BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Зварот пастара Антонія Бокуна з прычыны склаўшайся сітуацыі вакол Змітра Дашкевіча

29.09.2011
Зварот пастара Антонія Бокуна з прычыны склаўшайся сітуацыі вакол Змітра Дашкевіча

Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь
Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Ад імя вернікаў Царквы ХВЕ "Ян Прадвесьнік"
пастар Антоній Бокун

27 верасня 2011 года

ЗВАРОТ
з прычыны з’яўлення ў СМІ інфармацыі пра катаванні, маральны і фізічны ціск,
які чыніцца ў адносінах да Дашкевіча Змітра Вячаслававіча

26 верасня 2011 года у сродках масавай інфармацыі з'явілася інфармацыя (ліст Змітра Дашкевіча да сваёй нарачонай Насты Палажанкі ад 19 верасня 2011 года), у якім ён просіць тэрміновай сустрэчы са сваім адвакатам, з прычыны крытычнай сітуацыі, ў якой ён апынуўся ў выніку ціску, пераследу і катаванняў з боку адміністрацыі Горацкай папраўчай калоніі № 9. У вышэйзгаданым лісце ён сярод іншага напісаў: "Да лепшага зьмяніцца сытуацыя ў Горках не пажадала. Зусім наадварот. Сказаць, што зьмянілася яна да горшага - не сказаць нічога.... Вызначылі мне тамтэйшыя такую кабалу, зь якое, пэўна, я ўжо і ня выберуся... Спаў за 2 сутак 1,5 гадзіны і еў 0,5 раза".

Зміцер Дашкевіч, затрыманы 18 снежня 2010 года і асуджаны 24 сакавіка 2011 года на 2 гады пазбаўлення волі паводле беспадстаўнага абвінавачвання, з’яўляецца веруючым хрысціянінам, членам Царквы хрысціян веры евангельскай "Ян Прадвесьнік" з 2006 года. У Горацкай папраўчай калоніі № 9 Зміцер Дашкевіч доўгі час знаходзіўся ў штрафным ізалятары, пазбаўлены цёплай вопраткі і Бібліі, так што вымушаны быў абвясціць галадоўку пратэсту, пра што і паведаміў свайму адвакату падчас сустрэчы, якая адбылася 13 верасня 2011 года.

У Сьвятым Пісанні - Бібліі неаднаразова Бог звяртае ўвагу на каштоўнасць жыцця чалавека і годнасць чалавечай асобы. Менавіта таму Богу неабыякава, што адбываецца з вязнямі:

"Калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязняў зямлі, калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга, калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных, хіба ня бачыць Госпад?" (Плач Ярэміі 3:34-36)

"Каб ні ў чым не рабілі з братам сваім супрацьзаконна і карысьліва, бо Госпад - мсцівец за ўсё гэта" (Першы ліст да Тэсалонцаў 4:6)

Таксама Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь сцвярджае, што дзяржава забяспечвае недатыкальнасць і годнасць асобы:

"Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню ці пакаранню" (Артыкул 25).

У сувязі з вышэйуказанай інфармацыяй просім правесці ўсебаковае расследаванне фактаў катавання ў Горацкай папраўчай калоніі № 9, а таксама ў іншых месцах, дзе знаходзіўся Зміцер Дашкевіч падчас этапавання.

Патрабуем спыніць маральны і фізічны ціск, які аказваецца на Змітра Дашкевіча, выявіць і пакараць вінаватых у гэтым службовых асобаў, а таксама зрабіць захады дзеля недапушчэння паўтарэння падобных фактаў у будучыні. 

Видео