BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Аляксандр Тамковіч: Для мяне краўдфандынгавая кампанія – як лакмусавая паперка

28.04.2017 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Аляксандр Тамковіч: Для мяне краўдфандынгавая кампанія – як лакмусавая паперка
talaka.by
Журналіст распачаў збор сродкаў, каб выдаць унікальную кнігу пра сучасных беларускіх творцаў.

Вы можаце сабе ўявіць узнёслага мастацтвазнаўцу Сяргея Харэўскага ў ролі пекара? А рок-князёўну Касю Камоцкую, якая з новаспечаным мужам Алесем Камоцкім кідае гасцей на ўласным вяселлі і наўпрост у шлюбнай сукенцы імчыць у Піцер? А дэпутатку Палаты Прадстаўнікоў Алену Анісім – маленькай дзяўчынкай, якая да такой ступені любіць катацца на каньках, што выкарыстоўвае для гэтага любую прыдатную (і не вельмі) коўзанку? Ну ці барда-летуценніка Змітра Вайцюшкевіча, які прадае крышталь на Камароўцы?.. Вось з такіх, здавалася б, не заўсёды спалучальных кавалачкаў і складаецца мазаіка чалавечага жыцця. Вядомы журналіст Аляксандр Тамковіч ужо амаль склаў гэты пазл, а зрабіць карціну поўнай прапануе будучым чытачам сваёй новай кнігі “Мазаіка жыцця”. Для гэтага ён запусціў краўдфандынгавую кампанію на “Талацэ” і за месяц спадзяецца сабраць на выданне кніжкі амаль 6 000 рублёў.

– Для мяне краўдфандынгавая кампанія – як лакмусавая паперка, каб убачыць, хто ёсць хто. У мяне ў “Фэйсбуку” амаль 3000 сяброў. Калі б хаця б кожны з іх даў па адным долары, пытанне было б вырашана, – дзеліцца журналіст з карэспандэнтам Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі”.

Раней Аляксандр Тамковіч заўсёды казаў, што прынцыпова не камерцыяналізуе свае кнігі, не прадае іх, а дорыць. Але сітуацыя склалася такім чынам, што за некалькі гадоў пошукаў так і не атрымалася знайсці спонсараў, якія б дапамаглі з выданнем “Мазаікі”. Кінуць жа праект аўтар лічыць немагчымым.

– На 18 сваіх кніжках (а калі лічыць пераклады, то на 23) разам я зарабіў менш, чым некаторыя зарабляюць на адной. У свой час для мяне важна было нават не зрабіць кніжку, а вярнуцца “ў абойму” пасля хваробы, – прызнаецца суразмоўца.

Зрэшты, каштоўнасці будучай кнізе надае якраз тое, што людзі самі ахвяруюць на яе грошы з уласных гаманцоў, а не атрымліваюць дзякуючы замежным грантам.

Краўдфандынгавая кампанія – толькі пачатак цэлага праекту, у межах якога плануецца выдаць як мінімум дзве энцыклапедыі (аўтар называе іх “мазаікамі”), а таксама запусціць сайт, прысвечаны выбітным беларускім дзеячам, імёны якіх рэдка можна ўбачыць у афіцыйных выданнях. Ужо гатовы 30 інтэрв’ю для першай кнігі, куды плануецца змясціць каля 40 гутарак і 200 унікальных фотаздымкаў з архіваў герояў. Чытачоў чакаюць споведзі, разгорнутыя нарысы, творчыя шляхі, якія ўпершыню выводзяцца ў публічную прастору. Сярод суразмоўцаў Аляксандра Тамковіча – музыкі Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч, Іван Кірчук, Алег Хаменка, Кася і Алесь Камоцкія; скульптар Генік Лойка; гісторык Наталля Гардзіенка; мастакі Генадзь Драздоў і Алесь Пушкін; пісьменнікі Барыс Пятровіч і Віктар Марціновіч; паэт Андрэй Хадановіч; кінарэжысёры Андрэй Кудзіненка і Андрэй Курэйчык; культоралагі Юлія Чарняўская і Сяргей Харэўскі; апантаныя змагаркі за беларускую мову Алена Анісім  і Ніна Шыдлоўская...

Адметна, што новая кніжка журналіста – без палітыкаў, бо да многіх з іх у аўтара “ёсць пытанні”. Хоць і пра палітычных дзеячаў Аляксандр Тамковіч таксама пісаў у ранейшых выданнях. Як аднойчы трапна зазначыў гісторык-архівіст Зміцер Дрозд, кніжкі Тамковіча – адзінае месца, дзе апазіцыя можа аб’яднацца.

З культурнымі дзеячамі сітуацыя крыху іншая. Па-першае, усе яны так ці іначай – рэдкія персоны ў дзяржаўных СМІ, тым больш іх імёны не змяшчаюць у энцыклапедыі. Ім не даводзіцца змагацца за месца ў афіцыйнай культурнай прасторы, таму яны, хутчэй, калегі, чым супернікі. А па-другое, асобы, гутаркі з якімі Аляксандр Тамковіч плануе змясціць у кнігах, шмат чаго зрабілі ў сваёй галіне, усе яны так ці іначай – “зоркі”.

– Усіх змясціць пад адну вокладку цяжка, ясна, што кніжка будзе не адна. Мне хацелася б бачыць у наступнай кніжцы таго ж Вольскага.

Хоць Аляксандр Тамковіч не лічыць сябе пісьменнікам, але стварае свае кнігі ў жанры нон-фікшн, непрыдуманай літаратуры, за працу ў якім Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію. На думку Тамковіча, вельмі важна запісаць і захаваць сведчанні вядомых сучаснікаў, каб пасля можна было прачытаць, дзе праўда і як было насамрэч. А было шмат цікавага, аўтар прызнаецца, што падчас працы над кнігай усе яго героі паказалі сябе з нечаканых бакоў і моцна ўразілі.

Артр Клінаў расказваў, як яго пасля архітэктурнага факультэта размеркавалі ў Зэльву. Ён вырашыў зрабіць “першы перформанс у сваім жыцці”: уставіў завушніцу ў вуха, начапіў на грудзі крыж, і з доўгімі валасамі і ў нагавіцах-клёш прыйшоў да галоўнага архітэктара Зэльвы. І сказаў: “Мяне прызначылі на ваша месца, дайце мне адмацаванне”. Так Артур Клінаў атрымаў адмацаванне. Ці Кася і Алесь Камоцкія: распісаліся ды кажуць гасцям на вяселлі: “Вы тут без нас святкуйце, а ў нас квіткі ў Піцер”. І Кася паляцела туды ў шлюбнай сукенцы.

Зміцер Вайцюшкевіч расказваў, як у 1990-я прадаваў крышталь. Ён родам з Бярозаўкі, там у любую хату зайдзі і можаш купіць крышталь. Каля Камароўкі было “поле цудаў”, і Вайцюшкевіч вырашыў рабіць бізнес. Расклаў там свой крышталь, падыйшлі нейкія хлопцы, пытаюцца, колькі каштуе. А Вайцюшкевіч ім: “Хлопцы, калі будзеце браць два камплекты, зраблю зніжку”. Тады яны яму паказалі корачкі і забралі ў міліцыю – больш Вайцюшкевіч бізнесам не займаўся.

Іван Кірчук распавядаў, як малым хадзіў у касцёл у Лідзе, а ля ўваходу дзяжурылі камсамольцы, якія пасля дакладвалі настаўнікам, хто хадзіў маліцца. А Сяргей Харэўскі з забяспечанай сям’і ў 16 год вырашыў з сябрамі з’ездзіць у вандроўку на Каўказ і прыйшоў да бацькоў прасіць грошы. А бацька кажа: “Ідзі зарабі”. Харэўскага ўладкавалі на хлебазавод, дзе той працаваў па начох і за змену ў яго на руках згаралі тры пары пальчатак. З тых часоў мастацтвазнаўца глядзець не можа на булачкі.

Такія гісторыі ёсць у кожнага суразмоўцы Аляксандра Тамковіча, і імі ён дзеліцца ў сваёй “Мазаіцы жыцця”. Фундатары (у залежнасці ад сумы ахвяравання) змогуць атрымаць яе ў падарунак, плюс прадугледжаны дадатковыя бонусы. Таксама плануецца, што кніжку можна будзе  набыць у кнігарнях (праўда, ужо не па сабекошце), аднак няма гарантый, што яе не забароняць для продажу ў дзяржаўных кніжных крамах.

Раней Аляксандр Тамковіч сумесна з Міжнародным кансорцыюмам “ЕўраБеларусь” выдаў дзве свае кніжкі – “Арытмія” і “Найноўшая гісторыя ў асобах”.

Прапануем дапамагчы ў зборы сродкаў на выданне кніжкі тут

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео