BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Уладзімір Мацкевіч: Узровень прац на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі штогод зніжаецца

24.09.2017 Віталь Цыганкоў, Радыё "Свабода"
Уладзімір Мацкевіч: Узровень прац на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі штогод зніжаецца
Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі становіцца больш прывабным для студэнтаў-магістрантаў, а не для сталых і грунтоўных навукоўцаў.

Больш за тое, навука ва ўсім свеце памерла, і беларускае грамадства наўрад ці адчула б вялікай страты, калі б улада распусціла Акадэмію навук, асабліва яе гуманітарныя аддзелы.

Мяркуе і сцвярджае госць перадачы "Інтэрв’ю тыдня" — беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

— 15-17 верасня ў Варшаве прайшоў VII Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі, у якім узялі ўдзел каля 600 чалавек. Вы гадамі прымаеце ўдзел у гэтым Кангрэсе. Як бы вы ацанілі ўзровень навуковых, гуманітарных ведаў пра Беларусь? Якую дынаміку вы бачыце? Ці можна сказаць, што ўзровень навуковых ведаў пра Беларусь расце альбо, наадварот, зніжаецца?

— Я прапусціў толькі адзін Кангрэс, на шасці прысутнічаў, таму маю пэўны матэрыял, які можна ацэньваць і па якім можна меркаваць пра стан беларускай навукі, прынамсі — у гуманітарнай галіне. Стварэнне Кангрэса — гэта ў свой час быў навуковы і арганізацыйны подзвіг. Але ж дынаміка хутчэй адмоўная.

Хоць вельмі цяжка дакладна ацаніць узровень і змест навуковай працы, але можна складаць меркаванне паводле некалькіх параметраў. На Кангрэсе ёсць прэмія, якая прысуджаецца за лепшую працу ў трох намінацыях. Дык вось, па сацыяльных навуках, дзе я ўваходжу ў склад камісіі, я і мае калегі бачым толькі зніжэнне ўзроўню. Асабліва гэта тычыцца артыкулаў, з манаграфіямі троху прасцей. У гэтым годзе была адна кніга, якая і атрымала першае месца — Алены Гапавай — і, на жаль, яна была па-за канкурэнцыяй, астатнія да яе не дацягвалі ніяк.

І паводле цікавасці выбітных замежных даследчыкаў з іншых краін можна сказаць, што іхняя цікавасць да Кангрэса губляецца. Калі не назіраецца нейкіх прарываў, то, натуральна, людзі губляюць да гэтага інтарэс і перастаюць у гэтым удзельнічаць. Таму Кангрэс паказвае агульны стан нашай гуманітарнай веды, якая ідзе на паніжэнне.

— Я бачыў у прэсе паведамленне, што сёлета колькасць замежных удзельнікаў якраз павялічылася. Ці лічыце, што гэта не павялічыла якасць выступаў?

— Так, колькасць удзельнікаў — ніяк не галоўны паказнік. Масавасць на такіх мерапрыемствах ніяк не сведчыць пра якасць даследчыкаў. Калі людзі імкнуцца проста выступіць, паказаць сябе, неяк адзначыцца — яны падаюць заяўкі, бо Кангрэс адкрыты для ўсіх. Яны пачынаюць дасылаць рэфератыўныя працы, кампілятыўныя, проста свае развагі і г.д. Таму Кангрэс становіцца больш прывабным для студэнтаў-магістрантаў, а не для сталых і грунтоўных даследчыкаў.

Калі зараз я размаўляў з рознымі ўдзельнікамі Кангрэса, то задаволенасць выказваюць дзве катэгорыі людзей. Адну з іх я ўжо назваў — гэта маладыя навукоўцы, студэнты, аспіранты, магістранты, якім проста падабаецца сама магчымасць прыехаць і выступіць. І другая катэгорыя — сталыя супольнасці, людзі, якія выкарыстоўваюць Кангрэс, каб раз на год сустрэцца, нешта абмеркаваць, падзяліцца планамі. Стварэнне такіх супольнасцей можна лічыць дасягненнем. Але ж трэба дбаць пра тое, каб ішла гульня на падвышэнне і каб гэтыя супольнасці спрыялі нейкім прарывам у гуманітарных ведах. Пакуль, на жаль, гэтага не відаць.

— Як бы вы патлумачылі тое, што назіраецца, паводле вашых слоў, пэўны рэгрэс? Можа, прычына ў тым, што ў краіне апошнія 20 гадоў, па сутнасці, нічога не мяняецца ў палітычнай і сацыяльнай сферы — і адкуль тады могуць быць прарывы ў навуцы, якая апісвае гэтую краіну?

— Не, такое тлумачэнне было б няправільным. Усё ж на Кангрэс збіраюцца лінгвісты, мовазнаўцы, эканамісты, сацыёлагі, этнолагі, тэолагі, для якіх гэтыя актуальныя змены ў краіне — не самае галоўнае. Або для гісторыкаў, якія вывучаюць ВКЛ ці іншыя перыяды. Таму тлумачыць "у краіне застой, таму і застой у навуцы" — гэта няправільна. Больш за тое, часта гісторыя паказвае нам прыклады, калі застой ці стагнацыя ў грамадстве і краіне дае магчымасць для культурных прарываў.

І гэта прадмет маіх спрэчак з Андрэем Казакевічам як галоўным арганізатарам Кангрэса адносна фармата, жанра правядзення такіх падзей. Я б не пабаяўся сказаць, што ўся навука сёння ў свеце мёртвая. Навуковы дыскурс, акадэмічныя прынцыпы і правілы не працуюць. Сённяшняя веда развіваецца хутчэй у міждысцыплінарных формах, якія не ўзыходзяць да тых традыцый абмеркавання, якія стварыліся на працягу 19-га стагоддзя. Акадэмічныя нормы больш не працуюць.

Таму і форму Кангрэсу трэба надаваць не акадэмічную — выступ і зачытванне дакладу. Я б сказаў, што сёння прарыўны трэнд у навуцы — гэта метадалагізацыя. А яна патрабуе зусім іншых форм камунікацыі. Гэта прынцыповая дыскусія, сутыкненне супрацьлеглых поглядаў. Акадэмічная ж дыскусія — яна лагодная, паліткарэктная, ніхто не перапыняе, можна несці поўную лухту і ніхто нічога не скажа. Адзін гаворыць нешта істотнае і прарыўнае, а другі паказвае старыя кнігі, банальныя назіранні — і гэта ляжыць нібыта на адной дошцы.

І паколькі маладыя даследчыкі не бачаць узораў сапраўднай даследчай працы на сучасным узроўні, то яны думаюць, што тыя банальныя працы і ёсць навука. Гэта не так. Гэта не тая сучасная веда, на якой базуецца сучаснае мысленне. Таму форма Кангрэса магла б спрыяць гульні на падвышэнне. На жаль, акадэмічная форма вядзе да гульні на паніжэнне.

— Вы сказалі такую фразу: сучасная навука мёртвая. Мяркую, вы мелі на ўвазе найперш гуманітарныя навукі, а не прыродазнаўчыя: фізіку, хімію. У любым выпадку, што вы мелі на ўвазе?

— Я б сказаў шырэй, хоць гэта будзе больш радыкальна. Гэтая мая фраза тычыцца не толькі гуманітарных і сацыяльных навук. Калі для гуманітарных навук сёння трэнд на метадалагізацыю, то для прыродазнаўчых — на тэхналагізацыю. Інжынерныя, тэхналагічныя працы сёння больш перспектыўныя і грунтоўныя, чым чыста навукова-даследчыя. Мы жывём у час вельмі хуткіх перамен, якія тычацца не толькі тэхналогій, а нават самога чалавека — яго менталітэта, свядомасці і г.д. І гэтыя перамены проста не паспяваюць фіксавацца навукоўцамі.

Таму метадалагізацыя гуманітарнай веды — гэта тое актуальнае, што трэба падштурхоўваць, падтрымліваць і высоўваць на першы план на такіх грунтоўных мерапрыемствах, як Кангрэс даследчыкаў Беларусі.

— Заявы пра "мёртвую навуку", магчыма, спадабаліся б Аляксандру Лукашэнку, які і так часта кажа, што многія навукоўцы не прыносяць ніякай карысці народнай гаспадарцы. Здаецца, каб яму дазволілі абставіны, кіраўнік Беларусі з задавальненнем распусціў бы Акадэмію навук...

— Магчыма, беларускае грамадства не адчула б вялікай страты, калі распусціць Акадэмію навук, асабліва яе гуманітарныя аддзелы. Але справа не ў гэтым. Веды сёння становяцца галоўным таварам на сусветным рынку. У сусветнай эканоміцы веды найбольш каштуюць. Той, хто не выпрацоўвае ведаў, а проста вырабляе нейкія рэчы — не мае шанцаў увайсці ў лідары сусветнай эканомікі.

А беларуская дзяржава не зацікаўлена ў правядзенні такога Кангрэса. Але ж людзям, якія імкнуцца чагосьці дасягнуць, той частцы беларускага грамадства, якая дбае пра развіццё краіны, Кангрэс вельмі патрэбны. Таму — Кангрэс павінен праходзіць у Беларусі, каб гэта бачылі не толькі тыя 600 чалавек, якія прымаюць удзел, а ўсе беларускія навукоўцы і інтэлігенцыя. Але вярнуць Кангрэс у Беларусь на сёння немагчыма, бо ўлада не надае значэння таму, што найбольш шануецца ў свеце — ведам.

— Вы ўспрымаеце веды як нейкую чароўную палачку, якая можа прывесці да пазітыўных змен, у тым ліку ў нашай краіне. Але калі нейкія веды — здабытак толькі вузкага кола людзей, то яны мала могуць уплываць на змены. Як зрабіць, каб гэтыя веды ахапілі шырокія народныя масы?

— Сёння ёсць такая катэгорыя — "эканоміка ведаў". Багацеюць не тыя краіны, якія валодаюць карыснымі выкапнямі, а тыя, якія ведаюць, як з іх нешта карыснае для чалавецтва зрабіць. Веда становіцца сілай, як казаў Фрэнсіс Бэкан, не таму, што яна авалодвае масамі. Гэта патрэбна не масам, а тым, хто выкарыстоўвае веды. Навука становіцца сілай, калі ёй карыстаюцца інжынеры. Гуманітарная веда становіцца сілай, калі ёй карыстаюцца палітыкі, тэхнолагі, настаўнікі, трэнеры, менеджары і г.д. І вось разрыў паміж ведамі і той практыкай, якая распаўсюджана ў Беларусі, і ёсць адной з нашых галоўных праблем. Мы не карыстаемся сучаснымі ведамі, мы ў хвасце ўсясветных праблем.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео