BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Кураня таксама хоча жыць

10.03.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Кураня таксама хоча жыць
generation.by
Стваральнікі стужкі "Білінгвы, ці Кураня з сэрцам" і гледачы разважаюць пра тое, на якой мове лепей размаўляць, і як фільм уплывае на гэты выбар.

Зачыненыя паказы фільмаў і спектакляў для Беларусі - з’ява звыклая. Раней пойдзеш на якое "Письмо для Кэти Акер" у халезінскую хатку - падаруеш пашпартныя дадзеныя міліцыянтам, але і хаткі ўжо няма. Больш зацішна на меней вядомых імпрэзах.

На мінулым тыдні ў галерэі "ЦЭХ" адбыўся зачынены паказ кароткаметражнай стужкі "Білінгвы, ці Кураня з сэрцам". Тым больш цікава гледачам будзе параўнаць фільм з аднайменным тэатральным праектам, які хутка прадставяць ў розных месцах, а бліжэйшы паказ адбудзецца 17 сакавіка ў тым жа сталічным "ЦЭХе" у межах курсаў беларускай мовы "Мова ці кава".

Карэспандэнт Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі" пагутарыла са стваральнікамі фільма і гледачамі, якія бралі ўдзел у абмеркаванні "Білінгваў…".

Тэатр супраць кіно

Пра ідэю стварэння фільма распавядае сцэнарыст Андрэй Саўчанка.

- Сцэнар стужкі - гэта кавалак п’есы, з якой зараз робяць тэатральны праект, - кажа ён. - П’еса перамагла на конкурсе "Сучасная беларуская грамадзянскасць", і з’явілася прапанова зняць па ёй фільм. Таму сцэнар стужкі не ствараўся адмыслова. Пытанні, якія ставіліся ў фільме, гучаць там, па-сутнасці, прамым тэкстам. Галоўнае з іх - самаідэнтыфікацыя сучаснага беларуса, ліцвіна, чалавека, які жыве на нашай зямлі: хто я такі? Што мы за нацыя, на якой мове размаўляць у Беларусі, што адбудзецца з мовай?

Сам я ў паўсюдзённам жыцці размаўляю па-беларуску, але для мяне гэта не прынцыповы момант: з тымі, хто ветліва скажа, што не разумее беларускай, я перайду на ангельскую, французскую, польскую ці расейскую.

Як чалавек, які мае дачыненне да аўтарства сцэнару, скажу, што для мяне фільм павярнуў тэкст у нейкі іншы бок, закрануў іншыя аспекты, чым тыя, што я туды ўкладаў. Гэта трохі павярхоўны погляд на змест тэкста. Аднайменны тэатральны праект для мяне ўсё ж такі больш каштоўны.

Перфоманс за сціплыя грошы

Прадзюсар стужкі Леанід Каліценя займаецца тэмай грамадзянскай асветы і таму ўзяўся прадзюсіраваць фільм.

- Гэта камернае кіно, якое не трапіць у пракат. Фільм напалову - дакуменатальны, напалову - пастановачны. Асаблівы тып калажыка, перфоманс, які цікава глядзець менавіта для абмеркавання на адмысловых паказах, - распавядае прадзюсар. - Стужка знята фактычна на дабрачынных пачатках, за сціплыя грошы. Акцёры - знаёмыя сцэнарыста Андрэя Саўчанкі: напрыклад, вядомы Раман Падаляка, Вольга Курэйчык.

Леанід Каліценя не вылючае, што стужка можа трапіць на фестываль нефарматнага еўрапейскага кіно.

- Мы будзем працаваць у гэтым накірунку, хаця шанцаў не вельмі шмат, бо асноўная інтрыга фільма - гульня беларускай і расейскай моваў, - удакладняе прадзюсар. - Людзям, якія не ведаюсь беларускай мовы, амаль немажліва ўхапіць іронію гэтай гульні. Адна з ідэяў фільма - тое, што мы - білінгвы. Іншае пытанне, што нам з гэтым рабіць і як жыць далей.

Рэжысёр стужкі Андрэй Палупанаў распавядае, што ладзілася невялікае даследванне спецыялістамі па кінафестывалях, згодна якому стужка можа браць удзел у фэстах краінаў СНД і бліжэйшых суседзяў.

- Украінцам, літоўцам, нават нашым суседзям палякам блізкая тэма білінгвізму, - кажа ён. - Таму мае сэнс паказаць стужку ім, а не тым еўрапейцам, якія далёкія ад гэтай тэмы. У нашых планах павазіць стужку, паколькі яе мэта - выклікаць дыскусію.

Вуснамі білінгвы

Гледач Зміцер Бейнарт-Саладуха - прафесійны рэжысёр і прадзюсар, які трапіў на закрыты паказ і браў актыўны ўдзел у абмяркаванні стужкі.

- Паколькі я - прафесійны рэжысёр, зразумела, што ў маёй ацэнцы фільма мне давялося фактычна выключыць прафесіянала, - прызнаецца ён. - У першую чаргу, я ацэньваў яго грамадскую сутнасць і каштоўнасць. З гэтага пункту гледжання, ініцыятыва стварэння такога фільма мне вельмі спадабалася. Прыемна, што маладыя людзі звяртаюцца да базісных пытанняў беларускай культуры.

Для мяне самае каштоўнае ў гэтай з’яве - абсалютна шчырае выказванне і не менш шчыры пошук адказу на складанае пытанне. А рэжысёра ў сабе я не ўключаў таму, што, як і ў любой шчырай справе, там ёсць да чаго прычапіцца.

Істотная рэч для мяне, якая тычыцца не мастацкіх вартасцяў, а больш канструкцыі фільма: было б цудоўна, каб тая выснова, што саспявае ў канцы сюжэта, узнікала не па волі рэжысёра, а ў самім гледачы. Каб не канстатацыя ў канцы фільма, з якой можна пагадзіцца альбо не, а каб нейкае адкрыццё адбывалася разам са мной.

- А на якой мове вы размаўляеце ў паўсюдзённым жыцці?

- Я - білінгва.

- Ці знайшлі адказ на адно з пытанняў, якія фільм ставіць перад гледачом: хто ж такі сапраўдны беларус?

- Зараз на гэтае пытанне адказаць фактычна немагчыма. Яно не мае дакладнага лаканічнага адказу, а мае вельмі разгорнуты. Гэта не толькі той, хто нарадзіўся тут, і не толькі той, хто лічыць сябе сапраўдным беларусам… Просты адказ будзе прафанацыяй.

- Каму, перш за ўсё, адрасаваны фільм?

- Паколькі фільм прапагандысцкі, хоць і з пытаннем ў канцы, то яго аўдыторыя, думаю, дастаткава шырокая. Я не ведаю, каго б з беларусаў пытанне білінгвізму неяк не закранула і не зацікавіла б. Іншая справа - наколькі матэрыял моцны, наколькі дасканала зроблены, каб кранаць гледача. А вось скіраванасць мне падаецца даволі шырокай. 

Глядачка Наталля Гаварко кажа, што ёй вельмі спадабалася ідэя стварэння фільма.

- Ён не зусім адпавядае спадзяванням сцэнарыста, але тэма вельмі складная, якая мае вельмі розныя падыходы, - распавядае яна. - Перад намі чарговы раз паўстае пытанне выбара мовы, але ў сучасным і кароткім фармаце. Фільм не дае адказа на пытанне, не схіляе нас на пэўны бок, не выклікае ў нас адчування вінаватасці за тое, што мы не размаўляем на роднай мове. Фільм нагадаў мне пра важнасць моўнага выбару.

Наталля не ведае мову дастаткова добра, але кажа, што збіраецца яе вывучыць.

- Да мяне прыйшло разуменне, што павінна быць сувязь са сваім "домам" - краінай, дзе ты жывеш, бо калі сувязі няма, гэта - не твой "дом", ты толькі ў гасцях, - рэзюмуе яна.

Аднак сваіх будучых дзяцей Наталля Гаварко плануе аддаць не ў беларускамоўны клас, а туды, дзе будзе "больш перспектыўнае навучанне".

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео