BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

V Фэстываль тэатраў Цэнтральнай Эўропы "Суседзі"

17.06.2010
V Фэстываль тэатраў Цэнтральнай Эўропы "Суседзі"

Спэктаклі, канцэрты й творчыя сустрэчы ўваходзяць у праграму V Фэстывалю тэатраў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы “Суседзі”, які пачаўся ў 14 чэрвеня ў Любліне. На мерапрыемства прыбылі тэатральныя трупы як з розных гарадоў Польшчы, так і з суседніх краін, пра што, дарэчы, сьведчыць назоў імпрэзы. Падрабязьней пра тое, якія калектывы бяруць удзел у сустрэчы, расказвае Вітальд Мазуркевіч, дырэктар фэстывалю “Суседзі”.

В. Мазуркевіч: На фэстываль, як кожны год, прыехалі госьці з Славачыны, Чэхіі, Украіны й Беларусі. Былі ў нашай гісторыі таксама такія імпрэзы, на якіх выступалі калектывы з Вугоршчыны, але сёлета ў нас юбілейны, 5-ы фэстываль, і таму запрошаны тэатралы зь пяці краін, паколькі Польшчу я таксама адношу да ліку ўдзельнікаў імпрэзы.

У гэтым годзе галоўнай тэмай мерапрыемства зьяўляецца творчасьць Уільяма Шэкспіра.

В. Мазуркевіч: Так, Уільям Шэкспір, але з крыху іншага пункту гледжаньня. Мы пастараліся знайсьці такія спэктаклі ў Польшчы ды ў тэатрах нашых суседзяў, якія крыху інакш інтэрпрэтуюць творчасьць Шэкспіра. Мы стараліся, хаця не да канца гэта ўдалося, пазьбегнуць спэктакляў на клясычнай сцэне, а ўсё паказаць у тэатральным намёце, у цыркавым намёце, які стаіць на галоўным пляцы Любліна. На вуліцах горада, на пляцах можна будзе паглядзець спэктаклі, пастаўленыя пад уплывам творчасьці Шэкспіра. Гэта тэатар, які навязвае да традыцыі ярмарачнага, елізавецкага тэатру.

Фэстываль “Суседзі” стараецца прэзэнтаваць спэктаклі, якія прадстаўляюць іншы погляд на тэатар. Тэатральныя трупы прыяжджаюць з розных краін, але гэта ўсё ж такі даволі блізкія культуры. Ці дзякуючы культурнай блізасьці гэты позірк на тэатар падобны, ці ён усё ж такі адрозьніваецца?

В. Мазуркевіч: Я думаю, што цягам гісторыі фэстывалю здаралася й адно, і другое. Нам нават здавалася, што існуюць зусім два палярныя пункты гледжаньня на адну й тую ж тэму, прадстаўленую падчас фэстываляў. Але назіралася й падобнае бачаньне тэмаў, калі аказвалася, што некалькі сотняў кілямэтраў, якія разьдзяляюць два тэатры, ня маюць вялікага значэньня. А здараліся на нашым фэстывалі й даволі складаныя тэмы, якія прымушвалі да дыскусіі й маглі выклікаць спрэчкі. Пабачым, як гэта будзе выглядаць сёлета. Часам назіраюцца такія розьніцы, якія падштурхоўваюць нас да выбору наступнай тэмы або прыладаў фэстывалю. Напрыклад, месца правядзеньня мерапрыемства - агромны цыркавы намёт, які стаў ужо нашым сымбалем, быў не маёй ідэяй. Я пазычыў гэтую ідэю ў тэатра “Патра” са Славаччыны, які быў госьцем першага фэстывалю “Суседзі” і прывёз уласны намёт. А з таго часу такі намёт, які стаіць на пляцы Літоўскім, стаў нашым сымбалем, нашым адбіткам пальца.

Вы сказалі, што ў гэтым годзе галоўнай тэмай фэстывалю зьяўляецца творчасьць Уільяма Шэкспіра. Але гаворка ідзе не пра тое, каб тэатральныя калектывы падрыхтавалі пастаноўкі п’есаў Шэкспіра. Некаторыя з гэтых спэктакляў – гэта свабодная трактоўка зьместу яго п’есаў. Напрыклад, у адным з прадстаўленьняў сустракаюцца Афэлія й Лейдзі Макбэт, якія, здаецца, дагэтуль яшчэ не сустрэліся на адной сцэне.

В. Мазуркевіч: Так, паколькі, як я ўжо сказаў, Шэкспір – гэта толькі лёзунг сёлетняга мерапрыемства. Мы шукалі цікавых спэктакляў, са свабоднай трактоўкай творчасьці Шэкспіра. Напрыклад, прадстаўленьне, якім пачынаецца фэстываль. Яно называецца “Я цябе не баюся, Атэлла” – гэта драма, пастаўленая па матывах аднайменнага твору Шэкспіра на люблінскай сцэне “In vitro”. Нашы артысты будуюць зусім новыя тэатральныя гісторыі. І менавіта гэтым адрозьніваецца наша разуменьне творчасьці Шэкспіра ад іншых.

І апошняе пытаньне.  Фэстываль пачаўся ў панядзелак. Колькі часу ён працягнецца?

В. Мазуркевіч: Мерапрыемства працягнецца да пятніцы. Вечарам у гэты дзень тэатар са Львова “Воскресенье” пакажа вулічны спэктакль, які сумяшчае ў сабе розныя матывы творчасьці Шэкспіра. А ў аўторак гледачы могуць пазнаёміцца з Берасьцейскім тэатрам драмы й музыкі. Ён выступіць з п’есай “Рамэо і Джульетта”. Дарэчы, зь беларускіх тэатраў да нас прыехаў таксама лялечны тэатар з Горадні. Але, на маю думку, адзін з самых цікавых тэатраў - менавіта трупа з Львова. Яна вядомая па ўсёй Эўропе. І гэта будзе кульмінацыя сёлетняй ідэі фэстывалю, бо ў іх спэктаклях ёсьць шмат матываў творчасьці Шэкспіра.

Нашым госьцем быў Вітальд Мазуркевіч, дырэктар Фэстывалю тэатраў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы “Суседзі”.

 

Крыніца: Польскае радыё для замежжа

Видео