройвацца на размову. Не проста папіць кавы і разбегчыся. Гадзіны, кіламетры па прашпекту. Практыкі мыслення для нас тады — гэта практыкі, як у старых грэкаў, перыпатэтычныя. Мы выходжвалі свае думкі і свае ідэі.

Кадр з кінастужкі Мілаша Формана «Палёт над гняздом зязюлі»

рэалізацыя метафары вар‘яцтва

За год да майго прыходу на аддзяленне адбыўся так званы «бунт філосафаў». Камсамольская арганізацыя аднаго з курсаў звярнулася ў дэканат з прапановамі паляпшэння навучальнага працэсу. Пісалі на камсамольскім аптымізме, энтузіязме. Але не ўлічылі, што ўжо былі польскія падзеі, «Салідарнасць». Імі адразу занялося КДБ. Калі мы паступілі, ужо адбыўся разгром, і на філосафах ужо афіцыйна стаяла кляймо ненадзейных. Таму наша пакаленне ўжо не верыла ў камсамольскі энтузіязм, а спрабавала выскачыць з сістэмы. Мы пачалі шукаць дзіркі, месцы, дзе бы ты быў недасягальны.

Я ў пэўны момант прыдумаў геніяльны праект. І радыкальны. Каб не чапляліся з рознымі ідэалагічнымі рэчамі, легчы ў псіхічную лякарню ў Навінкі. Ясна, што з такім кляймом ад чалавека ўжо не так проста чагосьці патрабаваць. Можа, нават атрымаецца выбіць вольнае наведванне. І вось я іду ў дыспансэр і расказваю лекарцы, што ўяўляю сябе персанажамі Дастаеўскага. З братоў Карамазавых. Яна сур’ёзна гэта занатавала і накіравала ў Навінкі. Мне весела, я прыходжу туды, і мяне там запіраюць. І тут ужо становіцца не да гульняў... Аказалася, што гэта практычна турма. Калі я зразумеў гэта на другі дзень, я прыходжу да лекаркі і кажу: «Усё не так, я сябе зусім не ўяўляю персанажамі і Карамазавы мне не сняцца, гэта быў проста жарт». На што яна такім халодным голасам пытаецца: «А як вы думаеце, нармальнаму савецкаму чалавеку такія жарты могуць прыйсці ў галаву?» І тут я разумею, што мяне сто працэнтаў не выпусцяць. Што бы я ні расказваў, гэта ўжо патрапляе ў гісторыю хваробы. Сем дзён я там прасядзеў, не ведалі, што са мной рабіць, давалі нейкія пігулкі, якія я, ясна, выплёўваў. Потым, калі глядзеў «Палёт над гняздом зязюлі», ледзь не плакаў, таму што гэта было дакладна пра мяне.

Там зрэшты быў свой асяродак. Сядзелі, ясна, і сапраўдныя псіхі, але няшмат. Траціна — крымінальнікі, якія там адпачывалі, траціна — розных дзівакоў. Я памятаю спецназаўца Сашу, пасля Афганістана. Яму проста зносіла дах і ён пачынаў біць усіх, хто патрапляў пад руку. Быў яшчэ студэнт кансерваторыі, які не мог растлумачыць, што ён там робіць. А там стаяла фартэпіяна на калідоры... і раз-пораз гучаў джаз.

Я правёў там тыдзень ці два, ужо не памятаю. І мяне выратаваў... Ну, не, не цуд. Проста доктарка стамілася са мной змагацца. Трэба было ставіць нейкі дыягназ, браць на сабе адказнасць. А тут была выязная школа Інстытута падвышэння кваліфікацыі. І прафесар, здаецца, Волкаў, збіраў там псіхіятраў з усёй Беларусі. Лекарка мяне туды адвяла. На маё шчасце Волкаў аказаўся акрамя таго што доктар медыцынскі, яшчэ і кандыдат філасофскіх навук і аматар Дастаеўскага. Ён пачытаў мой дыягназ, паглядзеў на мяне, ціхенька так адвёў у бок, кажа: «Я ўсё разумею. Вы, галоўнае, дроў не наламайце. Напрыканцы я вам дам тэст і, як бы вы яго ні прайшлі, заяўлю, што ўсё нармальна. Так што не хвалюйцеся».

І пачынаецца перакрыжаваны допыт: усе псіхіятры Беларусі задавалі пытанні і ставілі дыягназ. І такі паставілі: поўны шызафрэнік, трэба лячыць. І тут Волкаў дае мне тэст і ўсім радасна паведамляе: «Не, троешнікі! Ён цалкам здаровы!» І мне выдалі дзіўную даведку, што я знаходзіўся на абследаванні ў дурдоме і прызнаны ўсё ж такі здаровым.

Я выходжу на калідор з даведкай, а там сябры. Пачыналася ўсё на вакацыях, ніхто не ведаў, што я там ляжу. Але пазней зразумелі, што адбываецца, і прыехалі вызваляць.

Ведаю дакладна, што я не адзіны са студэнтаў-філосафаў, хто спрабаваў рэалізаваць такі вар’яцкі праект. Але так далёка пранікнуць у сэрца савецкай псіхіятрычнай сістэмы ніхто не адважыўся. Звычайна ўсе абмяжоўваліся дэпрэсіямі і дыспансэрам. Ніхто не дадумаўся да легенды пра персанажаў Дастаеўскага. Я там, канечне, нагаварыў многа, фантазія пачала працаваць буйна. Нагаварыў такога, што хапіла бы на некалькі дыягназаў.

Але самае дзіўнае — ад мяне адчапіліся. Гэта стала вядома на факультэце. Мне ж трэба было прадставіць даведку, чаму я адсутнічаў тыдзень на занятках. Так што ўсё. Я цяпер кіназорка.

Чаму важна была менавіта такая даведка — ты аўтаматычна пераставаў выглядаць антысаветчыкам, а станавіўся ціхім спакойным філосафам-вар’ятам. І ступень свабоды павялічвалася. «А-а-а, ну, ён жа ляжаў у Навінках!» — і ўсё. Я памятаю, на пятым курсе я ўжо мог дазваляць сабе чыстае дысідэнцтва... Так, у нас былі асабістыя комплексныя планы, сшытачкі, у якія студэнт быў абавязаны запісваць колькі твораў Маркса прачытаў ці азнаёміўся з матэрыяламі XXVI з’езду КПСС і гэтак далей. Ідэалагічнае самавыхаванне. Я на пятым курсе напісаў сабе заданне прачытаць творы маладога Маркса, лісты пра цэнзуру. І на абмеркаванні сказаў: «Ведаеце, у савецкім грамадстве ёсць цэнзура». А там сядзіць старшынёй Круглоў, такі быў «атэіст», які быў галоўным данасіцелем і яго ўсе баялісь: «Сядьте! На место! Что вы тут говорите!» Потым на гэтай падставе зрабілі — гэта ўжо другая гісторыя — справу КДБ: на мяне, майго прыяцеля і некаторых выкладчыкаў. І вырашалі, ці нас выкінуць з універсітэта, ці дазволіць давучыцца. Тады, у пэўным сэнсе, нам пашэнсіла: «перабудовы» яшчэ не было, але ўжо крышачку цяплей. Пачалося «паскарэнне».

Ігар Бабкоў / «Наша Ніва»

паэты

Першыя сустрэчы з беларускімі літаратарамі былі камічныя і фантастычна прыгожыя. Калі я ўжо пачаў пісаць вершы, па-руску, і зразумеў, што гэта сур'ёзна, што гэта не проста жартачкі, і калі іх назбіралася пэўная колькасць, я пачаў шукаць калег. Навокал адныя філосафы, а дзе знайсці літаратараў? І хтосьці мне расказаў, што пры газэце «Знамя юности» дзейнічае гурток, які вядзе Някляеў, і там збіраюцца паэты. І я пайшоў у Дом друку, не ведаючы ні калі збіраюцца, ні дзе. Думаў, пайду дзе-небудзь а шостай гадзіне. Усе, хто працуе, ужо сыдуць, а я пахаджу па калідорах і, можа быць, сустрэну каго. Заходжу ў Дом друку, цёмныя калідоры, я хаджу і разумею, што нікога тут не знайду. Раптам бачу: па калідору да мяне набліжаецца нейкая постаць. Прычым ідзе, хістаючыся ад сценкі да сценкі. Вялікі мажны мужчына. І я разумею, што я яго не абыду ніяк. Мне прасцей спыніцца і дачакацца, пакуль ён са сваёй траекторыяй сам разбярэцца. Ён падышоў да мяне. Стаў. Уважліва глядзіць. І пытаецца: «Ты хто?» Я, паколькі прыйшоў да паэтаў, упершыню — можа, ад нечаканасці — кажу: «Я паэт». Гэта было першае прымерванне на сабе ідэнтычнасці. На што гэты дзядзька дзівіцца і кажа: «Га! І я паэт! А як тваё прозвішча?» Кажу: «Бабкоў». Ён глядзіць на мяне, яшчэ больш дзівіцца і кажа: «Га! І маё прозвішча Бабкоў!» Уявіце сабе: сустрэць у цёмным калідоры Дома друку беларускага дзіцячага паэта Уладзіміра Бабкова. Які ад радасці выцягвае з кішэні плашча бутэльку партвейна і прапануе адзначыць такую сустрэчу.

