BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Выйшла дапрацаванне выданне успамінаў Яўхіма Кіпеля "Эпізоды"

26.10.2013 "Наша Нiва"
Выйшла дапрацаванне выданне успамінаў Яўхіма Кіпеля "Эпізоды"
фота "Нашай Нiвы"
Гэта — гісторыя Беларусі: ад падзей першага абвяшчэння БССР у Смаленску, відавочцам якіх аўтар быў, да стварэння беларускіх асяродкаў у паваенных ЗША.

 У 1920-я Яўхім Кіпель скончыў БДУ, займаўся навуковай працай, працаваў у Тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, а затым Акадэміі навук. У 1930-м быў арыштаваны па справе Саюза вызвалення Беларусі і высланы ў Вяцкую вобласць. Жонка і трохгадовы сын засталіся ў Мінску, пiша "Наша Нiва".

У 1935 г. вызваліўся, але неўзабаве зноў арыштаваны, гэтым разам на Далёкі Усход. Вызваліўся ў навагоднюю ноч у 1941 г. у гарадку пад здзеклівай назвай Свабодны. Яму зноў было забаронена вяртацца ў Беларусь.

Вярнуўся ў Мінск падчас нямецкай акупацыі, працаваў у беларускай прэсе, займаўся распрацоўкай школьных праграм.

У сваіх успамінах — эпізодах жыцця — аўтар асобна распавядае і пра асобаў, з якімі давялося працаваць: У.Жылку, З.Жылуновіча, Я.Купалу, Я.Коласа і іншых. Расказвае, як перахоўваў «Тэстамент» У. Жылкі.

Гэтае другое выданне ўспамінаў (першае ў Беларусі). Першае выйшла ў Нью-Ёрку ў 1998 г. Новае выданне дапоўнена грунтоўнымі каментарамі.

Вітаўт Кіпель. АБ БАЦЬКУ, ШТО ПРЫПАМІНАЕЦЦА…
Эпізоды, як загаловак кнігі, я сказаў бы, выдатны: гэта занатоўкі больш памятных адцінкаў-здарэнняў жыццёвага шляху.

Назоў «Эпізоды» падыходзіць цудоўна і для маіх, Вітаўта Кіпеля, прыпамінаў аб бацьку, якога я, між іншага, у жыцьці клікаў толькі «тата», так, як і мяне клічуць мае дзеці, а ўнукі сваіх бацькоў; як гаворыцца, сямейная традыцыя. Аднак, да «эпізодаў»…

Мае дачыненні з бацькам, фактычна, мой з ім побыт пад адным дахам быў толькі эпізадычны. Вось рэаліі — статыстыка-храналогія.

Бацька памёр, калі яму быў 71 год, а мне тады было 42. З гэтых 42 гадоў разам з бацькам я пражыў усяго 6—7:

ад 1927 да 1930, калі яго арыштавалі як «нацдэма»; ад 1933 да 1935, калі мы жылі ў горадзе Налінску, то бацьку «перакінулі» ў Вятку (Кіраў). У 1935 г. скончыўся тэрмін высылкі, але нам не было дазволена пражываць у Беларусі (дарэчы, абмежаванняў, дзе можна было жыць, існавала шмат). Праз пару месяцаў яго зноў арыштавалі.

У далейшым я з бацькам стала пражыў толькі гады 1942—1944, а потым даводзілася бываць разам толькі месяцамі.

Эпізадычнасць майго жыцця з бацькам — гэта жорсткая рэалія XX стагоддзя.

Маё сталае выхаванне, як побытавае, гэтак і адукацыйнае, і нацыянальнае, было ў «руках» і абавязкам мае маці. Гаворачы сённешняй тэрміналогіяй, я — выхаванец сям’і адзіночкі-жанчыны. I тым не менш бацькаў уплыў я адчуваў увесь час. Маці не прамінала нагоды напомніць мне пра яго, а з часоў, калі мы бывалі разам, прыпамінаецца ці мала эпізодаў, якімі я хачу падзяліцца з чытачом успамінаў Яўхіма Кіпеля.

Натуральна, што з перыяду жыцьця ў Менску 1927—1930, перад тым, як бацьку арыштавалі, я нічога не памятаю. Аднак са словаў дзеда, матчынага бацькі, з якім мне ў трыццатых гадох давялося жыць (пра тое болей падрабязна троху пазней), ведаю, што мой бацька ўпорыста змагаўся з дзедам і бабкай, каб маё імя было толькі Вітаўт (мама згаджалася з ім!). Дзяды цвердзілі, што такога імя на Камароўцы ніхто не чуў. Бацька перамог.

Далей мне дзед казаў, што бацька «папаў у бяду», бо дамагаўся «ў власці» ўсяго беларускага, а ў выніку яго арыштавалі, і я — «сын арыштанта».

Такіх, як бацька, прыпамінаў дзед, было многа, і яны некалі вернуцца, а мне радзіў да таго часу трымаць язык за зубамі.

Эпізод жыцця разам з бацькам у Налінску, куды ў пачатку 1933 г. было запрапанавана пераехаць і маці, прыпамінаецца добра, хоць, штo праўда, бацька затрымаўся там на нядоўга.

Але ў Налінску былі дзядзі Міколы (Мікола Азбукін і Мікола Улашчык), і мы ўсе хадзілі на рэчку. Дзядзі вучылі мяне песьням: «А ў бары, бары тры дарожанькі», «Iшоў мілы лужком, лужком», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», вершу «Слухай, мулер, што кладзеш ты?». А бацька навучыў сваёй улюбёнай песні «У нядзелю раненька».

Калі перабраліся ў Вятку, мяне падвучылі яшчэ нейкім песням — там «дзядзяў» было болей, а хадзілі найчасцей у вялікі батанічны сад, ды там бацька казаў мне, якія расліны растуць у Беларусі, а якія не.

Як цяпер аналізую тую сітуацыю, дык з перыяду «Налінск—Вятка», я вырас з добрым песенна-вершаваным беларускім рэпертуарам.

У 1935 г. бацькаў тэрмін высылкі канчаўся, і яму з маці было дазволена выбіраць далейшае месцажыхарства. Пры гэтым было добра падкрэслена, што на Беларусь яму варочацца забаронена назаўсёды, маці ж было дазволена раз на год адведваць бацькаўшчыну.

Бацькі выбралі горад Арол, тады яшчэ правінцыйны расійскі гарадок у Курскай вобласці.

Мы з маці прыехалі туды ўлетку, а бацька пад восень. Жылі ў Доме калгасніка: бацькі шукалі кватэру, працу, а я праводзіў час з коньмі на «калгасным» двары, пробаваў лавіць птушак.

Эпізод мне запомніўся такі. Напачатку верасня стаяла яшчэ вельмі цёплае надвор’е, і бацька кажа: «Заміж ісці ў лазню, пойдзем пакупаемся ў рацэ, вада цёплая, і мыццё нічога каштаваць не будзе» (грошай у нас амаль не было). Пайшлі мы на раку Ака, па вуліцы 3-яй Курскай, там палогі пяшчаны бераг — правы бераг ракі. У тым жа месцы на левым беразе (рака шырынёй 50-55 мэтраў) быў высокі-высокі мур з байніцамі, вежамі ведамага Арлоўскага Цэнтралу — старое, вялізнае царскае турмы. Мне кінулася ў вочы, што бацька ўвесь час паглядаў на той мур і як бы да сябе сказаў (але бачыў, што я чую): «вось з-за гэтых муроў нам трэба бадзяцца па свеце і нельга быць на Беларусі; за гэтымі мурамі многа-многа нашых людзей». I вельмі прыцішана закончыў: «Ты, сынок, гэта памятай».

На тым ягоная гутарка скончылася, мы апрануліся і маўчалі. Я — бо інтыўтыўна адчуваў, што нічога не трэба пытаць, а бацька, відаць, думаў, ці не зашмат ён выказаў хлапцу-дзіцяці.

У той мамэнт я і не разумеў поўнасцю зместу думак бацькі, зразумеў іх значна пазней, але ясна сфармуляваную нацыянальную беларускую ісціну ў свой мозг-кампутар уклаў!

Жыццё ў Арле пачынала стабілізавацца: бацькі знайшлі працу, знялі пакойчык на вуліцы Прядильной, заводзіліся грошы, і мне давалася капейчына купіць сабе абед у школьнай сталоўцы: я пайшоў у 12-ю «Железнодоржную» школу. Але позняй восенню я захварэў на шкарлятыну, і мяне адвезлі на брычцы ў клініку далёка на канцы гораду. Выйшаў адтуль незадоўга перад новым 1936 годам і амаль у той дзень, як мяне прывезлі дахаты, ноччу ў нас быў вобшук, і была поўная хата энкавэдыстаў з стрэльбамі.

Мяне паднялі і вельмі «рьяна» шукалі ў матрасах, стукалі па падлозе, хлопалі па подушках.

Мне было троху дзіўнавата, што нават заглядалі ў дзіркі стаўняў, штурхалі ў дзіркі шампурамі, але ж я тады не ведаў, што бацькі недзе схавалі пару лістоў паперы з вершам («Тэстамэнт») Ул. Жылкі. Я дык не ведаў, але НКВД, відаць, падазравала, і вобшук рабілі старанна, пільна. Пасля вобшуку бацьку забралі і выпусцілі толькі праз пяць гадоў — у навагоднюю ноч з 1940 на 1941 год у горадзе Свабодным на Далёкім Усходзе!

У арлоўскі перыяд жыцця я рос без бацькі. Праўда, часта яго ўспамінаў. Мы знайшлі іншы пакойчык, бліжэй да школы (перавёўся ў школу, дзе працавала маці; маё прозвішча ад 1936 году было Зубкоўскі — дзявочае прозвішча маці) — на 2-ой Курскай, недалёка ад Дому калгасніка. Той Дом заўсёды мне прыпамінаў бацьку. Часта лавіў рыбу блізка да муроў Цэнтралу, дык тады згадваў бацькавы словы. А найбольш пра яго напомніў мне наступны эпізод.

У студзені 1939 году маці атрымала тэлеграму, што на сэрца захварэў дзед у Менску. Мы адразу паехалі. I што мы ўбачылі? Дзед ляжаў спаралізаваны ў сараі, а хату, якую ён сам на пачатку стагоддзя збудаваў, адабралі на падставе таго, што ён «цесць ворага народу». Хата сталася «камунальнай», а яму загадалі выбрацца ў сарай.

Калі мы прыехалі, у хату нас не пусцілі. Пакінуўшы абсалютна ўсё з гаспадаркі, хворага дзеда забралі ў Арол. Там, у пакойчыку 14-16 квадратных мэтраў, сталі жыць утраіх: маці, я ды спаралізаваны дзед. Праўда, у яго была яшчэ адна дачка, Насця, але яна была замужам за ваенным, у чыне капітана, жыла ў Кіеве ў ваенным гарадку і браць да сябе — тым болей, што канфіскацыя хаты мела палітычную афарбоўку — адмовілася. Нават у Менск паглядзець на дзеда не прыехала. Я ж займеў беларускамоўнага кампаньёна (мова дзеду амаль адразу вярнулася), за якім трэба было даглядаць. Даглядалі за ім тры асобы: я, маці і гаспадыня хаты, якой плацілі 100 рублёў на месяц.

У пакойчыку было вельмі цесна, бо маці дазволіла яшчэ раней мець дзве птушкі, спеўных чыжа і шчыгла, з якімі я нi за якую цану — дзед ці не дзед — расставацца не хацеў. Дзед сітуацыю разумеў, магчыма, і не поўнасцю, але часта пытаўся, калі ж з’явіцца Яўхім. Не скажу, што мне было лёгка адказваць на дзедава пытанне, тым больш, што і на вуліцы, і ў школе дзятва час-часам пыталася, а чаму твайго бацькі ніколі не відаць? Дзе ён?

На вуліцы на такія пытанні было адказваць лягчэй, бо шмат бацькоў іншых дзяцей варочалася з Беламорканалу ці з Мядзьвежай Гары. Дык сказаць, што бацька «ў краях аддалённых» — хапала.

А ў школе трэба было лавіраваць. Як бы там ні было, а напамін пра бацьку быў заўсёды прысутны.

Бацька вярнуўся ў Арол напрыканцы студзеня 1941 году,

адразу сказаўшы нам, штo затрымаецца толькі каб зайсці ў Аблано, бо жыць яму тут нельга: Арол у 1937 годзе стаўся абласным горадам, а ўсе абласныя былі для яго забароненыя для пражывання. Праз пару дзён ён выехаў у Бранскую вобласць, спытаўшыся ў мяне, ці я нешта чытаю беларускае. Трэба сказаць, што вось кніжак беларускіх я не чытаў, бо дзе ты іх дастанеш? Дзіваком ён мне здаўся пасля такога пытання.

У чэрвені 1941 году пачалася вайна з немцамі. Праз месяц-два на «дзень» заскочыў бацька і сказаў, што як прызыўнога веку, ён падаецца на ўсход, а ты, сынок, памагай маме, неяк выжывайце.

3 кастрычніка 1941 г. Арол занялі немцы. Насельніцтва пачало пазнаваць сапраўднае ліха: электрастанцыя разбіта, вады і свету няма, харчоў немцы ніякіх не давалі. Разруха поўная.

У лістападзе пачаліся халады, замаразкі, снег. Немцы нікога з гораду не выпускалі, каб пайсці ў вёску, нечага вымяняць паесці. Прамышлялі як маглі: збіралі лушпаі каля нямецкіх кухняў, недзе «выкопвалі» старыя склады з малясам, крухмалам. Пацанва хадзіла з шчоткамі, каб немцам пачысціць боты і тым зарабіць кавалак хлеба. Было цяжка, і старыя, як дзед, хутка адыходзілі; іх адвозілі на санках ці то ў збітых з дошак скрынях, цi то завярнуўшы ў мешкавіну, на манастырскія могілкі ў канцы вуліцы 2-й Курскай. Усе збіралі цыгарэтныя бычкі: за табаку на птушыным базары можна было выменяць бохан хлебу.

I вось у такой атмасферы недзе напрыканцы лістапада — пачатку снежня з’яўляецца бацька.

Цяпер у пакойчыку становіцца яшчэ цясней, ды прыбавіўся адзін рот. Як кажуць, здорава! Праўда, у бацькі ў галаве адразу з’явіліся дзве практычныя думкі: немцы варочалі назад бежанцаў, і бацька запісаўся такім у камендатуры. З’явілася надзея на зварот на Беларусь! А другая думка — у горадзе стаялі адчыненыя тысячы кватэраў: перабірайся хоць куды. Што мы і зрабілі, перабраўшыся ў вялізарную кватэру бліжэй да станцыі. Аднак як мы толькі пачалі апальваць кватэру, у два пакоі засяліліся нямецкія жаўнеры — восем асобаў. Яны ўвесь час мяняліся, мяняючыся ў акопах на франтавой лініі. А лінія тая была ў кіламетрах 20-30 ад гораду.

Дзед памёр у сакавіку 1942 г., і мы яго з бацькам пахавалі. У сакавіку ж немцы пачалі дазваляць раз на тыдзень на некаторых вуліцах выходзіць у вёску, пашукаць нечага паесці. Мы з бацькам з гэтага карысталі і выходзілі за горад: тo нешта прамяняць, тo недзе папрацаваць за харчы. У такіх вылазках бацька даваў мне дастаткова лекцыяў пра Беларусь: «Бачыш, сынок, у нас людзі, мінаючыся на дарогах, віталіся «З Богам», а вось у Расеі разыходзяцца моўчкі». Сказаў ён мне і такое, калі я спытаўся, як вымяраліся адлегласці паміж вёскамі: «Тут мералі Сьцяпан ды Барыс. А канат вазьмі ды абарвісь! Сцяпан сказаў: давай дамерым, а Барыс сцвердзіў: і так павераць!».

У чэрвені камендатура дала нам і яшчэ дзясятку сем’яў дазвол сядаць у таварныя цягнікі, што ідуць у кірунку Беларусі. Для нас з маці гэта было вялізарнай неспадзеўкай: не верылі, што ўдасцца выехаць з Арла. Наступныя колькі дзён мы літаральна праводзілі на станцыі Орел-товарный, пытаючыся ў кожнага машыніста, куды кіруецца састаў. У канцы чэрвеня нам пашанцавала: селі ў таварны вагон у кірунку Гомель.

З дарогі мала што прыпамінаецца, а вось прыезд у Менск запомніўся.

Як толькі наш цягнік затрымаўся, бацька, перашапнуўшыся з маці, паляцеў, як яна сказала, шукаць кіёск, каб купіць газету: нам у дарозе сказалі, што ў Менску выходзіць беларуская газета. I праўда: праз колькі хвілінаў ён вярнуўся, трымаючы ў руках «Беларускую газэту». Iзноў жа, нічога мне не кажучы, перакінуўся пару словамі з маці і, узяўшы ў яе нейкія паперкі, пайшоў ад нас у кірунку горада. Мяне гэта ашарашыла, і я пачаў маці крычаць, а хто будзе цягнуць усё гэта барахло — пару клункаў, вялізную валізу — не бліжні свет: на Камароўку!? Я быў так разышоўся, што маці трэба было мяне даўгавата супакойваць і праясніць сітуацыю: «Сынок, тата пайшоў па адрасу шукаць рэдакцыю газеты. Мы з сабой маем арыгінал твору таго паэты з Уржуму (пра Жылку я чуў), які мы прыраклі надрукаваць. Мы верш увесь час перахоўвалі!».

У мяне захапіла дыханне, калі тое пачуў. «Мама, — забарматаў я, — тыж памятаеш, як нешта шукалі ў Арле. Яны напэўна ведалі і хацелі знайсьці. Каб знайшлі, то вамбы абаім былаб «крышка», а мне дзіцячы дом!!!».

I мама ціхенька адказала: «Так, Вітусь, мы ведалі, што магло быць і нам, і табе. Тым не менш хацелі верш перахаваць. Мы з татам так пастанавілі». Пачуўшы ад маці такое, я літаральна аслупянеў! Я ўяўляў у той момант, што магло б быць са мной, каб Жылкаў «Тэстамэнт» знайшлі. Але адначасна вельмі ўзнагарыўся за бацькоў, пацалаваў маму ды сказаў: «Хай-бы тата хутчэй знайшоў рэдакцыю». Мне было радасна на душы, што бацькі нацыянальнае паставілі вышэй за асабістае. Багаж я пацягнуў на Камароўку з наплывам сілаў, а бацька заначаваў недзе ў горадзе, здаецца, у Антона Адамовіча.

У менскім перыядзе жыцця, 1942—1944, было шмат эпізодаў, калі бацька ўплываў на мяне.

Прыкладам, наняў мне рэпетытара з беларускіх прадметаў (я займаўся, у дадатак да школьнай праграмы, з Антонам Лёсікам ад восені 1942 да лета 1943), заахвочваў удзельнічаць у розных дапамаговых акцыях для дзяцей сіротаў ды інш. Аднак агульна беручы, бацька быў поўнасцю ўцягнуты ў адміністрацыйную беларускую працу. Калі ён стаў рэдактарам газеты «Голас вёскі», абавязкаў у яго прыбавілася, і часам ён прасіў мяне занесці матэрыялы ў друкарню. Збіраючы матэрыялы, як ён мяне аднойчы папарасіў, я адчыніў шуфляду і ўбачыў там пісталет «Вальтэр». Калі пазней спытаў у бацькі, чаму ў шуфлядзе зброя, дык ён адказаў, што шмат хто ў рэдакцыі атрымаў пісталет пасля забойстваў Ф. Акінчыца і У. Казлоўскага, але ён свой не носіць. «А ў шуфлядзе хай ляжыць», кажа.

Што бацька працаваў у небяспечных умовах, і пісталет давалі ў рэдакцыі невыпадкова, станавілася ясным хоць бы з такога выпадку.

Мы жылі на Горным завулку ў доме Шабанавых, сям’і да нас вельмі прыязнай, бо пабудавацца ў Менску ў гады 1920-я дапамог ім мой дзед Васіль Паўлавіч Зубкоўскі; дзед забяспечыў Шабанавым дзялку на пабудову хаты. Старэйшы сын Шабанавых, Коля, у той час (1942—1943) меў гадоў 19—20. Мы прыпушчалі, што ён меў сувязь з партызанамі. I вось аднойчы Коля мне шапнуў: «Вітка, твой тата рэдактар газэты і падпісваецца Я. Здалевіч. За ім сочаць». Я, прызнацца, бацькавага псеўданіму не ведаў, а аб гутарцы з Колем перадаў яму. Бацька спакойна глянуў мне ў вочы, лёгенька ўхмыльнуўся і вельмі пераконліва мне павёў: «Скажы Колю «дзякуй». Я — Здалевіч, я заўважаю, што за мной сочаць, буду пільнавацца. Пільнуйся, сынок, і ты». Вось такая была гутарка. Праўда, бацька быў асцярожны: хадзіў рознымі маршрутамі, часта заначоўваў у горадзе, але я таксама бачыў, што ён вельмі ўпэўнены, мэтанакіраваны працаваць далей, без каліўца боязні.

Крыху паправілася нашае матэрыяльнае становішча: маці схадзіла пару разоў у «западную», дык прынесла крыху ежы. Ранішнюю зацірку сталі запраўляць тлушчам!

З Горнага завулку пераехалі на Берасцянскую, у дом Серафімы Феліксаўны Жук — сястры братоў Пашковічаў. Там мы мелі некалькі пакояў. Частым госцем з начаваннем быў Мікола Шкялёнак, а ў часе падрыхтоўкі да Другога Кангрэсу ў хаце, асабліва ў суботы-нядзелі, бывала ладна людзей з правінцыі. Час-часам бацька пытаўся ў мяне, што робіцца ў гімназіі, на зборках у СБМ, але былі гэта больш пытанні для свае інфармацыі, а менш, каб даць настаўленні. Праўда, ён быў моцна зацікаўлены ў спевах, часта пытаўся, хто вучыў нас песням у СБМ. Значна больш цікавіўся жыццём моладзі ў Менску Шкялёнак, і я яму даўгавата аб тым расказваў.

Менск мы пакінулі ў самым канцы чэрвеня 1944 году. Нейкі час я быў у Познані, а калі прыехаў у Берлін увосені 1944 г., дык бацькі жылі недзе ў раёне цэнтру гораду. На іх кватэры аформіў прапіску і я, хоць, уладзіўшыся працаваць-вучыцца (праграма пры DeutschesInstitutfurAuslander) я часта жыў у розных месцах.

З берлінскага перыяду жыцця — верасень 1944 — сакавік 1945 — найбольш помніцца канфлікт-сварка паміж бацькам і мной-маці, калі мы з маці выступілі вельмі востра, каб бацька не далучаўся да ўласаўскага камітэту. Аднак ён паступіў, як сам лічыў патрэбным. Добра таксама, што пазней аб сваім уласаўскім эпізодзе ён напісаў у друку.

У паваенны перыяд, ад 1945 году, я з бацькам разам праз даўжэйшы перыяд і не бываў.

Даездамі я быў у Garmisch-Partenkirchen, дзе ён стала пражываў, як тады казалі, «на прыватцы», бо ў лагер ён ісці не жадаў — баяўся выдачаў у Савецкі Саюз. Я ж жыў у лагеры, вучыўся і працаваў з моладдзю. Найбольшая заклапочанасць бацькі аба мне — гэта было, каб я закончыў навуку: сярэднюю школу, перарваную вайной, а далей універсітэт.

Калі мы з Зорай пажаніліся і нейкі час жылі непадалёк ад маіх бацькоў, прасілі іх пасядзець з унукамі, што тыя ахвотна рабілі. Мая маці, як магла, выхоўвала ў Алесі і Юркі беларускасць, ветлівасць і г. д. і г. д.

Бацька ж «адбываў» свае гадзіны ды стараўся ўнукаў навучыць песні «Ой, ліс да лісы беразёнкай ішоў» — песні, якую яму некалі спявала ягоная мама.

Гледзячы цяпер назад, мы ўсе, мая сям’я, былі блізкія з бацькам, і яго любілі, хоць ён быў і адрозны ад іншых дзядоў, больш замкнуты ды заўсёды кіраваўся прынцыпам: вы мне вызначце гадзіны — я адраблю, а затым пакіньце мяне ў спакоі.

Была ў бацькі адна «дзівоснасць», якую падхапілі і крытыкі, і пісьменнікі (прыкладам, Лявон Савёнак). «Яўхім Кіпель будуе perpetum mobile!». Так, бацька, калі не займаўся беларускімі справамі, аддаваўся навуковым разважаннямі. Прыкладам, напісаў свой погляд на асновы маралі, шмат чытаў аб біялогіі чалавека (імкнуўся скрышталізаваць свой погляд, якія сокі, вітаміны больш спрыяюць жыццяздольнасці), а таксама думаў, як можна больш скарыстаць некарыстаную энэргію, прыкладм, прылівы-адлівы. Нешта падобнае, падобныя думкі былі і пра perpetum mobile: адзін раз затраціўшы энэргію — мусіць «цела» рухацца вечна! Для мяне ясна: калі б была вольная Беларусь, Яўхім Кіпель працаваў бы як навуковец у Акадэміі. Навуку ён любіў, паважаў, беларускай справай займаўся найперш дзеля таго, што «трэба здабыць дзяржаву, а тады займацца іншым».

У гадах 1990-х я з Зорай і адзін раз з Алесяй наведалі Байлюкі.

Радні ў нас там шмат: др. Зіна Календа (радня з сям’і Сапегаў) зрабіла мне нават генеалагічную табліцу! Пры аднэй сямейнай сустрэчы ў Байлюках мне было сказана, што ў другім коле радні ёсць і Янкоўскія — сваякі ведамага, буйнога і слаўнага філолага Фёдара Янкоўскага. Ф. Янкоўскі нарадзіўся ў сяле Клятное — рукой падаць ад Байлюкоў. На вялікі жаль, калі мы з Зорай пачалі ездзіць у Беларусь, пачынаючы ад 1991 году, Ф. Янкоўскага не было ў жывых.

Вось такія мне прыпомніліся эпізоды пра бацьку, і я вельмі ўдзячны маладому пакаленню на Бацькаўшчыне, што мне дапамагалі і ездзіць і нешта рабіць для Беларусі, а гэта: Генадзю Сагановічу, што разведаў і «знайшоў» Байлюкі, Уладзіміру Арлову за заўсёдную дапамогу з транспартам, кампаніяй, Зміцеру ды Iлоне Саўкам за раннюю расшыфроўку-упарадкаванне манускрыптаў ды першае выданне «Эпізодаў», Наталлі і Алегу Гардзіенкам і Ціхану Чарнякевічу за працу над другім выданнем, Лявону Юрэвічу за ўсю-усю працу, якую ён ініцыюе-выконвае ды, галоўнае, даводзіць да канца.

***

Кіпель, Яўхім. Эпізоды / Навук. рэд. Н. Гардзіенка, Л. Юрэвіч; прадм. З. Саўка, І. Урбановіч-Саўка, В. Кіпель; камент. Ц. Чарнякевіч, Н. Гардзіенка, А. Гардзіенка. Мінск: Лімарыус, 2013. - 388 с.: іл. - (Беларуская мемуарная бібліятэка).

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео