BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

З 5 лютага зменены парадак допуску грамадзян у пагранічную зону

05.02.2009
З 5 лютага зменены парадак допуску грамадзян у пагранічную зону
З 5 лютага ў Беларусі зменены парадак допуску грамадзян у пагранічную зону. Ён вызначаны новым законам аб дзяржаўнай мяжы, які ўступіў у дзеянне сёння.

Нагадаем, у 2008 годзе плошча пагранічнай зоны была скарочана прыкладна на 50 тыс. кв. км. Гэта амаль чацвёртая частка тэрыторыі краіны.

У адпаведнасці з новым законам, для таго каб трапіць у пагранзону, грамадзянам Беларусі, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна жывуць у краіне, трэба аплаціць у ашчаднай касе дзяржпошліну (0,2 базавай велічыні), квітанцыя аб чым сапраўдная на працягу года, і паведаміць аб намеры наведаць зону у Дзяржпагранкамітэт у Мінску ці ў тэрытарыяльны орган пагранслужбы. Пры гэтым ніякіх пропускаў у пагранічную зону, выдачай якіх раней займалася МУС, больш не спатрэбіцца.

Знаходзячыся ў пагранзоне, грамадзяне абавязаны мець пры сабе квітанцыю і дакумент, які сведчыць асобу. У Беларусі апрача пашпарта гэта яшчэ і від на жыхарства, пасведчанне бежанца.

Пропускі ў пагранзону захоўваюцца для замежных грамадзян, у тым ліку расіян, і асоб без грамадзянства, якія пастаянна не жывуць у Беларусі. Для атрымання пропуска яны павінны звярнуцца або ў Дзяржпагранкамітэт у Мінску, або ў тэрытарыяльны орган пагранслужбы, які адказвае за той участак пагранзоны, куды чалавек хоча трапіць. Да 5 лютага за выдачу такіх пропускаў адказвалі органы ўнутраных спраў.

Прыехаць у пагранзону не змогуць іншаземцы, якія парушылі раней Правілы знаходжання на тэрыторыі краіны.

Як паведамляў БелаПАН, рыхтуецца ўказ прэзідэнта, якім зацвярджаецца пералік дакументаў, што дазволяць некаторыя катэгорыям грамадзян прыязджаць у пагранічную зону без выплаты дзяржпошліны. Пры гэтым у грамадзян апрача дакументаў, пра якія ідзе гаворка, павінен быць і дакумент, які сведчыць асобу.

Без выплаты дзяржпошліны, маючы адпаведныя службовыя пасведчанні, у пагранзону змогуць прыязджаць кіраўнікі дзяржавы, вышэйшыя службовыя асобы краіны, службовыя асобы Адміністрацыі прэзідэнта, супрацоўнікі органаў пагранічнай службы, КДБ, МУС, папярэдняга расследавання, Службы бяспекі прэзідэнта, ДМК, суддзі, пракурорскія работнікі, грамадзяне, якія выконваюць работы па жыццезабеспячэнні пагранічнай зоны (леснікі, урачы хуткай медыцынскай дапамогі і г.д.).

Не давядзецца плаціць дзяржпошліну тым, хто едзе ў пагранзону ў камандзіроўку, калі ў камандзіровачным пасведчанні будзе ўказана месца працы ў зоне, паляўнічым, рыбаловам, якія набылі пуцёўкі, людзям, якія накіроўваюцца адпачываць у санаторыі. Даведка з дзіцячага лагера адпачынку ці з месца службы вайскоўца дазволіць бясплатна наведваць дзіця бацькам, тэлеграма аб смерці чалавека — прыехаць у пагранзону на пахаванне. У праекце ўказа  акрэслены і іншыя катэгорыі грамадзян. У большасці выпадкаў праект указа тычыцца не толькі грамадзян Беларусі, але і замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна жывуць у краіне.

Не будуць плаціць дзяржпошліну і жыхары пагранічнай зоны. У іх пашпартах рэгістрацыя на гэтай тэрыторыі абазначаецца штампам "ЗП" ("зона пагранічная"), паведамляе БелаПАН.

Спасылка 

Видео