Четверг 15 ноября 2018 года | 10:23
  • бел / рус
  • eng

Галоўнае – асабістая матывацыя на актыўнае паўнавартаснае жыццё (ФОТА)

02.03.2018  |  Инклюзив   |  Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь,  
Галоўнае – асабістая матывацыя на актыўнае паўнавартаснае жыццё  (ФОТА) Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

У Бабруйску рэалізуюцца тры праекты ў межах кампаніі па імплементацыі Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю ў горадзе.

Імплементацыя Канвенцыі, да якой Беларусь далучылася 3 кастрычніка 2016 года, дазволіць забяспечыць роўнасць ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. І актывісты з Бабруйска маюць шэраг планаў для таго, каб працаваць над гэтым. 28 лютага ў горадзе прайшоў прэс-ланч, падчас якога яны прэзентавалі праекты, што рэалізуюцца ў межах кампаніі “Павестка 50”.

– У Беларусі досыць іерархічная сістэма кіравання, у той час як мясцовая павестка прапануе паглядзець на праблематыку людзей з інваліднасцю праз прызму таго, што кажуць яны самі, іх прадстаўнікі і людзі, якія штодзённа працуюць з імі, – патлумачыў удзельнікам прэс-ланча намеснік дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Міхаіл Мацкевіч. Таму галоўная задача кампаніі – стварыць мясцовыя павесткі ў пяці пілотных гарадах. Гэта стратэгічны план на 3 – 5 год, які будзе змяшчаць канкрэтныя дзеянні па рэалізацыі Канвенцыі на месцах.

Міхаіл Мацкевіч. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Як паказала даследванне, якое правёў Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі на этапе запуску кампаніі “Павестка 50”, Бабруйск аказаўся адным з найбольш спрыяльных гарадоў для стварэння мясцовай павесткі.

Навыкі, якія працуюць

Як распавяла галоўны спецыяліст аддзела садзейнічання працаўладкаванню Бабруйскага гарвыканкама Святлана Лінкевіч, у горадзе, як і па ўсёй краіне, ёсць арганізацыі, да якіх па рашэнні гарвыканкама даведзена “браня”. Гэта значыць, што ў такія арганізацыі аддзел садзейнічання працаўладкаванню можа накіроўваць людзей з інваліднасцю, якіх абавязаны ўзяць на працу. Апроч гэтага аддзел прапануе прафесійнае навучанне і адаптацыю да працоўнай дзейнасці за кошт бюджэта. Летась па “брані” працаўладкавалі 52 чалавекі, некаторыя заняліся прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Святлана Лінкевіч. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Аднак ахапіць усіх ахвотных працаваць “браня” не можа. Таму сярод трох бабруйскіх праектаў два звязаныя з працаўладкаваннем людзей з інваліднасцю. Першы з іх – “Школа працаўладкавання”, пра якую распавялі Вольга Салановіч, прадстаўніца Бабруйскай пярвічнай арганізацыі “Надзея” “Асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”, і Таццяна Пукала з клуба “Міласэрнасць і здароўе” Беларускага Чырвонага Крыжа. Як патлумачылі выступоўцы, праект мае сваёй мэтай стварэнне ўмоў для працаўладкавання людзей з інваліднасцю шляхам працы з прадпрыемствамі і ўстановамі Бабруйска, а таксама навучанне людзей з інваліднасцю неабходным для працаўладкавання кампетэнцыям.

Прэзентацыя праекта "Школа працаўладкавання". Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Гэтаму і надаецца ўвага ў “Школе працаўладкавання”, дзе навучаюцца 30 маладых бабруйчан ад 18 да 31 года. Адна група з 15 чалавек ужо прайшла трохмесячны курс, які ўключаў трэнінгі па напісанні рэзюмэ і пошуку працы, кінапрагляды, экскурсіі. Вынікам кампетэнцый, атрыманых у Школе, стала тое, што амаль усіх яе навучэнцаў патэнцыйныя працадаўцы запрасілі на паўторнае сумоўе, а адзін чалавек ужо нават уладкаваўся на працу. Але ад праекта чакаюць і больш глабальных вынікаў: прынамсі два бабруйскія дзяржаўныя прадпрыемствы павінны падрыхтаваць даступнае асяроддзе для працаўладкавання людзей з інваліднасцю. Апроч таго ў межах праекта плануецца скласці спіс даступных працоўных месцаў, распрацаваць дапаможнік для працадаўцаў па працаўладкаванні маладых інвалідаў.

Вольга Салановіч. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Таццяна Пукала. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Інваліднасць – не перашкода поспеху

Яшчэ адзін праект, накіраваны на працаўладкаванне, называецца “Крокі да поспеху” і рэалізуецца ў Бабруйску з верасня 2016 года. У ім бяруць удзел ТЦСАН Ленінскага раёна горада, рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Асаблівы свет”, Цэнтр прадпрымальніцкай актыўнасці людзей з інваліднасцю “Вузел” і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бабруйскага гарвыканкама. Удзельнікі распрацоўваюць план дзеянняў для пошука працы і ствараюць сістэму забеспячэння працоўнай занятасці людзей з інваліднасцю ў горадзе.

У рамках праекта адбываецца анкетаванне адносна магчымых відаў занятасці, шэраг навучальных семінараў па прадпрымальніцкай дзейнасці, маркетынгу і рэкламе, рамесніцтву.

Прэзентацыя праекта "Крокі да поспеху". Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

– У людзей з інваліднасцю ёсць стэрэатып, што іх група – “не працоўная”, хаця такога паняцця насамрэч няма, – зазначыла прадстаўніца Ленінскага ТЦСАН Таццяна Сінькевіч.

Марына Абазовік з аб’яднання “Асаблівы свет” дадала, што стэрэатыпы маюць не толькі самі людзі з інваліднасцю, але і грамадства, бо доўгі час фармавалася “дабрачыннае” стаўленне да тых, хто мае асаблівыя патрэбы.

Бліжэйшым буйным мерапрыемствам у межах праекта “Крокі да поспеху” стане правядзенне семінара-кансультацыі па працаўладкаванні, разлічанага на 3 месяцы.

– У красавіку мы хочам запрасіць на яго прадстаўнікоў вельмі паспяховай расійскай ІТ-кампаніі, дзе 80% праграмістаў – людзі, якія цалкам не бачаць, але пры гэтым выдатна канкуруюць на сусветным ІТ-рынку, – паведаміла Марына Абазовік.

“Мы – такія ж, як усе”

Старшыня Бабруйскай аб’яднанай арганізацыі ГА “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў” Лілія Ламаносава распавяла пра праект “Спытай мяне”, які рэалізуецца сумесна з ТЦСАН Першамайскага раёна Бабруйска.

Лілія Ламаносава. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

– Мы арганізавалі праект, таму што хочам сказаць, што такія ж, як усе, толькі перамяшчаемся крыху іначай. Людзі мала ведаюць пра вазочнікаў, часам яны хочуць дапамагчы ці нешта спытаць, але не ведаюць, як правільна гэта зрабіць. Мэтай нашага праекта з’яўляецца зніжэнне ўзроўня дыскрымінацыі вазочнікаў паводле прыкметы інваліднасці, а таксама скасаванне бар’ераў у стасунках.

Мерапрыемствы ў межах праекта будуць праходзіць цягам трох месяцаў – у сакавіку, красавіку і траўні. Ужо працуе суполка ў Фэйсбуку “Бабруйск на колах”, дзе публікуюцца ўсе імпрэзы, у якіх бяруць удзел бабруйскія вазочнікі. Аўтары праекта рыхтуюць улёткі і банеры для размяшчэння ў горадзе, каб прыцягнуць людзей да мерапрыемстваў з удзелам вазочнікаў і паказаць, што яны жывуць такім жа жыццём, як і ўсе: маюць сем’і і дзяцей, займаюцца спортам і самі сябе абслугоўваюць.

Прэзентацыя праекта "Спытай мяне". Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Павестка аб’ядноўвае

Фактычна ўсе аўтары праектаў досыць актыўна працуюць над стварэннем мясцовай павесткі для Бабруйска і адзначаюць станоўчую дынаміку гэтай працы.

– Мы хочам дасягнуць добрых вынікаў у імплементацыі Канвенцыі ў горадзе, у нас ёсць планы на гэты конт. Я лічу, што гэта цалкам рэальна для любога чалавека з інваліднасцю – галоўнае, каб была асабістая матывацыя на актыўнае паўнавартаснае жыццё. У нас ёсць шэраг праектаў у напрацоўках, Канвенцыя дазваляе закрануць любую сферу жыцця грамадзянскай супольнасці, – перакананая Марына Абазовік.

Удзельнікі прэс-ланча. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Адказваючы на пытанне Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі” аб працы па стварэнні мясцовай павесткі для Бабруйска, яна зазначыла, што галоўным вынікам стала фармаванне каманды людзей з розных арганізацый, як дзяржаўных, так і недзяржаўных, якія займаліся праблемамі ў галіне інваліднасці, але ніколі раней не працавалі сумесна.

– У нас у горадзе шмат актыўных, ініцыятыўных, нестандартнага мыслення людзей, гатовых працаваць з тэмай. Працэс стварэння мясцовай павесткі адназначна пайшоў нам на карысць, – падсумавала яна.

Аўтары праектаў. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

А Міхаіл Мацкевіч дадаў, што дадатковым эфектам па выніках кампаніі можа стаць стварэнне анлайн-базы вакансій для людзей з інваліднасцю, а таксама прыцягненне да супрацоўніцтва бізнесу ў якасці партнёра, а не мецэната.

Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

***

Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.

  

Кампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага звязу ў партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй “Еўрапейскі дом” (Данія). У Рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь” і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.

Другие новости раздела «Инклюзив»

“Павестка 50” у Стоўбцах: нізкапольны аўтобус, гукавыя светлафоры і кансультацыі
“Павестка 50” у Стоўбцах: нізкапольны аўтобус, гукавыя светлафоры і кансультацыі
У Стоўбцах распавялі пра вынікі стварэння лакальнай павесткі для вырашэння праблем людзей з інваліднасцю і прэзентавалі міні-праект “Адкрыты дыялог”.
Ларыса Шчарбачэвіч: Мы будзем развівацца ўстойліва
Ларыса Шчарбачэвіч: Мы будзем развівацца ўстойліва
У Валожыне прадставілі чарнавік мясцовай павесткі і падвялі вынікі рэалізацыі міні-праекта ў рамках кампаніі “Павестка-50”.
Імкнуцца стаць на месца чалавека з інваліднасцю. У Століне прэзентавалі маніторынг дасяжнасці
Імкнуцца стаць на месца чалавека з інваліднасцю. У Століне прэзентавалі маніторынг дасяжнасці
28 траўня ў горадзе прайшла прэзентацыя вынікаў праекту “Роўныя Роўным”, які быў прысвечаны маніторынгу безбар’ернага асяроддзя ў горадзе.
“Думаюць, не працуюць ногі – не працуе і галава.” У Бабруйску вазочнікі змагаюцца з дыскрымінацыяй
“Думаюць, не працуюць ногі – не працуе і галава.” У Бабруйску вазочнікі змагаюцца з дыскрымінацыяй
Як паводзіць сябе з людзьмі ў інвалідных вазках? Ці трэба ім дапамагаць? І як гэта рабіць? Яны самі распавядаюць пра тое, пра што нам сорамна ў іх спытаць.
Рэальная праца Канвенцыі залежыць ад усіх зацікаўленых супольнасцяў і арганізацый
Рэальная праца Канвенцыі залежыць ад усіх зацікаўленых супольнасцяў і арганізацый
Якія вынікі дае кампанія “Павестка 50”, што дапамагае ўвасобіць у жыццё Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю ў рэгіёнах?
Канвенцыя – супраць страхаў, бар’ераў і стыгм (ФОТА)
Канвенцыя – супраць страхаў, бар’ераў і стыгм (ФОТА)
Ад інфармаванасці залежыць якасць жыцця, вырашылі спецыялісты ў Валожыне, і арганізавалі выяздныя кансультацыі па Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю ў сельсаветах раёна.
Канвенцыя павінна стаць “жывым інструментам”, а не заставацца на паперы (ФОТА)
Канвенцыя павінна стаць “жывым інструментам”, а не заставацца на паперы (ФОТА)
3 сакавіка ў Мінску сустрэліся ўдзельнікі кампаніі “Павестка 50”, накіраванай на рэалізацыю Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю, з Бабруйска, Століна, Шчучына і Стоўбцаў.
Галоўнае – асабістая матывацыя на актыўнае паўнавартаснае жыццё  (ФОТА)
Галоўнае – асабістая матывацыя на актыўнае паўнавартаснае жыццё (ФОТА)
У Бабруйску рэалізуюцца тры праекты ў межах кампаніі па імплементацыі Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю ў горадзе.
“Мы пераарыентуем сваё стаўленне да праблем людзей з інваліднасцю” (ФОТА)
“Мы пераарыентуем сваё стаўленне да праблем людзей з інваліднасцю” (ФОТА)
У Стоўбцах прайшоў варкшоп па стратэгічным планаванні, і пачалося напісанне мясцовай павесткі вырашэння праблем людзей з інваліднасцю.
“Павестка 50” у Шчучыне: ад страху да актыўнай супольнасці (ФОТА)
“Павестка 50” у Шчучыне: ад страху да актыўнай супольнасці (ФОТА)
Для таго, каб мясцовыя павесткі працавалі, людзям з інваліднасцю неабходна быць актыўнымі ў працэсах прыняцця рашэнняў і вырашэння праблем.
Адзін у полі не ваяр, але разам мы можам шмат (ФОТА)
Адзін у полі не ваяр, але разам мы можам шмат (ФОТА)
У Шчучыне людзі з інваліднасцю вучыліся лідарству і адвакатаванню сваіх інтарэсаў.
Польскія эксперты: Мы гаворым – “роўнасць”, а вы – “інклюзія”
Польскія эксперты: Мы гаворым – “роўнасць”, а вы – “інклюзія”
Ці стане стварэнне мясцовых павестак дзейсным інструментам для забеспячэння правоў людзей з інваліднасцю ў Беларусі, як гэта адбылося ў Польшчы?
“Казаць пра людзей з інваліднасцю асобна ад усёй краіны – немагчыма”
“Казаць пра людзей з інваліднасцю асобна ад усёй краіны – немагчыма”
У Польшчы асновай зменаў ва ўсіх сферах грамадства, у тым ліку ў галіне інваліднасці, стала разуменне таго, што ўсе людзі маюць роўныя правы.
Як жывуць і працуюць людзі з інваліднасцю – латвійскі досвед
Як жывуць і працуюць людзі з інваліднасцю – латвійскі досвед
Сацыяльнае прадпрымальніцтва, занятасць як рэабілітацыя і “момант адпачынку” за кошт мясцовага самакіравання і спонсараў.
Безбар’ернае асяроддзе – гэта не пандус, а сродак самастойнасці (ФОТА)
Безбар’ернае асяроддзе – гэта не пандус, а сродак самастойнасці (ФОТА)
У Століне грамадскія арганізацыі і мясцовыя ўлады рэалізуюць праект, накіраваны на незалежнае пражыванне людзей з інваліднасцю, і ствараюць уласную павестку для раёна.
Андрэй Ягораў: Усё залежыць ад людзей на месцах
Андрэй Ягораў: Усё залежыць ад людзей на месцах
У межах кампаніі “Павестка 50” на Століншчыне стартаваў сацыяльны праект “Роўныя – Роўным”.
“Павестка 50”: праблемы можна вырашыць толькі салідарнасцю і роўным падыходам
“Павестка 50”: праблемы можна вырашыць толькі салідарнасцю і роўным падыходам
У пяці беларускіх гарадах разгортваецца кампанія па ўвасабленні ў жыццё палажэнняў Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю.
«Повестка 50»: от антисолидарности к взаимодействию
«Повестка 50»: от антисолидарности к взаимодействию
Что мешает формировать локальные повестки по реализации прав людей с инвалидностью в беларусских городах: недостаток ресурсов или традиционализм и «антисолидарность» местных сообществ?
Сяргей Драздоўскі: Знаходжанне ў інтэрнаце значыць для чалавека поўнае выключэнне праваздольнасці
Сяргей Драздоўскі: Знаходжанне ў інтэрнаце значыць для чалавека поўнае выключэнне праваздольнасці
Калі выйсці на вуліцу і спытаць, што трэба людзям з псіхічнымі парушэннямі, большасць скажа, што іх трэба альбо лячыць, альбо ізаляваць. Ці правільны гэта шлях і што адбываецца за дзвярыма інтэрнатаў?
Сергей Дроздовский: Утверждение Национального плана – только отправная точка в нашей работе
Сергей Дроздовский: Утверждение Национального плана – только отправная точка в нашей работе
Станет ли Национальный план действий по реализации положений Конвенции о правах инвалидов рычагом для запуска системных изменений в реализации политики инвалидности?
Разработана неформальная инструкция для заявителей на программу "Креативная Европа"

Команда консультантов проекта "Креативное Восточное партнерство" подготовила первую рабочую версию Неофициального руководства для потенциальных участников конкурса программы "Креативная Европа".

Гражданское общество Беларуси: актуальное состояние и условия развития (2015-2017)

Представляем вашему вниманию отчет по результатам комплексного исследования гражданского общества Беларуси за период 2015-2017 годов.

"Размова Мацкевіча" з Андрэем Ягоравым пра будучыню Беларусі (Відэа)

Якая наша бліжэйшая будучыня паміж Расіяй і Захадам, якія нашы перспектывы ў іншых сферах і што больш можа натхніць беларусаў — ВКЛ ці IT-тэхналогіі?

Правило Миранды. Зачем журналистов продолжают вызывать на допросы

"Все, что вы скажете, может и будет использовано против вас!"