Потым высветлілася, што ён журналіст з раённай газеты, яго закінулі на курсы падвышэння кваліфікацыі, і вось ён ходзіць па Мінску і паэтычна бавіць час. Я да яго прыйшоў са сваімі тэкстамі, ён уважліва ўсё прачытаў, неяк так пасур’ёзнеў і голасам, якім лекар абвяшчае дыягназ, кажа: «Та-а-ак... Табе да Разанава» і расказаў, дзе той працуе. Другім беларускім літаратарам быў Разанаў.

Гэта 1984 ці 1985 год, Разанаў на той час ужо культавая постаць. Я прыходжу да яго ў «Мастацкую літаратуру», пакідаю свае вершы і думаю, што напісаць. Да таго ж я пішу па-руску, а ён па-беларуску. І я пішу чатыры радкі. Па-руску. «Лицо Алеся Рязанова». Дасюль памятаю:

Одиноко

в мире совокупляющихся,

очерчено

в царстве расчерченности,

во время выражающих

оно просто есть.

Чыстая антысаветчына. Я нават крыху баяўся пакідаць на стале, прыкрыў чымсьці, каб не пабачылі. Наступным разам калі я падыйшоў, ён быў на месцы. Мы прагаварылі дзве з паловай гадзіны. Калі разыйшліся, я з жахам усведаміў, што зразумеў толькі трэцюю частку з яго прамовы. І другое — пакуль я не прачытаў ані радка Алеся Разанава. Я пайшоў у бібліятэку і пачаў чытаць.

У пэўны момант я патануў у паэзіі. Забыў пра філасофію. Але не пра мысленне. Мы тады з Акудовічам як раз прыдумалі ідэю беларускага мыслення, якое рэалізуецца па-за акадэмічнымі формамі. Бо выглядала глупа пісаць нейкія артыкулы, думаць пра дысертацыю, аспірантуру.

дыплом

Дыплом я пісаў па Гайдэгеру, на кафедры гісторыі філасофіі і логікі. Кіраўніком быў Дунаеў, рэцензентам Міхайлаў. Тыя самыя, заснавальнікі ЕГУ. Яны і пазнаёміліся, здаецца, на маёй абароне. Дунаеў на той час быў пагадзіннікам. Чытаў неаплатонікаў. Ён выглядаў вельмі тонкім і інтэлігентным. Зараз ён ужо прайшоў суворую школу жыцця. А Міхайлаў працаваў на кафедры філасофіі, намеснікам Сцёпіна. І ўсе, хто хацеў рабіць кар’еру, ішлі туды. А ўсе, хто хацеў уцякаць, займаліся гісторыяй філасофіі. І калі я заявіў тэму пра Гайдэгера, але папрасіў кіраўніка Дунаева, Міхайлава гэта не тое што абурыла, але здзівіла. Ён запатрабаваў тлумачэнняў. І мы сустрэліся, амаль што патаемна, у пустой аўдыторыі. Ён спытаўся, чаму не ён. Я казаў максімальна шчыра: «Не хачу і не збіраюся рабіць кар’еру, не люблю савецкую ўладу, да таго ж у мяне ёсць даведка з псіхушкі, што я здаровы». Яму хапіла такту не найстойваць, і ён быў рэцензентам.

Дыплом быў напісаны ў стылі празрыстым і паэтычным. Называўся «Крытычны аналіз гісторыка-філасофскай метадалогіі Марціна Гайдэгера». У ім не было абавязковага раздзела «Марксісцкая крытыка». Калі на абароне Круглоў грозна запытаўся пра тое, чаму, я сціпла заўважыў, што ў Марціна Гайдэгера няма аніякай гісторыка-філасофскай метадалогіі. Ён аметадалагічны. І аб’ектам аналізу ўласна з’яўляецца факт адсутнасці. Паколькі немагчыма крытыкаваць тое, чаго няма, няма і раздзела з крытыкай. Круглоў правільна ўсё зразумеў. З крыкам «Ён жа з нас здзекуецца» запусціў маім дыпломам у мяне. Дыплом не даляцеў.

Былі і іншыя рэчы, што цягнулі калі не на артыкул, дык на выключэнне. Дунаеў мяне пазнаёміў з Чарнышовай, якая абаранілася ў Маскве па другой схаластыцы, працавала ў Інстытуце філасофіі старэйшым навуковым супрацоўнікам і мела доступ да спецхрану. Вось усе гэтыя кніжачкі Інстытуту інфармацыі па грамадскіх навуках, дзе яны рэферавалі розную заходнюю літаратуру — там былі і пераклады Гайдэгера — я чэсна змясціў у спісе літаратуры, хаця доступу да матэрыялаў спецхрану ў мяне не было. Больш за тое, Чарнышова дала тэлефон і адрас маскоўскай прыяцелькі, Таццяны Васільевай, адной з самых геніяльных знаўцаў Антычнасці і плюс яшчэ аматаркі Гайдэгера. Яна перакладала Гайдэгера ціха для сябе, і ў самвыдаце ўсе гэта разыходзілася. Таццяна Васільева дала мне кучу ўсякіх самвыдатаўскіх, перадрукаваных на машынцы перакладаў. Я таксама ўсё гэта змясціў у бібліяграфіі.

Як потым расказваў Міхайлаў, думалі, ці мяне адразу выключыць, ці не звязвацца. Вырашылі паставіць па тры балы па дыплому і па ўсім дзяржіспытам, і забыць. Але забыць не атрымалася, бо першае, што я зрабіў, калі атрымаў дыплом (а я ж яшчэ фармальна быў студэнтам), падаў заяву на выхад з Камсамолу. Мяне выключаў Казулін, які на той час быў старшынёй Камітэта Камсамолу БДУ. Напісаў у заяве, што Камсамол не гаворыць па-беларуску і мне з такім Камсамолам не па дарозе. Мы тады ўжо пачыналі гаварыць па-беларуску, і я падумаў, што пра беларускую мову можа быць больш карысна. У рэальнасці я выйшаў, бо не мог дараваць смерці двух маіх улюбёных паэтаў: Мандэльштам і Жылка. Абодва загінулі.

Міхайлаў потым прызнаўся, што справа ў КДБ была вельмі сур’ёзная. Але ў яго ў гэтых колах вельмі сур’ёзныя былі і сувязі. З ягонага нью-ёрскага і венскага мінулага. І, па сутнасці, ён гэта замяў. Бо там не толькі студэнты праходзілі, але і некаторыя выкладчыкі.

Потым, калі ўсё пачало мяняцца, Міхайлаў стаў загадчыкам кафедры гісторыі філасофіі і логікі, узяў на работу Дунаева, і пачаліся рэформы. Звярнуўся да мяне, прапанаваў прымацавацца і пісаць на кафедры ў яго кандыдацкую. І я сапраўды прыйшоў і «прымацаваўся». Выглядала гэта камічна. На той час я працаваў вартаўніком. І ўся старая прафесура — гэта ж яшчэ Савецкі Саюз, хаця і хісткі — слухала, як зачытваюць інфармацыю пра мае мейсцы працы. Там былі ўсе мае вартоўні. Але тут пачалася рэвалюцыя, і гэтае мае сашукальніцтва нічым не скончылася.

ад перакладаў да літаратараў

Я пачынаў друкавацца з перакладаў. Першае, што я надрукаваў увогуле, — пераклады Лі Бо, са старакітайскай. Потым апавяданне Джойса, з ангельскай. Але хутка ўсё ж такі выскачыў са сваімі тэкстамі. Рухаўся ад перакладаў да літаратуры. Была такая перакладчыцкая група «Бабілон»: там Сяргей Шупа, Алесь Жлутка, Лявон Баршчэўскі — многа вядомых герояў. Алесь Асташонак, Істомін...

Аднойчы мы сядзелі ў пакойчыку Жлуткі ў інтэрнаце Акадэміі. Алесь сам лацініст, жыў у адным пакойчыку з Бяляцкім. Бяляцкі збіраў падпольна «Тутэйшых», а Жлутка ведаў, што я пішу вершы. Ён мяне знаёміць з Бяляцкім, а той гаворыць: «У нас праз паўгадзіны падпольная сустрэча. Давай ты выступіш». Я заходжу ў пакойчык, там сядзяць 5 ці 6 чалавек: Сыс, Бяляцкі Аркуш ці Адамовіч, ужо не памятаю хто.

Бяляцкі пісаў дысертацыю і насіў кніжкі са спецхрану. Глобус таксама там быў. І Дубавец. Я ўвесь час працаваў вартаўніком, а тут прыходзіць Глобус і кажа: «Мы захапілі часопіс». Прыходзь уладкоўвацца. І я нечакана з вартаўніка стаў рэдактарам піянерскага аддзелу. Тады яшчэ быў ЦК ЛКСМБ, но ясна, ужо ніхто іх не слухаў. «Бярозку» пераўтварылі ў такое выданне, што дасюль, калі паглядзець гэтыя падшыўкі, бярэ жах! Як бедныя дзеткі гэта вытрымоўвалі! Пачалі друкаваць постэры рок-гуртоў. Тады нават слова «постэр» ніхто не ведаў. Рок-гурт «Мроя», патлатыя хлопцы. Альбо — старонка адных вершаў: Таццяны Сапач, мае вершы, усё па-даросламу... Альбо — конкурс прыгажосці: дзяўчаты дасылалі свае фотаздымкі, іх размяшчалі на вокладцы. Куча рэчаў. Адзінае, чаго там не было, —- піянерскіх матэрыялаў. Мы пра іх забылі. А яшчэ там працаваў Міхал Анемпадыстаў, Кася Камоцкая пачала спяваць. І ўсё закруцілася.

Ігар Бабкоў і Алег Мінкін перад з’ездам «Тутэйшых». 1988 год / Kamunikat.org

мова

Не магу сказаць, што ў бацькоўскай сям’і быў акцэнт на чымсьці спецыфічна беларускім. Хаця калі потым я перайшоў на беларускую мову, бацькі прызналіся, што яны сканчалі беларускія школы. І ўжо калі прыехалі ў горад, вымушаны былі падстройвацца і перавучвацца пад рускую мову. Бабуля, канечне, гаварыла па-беларуску. Але, ізноў жа, я гэта зразумеў толькі на другім курсе, калі мы выехалі з будатрадам у Пскоўскую вобласць будаваць кароўнікі. І я са здзіўленнем, услухоўваючыся ў гаворку пскоўскіх вяскоўцаў, запытаўся ў сяброў: «А чаму яны так правільна па-руску гавораць? Яны ж мусяць гаварыць па-вясковаму, па-простаму». І тут мяне перашчоўкнула, што тая мова, на якой гаварыла бабуля, і тая беларуская мова, якую мы вывучалі ў школе як прадмет — гэта адна і тая ж мова. А дагэтуль нават нягледзячы на ўсялякіх платонаў, яны ў мяне ў розных шуфлядках ляжалі.

Калі сур’ёзна, пераход на беларускую мову стаўся вынікам нашай еўрапейскасці. Гэта значыць спачатку мы адчулі сябе еўрапейцамі і далей, ужо з гэтай пазіцыі, вярнулі сабе Беларусь. Калі казаць пра школу філасофіі ў Мінску, школу мыслення, то гэта кантынентальная філасофія. Не амерыканская, не англасаксонская, а менавіта еўрапейская, з апірышчам на Гайдэгера, герменеўтыку, фенаменалогію. Мы ўвесь час прымерваліся да гэтага тыпу мыслення і самі сябе скіроўвалі ў той бок. Але як стаць еўрапейцамі, дзе тая Еўропа?

А тут аказалася, што тутэйшая інтэлектуальная гісторыя як раз цалкам адпавядае гэтай парадыгме. Калі мы даведаліся, што ў нас была схаластыка, другая схаластыка, лацінамоўная філасофія, гэта было як выбух. На занятках нам пра гэта не распавядалі. Была, праўда, такая дысцыпліна «Гісторыя філасофіі народаў СССР». Але туды была запхнута гісторыя і рускай філасофіі, і беларускай, і таджыкскай, і грузінскай... З беларускай філасофіі туды патрапіла... нічога. Кастусь Каліноўскі.

Пры тым што ўжо тады існавала школа ў Акадэміі навук. Выйшла купа кніг. Але філосафы не адкрылі для сябе ўласную традыцыю. Мясцовы кантэкст усведамляўся як небяспечная лакальнасць, ад якой трэба адштурхоўвацца, з якой трэба выбірацца, уцякаць ва ўніверсальнасць. І руская мова разглядалася як інструмент такіх уцёкаў.

Калі мы адкрылі для сябе літаратуру і тутэйшы кантэкст, ужо пасля гэтага раптам зразумелі, што і філасофія мае вось у гэтым тутэйшым кантэксце больш сур'ёзныя карані, чым нам здавалася.

У «Тутэйшых» Сыс увесь час хваляваўся, што мне з імі нецікава. Няма з кім паразмаўляць. Аднойчы на імпрэзе ў Доме кіно ён кажа: «Ну вось, знайшоў табе чалавека. Тодар Кашкурэвіч». Потым Сяргей Санько абнаружыўся. Ён сам фізік, але ўцёк у філасофію. Мы ўжо перайшлі на беларускую мову і хадзілі па праспекце, размаўлялі. Раптам я бачу Сяргея, вітаюся па-беларуску, штосьці гавару і з сумам для сябе адзначаю, што яшчэ аднаму чалавеку прыйдзецца гадзіну тлумачыць, навошта я перайшоў на мову. Але не спатрэбілася. Ён быў з «Майстроўні» і перайшоў на беларускую мову яшчэ 6 ці 7 год таму.

І ўжо як завяршэнне гештальту, 1985-86 год, мы ідзем па вуліцы, насустрач Алесь Разанаў. Спыняецца, кажа: «Як ваша кітайская школка?» (Тады да нас Мікола Раманоўскі прывёў сапраўднага кітайца, мы пачалі вывучаць кітайскую мову. Збіраліся нелегальна, у дзіцячым садочку.) Я адказваю Разанаву па-беларуску. Гэта для яго абсалютная нечаканасць, нават шок. Што людзі, абсалютна аўтаномна, без прымусу, пачынаюць размаўляць па-беларуску. Неяк стыхійна інтэлектуальны Мінск пайшоў тады ў гэты бок.

А вось Міхайлаў, калі зразумеў, што я з ім па-беларуску гавару, наадварот, на дзесяць ці пятнаццаць гадоў перастаў весці са мной справы. Мова была афарбавая для яго як знак бяды альбо небяспекі. Гэта, падобна, усё ж такі праблема старэйшых таварышаў. Таму што для майго пакалення, гарадчукоў у першым пакаленні, напачатку была руская мова. І мы адкрывалі для сябе беларускую мову як спакусу. І яна сапраўды спакушала. Не навязвала сябе, не прыходзіла праз патрыятычны абавязак, а менавіта спакушала забытай традыцыяй, утоеным сакрумам.

разгортванне прасторы

Канец 1980-х і пачатак 1990-х — час, калі ўвайшло новае пакаленне, маё пакаленне. Савецкая сістэма культуры абвалілася. Але калі прайшоў першы энтузіязм, мы раптам зразумелі, што ў той беларускай культуры, якая засталася, месца для нас няма. Зразумелі, што трэба самім прыдумваць для сябе прастору, засноўваць новыя тэрыторыі, у якіх ты мог бы адбыцца.

Акудовіч любіць казаць, што мы тады выраблялі не столькі тэксты, колькі дыскурсы. У тым сэнсе, што беларускае мысленне не магло натуральна сябе адчуваць ў газеце «ЛіМ», напрыклад. Проста не магло. Таму што ён такі як ёсць, і хоць ты ўсяго Гайдэгера там надрукуй, усё роўна ён застанецца ЛіМам.

Стала зразумела, што патрэбны новыя формы культуры, с новай інфраструктурай і новымі выданнямі. Вядома, гэтыя новыя формы часам паўставалі са старых, як тая ж «Крыніца» някляеўская, а часам... На пачатку 1990-х Дубавец у Вільні адраджае «Нашу Ніву». Па форме гэта газета, але на самой справе невядома што. Нематываваны акт прыгажосці. Глыток паветра. Усе тады проста ашалелі.

Я засноўваю выдавецтва «Эўрафорум». І пачынаю выдаваць «Фрагмэнты» — незалежны літаратурна-філасофскі часопіс. Разам з Акудовічам і Разанавым у газеце «Культура» паўстае літаратурна-філасофскі сшытак «ЗНО» і праз яго Акудовіч прапускае ўсю постмадэрнісцкую моладзь.

Усё гэта было і мэтанакіравана, таму што мы ўсведамлялі, што не можам адбыцца ў тых формах культуры, якія ёсць, але і нешта стыхійнае, таму што ніхто не распісваў крокі і нічога не планаваў. Атрымоўвалася тое, што атрымоўвалася. Напрыклад, афіцыйны філасофскі часопіс не атрымаўся. Мы ўмудрыліся сабраць купу філосафаў. Савет міністраў выдзеліў грошы. Але не пайшло, і цяпер ясна, што гэта было бы акадэмічнае абы што. Не дамовіліся, і ў якасці кампраміса аддалі Акудовічу восем палос газэты «Культура» пад літаратурна-філасофскі сшытак. І гэта апынулася лепш, чым быў бы кампрамісны варыянт з часопісам.

А калі мы пачалі выдаваць «Фрагмэнты», сітуацыя была свабодная, цалкам незалежная. Заснавалі пры часопісе першую недзяржаўную кніжную калекцыю «Галерэя Б». Тады літаратары па інэрцыі неслі кнігі ў дзяржвыдавецтва, а ўжо сярэдзіна 1990-х. І тут мы падумалі: а чаму б нам самім не выдаваць кнігі? І першае, што выдалі, — Разанава, Галубовіча, Баярына. Зараз глядзіш на гэтыя кнігі, прозвішчы — класіка. Сама калекцыя перайшла да Логвінава і працягваецца.

Напрыканцы 1990-х было адчуванне, што форм і магчымасцей стала больш, чым жыхароў гэтых форм. З’яўляліся новыя часопісы, выданні, але не было часу, каб пісаць, думаць. А ўжо ў нулявыя — наадварот, форм паменшыла, але тыя, хто выжылі, набылі раўнавагу, устойлівасць, знайшлі сваю форму.

настаўнікі і вучні

Напрыканцы 1980-х і ў 1990-я мы думалі пра сябе як пра першае пакаленне. Можа быць, таму, што на нас зламалася савецкая цывілізацыя. Мы перасталі ўспрымаць дазволеныя познесавецкія формы. Не паспелі ўпісацца альбо не захацелі.

Наша пакаленне — пакаленне бунту. Напачатку — бунту супроць савецкасці. І беларуская культура, дарэчы, шмат у чым набыла бунтарскі патэнцыял, дзякуючы пакаленню тутэйшых. Адкуль мы яго ўзялі — вельмі цікавае пытанне. Я думаю, што я заняўся гісторыяй ідэй, інтэлектуальнай гісторыяй яшчэ і каб зразумець, як і чаму гэта адбываецца. Чаму раптам плынь часу перапыняецца, прыходзяць новыя людзі, якія зусім па-іншаму ўсё разумеюць. Вось, напрыклад, эпоха Рамантызму: вышыні духу, Міцкевіч, а потым прыходзяць пазітывісты і тупа глядзяць на ўсіх гэтых рамантыкаў як на актораў. Якія граюць дурны і пафасны спектакль, і навошта гэта робяць — не ясна.

Ёсць рэчы, якія перастаюць нешта значыць для наступнікаў. Мы самі на сваім дасведзе бачым: наступнае пакаленне ніколі не бывае вучнямі.

Таму мне больш знаёма адчуванне паплечніка, суразмоўцы, а не настаўніка. Нават калі суразмоўца старэйшы за цябе на сорак гадоў.

У мяне былі дзіўныя сустрэчы і важныя размовы — з вядомымі і невядомымі: Мілаш, Гедройць, Бжезінскі, Анджэй Струміла, Наталля Гарбанеўская. Выпадковыя, без працягаў, яны застаюцца засечкамі, зарубкамі ў памяці... Гэтыя размовы не змянялі жыццё, але ставіліся яго часткай. Як камень у падмурку. Гэта здараецца, і ўжо значна пазней ты разумееш, як гэта было важна.

Язэп Драздовіч. «Космас»

праца з тэкстам

Былі тэксты, якія патрабавалі іншага тыпу чытання, якія не даваліся так проста. І я хадзіў коламі, спрабуючы зразумець, што з імі можна рабіць. Той жа Гайдэгер. Ён сам ходзіць коламі, і ты вакол яго ходзіш. Разам з ім. Прыглядаешся, прынюхваешся. Я, можа, таму і не стаў пісаць пра яго дысертацыю, бо зразумеў, што акадэмічны тэкст пра такі тып думкі — самае глупае і самае неадэкватнае. Што ён патрабуе іншага тыпу інтэрпрэтацыі. Можа, як раз паэзія, паэтычнае мысленне, у якое я тады ўляпаўся, і ёсць самая адэкватная форма. Ён недзе напісаў, што быць філосафам — гэта значыць быць паэтам. І я яму паверыў.

Чытанне Гайдэгера і паварот да паэзіі адбываліся паралельна. Я б нават сказаў, што праз Гайдэгера я атрымаў лёгкую форму шызафрэніі — паміж мысленнем і паэзіяй. Але не як хваробу, ад якой трэба пазбаўляцца, а наадварот, як два полюсы, якія ствараюць сутнасную напругу. Да якой я ўжо прызвычаіўся. Зраслося, так бы мовіць.

Мяне, напэўна, можна нават назваць вучнем Гайдэгера. Апакрыфічным і няўдзячным. Апакрыфічным — бо я ў гэтым ніколі не прызнаюся. Няўдзячным — бо так весялей. Проста «вучань Гайдэгера» — сумна, суха, акадэмічна. А «няўдзячны вучань» — гэта ўжо нешта. Той, які забывае пра настаўніка, адыходзіць ад яго, вяртаецца, можа пакпіць, пажартаваць: «Не ісці па слядох старажытных, а шукаць тое, што шукалі яны».

Паэтычныя тэксты патрабавалі свайго падыходу. Мандэльштама немагчыма чытаць проста так, лінейна, запар... Той жа Міцкевіч ці Жылка ці Гёльдэрлін — кожны паэт патрабуе свайго ключыка, свайго шыфру.

З прозай усё больш проста, але таксама цікава. Я, напрыклад, нематывавана люблю Чарана. Альбо — той жа позні Сэлінджэр. Гэсэ люблю, хаця ён крышачку занудны для мяне. Прыемна занудны. Борхес, канечне, з Картасарам — можа, адзіныя з лацінаамерыканцаў, якія патрапляюць. Валеры са сваім «Спадаром Тэстам» і дыялогамі, дзённікамі.

З беларускіх — Жылка і Стральцоў самыя ўлюбёныя.

Вучыцца пісаць — абавязкова. У кожнага творцы ўнутры сядзіць разуменне свайго тэксту, творца заўсёды мае адчуванне, атрымалася ці не атрымалася. Але нават калі атрымалася — гэта не значыць, што машына культуры зараз жа пачне працаваць і раскажа ўсім, што ты геній. Гэта значыць, што тая канцэптуальная эмоцыя, што ў цябе ўнутры была, знайшла адэкватную форму выражэння. І ты, перачытваючы, ізноў туды патрапляеш.

Ёсць пэўны тып творцаў, публічных асоб, якія ведаюць адказ на пытанне, як зрабіць, каб цябе пачулі. Я ніколі не спрабаваў ісці ў гэтым кірунку. Мне гэта нецікава. Каб выходзіць на шырокую прастору, трэба навучыцца пазбягаць паўтонаў. Быць выразным, як карцінка ў коміксе.

Для мяне самае важнае і ў мастацкім, і ў філасофскім тэксце — рытм. Танец мовы, думкі. Пасля Ніцшэ мы ўсе ведаем, што навучыць думку танчыць — вось дзе сапраўдная задача.

Калі я пачынаў пісаць, усе тэксты ў мяне завяршаліся на трох-чатырох сказах. Далей нікуды не ішло і ні ва што не ўкладалася. У мяне была куча тэчак, забітых такімі фрагментамі. І што з гэтым рабіць было — неясна. У 25 гадоў выдаваць зборнік недапісаных тэкстаў? Хацелася ўсё ж такі знайсці сваю форму. І я перакладаў менавіта з тым, каб адчуць, як гэта завяршаецца, як можна адбывацца ў форме. У гэтым сэнсе, верш выратоўвае. Ён кароткі, ён завяршаецца хутка. А вось раман — гэта амаль безнадзейна. Апавяданні, фрагменты. Усе сябры здзекаваліся, што я фрагментарны аўтар. Калі я стамляўся змагацца, проста кампанаваў тэкст з тых фрагментаў, якія напісаліся. Потым, праўда, аказвалася, што не ўсё так проста. Раптоўна пачыналі праяўляцца сэнсы цэлага. Якраз дзякуючы пераходам, гульні, разрывам. Зараз я разумею, што самае страшнае для мяне— лінейнае пісьмо, якое пачынаецца і роўненька-роўненька доўжыцца да канца. У рамане, у апавяданні, вершы — абавязкова мусяць быць разрывы, падвышэнні і паніжэнні тону, музыкальная структура.

Я не з тых, хто запаўняе свае тэксты рэальнымі людзьмі. Мне весялей прыдумваць. Я не канструюю, а ўключаю ўяўленне. Гэта значыць мае персанажы — не тое, якім чалавек ёсць насамрэч і нават не тое, якім ён сам сабе здаецца, а тое, якім бы ён мог быць, калі б дэміўргам быў я.

сёння

Усё яшчэ блукаю — у часе і прасторы. Да майго ўласнага здзіўлення, сёння дапісваюцца важныя тэксты, якія пачыналіся вельмі даўна. Дадумваюцца думкі, дадаюцца фрагменты. Пазл складаецца. Яшчэ крыху і пачне праяўляцца агульная карціна ўсяго (усмешка).

Сапраўдная вандроўка — гэта не вандроўка «куды», а «дзе», «з кім», «у якім настроі». Краявіды, якія адкрываюцца і адкрываюць. Кожнаму штосьці сваё. Трэба проста быць уважлівым, пільным.

Мой улюбёны персанаж — Чжуан Чжоў, які правёў сваё жыццё, бадзяючыся ў бязмежжы. Уласна кажучы, так я і жыву.

Мне дакладна не патрэбныя вучні, я не настаўнік, у класічным сэнсе. Мне патрэбныя тыя, хто ідзе поруч. Сувандроўнікі. Каб не адчуваць сябе самотным у краявідзе.

У гэтым сэнсе, мне пашчэнціла. Ужо больш за дваццаць гадоў у мяне ёсць ідэальны суразмоўца і сувандроўнік — Акудовіч. У нас вельмі розныя тэмпераменты і розныя жанры. Ён скончыў Літінстытут і ішоў ад літаратуры ў мысленне, у філасофію. А я, наадварот, ад філасофіі ў літаратуру. І мы сустрэліся на паўдарозе. Да таго ж, амаль сінхронна вярнуліся ў беларускую культуру, адкрылі яе для сябе. Пазнаёміліся ў Полацку на канферэнцыі, на самым пачатку 1990-х. Раней толькі чулі адзін пра аднаго. А тут ішлі па дарозе на секцыю і вырашылі, што трэба стварыць беларускую філасофію. А пра што была канферэнцыя, ужо і не памятаю.

Запісацца на курс Ігара Бабкова «Гісторыя беларускай думкі: падзеі, дыскурсы, эпістэмы»

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео