BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сяргей Харэўскі: Беларуская нацыя ў сучасным стане сфармавалася ў гарадах

14.05.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Сяргей Харэўскі: Беларуская нацыя ў сучасным стане сфармавалася ў гарадах
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Чаму малыя не лекуюцца трыпутнікам, а іхнія бацькі нахабна прыўлашчылі сабе Шагала? Пра тры пакаленні манкуртаў з Менску і коцікаў у аграгарадках - публічная лекцыя вядомага беларускага культуролага.

"Гарадская прастора як культурны канструкт беларускай ідэнтычнасці" - лекцыя літаратара, гісторыка мастацтва і культуролага Сяргея Харэўскага сабрала шмат слухачоў ў сталічным "Цэнтры сучасных мастацтваў" на мінулым выходным. Выкладчык Лятучага ўніверсітэта паспрабаваў запэўніць прысутных, што калыска сучаснай беларускай нацыі - не вёска, а горад.

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" прыводзіць самыя цікавыя вытрымкі з публічнай лекцыі, якая адбылася ў межах асветніцкай праграмы Другога Мінскага форуму вулічных тэатраў.

Гарадскія супраць вясковых

- Беларуская нацыя ў сучасным стане сфармавалася менавіта ў гарадах, дзе ад сярэдзіны 70-х гадоў мінулага стагоддзя жыве большасць этнічных беларусаў. Сапраўды гарады сфармавалі сённяшніх беларусаў. Тое, што адбылося ў выніку XX стагоддзя, нават знішчэнне колішняй старасвецкай спадчыны, сёння можна ацэньваць як дэкаланізацыю.

Мы ўжо самі будуем сабе "старыя" гарады кшталту Нямігі. І ў гэтым ёсць дзіўная дыялектычнасць. Таксама адбываецца наступная, не менш дзіўная, тэндэнцыя: большасць дзяцей, якія атрымліваюць беларускамоўную адукацыю ў садках альбо ў школах, неўзабаве будуць жыць у гарадах.

Калі я нарадзіўся, у 67-м годзе, і блізка не было ніякіх беларускамоўных садкоў і школаў, і пытання не стаяла перад бацькамі, якую адукацыю даваць дзіцяці. Маё дзіцё ходзіць у адзін з 15 беларускіх садкоў. У беларускую 23-ю гімназію конкурс такі, што няма як туды ўбіцца, тры чалавекі на месца!

Калі жыло пакаленне, якое прыйшло з вёскі, гэта рэальна была іхняя культура. Але праз дзевяць гадоў пасля вайны абсалютная большасць беларусаў стала жыць у гарадах, і вясковая культура ўжо была не іхней. За 70 гадоў пасля вайны у Мiнску нарадзіліся і выраслі тры пакаленні, якія не ўпэўнены, з якой вобласці Беларусі паходзяць iхнія прадзеды. І гэта факт. Так знікае найбагатая архаічная вясковая культура эпохі Багушэвіча.

Гвалтоўныя прышчэпкі для дзяцей

- Аб’ектыўна кажучы, большасць з досведу вяскоўцаў нам тут, у горадзе, не патрэбна. Чытаў сваёй малой класіку - "Новую зямлю" Коласа. Выдатная чытанка ў сэнсе гукапісу, культуры маўлення. Але я праз кожны абзац - пык-мык! - вымушаны быў рабіць адступленні, каб патлумачыць словы дзіцёнку, які не бачыў, адкуль бярэцца малако.

Як малой растлумачыць той антураж рэчаіснасці, якой больш няма? Як я магу прышчапіць свайму "кіндэру" гэты канон, калі дзіцё не атаясамляе гэта ні з чым, што яго атачае - ні з гэтымі рыбацкімі снасцямі, ні з каровамі? Ці можаш ты прышчапіць гвалтам тое, што нават няма з чым асацыяваць?

Дык вось колішняя ідыёма, што беларушчына - гэта вёска, ужо не спрацоўвае. Сёння мы такія, якімі нас стварыў горад і ўрбанізацыя, яе псіхілагічныя і сацыяльныя аспекты. Зрэшты рэшт, ёсць ужо трэцяе пакаленне ў гарадах, якое пачынае цікавіцца і ствараць сваю гісторыю. Не ў пераносным сэнсе, мяркуючы па плёну рэканструкцыі ў гістарычным цэнтры горада, а ў самым літаральным. Нашая гісторыя становіцца такой, якую мы самі яе робім.

Пакуль мы праз ідэалагічную інспірацыю трымаліся таго старога канона, у якім ўсе астатнія (тыя, хто жыў у гарадах) былі сацыяльнымі класавымі ворагамі - алігархі, чынавенцтва, святары. Ніхто не задаваўся пытаннем пераасэнсаваннем гэтага канона.

Першым на гэта звярнуў увагу Міхась Стральцоў у 60-я гады, яму належыць тэрмін "сена на асфальце" - хопіць літаратарам плакацца ды успамінаць пра вёску, седзячы ў гарадскіх "шпакоўнях", бо гэта - неадэкватна. Практычна ён сам пачаў пісаць пра горад. Абсалютна гарадская літаратура і ў Івана Шамякіна. І ўжо ад іх пачалося пераасэнсаванне канона.

Пра Шагала і паласатую стужачку

- Сёння перад намі стаіць задача стварэння новага канона. Мы напрацавалі каласальны наратыў, і сёння ўжо чатыры пятых тэм выяўленчага мастацтва - гэта горад.
Паколькі месца не можа быць пустым па вызначэнню, чалавеку трэба адчуваць нейкую духоўную прывязанасць да чагосьці. І ёсць наша інтэпрэтацыя гісторыі. Датычна Менску, у савецкі час не выпадала казаць пра габрэйскую спадчыну, польскую, нават, што смешна, расійскую. Гэта быў маветон.

Хто да 91-га года мог пахваліцца генерал-губернатарам Захарам Карнеевым, які заснаваў сучасны парк Горкага? Нонсэнс было патлумачыць, што ён быў сябрам Паўла I, што ён таксама быў масонам, альбо тое, што князь Трубяцкі пабудаваў у Менску тэатр. Але і тэатра таго не засталося, ёсць той, што пабудавалі на нашых вачах, і гэта - нашая інтэпрэтацыя гісторыі.

Адпаведна, савецкая гісторыяграфія акцэнтавала ўвагу толькі на нейкай беларускасці - Багдановіч нарадзіўся, Купала жыў, - але гэта не ахоплівала нацыянальнай культуры. Сёння беларушчына вельмі інклюзіўная, яна ў стане адаптаваць многія рэчы.

Наш нацыяльны дыскурс вельмі моцна адрозніваецца ад суседзяў, якія не могуць вось так проста браць і прыўлашчваць што заўгодна. Мы ўмудрыліся зрабіць сваім Шагала. Я не ўпэўнены, што Шагал быў бы ў захапленні ад гэтага, як і мой дзядзька, які вызваляў Вену, Будепешт і Бухарэст, прыйшоў бы ў захапленне ад паласатых ордэнскіх стужачак на каўбасе і цыгарэтах.

Дарэчы, паводле апытанкі газеты "Звязда" ў 2000-м годзе большасць яе чытачоў назвала Шагала самым вялікім мастаком Беларусі. Тое ж самае на маіх вачах у 80-х пачалося адбывацца з Іосіфам Лангбардам, а сёння зляпілі з яго персону, якая ўжо стаіць у беларускім пантэоне недзе побач з Шагалам, і Ігар Бабкоў ужо зрабіў яго персанажам свайго рамана. І пляваць, што пра гэтае думаў бы Лангбард!

Губляецца культура збірання грыбоў

- Мы самі, на свой выдум, лепім і клеім абсалютна іншую версію, насычаем яе змест. Але нават гэтага зместа, які быў створаны за 70 гадоў, ужо хапае на ўсіх нас. То бок, мы сёння - такія, якімі сталі за гэтыя паваенныя пакаленні.

Хачу таксама падкрэсліць, што беларусы пасля Чарнобыля - не тыя беларусы, якія былі да гэтай аварыі. Памятаю сваё басаногае дзяцінства: збіралася ўся радня, падзялялася на сем’і і збірала грыбы ў лесе. Сёння беларусы натуральна баяцца хадзіць у лес. Культура збірання грыбоў губляецца. Я ў маленстве мог адрозніць ядомы грыб ад неядомага, а сёння для дзіцёнка гэта дзіва.

Гадоў 120 таму дзесяцігадовае дзіця было ў параўнанні з сучаснымі - энцыклапедыстам. Яно ведала, што да пабітага калена трэба прыкласці трыпутнік, чым загаіць рану, што з’есці і ад чаго. І гэты досвед сёння нам не патрэбны, грыбы - у краме.

Беларусу трэба на кушэтку да псіхолага - вымаць "стрэмкі" з галавы

- Нават пытанне мовы выклікае ў нас траўму. Беларус наогул бы не хацеў гэтага пытання. Кожны перапіс насельніцтва траўмуе беларусаў пытаннем "якая мова родная"? А калі ўлічваць самую вялікую экалагічную катастрофу чалавецтва, ад якой цяжкі досвед маюць беларусы і ўкраінцы, дык траўмы нявызваленасці ад яе мы зараз бачым на прыкладзе сучаснай драмы ва Украіне. А беларусы яшчэ і не прыступалі…

Беларусу ў ідэале трэба легці на кушэтку ў псіхолага, каб яму вымалі з галавы "стрэмкі" - што казала бабуля, чаму вучылі бацькі, што Чарнобыль - гэта ўжо не страшна, "да не парься ты с этим языком!" і гэтак далей.

А гісторыі з помнікамі? Вырашылі паставіць помнік Альгерду, але, каб яго не ставіць, кіраўнік краіны напісаў, што ён - двухсэнсоўны. Затым першы чалавек дзяржавы прыняў валявое рашэнне зрабіць помнік у два разы большы - 5 метраў вышынёй з усімі фінціфлюшкамі, але не Альгерду, а Ягайлу, ў Берасці. І паставіць помнік і таварышу Сапегу ў Лепелі. Нешта ж такое калабродзіць у галаве ў гэтага чалавека…

Дык вось працэс канона не завершаны, і мы, як нацыя ў сучасным сэнсе, стварыліся менавіта ў гарадах. А вёска сённяшняя ўяўляе сабой аграгарадкі - тыповыя домікі з сілікатнай цэглы ўздоўж асфальтавых дарог, дзе ніхто ўжо не доіць кароў, а з гаспадаркі - хіба што коцік які.
 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео