BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Самыя "глыбокiя" СМI Беларусi

09.02.2013 Зміцер Лупач
Самыя "глыбокiя" СМI Беларусi
Калі гаварыць пра СМІ, то Глыбокае ў гэтым родзе горад унікальны. Тут выдаюцца чатыры газеты, гораду прысвечаны некалькі сайтаў у iнтэрнэце. Але гiсторыя глыбоцкiх СМI значна багацейшая.

 Гiсторыя глыбоцкай прэсы

Выдавецкая справа ў Глыбокім пачала развівацца яшчэ ў царскія часы. Вядома, што ў 1912 годзе ў горадзе існавала прыватная друкарня “Прагрэс”, уладальнікамі якой былі М. Кацовіч і А. Гельперын.У гэтай друкарні сто гадоў таму выйшла ў свет брашура “Идите на хутора” І. Г. Дароніна, які ў той час выконваў абавязкі земскага начальніка 6-га ўчастка Дзісенскага павета, у склад якога тады ўваходзіла Глыбокае. Па словах старажылаў, гэта друкарня знаходзілася на прыкасцельнай плошчы, зараз на гэтым месцы знаходзіцца фантан. Збоку ад фантана цяпер знаходзіцца помнік кнізе, пастаўлены да Дня беларускага пісьменства, які праходзіў у Глыбокім 2 верасня 2012 года.
 
Пры ІІ Рэчы Паспалітай (1920 – 1939) выдавецкая справа ў Глыбокім зведала вялікі ўздым: у горадзе, які меў каля 10 тысяч насельніцтва, выходзіла 5 перыядычных выданняў! Мажліва, на гэта паўплывала і тое, што тагачасныя польскія ўлады перанеслі ў Глыбокае цэнтр Дзісенскага павета, паколькі сама Дзісна знаходзілася на самай мяжы.
 
З 1924 года ў Глыбокім стала выходзіць штодзённая павятовая газета “Глос Дзісьненьскі”. Некаторыя нумары гэтай газеты зараз знаходзяцца ў Бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта.
 
З 1930 года ў Глыбокім пачаў выходзіць часопіс “Земя Дзісьненьска”, рэдактарам якога з’яўляўся Юзаф Драздовіч. Так, гэта не хто іншы, як знакаміты Язэп Драздовіч, які тады працаваў выкладчыкам малявання ў Глыбоцкай гімназіі імя Люблінскай уніі. Краязнаўчы гурток гэтай гімназіі з’яўляўся выдаўцом часопіса, які друкаваўся на польскай мове - ў той час дзяржаўнай на нашых землях.
 
Акрамя гэтага, выдаваліся яўрэйскія газеты на мове ідыш, адна з іх мела назву “Глыбокер Штыме” (“Глыбоцкі голас”), другая “Глыбокер Вох” (“Глыбоцкі тыдзень”). Як сцвярджае глыбоцкі краязнаўца Ўладзімір Скрабатун, ён асабіста трымаў у руках гэтыя выданні.
 
Па словах яшчэ аднаго глыбоцкага краязнаўцы Язэпа Бунто, выходзіла і пятае глыбоцкае выданне з цікавай назвай “Глыбоцкая багна”. Мяркуючы па назве, гэта была своеасаблівая глыбоцкая жоўтая прэса. Усе гэтыя выданні павінны захоўвацца ў адной з бібліятэк Вільні.
 
Падчас нямецкай акупацыі Баляслаў Лапыр і Гелена Герасімовіч выдавалі беларускую антысавецкую газету, назва якой да гэтага часу дакладна не ўстаноўлена.
Ад 17 верасня 1939 года вядзе адлік свайго існавання глыбоцкая раённая газета “Веснік Глыбоччыны”. Праўда, напачатку яна называлася “Сцяг камунізму”, потым “Шлях перамогі”, выходзіла тры разы на тыдзень і да 1994 года была адзінай мясцовай газетай у раёне. У 90-я гады з атрыманнем Беларусі суверэнітэту, газета змяніла сваю назву на “Веснік Глыбоччыны” – гэты факт варты ўвагі, паколькі, калі звярнуцца да статыстыкі, большасць раёнак так і засталася з савецкімі назвамі.
Праўда, калі капнуць глыбей, прычына гэтага даволі банальная – у незалежнай Беларусі праводзілася ўніфікацыя назваў, а газета з назвай “Шлях перамогі” – менавіта такую назву хацелі даць раёнцы ў Глыбокім - была ў Вілейскім раёне. А можа і не толькі ў Вілейскім. І глыбоцкая раёнка была вымушаная назву памяняць, але і тут не абыйшлося без алюзій. З 1994 года ў Глыбокім пачала выдавацца незалежная газета “Вольнае Глыбокае”, пра якую будзе сказана ніжэй. Адзінае, што хацелася б зараз адзначыць – абедзве рэдакцыі, як “Веснік Глыбоччыны”, так і “Вольнае Глыбокае”, скарачаюць свае выданні як ВГ, што нярэдка ўносіць некаторую блытаніну ў галовы чытачоў.
 
Калі гаварыць пра гісторыю СМІ на Глыбоччыне, хацелася б адзначыць яшчэ два моманты. Першы – гэта выданне незалежных малафарматных газет у вёсках. Гэта былі выданні “Рэха Дзеркаўшчыны” і “Вярхнянскі край”. Газеты выходзілі пры падтрымцы “Вольнага Глыбокага” і асабістай дапамозе Уладзіміра Скрабатуна ў 2000 – 2001 гадах, выйшла іх каля дзесятка нумароў, яны распавядалі пра жыццё на вёсцы, розныя вясковыя праблемы. І хаця іх выхад спыніўся, само іх існаванне мела вялікае значэнне: шмат моладзі зацікавілася ідэямі беларушчыны, незалежнасці, дэмакратыі. Гэта паспрыяла таму, што на прэзідэнцкіх выбарах у 2001 годзе ўсе ўчасткі мелі незалежных назіральнікаў. І вынікі выбараў па ўчастках тады яшчэ значна адрозніваліся паміж сабой.
 
Другі момант – гэта выхад у Глыбокім незалежнай газеты “Паўночна-заходні край”. Заснавальнікам і рэдактарам яе была Галіна Сутула. Газета выходзіла ў першай палове 2003 года, выйшла яе ўсяго дзесяць нумароў, потым з-за недахопу сродкаў газета спыніла сваё існаванне. Гэта выданне было, у першую чаргу, канкурэнтам “Вольнаму Глыбокаму” (дарэчы, Галіна Сутула раней працавала рэдактарам “Вольнага Глыбокага”). Газета ўзяла сабе недарэчную назву, што выклікала шмат крытыкі, нягледзячы на тое, што ў першым нумары рэдакцыя тлумачыла сваю назву тым, што выхадзіць яны на паўночна-заходні раён Беларусі. Цікавы факт, Галіна Сутула праз некалькі гадоў стала працаваць у дзяржаўнай раёнцы і зараз піша хвалебныя артыкулы для ўлады, хаця некалькі гадоў таму яна гэтую ўладу бязлітасна крытыкавала. Выхад “Паўночна-заходняга краю” меў адзін дадатны бок – за час яго існавання значна палепшылася якасць “Вольнага Глыбокага”. Як-ніяк, канкурэнцыя!
 
Сучасныя медыя
На сённяшні дзень прастора СМІ ў Глыбокім складаецца з дзвюх агульнапалітычных газет: вышэйназванага афіцыйнага выдання “Веснік Глыбоччыны” і незалежнай газеты “Вольнае Глыбокае”. Акрамя гэтага, ў Глыбокім выходзіць рэкламная газета “Прэфект-інфо”, вярстаецца газета Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі “Каталіцкі Веснік”.
 
Коратка пазнаёмімся з кожнай з газет.
 
Найперш гэта раённая газета “Веснік Глыбоччыны”, заснавальнікам якой з’яўляецца раённы Савет народных дэпутатаў і Глыбоцкі райвыканкам. На сённяшні дзень наклад яе складае больш за 5 тысяч асобнікаў, газета выходзіць два разы на тыдзень. Распаўсюджваецца ў асноўным па падпісцы. Некаторая частка газет прадаецца праз кіёскі “Саюздруку” і ў прыватных крамах. Выданне прадстаўляе афіцыйную пазіцыю мясцовай улады, піша ў асноўным пра праблемы сельскай гаспадаркі, мясцовай прамысловасці. Артыкулы ў газеце ў асноўным пазітыўныя, калі і дапускаецца крытыка, то толькі з санкцыі мясцовай улады. Можна сустрэць сярод публікацый і творы мясцовых паэтаў, у асноўным, лаяльных да ўлады, а вось краязнаўчыя матэрыялы друкуюцца на старонках зрэдку. Прысутнічае ў газеце некаторая колькасць прыватных аб’яў, віншаванні, у апошні час значна павялічылася плошча, занятая рэкламай. Тут варта адзначыць, што да вырабу рэкламных блокаў у рэдакцыі газеты ставяцца павярхоўна, у асноўным гэта тэксты, абведзеныя рамкай. Прыстойныя рэкламныя блокі калі і прысутнічаюць у газеце, то яны вырабленыя самім заказчыкам – у асноўным, гэта прадпрыемствы і арганізацыі, якія ў значнай меры залежаць ад дзяржавы, у першую чаргу банкі, якія вымушаны даваць рэкламу толькі ў дзяржаўныя газеты (пра што ёсць звесткі). “Веснік Глыбоччыны” мае свой сайт, але ж матэрыялы на ім выстаўляюцца з вельмі нізкай аператыўнасцю. Пра некаторыя падзеі паспяваеш ужо забыцца, а яны толькі з’яўляюцца на сайце.
 
Другая агульнапалітычная газета – незалежнае выданне “Вольнае Глыбокае”, што выходзіць са снежня 1994 года. Заснавальнікам і рэдактарам з’яўляецца глыбоцкі краязнаўца Уладзімір Скрабатун. На сённяшні дзень тыраж газеты складае 2200 асобнікаў. Распаўсюджваецца яна па кірмашах, прыватных крамах, а таксама па падпісцы, створанай самой рэдакцыяй пасля таго, як выданне было выключанае з падпіснога каталогу Белпошты. Газета распаўсюджваецца і па-за межамі Глыбокага – у Докшыцах, Шаркаўшчыне, Мiёрах і Верхнедзвінску. На старонках газеты нашмат болей за раёнку знойдзеш матэрыялыў на тэму краязнаўства, гісторыі, канешне, друкуюцца і мясцовыя навіны. Да апошняга часу выданне друкавалася ў дзяржаўнай друкарні, кіраўніцтва якой вычытвала макет, перш чым яго надрукаваць – дакладна вядома, што гэта мела месца ў Наваполацкай і Маладзечанскай друкарнях. Гэты факт паўплываў на тое, што ў “Вольным Глыбокім” з’явілася самацэнзура. Па словах рэдактара Уладзіміра Скрабатуна, галоўнай мэтай было захаваць газету, не даць уладам нагоды яе закрыць.
 
Зараз газета друкуецца ў прыватнай друкарні ў Мінску, гэта пазітыўна адбілася на якасці газеты. З-за адсутнасці строгай цэнзуры ў ёй стала больш цікавай інфармацыі, друкуюцца праблемныя артыкулы. Ды і кошты на друк у прыватнікаў аказаліся меншымі.
 
Яшчэ адна адметнасць “Вольнага Глыбокага” – гэта вялікая колькасць прыватных абвестак. У гэтым пытанні газета канчаткова перамагла раёнку. Як падаецца, таму ёсць дзве прычыны: больш нізкі кошт і, самае галоўнае, аператыўнасць незалежнага выдання.
 
З 17 верасня 2009 года ў Глыбокім выдаецца рэкламная газета “Прэфект-інфо”, якая распаўсюджваецца бясплатна ў Глыбокім, Паставах, Докшыцах і Шаркоўшчыне. На сённяшні дзень яе тыраж складае 3000 асобнікаў, гэта каляровае выданне выходзіць адзін раз на 2 тыдні і мае самую маленькую рэдакцыю ў рэгіёне – у яе складзе працуюць толькі тры чалавекі. Першапачаткова планавалася рэгістраваць газету як агульнапалітычнае выданне, але Міністэрства інфармацыі такога варыянту не зацвердзіла.
 
Чацвёртае выданне, якое з поўным правам можна аднесці да глыбоцкіх СМІ, гэта газета Віцебскай дыяцэзіі “Каталіцкі Веснік” якая выходзіць з красавіка 2011 года. Рэдакцыя знаходзіцца ў г.п. Бягомль, а заснавальнік і выдавец – у Віцебску, але ж сама газета вярстаецца ў Глыбокім, адсюль жа макет газеты адсылаецца ў друк. Можа, гэты факт паўплываў на тое, што сярод чытачоў газеты глыбачан найбольш. Распаўсюджваецца яна, у асноўным, у касцёлах, а таксама па падпісцы праз Белпошту. Тыраж яе ўжо дасягнуў 3000 асобнікаў, падпісчыкаў у газеты на сённяшні дзень амаль тысяча. Газета выдаецца на васьмі старонках фармату А3, некалькі разоў выдаваліся нумары па 16 старонак. Якія тэмы можна сустрэць на старонках “Каталіцкага Весніка “? Канешне, у першую чаргу, пішуць пра жыццё віцебскай дыяцэзіі рыма-каталіцкай царквы, змяшчае таксама навіны з іншых дыяцэзій Беларусі, ёсць у газеце і навіны з жыцця каталіцкай царквы ў свеце, друкуюцца пісьмы чытачоў, вершы, дасланыя вернікамі, а таксама віншаванні, абвесткі пра цікавыя мерапрыемствы, што ладзяцца ў касцёле. Хочацца адзначыць, што час ад часу на старонках можна прачытаць цікавыя аналітычныя артыкулы, у якіх аналізуецца пазіцыя Касцёла адносна розных сацыяльных і культурных праблем. Са снежня гэтага года пачаў працаваць сайт газеты, які адразу выклікаў увагу чытачоў – як доказ таму, наяўнасць каментароў амаль да кожнага артыкула.
 
Інтэрнэт -СМІ
Напрыканцы нашаг агляду інфармацыйнай прасторы Глыбокага некалькі слоў пра Інтэрнэт -СМІ. Хаця ў сеціве даволі шмат старонак, прысвечаных Глыбокаму, на сённяшні дзень толькі чатыры або пяць з іх можна аднесці да разраду СМІ. Гэта старонкі, кантэнт якіх рэгулярна аднаўляецца, на іх змяшчаюцца навіны з жыцця горада і раёна. Найперш гэта рэгіянальны партал westki.info. Гэты партал ахоплівае ўсходнюю частку былой Віленшчыны, а таксама горад Вільню, з якім наш рэгіён быў звязаны не адно стагоддзе. Заснавальнік партала – глыбачанін Андрусь Храпавіцкі, які зараз жыве ў Вільні. На партале шмат месца аддаецца навінам з Глыбокага, ды і пераважная частка аўтараў блогаў – глыбачане. Даволі аператыўна працуе і другі незалежны рэгіянальны сайт kraj.by. Тэрыторыя, якую ён ахоплівае, амаль супадае з тэрыторыяй сайта westki.info, таму гэтыя сайты можна лічыць у некаторым родзе канкурэнтамі. Сайт мае сваіх карэспандэнтаў у Глыбокім, таму глыбоцкім падзеям на ім надаецца шмат увагі, публікуецца шмат здымкаў, відэаапытанняў, анонсаў пра глыбоцкія падзеі. Аднак сайт значна саступае ў колькасці крытычных матэрыялаў, а навіны сайта нагадваюць нататкі з раённых газет.
 
Як суіснуюць у агульнай гарадской прасторы СМІ усе згаданыя выданні? Ці можна казаць пра нейкі ўплыў кожнага з выданняў на развіццё СМІ ў Глыбокім? У першую чаргу, адзначым канкурэнцыю, якае мае месца сярод глыбоцкіх газет, што значна ўплывае на іх якасць. Як толькі незалежная газета “Вольнае Глыбокае” стала штотыднёвым выданнем, якасць дызайну раёнкі значна палепшылася. Гэта асабліва было відаць у параўнанні з афіцыйнымі выданнямі суседніх раёнаў,у некаторых з іх яшчэ дзесяць гадоў таму трапляліся нумары без ніводнага здымка. Пачалася канкурэнцыя і за аб’явы чытачоў. Тут варта аддаць належнае газеце “Вольнае Глыбокае”, якая выйграла гэтую барацьбу, пакінуўшы раёнку ў гэтым плане далёка ззаду. А вось з віншаваннямі і спачуваннямі іншая карціна - тут чытачы да гэтай пары аддаюць перавагу раёнцы.
 
З пункту гледжання аператыўнасці размяшчэння як аб’яў, так і іншых матэрыялаў, перавагу аддаюць “Вольнаму Глыбокаму” - нават такія дзяржаўныя органы, як пажарныя, ахова прыроды, міліцыя, энерганагляд і інш., нягледзячы на ціск з боку раённага кіраўніцтва, размяшчалі інфармацыю ў незалежнай газеце. Канкурэнцыя паміж “Вольным Глыбокім” і рэкламнай газетай “Прэфект-інфо” зрабіла рэкламныя блокі газет больш якаснымі, таксама паўплывала на іх кошт, які застаецца адносна невысокім. Рэакцыяй “Вольнага Глыбокага” на з’яўленне яшчэ аднаго незалежнага СМІ стала пашырэнне тэрыторыі свайго распаўсюду.
 
Што тычыцца Інтэрнэт-СМІ, то варта адзначыць высокую папулярнасць Вестак, пра што, як нам падаецца, ускосна сведчыць той факт, што на афіцыйным сайце Глыбоцкага райвыканкама з’явіўся раздзел “В ответ на критику”, дзе чыноўнікі адказваюць на крытычныя матэрыялы, змешчаныя на сайце westki.info.
Наогул, існаванне незалежных СМІ ў Глыбокім робіць горад адметным сярод навакольных райцэнтраў. Мясцовая ўлада больш прыслухоўваецца да грамадскай думкі, ды і самі жыхары, на маю думку, больш разняволеныя, у іх вачах менш страху. З дапамогай публікацый у мясцовых СМІ ў горадзе ўдалося захаваць аўтэнтычны выгляд будынку музея, вырашаліся некаторыя асабістыя праблемы жыхароў. Ды і тое, што ў 2012 годзе ў Глыбокім з’явілася Алея знакамітых землякоў, пастаўлена памятная шыльда Клаўдзію Дуж-Душэўскаму, не ў малой ступені заслуга СМІ, якія шмат пісалі пра гісторыю роднага горада.
 
Яшчэ адзін факт, які хацелася б адзначыць, – гэта мова мясцовых СМІ. Вядучую ролю тут адыгрывае беларуская мова, прычым гэта датычыць як незалежных выданняў, так і дзяржаўнай раёнкі. І тое, што па выніках перапісу 2009 года большасць насельніцтва раёна карыстаецца беларускай мовай, шмат у чым заслуга мясцовых сродкаў масавай інфармацыі.
 
Ад рэдакцыi:
Тэкст публікуецца ў межах спецыяльнага праекту "ЕўраБеларусі", мэтай якога было адлюстраванне фактуры сучаснага беларускага гораду (значныя падзеі, вядомыя людзі, знакі і сімвалы і г.д.), якая б паказвала, па якіх нормах і прынцыпах арганізавана сёння гарадское жыццё ў рэгіёнах.
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео