BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Грамадства само не хоча мадэрнізацыі, яно арыентавана на стабільнасць” (ФОТА)

02.11.2017 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
“Грамадства само не хоча мадэрнізацыі, яно арыентавана на стабільнасць” (ФОТА)
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Замежныя стажыроўкі і нават гарвардскі дыплом пры працаўладкаванні ў Беларусі нярэдка становяцца не перавагай, а перашкодай.

Вяртаюцца менш за палову

Беларусы – выпускнікі замежных універсітэтаў уяўляюць сабой важны чалавечы патэнцыял для нашай краіны. І калі многія дзяржавы распрацоўваюць адмысловую палітыку, каб спрыяць вяртанню спецыялістаў на радзіму альбо не губляць з імі сувязі ў замежжы, у Беларусі такім выпускнікам, фактычна, няма куды падацца. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” наведала круглы стол, прысвечаны праблеме выкарыстання патэнцыялу беларусаў, што атрымалі замежную адукацыю.

Наша краіна займае першае месца ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне па акадэмічнай міграцыі, прычым толькі траціна студэнтаў з’язджае вучыцца на Захад, большасць атрымлівае адукацыю ў Расіі. Летась у Беларусь вярнулася 60% выпускнікоў замежных вну, сёлета ж гэтая лічба скарацілася амаль удвая.

Па словах старшыні Камітэта “Салідарнасць” і каардынатаркі агенцтва “Тваё заўтра” Іны Кулей, выпускнікі, што адвучыліся за мяжой, па вяртанні ў Беларусь сутыкаюцца з трыма праблемамі. Па-першае, гэта складанасці з прызнаннем замежных дыпломаў. Калі з бакалаўрыятам праблем амаль не ўзнікае, то з магістарскім дыпломам іх ужо больш, і зусім кепска з дактарантурай: уладальнікам доктарскіх ступеняў для пацверджання кваліфікацыі прапануюць… наноў абараніць дысертацыю. Другая складанасць заключаецца ў адсутнасці ў беларускім заканадаўстве згадак пра такіх выпускнікоў: яны не лічацца маладымі спецыялістамі, ім не прадастаўляюць ніякіх выплат, прэферэнцый, ільгот. Трэцяя праблема – міфы, звязаныя з беларускімі выпускнікамі замежных вну. У вачах грамадства гэтыя людзі – альбо дэстабілізатары, якія прыехалі, каб негатыўна паўплываць на сітуацыю ў краіне, альбо проста няўдачнікі, якія не змаглі выкарыстаць свой патэнцыял за мяжой.


Іна Кулей.

Начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Андрэй Бушыла зазначыў, што трэба не прымушаць маладых людзей вяртацца з-за мяжы, а рабіць так, каб яны хацелі вярнуцца. Трэба ўкараняць у грамадстве думку аб тым, што вяртанне – не ёсць няпоспех. Гэта, наадварот, доказ комплекснага поспеху – як у адукацыйным плане, так і ў плане асабістага ўспрыняцця рэчаіснасці.

“Калі людзі едуць паступаць за мяжу, трэба палегчыць ім падтрыманне сувязі з Радзімай, бо за 5 гадоў іх адсутнасці ў нас адбываюцца вялікія змены”, – перакананы старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін. Па словах прадстаўніка бізнес-супольнасці, сфера мае патрэбу ў носьбітах крэатыўных ідэй, новых тэхналогій, людзей, якія ўмеюць вучыцца, з вялікай ступенню самастойнасці і схільнасцю да даследванняў.


Уладзімір Карагін.

Маеш меркаванне – на працу не возьмуць

Праўда, пакуль што рэчаіснасць сведчыць аб тым, што беларускія ўладальнікі замежных дыпломаў могуць знайсці працу на Радзіме хіба што ў некамерцыйных альбо замежных структурах. І такіх – адзінкі.

“Я ведаю шмат прыкладаў, калі людзі атрымалі бліскучую адукацыю, але знайсці працу па сваіх запытах ім складана”, – распавёў удзельнік праваабарончай ініцыятывы Human Constanta Андрэй Сушко. Па яго словах, матывацыя людзей, якія вяртаюцца, – “не проста патрыятызм і любоў да Браслаўскіх азёр”, а жаданне нешта змяніць у краіне. Таму неабходна ствараць больш магчымасцяў для грамадскага ўдзелу.


Алена Анісім.

У сваю чаргу дэпутат Палаты прадстаўнікоў і член кансультатыўна-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Алена Анісім звярнула ўвагу, што прадэклараваная “сацыяльная арыентаванасць” дзяржавы спарадзіла ў грамадстве пасыл “дайце мне працу”. Яна дадала, што ў Нацыянальным універсітэце з беларускай мовай навучання, які цяпер стварае Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, знойдзецца месца для тых суайчыннікаў, якія маюць замежныя дыпломы.

Спецыяліст Цэнтра прызнання дакументаў Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Ганна Сіняўская распавяла, што яе ўстанова займаецца дыпломамі бакалаўраў і магістраў, а дакументы наступных узроўняў разглядае Вышэйшая атэстацыйная камісія.

“Мы не з’яўляемся кантралюючым органам у галіне прызнання, мы выконваем працэдуру. Неабходнасць яе праходжання ўстнаўлівае наймальнік (у асноўным – у сферы рэгуляваных прафесій: медыцына, адукацыя, будаўніцтва) альбо ўстанова адукацыі, у якой выпускнік хоча працягнуць навучанне”, – падкрэсліла Ганна Сіняўская.

Яна дадала, што магістратура ў нас падзяляецца на практыкаарыентаваную і навуковую, і калі дыплом па першай прызнаюць цалкам, то па другой – часткова.


Ганна Сіняўская.

Сябра Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў заявіў, што ў Беларусі пры вялікай колькасці людзей з дыпломамі знайсці кампетэнтнага спецыяліста вельмі складана.

“Беларусь у частцы прызнання застаецца ў палоне савецкіх уяўленняў. Мы жывем па тарыфна-кваліфікацыйных даведніках, а яны абсалютна ніякіх адносін да кампетэнцый не маюць – гэта сістэма, якая рэгулюе заработную плату. У Балонскім працэсе ёсць фундаментальны механізм, які называецца Нацыянальная рамка кваіфікацый. Гэта інструмент збліжэння сістэмы адукацыі і рынка працы. Ва ўсіх краінах ёсць НРК, апроч Беларусі.”  

Эксперт нагадаў, што згодна з Дарожнай картай рэфармавання вышэйшай адукацыі, імплементаваць якую Беларусь павінна была цягам трох гадоў пасля далучэння да Балонскага працэса, мы ўжо павінны былі распрацаваць сваю НРК, але яе ўсё яшчэ няма.

“Для таго, каб беларусы, якія з’язджаюць вучыцца за мяжу, вярталіся і маглі знайсці сябе тут, неабходна драбніца – мадэрнізацыя грамадства. Праблема не ў тым, што ўлада гэта тармозіць, а ў тым, што грамадства само не хоча мадэрнізацыі, яно арыентавана на стабільнасць”, – падсумаваў Уладзімір Дунаеў.

Андрэй Бушыла, Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Дунаеў.

Прысутная на дыскусіі прадстаўніца Пасольства Польшчы Эльжбета Інеўска зазначыла, што сустракала выпадкі, калі працадаўцы баяліся ўзяць на працу спецыяліста з замежнай адукацыяй, “бо ў яго ёсць сваё меркаванне”.

Словы дыпламата пацвердзіў сябра ГБК, выкладчык Андрэй Лаўрухін. Маючы за плячыма 17 гадоў працы ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце і стажыроўкі ва ўніверсітэтах Нямеччыны, у Беларусі ён так і не змог знайсці вакансію. Было некалькі прапаноў ад дзяржаўных вну, але ўсе – з умовамі, што Лаўрухін не будзе публікаваць артыкулы ў СМІ і афішаваць сваю працу ў ЕГУ. Да таго ж на Радзіме спецыяліст так і не змог настрыфікаваць (пацвердзіць) свой дыплом. Зрэшты, выступоўца заявіў, што ведае некалькі прыкладаў, калі гэтага не змаглі зрабіць і людзі з гарвардскімі дыпломамі. Як ні дзіўна, усё тое, што ў Беларусі лічылі перашкодамі, успрынялі як перавагі ў пецярбургскай Вышэйшай школе эканомікі, дзе цяпер працуе Андрэй Лаўрухін.

Эльжбета Інеўска.

Конкурс вакансій у Мінгарвыканкам

У якасці вырашэння праблем, агучаных падчас круглага стала, юрыст Камітэта “Салідарнасць” Тамара Сідарэнка прапанавала падтрымліваць беларускіх выпускнікоў з замежнымі дыпломамі, нейкі час выплачваючы ім пад’ёмныя і вызваліўшы ад унёскаў у ФСАН. Старшыня ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская зазначыла, што калі раней чалавека, які з’ехаў з краіны, лічылі згубленым, то цяпер, дзякуючы інтэрнэту і пашырэнню камунікацый з дыяспарамі, сітуацыя змянілася.

“Гэтыя людзі – нашы амбасадары ў свеце, гатовыя працаваць для Беларусі і якім не трэба плаціць зарплату”, – сказала Алена Макоўская і прапанавала мяняць у грамадстве стаўленне да беларусаў замежжа.


Алена Макоўская.

Аляксандр Мілінкевіч, які прадстаўляў на круглым стале “Вольны Беларускі Ўніверсітэт”, падтрымаў Алену Макоўскую ў імкненні выкарыстоўваць патэнцыял беларусаў за мяжой. Ён дадаў, што многія з тых, хто з’ехаў, прызнаюцца, што па-сапраўднаму сталі беларусамі толькі ў замежжы.

Гаварылі і пра неабходнасць стварэння конкурса вакансій.

“У самых прыемных снах я бачу, як разгортваю газету, а там – конкурс вакансій у Мінгарвыканкам”, – на пазітыўнай ноце завяршыла круглы стол Іна Кулей.

Рэкамендацыі па эфектыўным выкарыстанні патэнцыялу беларусаў з замежнымі дыпломамі ўдзельнікі дыскусіі вырашылі накіраваць уладам.


Удзельнікі круглага стала.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео