BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Павел Каралёў: Кожная гістарычная мясціна – як захапляльны раман

12.04.2017 Яўгенія Бурштын
Павел Каралёў: Кожная гістарычная мясціна – як захапляльны раман
Фота Аляксея Лапукі
Вы ўпэўнены, што ведаеце свой горад/раён? А тое, што мінская ратуша згадваецца ў Конан-Дойля? Калі не, то абавязкова схадзіце на “Фэст экскурсаводаў”.

Свята экскурсій, традыцыйна прымеркаванае да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў (18 красавіка) сёлета пройдзе ва ўсіх рэгіёнах краіны 22 – 23 красавіка, а ў Віцебску яшчэ і 15 – 16 красавіка.

Ініцыятыва правядзення бясплатных экскурсій для ўсіх ахвотных нарадзілася ў 2009 годзе ў студэнцкай суполцы “Этна” пры БДУ культуры і мастацтваў. Адразу ж “Фэст экскурсаводаў” набыў вялікую колькасць прыхільнікаў, і цяпер штогод праходзіць не толькі ў рэгіёнах Беларусі, але і за мяжой. Сярод арганізатараў Фэсту – Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС), Беларускае грамадскае аб’яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, Нацыянальнае агенцтва па турызме, Грамадскае аб’яднанне “Беларускi фонд культуры”. Пра ідэю, натхненне і цікавінкі Фэста Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавёў яго заснавальнік – экскурсавод, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Павел Каралёў.

– Фэст задумваўся, перадусім, для таго, каб зацікавіць людзей лакальнай гісторыяй іх мястэчка, вёскі, мікрараёна. Ці ўдаецца дасягнуць гэтай мэты?

– Гэтая мэта, калі так можна сказаць, стратэгічная. Яе складана дасягнуць за некалькі год. Як паказвае практыка, у нас людзі мала ведаюць свае адметныя мясціны. А між тым любы аб’ект поўніцца гісторыяй. Як казала Аляксандра Глогер, дачка вядомага збіральніка-энцыклапедыста Аляксандра Ельскага, гісторыя любой старажытнай сядзібы варта асобнага захапляльнага рамана. Таму гісторыю кожнай мясціны складана зведаць дасканала, патрэбны час. І яшчэ больш складана зрабіць так, каб людзі пачалі трансляваць гэтыя веды. Калі настане час, дзе людзі будуць не толькі ведаць пра аб’екты гісторыі і культуры, але і ганарыцца імі, прыводзіць туды знаёмых, адстойваць гэтую спадчыну, калі раптам ёй будзе пагражаць небяспека, тады мэта – не толькі наша, а і іншых краязнаўцаў, ініцыятыў, экскурсаводаў, – будзе дасягнута.

– А што можна адказаць тым, хто кажа, маўляў, у нас няма чаго глядзець?

– У нас ёсць што глядзець, іншая справа, што ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе такіх рэчаў захавалася больш па аб’ектыўных прычынах. І гэта значыць, што мы мусім больш рупліва даглядаць тое, што ў нас ёсць, а атрымліваецца наадварот – мы гэтым яшчэ і грэбуем. А ў нас жа ёсць унікальныя аб’екты нават па еўрапейскіх мерках: той жа шыкоўны прыродны помнік Белавежская пушча, музей валуноў. Апошні, дарэчы, да канца не дароблены і функцыянуе, так бы мовіць, сам па сабе. Падчас Фэста гэта адна з самых папулярных экскурсій, на яе прыходзяць ажно да 200 чалавек! У Еўропе ёсць усяго некалькі падобных паркаў камянёў – у Літве і Скандынавіі. Калі беларускі футбольны клуб БАТЭ гуляў у Лізе чэмпіёнаў, і падчас гэтага да нас прыязджалі заўзятары з Англіі і самі знаходзілі гэты музей і адмыслова туды прыходзілі.

– “Фэст экскурсаводаў” пройдзе ўжо ў восьмы раз, і што новага ў ім будзе сёлета?

– У нас будзе не настолькі масавы Фэст, у параўнанні з леташнім рэкордам, калі толькі па Мінску правялі больш за 100 экскурсій. Цяпер будзе меншая колькасць, але мы пастараемся правесці іх больш якасна. Фэст вядомы сваім фарматам аўтарскіх экскурсій, якія амаль больш нідзе немагчыма пачуць. Пастараемся зрабіць больш маршрутаў па мікрараёнах Мінска – упершыню адбудзецца экскурсія па Уруччы, таксама па так званым Пушкінскім пасёлку (раён каля парка Чалюскінцаў). Не абмінем увагай унікальны Трактаразаводскі пасёлак. Да Фэста далучаюцца музеі і нават прадпрыемствы: сёлета гэта Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Музей Пятруся Броўкі, Музей гісторыі горада Мінска; упершыню адбудзецца экскурсія на завод Мотавела. 23 красавіка пройдзе экскурсія "Сэрца горада", якая з’яўляецца пачаткам доўгатэрміновага праекта "Малюем Менск". Сутнасць у тым, што кожны ахвотны любога ўзросту можа навучыцца маляваць адметнасці роднага горада. Весці экскурсію буду я, а прафесійныя парады дасць мастачка Ніна Маргаева, кіраўнік майстэрні PLOT. Удзельнікам трэба будзе захапіць з сабой паперу, алоўкі, гелевыя асадкі, лінэры. З рэгіянальных вандровак цікавым абяцае быць маршрут Ігара Мельнікава “Ля заслаўскай мяжы”, а таксама экскурсія з анімацыяй у Барысаве па падзеях 1812 года. Цэлы міні-фэст адбудзецца ў Берасці, актыўна далучаюцца маленькія гарады і вёскі, апроч таго пройдуць экскурсіі па беларускіх мясцінах Вільні і ўпершыню – Кракава.

Традыцыйна ў Фэсце будуць экскурсіі па храмах розных канфесій. Агулам адбудзецца больш за 40 экскурсій у рэгіёнах і блізу 50 у сталіцы. Дарэчы, у Віцебску сёлета “Фэст экскусаводаў” пачнецца ўжо ў гэтыя выхадныя, 15 – 16 красавіка, і працягнецца ў наступныя.

Як і раней будзе электронная рэгістрацыя на вандроўкі (яна будзе даступная на сайце з 18 красавіка, а на віцебскія экскурсіі ў бліжэйшыя дні), таксама можна будзе зарэгістравацца па тэлефоне. За навінамі Фэсту сачыце на сайце fest-guides.by.

– У Фэсце бяруць удзел не толькі атэставаныя гіды, але і краязнаўцы-аматары, якія, паводле заканадаўства, не могуць праводзіць экскурсіі. Як вы вырашаеце гэта пытанне і кантралюеце якасць працы экскурсаводаў?

– На сённяшні дзень не існуе сістэмы пакарання за правядзенне экскурсіі без пасведчання, яе толькі плануюць уводзіць. Але ад самага пачатку Фэста планавалася, што свае маршруты будуць прэзентаваць і аматары. Мы мяркуем, што гэта правільна, бо, напрыклад, пра мастацкія асаблівасці горада лепей за мастацтвазнаўцу ніхто не раскажа. Іншая справа – трэба сачыць за якасцю экскурсій. Мы стараемся праслухоўваць падобныя экскурсіі, даем парады аўтарам. Да таго ж у нас ёсць практыка пазначаць вучнёўскія экскурсіі, каб экскурсанты ведалі, што аўтар практыкуецца. А яшчэ ў межах свята мы праводзім семінары для экскурсаводаў.

– Што натхняе арганізатараў “Фэста экскурсаводаў” ладзіць яго ўжо восьмы год амаль без перапынку?

– Кожны раз не ведаеш, ці прыйдзе хто на экскурсіі, а пасля бачыш велізарную колькасць людзей – вельмі прыемнае ўражанне. Мяне ўражвае выдатная ўдзячная публіка, якая прыходзіць – абсалютна розныя людзі, якія свецяцца радасцю, зацікаўленасцю, многія запісваюць за экскурсаводамі. Аднойчы мы вялі марафонную экскурсію ад плошчы Незалежнасці да парка Чалюскінцаў. Яна доўжылася пяць гадзін, падчас яе змяніўся не адзін экскурсавод, бо кожны праводзіў сваю частку. Мне прыйшлося завяршаць гэты марафон. І высветлілася, што многія людзі прайшлі ўвесь маршрут ад пачатку да канца. Таму і сёлета запрашаем далучыцца да Фэста ўсіх, каму цікавая наша спадчына!

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео