BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Знос Асмалоўкі пад пытаннем: інвестара няма, а праект распрацаваны з парушэннямі

28.06.2017 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Знос Асмалоўкі пад пытаннем: інвестара няма, а праект распрацаваны з парушэннямі
realt.onliner.by
Прэзентацыя праекта забудовы Асмалоўкі пераўтварылася ў балаган і патасоўку, людзі абураныя, што ім не далі выказацца, а грамадскія актывісты просяць адхіліць праект праз шэраг сур’ёзных парушэнняў.

З 23 чэрвеня да 17 ліпеня праходзіць грамадскае абмеркаванне праекта забудовы сталічнай Асмалоўкі. Паводле праекта, усе старыя двухпавярховыя дамы ў раёне вул. Багдановіча — вул. Кісялёва — вул. Куйбышава — вул. Камуністычная падлягаюць зносу. Замест іх з'явяцца новыя жылыя дамы вышынёй 5-6 паверхаў з убудаванымі памяшканнямі гандлёва-бытавога прызначэння з падземнымі аўтастаянкамі. Абодва кварталы знітуе крытая грамадска-гандлёвая вуліца з падземнымі аўтастаянкамі (пасаж «Старажоўскі»). Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” наведала прэзентацыю праекта, якая адбылася ў панядзелк у адміністрацыі Цэнтральнага раёна.

“Грамадскае абмеркаванне ў форме інфармавання”

Зала на 250 месцаў набітая бітком, многія стаяць, а шмат хто не здолеў трапіць у памяшканне і стаіць за дзвярыма. Дыхаць няма чым, і многія прысутныя абураюцца, што прэзентацыя праходзіць у такім цесным памяшканні. Апроч мясцовых жыхароў, сабралося шмат грамадскіх актывістаў і прэсы. Тым часам людзі, якім удалося трапіць усярэдзіну, горача абмяркоўваюць свае дамы і іх лёс.

“Правільным было б, каб нас пакінулі ў спакоі. Многія самі куплялі тут кватэры і самі вырашалі, дзе яны хочуць жыць. Стан майго дома вельмі добры”, – гаворыць жыхар дома па вуліцы Багдановіча, 20 Дзмітрый.

“Таўшчыня сцен у пяць цаглін і высокія столі пра нешта сведчаць. З улікам таго, што гэта пасляваенная забудова, нашы дамы яшчэ могуць прастаяць гадоў сто”, – падключаецца яшчэ адзін жыхар.

Праўда, месцічы ўдакладняюць, што апошні раз капрамонт праводзіўся ў 1980 годзе перад Алімпіядай, а грошы на новы рамонт камунальнікі спраўна вылічваюць з 1999 года.

Тым часам з амаль паўгадзіннай затрымкай пачынаецца прэзентацыя праекта. Заказчыкам распрацоўкі дэтальнага плана выступае камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, распрацоўшчык «Мінскграда». С самага пачатку паведамляюць, што “грамадскае абмеркаванне праходзіць у форме інфармавання”, а прапановы ўсе ахвотныя могуць пакінуць у спецыяльнай скрыні, якая будзе знаходзіцца ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна да 17 ліпеня, а таксама пакінуць на сайце ў электронным выглядзе. Такі расклад прысутных не задавальняе, і з залы даносяцца абураныя рэплікі: “Навошта нам ведаць, што тут будзе, калі мы хочам тут жыць?”, “Мы катэгарычна супраць зносу!”, “Што будзе на месцы майго дома?” Прысутныя вітаюць іх воплескамі. Кіраўнік адміністрацыі раёна Ігар Бузоўскі спрабуе заклікаць да парадку, але ў адказ людзі працягваюць абурацца, што іх меркавання ніхто не запытваўся, і прапануюць пакінуць сход.

Справа за Мінкультам

Галоўны архітэктар праекта Аляксандр Бандарчык пачынае распавядаць пра яго дэталі, але выступоўцу не чуваць. Нарэшце людзей удаецца крыху суцішыць і архітэктар працягвае свой даклад.

“Праект быў распрацаваны ў 2014 годзе. Затрымка ва ўзгадненні была звязаная са спробай вырашыць Міністэрствам культуры пытанне аб статусе двух кварталаў, якія называюць Асмалоўкай. На жаль, да сёй пары гэтае пытанне не вырашана”.

Па словах галоўнага архітэктара праекта, на свабоднай тэрыторыі за школай №188 плануецца будаўніцтва 9 – 12-павярховага жылога дома для перасялення ў яго жыхароў у выпадку зносу Асмалоўкі. Па звестках 2014 года, тут размяшчаюцца 40 дамоў з 355 кватэрамі, у якіх жыве 821 чалавек. Жылы фонд квартала плануецца павялічыць на 1400 кв.м, пры гэтым колькасць жыхароў вырасце да 2260 чалавек.

Рашэнне рэгламенту дадзенай зоны не павінна выпадаць з агульнай структуры навакольных будынкаў канца 1940 – пачатку 1950-х гг. Забудова будзе не больш за пяць паверхаў, каля 30% збудаванняў ад агульнага аб’ёму жыллёвага будаўніцтва будзе прызначана пад грамадскія функцыі.

Пасля выступу архітэктара Ігар Бузоўскі заклікае людзей запісвацца ў ініцыятыўную групу, якая будзе ўключана ў камісію па вырашэнні далейшага лёсу Асмалоўкі.

“Грамадскае абмеркаванне – працэдура, якая доўжыцца 25 дзён. У кожнага мясцовага жыхара сёння велізарная колькасць пажаданняў і заўваг. Але каб праца была больш канструктыўнай, патрэбна ініцыятыўная група ад жыхароў. Усе свае прапановы і заўвагі вы можаце кінуць у апячатаную скрыню, які стаіць у адміністрацыі”.

“У мяне ёсць заключэнне, якое я зрабіў сам: пра тэхнічны стан бэлек, паддашкавых перакрыццяў, якія знаходзяцца ў здавальняючым стане, – выступае яшчэ адзін жыхар Асмалоўкі, патрасаючы папкай дакументаў у руках. – Будынак перажыў бамбёжку, выстаяў. Мы не сталі выдаляць сляды вайны, мы любім свой дом і ўкладваем у яго свае грошы. Гэта гістарычны будынак. Мой бацька асабіста сваімі рукамі, насіў цэглу, каб аднавіць наш дом пасля вайны.  І тое, што Мінкульт не надаў гэтаму ансамблю будынкаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, – гэта халатнасць. Гэта месца для прыцягнення турыстаў: я сам за апошнія некалькі гадоў прывёў сюды каля 50 турыстаў, каб паказаць, як аднаўлялі пасля вайны горад”.

Пад пагрозай не толькі Асмалоўка

Да мікрафона падыходзіць прадстаўнік ініцыятывы “Генплан – для мінчан”, аўтар петыцыі супраць зносу Асмалоўкі Дзяніс Кобрусеў.

“Мы з грамадскімі ініцыятывамі ўжо больш за два гады патрабуем, каб гэты раён атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Але ўвесь наш пратэст, які мы выліваем у гэтай зале, не дасць вынікаў. Мы рыхтуем калектыўны зварот, у якім падрабязна распішам усе нашыя заўвагі і прапановы, якія датычацца экалогіі, транспарта, горадабудаўнічых рэгламентаў. Сёння мы бачым, што гэты раён важны не толькі для яго жыхароў, а для ўсіх мінчан. Таму я прапаную дзейнічаць канструктыўна: збіраем подпісы пад зваротам, выносім свае прапановы, абмяркоўваем, у тым ліку з адміністрацыяй раёна, якая ў цяперашні момант рашэнне ўвогуле не прымае”.

Яго калега, прадстаўніца грамадскага МГА “Гісторыка” Таццяна Пятрова паведамляе, што прэзентаваны праект распрацаваны з парушэннямі.

“Нам прапанавалі распрацаваць мэнэджмент-план эфектыўнага эканамічнага развіцця тэрыторыі, які б даказаў, што без змянення функцый, а з перапрафіляваннем унутрыдваравых тэрыторый мы можам захаваць гэты аб’ект такім, які ён ёсць, і што ён можа быць эканамічна эфектыўным. Мы працуем над гэтым і будзем паўторна падаваць нашы дапрацаваныя прапановы”.

Прадстаўніца  “Гісторыкі” паведаміла Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”, што аб’яднанне падрыхтавала заўвагі па прэзентаваным праекце дэтальнага планавання. Актывісты адзначаюць, што ў непасрэднай блізкасці да ПДП знаходзяцца 11 помнікаў архітэктуры, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

І толькі для адной з іх – “Комплекса будынкаў піваварнага завода ”Аліварыя” па вул. Кісялёва, 30 – распрацаваны праект зон аховы. Разам з тым, дадзены праект не ўтрымлівае вызначэнне зоны рэгулявання забудовы, што прадугледжана падпунктам 1.2. пункта 1 артыкула 105 Кодэкса аб культуры. Праекты зон аховы на астатнія 10 помнікаў архітэктуры адсутнічаюць. У адпаведнасці з пунктам 6 артыкула 105 Кодэкса распрацоўка горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якіх можа аказаць уздзеянне на нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, без нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або без іх устанаўлення, забараняецца. Распрацоўка праектнай і горадабудаўнічай дакументацыі без уліку зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці стварае для яе пагрозу і з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем (арт. 19.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Пры гэтым стварэнне пагрозы прычынення шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці, пагаршэнне тэхнічнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова неабгрунтаванае змяненне і пагаршэнне ўмоў успрымання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей  забараняюцца (п. 1 арт. 104 Кодэкса аб культуры).

І гэта яшчэ не ўсё. Пры пашырэнні дарожнага палатна па вул. Багдановіча прадугледжаны частковы дэмантаж будынка па вул. Кісялёва, 28 (ён жа Багдановіча, 24), які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Акрамя таго, што на згаданы будынак не распрацаваны праект зон аховы, правядзенне работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці можа ажыццяўляцца толькі з дазволу Міністэрства культуры, а такі дазвол атрыманы не быў, што з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем паводле артыкула 19.3 КаАП. Разам з тым, прадугледжаныя ПДП праектныя рашэнні па частковым дэмантажы згаданага помніка архітэктуры супярэчаць не толькі артыкулу 115 Кодэкса, але і вядуць да пагрозы яго старты, што супярэчыць нормам, вызначаным пунктам 1 артыкула 104 Кодэкса і таксама з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем паводле артыкула 19.2 КаАП (невыкананне патрабаванняў ахоўных абавязацельстваў у адносінах да гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і ў зонах іх аховы не павінна дапускацца пагаршэнне ўмоў успрымання гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку стварэнне перашкод для візуальнага ўспрымання іх аб’ёмна-прасторавых асаблівасцей, элементаў і дэталей архітэктурнага дэкору (п. 1 арт. 110 Кодэкса). Праектаваныя на натуральным узвышшы (Траецкай гары) будынкі ў 5-6 паверхаў пры агульнай акаляючай павярховасці не больш за 4 паверхі будуць ствараць дысананс і не толькі пагоршаць умовы ўспрымання прылеглых помнікаў архітэктуры, а не выключана, што будуць выдзяляцца і з праспекта. Актывісты “Гісторыкі” адзначаюць, што акрамя адсутнасці праектаў зон аховы, не праведзены і горадабудаўнічы аналіз праектаваных кварталаў і гісторыка-архітэктурны апорны план, які дазволіць засведчыць іх успрыманне ў гарадскім асяроддзі.

Знесці, каб захаваць?

Пасля яшчэ некалькіх эмацыйных выступаў прэзентацыя завяршылася, але людзі не спяшаліся разыходзіцца, спрачаліся, а ў адным выпадку нават ледзь не дайшло да бойкі. Ігара Бузоўскага яшчэ доўга не адпускалі, засыпалі пытаннямі. Крыху пазней журналістам удалося паразмаўляць з ім і Аляксандрам Бандарчыкам у больш спакойнай абстаноўцы. І высветлілася, што прапанаваны праект увогуле можа не рэалізавацца, калі не будзе інвестара.

“Інвестара няма, і яго пошук – вялікая складанасць, бо працэнт зносу вельмі значны – каля 27%. З пункту гледжання бізнесу, больш за 15% зносу лічыцца нерэнтабэльным. Але мы свядома пайшлі на тое, каб не будаваць тут 30-павярховыя вежы, і за кошт гэтага падняць рэйтынг гэтых тэрыторый, акупіць праект з улікам зносу", – тлумачыць архітэктар.

Аляксандр Бандарчык прызнаецца, што прэзентаваны дэтальны план забудовы Асмалоўкі – ужо трэці. Два папярэдніх (якія, дарэчы, не прадугледжвалі зносу жылых дамоў, а толькі дзіцячых садкоў) былі спыненыя “ў сувязі з бесперспектыўнасцю далейшага засваення гэтай тэрыторыі”. У першым выпадку ў 2006 годзе супраць выступілі жыхары, а ў другім, у 2010-м, заказчык адмовіўся, бо не змог пабудаваць тут вялікую колькасць жылля. У тым ліку для тэрыторыі Асмалоўкі праводзіліся шматлікія конкурсы, дыпломныя праектаванні, распрацоўваліся альтэрнатыўныя праекты. Але – не склалася.

Да таго ж яшчэ не пастаўлена кропка ў прызнанні Асмалоўкі гісторыка-культурнай каштоўнасцю, і калі раптам такі статус будзе нададзены, праект у любым выпадку давядзецца карэктаваць. Для чаго тады ўвогуле ўздымалі ўвесь гэты вэрхал са зносам?

“Калі тэрыторыя не забяспечана горадабудаўнічай дакументацыяй, то домікі на ёй могуць “падаць” па адным, і тэрыторыя будзе забудоўвацца абы-чым. Таму ў дадзеным дэтальным плане была спроба накласці на гэтую тэрыторыю пэўныя рэгламенты, каб будаўніцтва не выходзіла за межы прыстойнасці. Гэта, а не знос, было асноўнай мэтай”, – адказвае архітэктар.

Што ж, распрацаваць дэтальны план зносу кварталаў, каб захаваць тэрыторыю ад хаатычнага будаўніцтва – нешта новенькае. Але, як запэўніў галоўны архітэктар праекта, прапанаваны план – усяго толькі разліковая мадэль, якая можа быць ці не быць рэалізаваная.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео