BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Алесь Бяляцкі: Беларусь можа ментальна скаціцца да “Северо-Западного края” Расійскай імперыі

26.06.2014 Аляксей Юрыч, ЕўраБеларусь
Алесь Бяляцкі: Беларусь можа ментальна скаціцца да “Северо-Западного края” Расійскай імперыі
Інфармацыйная вайна накрыла сабой і Беларусь, узняўшы шавіністычную хвалю агрэсіі супраць нацыянальнай адметнасці як беларусаў, так і ўкраінцаў.

 21 чэрвеня амаль пасля трох гадоў зняволення раптоўна вызвалены старшыня незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. За кратамі праваабаронца правёў больш за тысячу дзён: 2 гады, 10 месяцаў і 17 дзён.

На волi Алесь Бяляцкі адразу актыўна акунуўся ў грамадскае жыццё: сустрэчы, прэс-канферэнцыі, інтэрв’ю.

Чаму ўлады выпусцілі з калоніі “злоснага парушальніка” рэжыму? Куды рухаюцца беларуска-еўрапейскія стасункі? Якія пагрозы і рызыкі навіслі над Беларуссю пасля расійскай агрэсіі ва Украіне? Ці здольная грамадзянская супольнасць стаць лакаматывам пераменаў у краіне?
 
На пытанні Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі” адказвае Алесь Бяляцкі.
 
- Якой цаной вам даліся тры гады зняволення? Гляджу – на галаве няма ні валаска, а за кратамі ў вас яшчэ абвастрыліся праблемы са зрокам.
 
- Цяжка нешта сказаць – трэба прайсці хаця б хуткае медыцынскае абследаванне. Відавочных праблемаў няма. Праўда, я гавару ў нос – у мяне з’явілася алергія на пыл. Аднак на волі пылу менш, чым у швейным цэху на зоне, таму, спадзяюся, у хуткім часе гэтая праблема вырашыцца.
Што да маёй безвалосай галавы, то такія правілы асабістай гігіены на зоне – мусіш хадзіць коратка стрыжаны. Да таго ж я ў пятніцу схадзіў у лазню, пагаліўся, а ў суботу мяне выпхнулі на свабоду. Вось таму на маёй галаве і няма ніводнага валаска.
 
- Чаму вас амніставалі, хаця не павінны былі? Турэмшчыкі не для таго рабілі з вас “злоснага парушальніка”, каб вызваліць па амністыі.
 
- Дакладна на гэтае пытанне мог бы адказаць толькі Аляксандр Лукашэнка, усе мы можам толькі здагадвацца пра матывы.
 
Асноўная прычына майго вызвалення – ціск міжнароднай супольнасці, праваабарончых арганізацыяў,  пазіцыя Еўрасаюза і ЗША адносна палітзняволеных у Беларусі, якая была і застаецца досыць зразумелай і прынцыповай. Сігнал з боку Захаду выразны: выпусціце палітвязняў – будзем паляпшаць з вамі адносіны. А Беларусь вельмі зацікаўлена ў паляпшэнні стасункаў  з Еўрасаюзам, ідзе вялікі гандаль з ЕС – разрадка напружанасці, якая ўзнікла пасля з’яўлення вялікай колькасці палітвязняў, ёсць жыццёвым інтарэсам нашай дзяржавы. Як бы гэта ні хавалі беларускія ўлады.
 
Як бачым,  рашэнне пасадзіць мяне насіла палітычны кантэкст, і рашэнне вызваліць мела ўсё той жа палітычны кантэкст. Застаецца спадзявацца, што вызваленне палітвязняў на мне не скончыцца – яшчэ сем чалавек знаходзяцца за кратамі з-за палітыных перакананняў. У маім выпадку фармальнай нагодай для вызвалення стаў закон аб амністыі.
 
- Асноўнае патрабаванне Еўрасаюза – вызваленне ўсіх палітвязняў – не выкананае. Тым не менш, Еўрасаюз актыўна супрацоўнічае з беларускім рэжымам, прычым на ягоных умовах. Пра што гэта сведчыць?
 
- Не магу пагадзіцца з фармулёўкай пра актыўную фазу супрацоўніцтва. Актыўнасць зусім слабая: перамовы вядуцца на ўзроўні намеснікаў міністраў ці міністраў замежных спраў. Гэта першыя кантакты ў двухбаковых стасунках пасля працяглага перапынку, выкліканага з’яўленнем палітвязняў, якія нельга лічыць сур’ёзным прарывам еўрапейскай блакады.
 
Патрабаванне засталося – без яго выканання ніякага прагрэсу ў беларуска-еўрапейскіх стасунках мне не ўяўляецца.
 
Называць сур’ёзным прарывам паездку Аляксандра Лукашэнкі ў Сербію язык не паварочваецца. Гэта бедная, неўплывовая краіна, кандыдат на ўступленне ў Еўрапейскі Саюз. Эканамічныя, сацыяльныя,  палітычныя стандарты яшчэ не высокія. Сербія мусіць прайсці пэўны шлях да ўступлення ў Еўрасаюз і пабудовы свайго грамадства.
 
Высокаразвітыя краіны Еўрасаюза займаюць прынцыповую пазіцыю, палітычная ацэнка сітуацыі ў нашай краіне застаецца ранейшай. Трэба зразумець урэшце, што і для ўладаў, і для беларускага народа будзе значна лепш, калі ўсе палітвязні апынуцца на волі.
 
- Праз тры гады зняволення вы трапілі зусім у іншую рэчаінасць: агрэсія Расіі супраць Украіны перавярнула навакольны свет з ног на галаву. Якія пагрозы і рызыкі нясе расійская агрэсія для Беларусі? Як наша краіна можа ім процістаяць?
 
- Унутраная сітуацыя ў Беларусі амаль не змянілася: як была млявая і абмежаваная, калі мяне пасадзілі, такой я яе ўбачыў і па выхадзе на волю.
Геапалітычая сітуацыя сапраўды моцна змянілася і вельмі моцна ўплывае на нас. Эканамічны саюз з Расіяй і Казахстанам Беларусі не выгадны.
 
Інфармацыйная агрэсія, інфармацыйная вайна накрывае сабой і Беларусь, “дзякуючы” таму, што беларусы глядзяць расійскія тэлеканалы. Расійская прапаганда фарміруе беларускую грамадскую думку ў негатыўным плане. Падымаеца шавіністычная хваля, агрэсія супраць Еўропы і еўрапейскіх каштоўнасцяў, супраць нацыянальнай адметнасці як беларусаў, так і ўкраінцаў. Гэта вельмі трывожная тэндэнцыя,  з якою неабходна вельмі актыўна змагацца.
 
 Бо мы можам апынуцца ў сітуацыі, калі праз два, тры, чатыры гады страцім беларускі народ – з-за няведання беларускай мовы, культуры, гісторыі. Беларусь можа ментальна і свядомасна скаціцца да “Северо-Западного края” Расійскай імперыі.
 
- Алесь, вы ў палітыку не збіраецеся і тым больш не маеце намеру вылучацца ў прэзідэнты ў 2015 годзе. Вы аб’явілі, што працягнеце дзейнасць на ніве грамадзянскай супольнасці. Якую ролю вы адводзіце грамадскай супольнасці ў прэзідэнцкай кампаніі, якая насоўваецца на Беларусь?
 
- Бесперспектыўнасць выбараў, якая ўпіраецца ў перыядычную фальсіфікацыю, прымушае шукаць іншыя шляхі праяўлення сваёй актыўнасці і ўплыву на грамадства. Гэта як ручай, які цячэ ў адным накірунку, і абягае – злева ці справа – перашкоды, што ўзнікаюць на ягоным шляху. Такім ручаём мне падаецца і грамадзянская супольнасць.
 
Наша задача – не ўпірацца ў гэтыя “выбары”, спадзеючыся, што яны кардынальна зменяць сітуацыю ў краіне. Не зменяць. Нам трэба развіваць грамадзянскую актыўнасць і адбудоўваць еўрапейскія каштоўнасці і самасвядомасць, якая ў будучыні стане гарантам існавання незалежнай Беларусі.
 
- Як ганаровы сябра Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы, ці плануеце вы актыўна ўключацца ў яе дзейнасць?
 
- Спачатку трэба аглядзецца,  а пасля рашаць.
 
Я трактую грамадзянскую супольнасць не як сукупнасць няўрадавых грамадскіх арганізацый,  а шырэй. Гэта і моладзевыя ініцыятывы, і культурніцкія,  і проста групы па інтарэсах. Менавіта гэта стане базай пераменаў, якія мусяць адбыцца ў Беларусі.
 
Грамадскія арганізацыі, як і палітычныя партыі, - толькі асобныя сегменты грамадзянскай супольнасці.
 
- Ці здольная беларуская грамадзянская супольнасць стаць лакаматывам пераменаў у краіне?
 
- Яна знаходзіцца не ў лепшым стане. Трэба выбудоўваць грамадянскую супольнасць з улікам  новых магчымасцяў,  якія даюць электронныя СМІ,  цікавасцю да новых ініцыятыў і рухаў, якія мусяць стаць зародкам грамадзянскай актыўнасці. І спадзявацца, што іх будзе станавіцца ўсё больш і больш.
Даведка. 24 кастрычніка 2011 года Бяляцкага асудзілі на 4,5 года ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за «ўтойванне прыбыткаў у буйным памеры». Праваабаронца сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасць.
Алесь Бяляцкі адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска.
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео