Вторник 20 августа 2019 года | 00:55
  • бел / рус
  • eng

Дэлібэратыўная дэмакратыя: ідэя і асноўныя пастулаты

16.04.2016  |  Общество   |  Пётра Рудкоўскі, Лятучы ўніверсітэт,  
Дэлібэратыўная дэмакратыя: ідэя і асноўныя пастулаты

У другой палове 90-х гадоў, калі я быў яшчэ клерыкам Духоўнай Семінарыі ў Горадні, хтось уручыў мне матэрыялы з цыклу дыскусійных спатканняў, якія мелі месца ў Шчэціне.

Яны мелі назву «Навучаемся дэмакратыі – без нуды і з ахвотай». Мне было тады 18 ці 19 гадоў, я яшчэ не быў знаёмы з сучаснымі тэорыямі дэмакратыі, а паколькі мяне вельмі рупіла праблема дэмакратызацыі Беларусі, дужа карцела ведаць, у чым дакладна гэтая дэмакратыя палягае. Матэрыялы з тытулам «Навучаемся дэмакратыі», а да таго ж напісаныя па-беларуску мяне вельмі заінтрыгавалі. Асаблівую ўвагу ў гэтай кніжыцы прыцягнула тое, наколькі моцны націск там быў пакладзены на момант камунікацыі і аргументацыіў дэмакратыі. Не ведаю, ці ў Беларусі гэтая кніжачка мела які-кольвечы грамадскі ўплыў, але да сёння лічу, што гэта быў адзін з  найлепшых падручнікаў па практычнай дэмакратыі.

Цягам апошніх дэкадаў усё часцей чуваць аб тзв. дэлібэратыўнай (абмеркавальнай) дэмакратыі. Прыметнік «дэлібэратыўная» даволі добра карэктуе змест слова «дэмакратыя»  і пазбаўляе яго вусцішнай інтэрпрэтацыі, што напрошваецца ў сувязі з этымалогіяй: «народа-ўладдзе», «панаванне-большасці». Адпаведна канцэпцыі дэлібэратыўнай дэмакратыі, галоўным прыказаннем дэмакратыі з'яўляецца не – Кіруй, народзе, а – Аргументуй і дамагайся аргументаў.

У гэтым артыкуле маю намер выкласці цэнтральныя ідэі абмеркавальнай дэмакратыі ў той версіі, у якой яна распрацоўваецца ў аналітычнай традыцыі[1] і паказаць магчымасці яе аплікацыі. Спачатку я прадстаўлю мадэль грамадства як сукупнасці персвазійных стратэгій, што дапаможа лепш зразумець выясняльную і нарматыўную функцыю канцэпцыі дэлібэратыўнай дэмакратыі. Пазней я прывяду і пракаментую чатыры базавыя прынцыпы абмеркавальнай дэмакратыі, пададзеныя Гутман і Томпсанам, а таксама прадстаўлю некалькі напрамкаў прымянення гэтай канцэпцыі.

У гэтай жа серыі публікацый чытач знойдзе мой другі артыкул пад назвай Дэлібэратыўная дэмакратыя ў Беларусі – падвойная ўтопія, які будзе прысвечаны (не)магчымасці прымянення названай канцэпцыі ў Беларусі.

1. Рацыянальная аргументацыя: асімптота адкрытага грамадства

Каб магчы жыць у грамадстве, людзі мусяць валодаць нейкімі спосабамі самаарганізавання. Дзеля гэтага патрэбны адпаведныя спосабы ўзаемнага пераконвання. Буду іх называць «персвазіямі». Магчымы розныя персвазіі. Можна, напрыклад, пераконваць з дапамогай фізічнага болю. Можна таксама пераконваць з дапамогай рознага роду моўных дзеянняў, напрыклад, загадвання, запалохвання, лісліўлення, а таксама аргументавання.

Варта насамперш правесці базавае адрозненне паміж «персвазіяй-праз-насілле» і «вербальнай персвазіяй». З першым тыпам персвазіі маем дачыненне тады, калі перад асобай, якая з'яўляецца «адрасатам» персвазіі, паўстае рэальная рызыка страты жыцця, свабоды, магчымасці рэалізавання інстынкту размнажэння або калі гэтай асобе спрычыняецца фізічны боль з мэтай схілення яе да выканання нейкага дзеяння або прыняцця нейкага погляду. Да гэтага тыпу персвазій можна аднесці розныя формы шантажу і закладніцтва, калі гвалт прымяняецца не наўпрост, а праз спараджэнне страху перад магчымымі непрыемнымі наступствамі ў будучым або праз пагрозу ўчынення нейкага зла блізкім людзям.

Вербальная персвазія – як можна здагадацца са значэння складовых элементаў гэтай фразы – гэта спроба схіліць кагось да нечага з дапамогай словаў. Абшар персвазіі гэтага тыпу таксама вельмі разнастайны. Можна рэалізоўваць вербальную персвазію шляхам цкавання або ачарнення, можна ў працэсе пераконвання эксплуатаваць стэрэатыпы або забабонную веру адрасата, а можна пераконваць з дапамогай рацыянальнай аргументацыі.

Паасобныя акты персвазіі можна разглядаць як «малекулы» грамадскага жыцця. Само ж грамадскае жыццё явіцца як прадукт няспыннага «руху» гэтых малекулаў, непазбежна зменлівы і дынамічны прадукт. Актамі персвазіі прасякнуты ўсе грамадскія дачыненні, ці то будзе сямейнае жыццё, сяброўскія зносіны, навукова-даследчая дзейнасць ці палітычная сфера. Некаторыя такія акты інстытуцыяналізаваны (напр. пераконванне да неперавышэння хуткасці пад пагрозай атрымання штрафу), некаторыя – спантанныя (напр. серыя аргументаў, якія я прыводжу на карысць таго, што Беларусь павінна рэалізоўваць свой нацыянальны праект).

Зыходзячы з таго, што акты персвазіі – гэта малекулярныя акты грамадскага жыцця, пераход ад несвабоднага да свабоднага грамадства (стасуючы Попэраву тэрміналогію: ад замкнёнага да адкрытага грамадства) можна ўспрымаць як узаемадзеянне чатырох фактараў: (а) мінімалізацыя абшару персвазіі-праз-насілле; (б) максімалізацыя абшару вербальнай персвазіі; (в) у абшары вербальнай персвазіі: (в1) пашырэнне абшару рацыянальнай аргументацыі (в2) звужэнне абшару нерацыянальнай вербальнай персвазіі. Схематычна можна гэта прадставіць наступным чынам:

  

Дыяграма 1. Адкрытае/замкнёнае грамадства як сукупнасць персвазійных практык

На базе гэтае схемы можна вызначыць два экстрэмумы: першы – гэта ўтопія нябеснага грамадства (або ідэальна-адкрытае грамадства), дзе людзі пераконваюць адзін аднаго выключна з дапамогай рацыянальнай аргументацыі; другі – дыстопія пякельнага грамадства (ідэальна-замкнёнае грамадства), дзе людзі стасуюць выключна гвалтоўныя метады пераконвання. Вядома ж, такія грамадствы не існуюць і не будуць існаваць на зямлі. Рэальныя грамадствы ўвесь час – вобразна кажучы – падвешаны між небам і пеклам, знаходзяцца дзесь у прамежку паміж утопіяй ідэальна-адкрытага грамадства і дыстопіяй ідэальна-замкнёнага грамадства. Цікавай можа быць спроба распазнання «месцазнаходжання» таго ці іншага лакальнага грамадства (напрыклад, беларускага) і рэфлексія над тым, што можна зрабіць, каб дадзенае грамадства набліжалася ў напрамку «утопіі», а не «дыстопіі». І вось тут дужа прыдатнай можа быць канцэпцыя абмеркавальнай дэмакратыі. Прыгледзьмася ейным базавым прынцыпам.

2. Прынцыпы дэлібэратыўнай дэмакратыі і напрамкі прымянення

Амерыканскія палітолагі Эмі Гутман і Дэніс Томпсан наступным чынам акрэсліваюць дэлібэратыўную дэмакратыю: [Гэта] форма кіравання, у якой свабодныя і роўныя грамадзяне (а таксама іх прадстаўнікі) абгрунтоўваюць свае рашэнні з дапамогай такіх аргументаў, якія з'яўляюцца ўзаемапрымальнымі і агульна даступнымі, з мэтай знаходжання рашэнняў, якія маглі б стаць абавязковымі для ўсіх грамадзянаў у цяперашняй сітуацыі, але адкрытымі для перагляду ў будучым[2].

Азначэнне спадарства Гутман & Томпсан крыху пакручастае, таму выдзелім найважнейшыя яе складовыя элементы і разважым іх паасобку. Гэтых элементаў будзе чатыры: абгрунтоўванне рашэнняўдаступнасць аргументаў для публічнасці;абавязальны характар рашэнняў, прынятых дэмакратычна-абмеркавальным чынамадкрытасць  аргументацыі або/і рашэння на перагляд у будучым. Кожны з гэтых элементаў можна трактаваць як асобны прынцып дэлібэратыўнай дэмакратыі.

Прынцып першы: Абгрунтоўванне рашэнняў. Рашэнні, якія маюць грамадскую значнасць, павінны быць абгрунтаваны – гэта галоўны пастулат абмеркавальнай дэмакратыі і яе сарцавіна. Адразу ж паўстае пытанне: У чым палягае гэтае «абгрунтоўванне» або «прывядзенне аргументаў»? Гутман і Томпсан паясняюць, што абгрунтоўванне, аб якім тут ідзе гаворка, не ёсць ані чыста працэдурным (напр. «...паколькі большасць падтрымлівае ваенныя дзеянні»), ані чыста прадметным (напр. «...паколькі вайна адпавядае нацыянальным інтарэсам»). «Маецца на ўвазе абгрунтаванне – падкрэсліваюць аўтары – якое магло б быць успрынята свабоднымі і роўнымі асобамі, арыентаванымі на супрацу на сумленных асновах»[3]. Такія фармулёўкі, як «быць успрынятым свабоднымі і роўнымі асобамі»[4] або «быць  арыентаваным на супрацу на сумленных асновах»[5], з'яўляюцца вельмі агульнымі, мала змястоўнымі і патрабуюць далейшых тлумачэнняў. І наўрад ці паліталогія можа самотна аперацыяналізаваць гэтыя пастулаты. Патрэбна, бадай, дапамога з боку дысцыпліны, якая   на першы погляд явіцца далёкай ад паліталогіі: тэорыі аргументацыі.

Балазе, цягам апошняй чвэрці стагоддзя тэорыя аргументацыі (вядомая таксама як «крытычнае мысленне», «нефармальная логіка», «стасаваная логіка») інтэнсіўна развіваецца і каланізуе ўсё новыя і новыя абшары моўна-грамадскай рэчаіснасці. Поруч з іншымі перспектыўнымі даследніцкімі праграмамі – тэорыя камунікацыі, дыскурс-аналіз, лінгвапрагматыка – сучасная тэорыя аргументацыі становіцца сур'ёзным саюзнікам паліталагічных даследаванняў, асабліва тых, што надаюць асаблівае значэнне дыскурсіўным практыкам у грамадска-палітычным жыцці. Тут не месца, каб уваходзіць у падрабязнасці тэорыя-аргументацыйных доследаў. Абмяжуюся толькі абнадзейваючай заўвагай, што ў выпадку альянсу праграмы дэлібэратыўнай дэмакратыі з тэорыяй аргументацыі, гэта праграма мае шанцы набраць новую хуткасць і паспяховей актывізаваць свой патэнцыял.

Прынцып другі: Аргументы павінны быць даступнымі для публічнасці. На думку Гутман & Томпсана, дэлібэратыўнае абгрунтаванне павінна быць «публічным» у двух сэнсах: (а) само абмеркаванне павінна праходзіць публічна; (б) асноўны змест аргументаў мусіць быць зразумелым для ўдзельнікаў.

Падчас як выкананне першай умовы – пры наяўнасці добрай волі і арганізацыйнага таленту – не спараджае асаблівых цяжкасцяў (хоць і тут ёсць свае нюансы), то выкананне другой умовы можа быць даволі праблемным. Дэлібэрацыя арыентавана на надзвычай дыферэнцыяваную групу патэнцыйных удзельнікаў, якія адрозніваюцца не толькі ступенню і напрамкам адукацыі, але – што яшчэ больш істотна – матывацыяй зразумення высунутых перад імі аргументаў. Да таго ж грамадзяне (гзн. патэнцыйныя ўдзельнікі) адрозніваюцца таксама ступенню фактычнага заангажавання ў грамадскія справы. Апроч усяго гэтага, пастулат «даступнасці аргументаў» мае крыху амбівалентнае гучанне, паколькі спасылкай на «даступнасць» хтось можа апраўдваць ідэалагічныя ды прапагандысцкія спрашчэнні ў апісанні рэчаіснасці.

Тым не менш, сама ідэя «публічнай даступнасці» збольшага зразумелая і хіба не варта яе прадчасна адкідаць з-за патэнцыйных цяжкасцяў з практычным яе прамяненнем. Праграма абмеркавальнай дэмакратыі адносна маладая, таму няёмка ўжо на гэтым этапе патрабаваць, каб усе яе практычныя наступствы былі дасканала абдуманыя, а спосабы яе прымянення былі яснымі і прадказальнымі.

Прынцып трэці: Працэс дэмакратычнага абмеркавання арыентаваны на рашэнне, якое будзе абавязваць у цяперашняй сітуацыі[6]. Гэта даволі істотны пункт канцэпцыі абмеркавальнай дэмакратыі, паколькі ён дазваляе зразумець, у чым палягае розніца паміж дэлібэрацыяй і звычайнымі публічнымі дэбатамі (тыпу ток-шоў) або акадэмічнай дыскусіяй. Як заўважае тэарэтык аргументацыі Дуглас Ўолтан, мэтай дэлібэрацыі ёсць вызначэнне найлепшага – спасярод магчымых – спосабу дзеяння, падчас як мэтай акадэмічнай дыскусіі ёсць «абгрунтаванне або аспрэчанне гіпотэзы», а мэтай дэбаты тыпу ток-шоў – «здабыццё прыхільнасці трэцяга боку»[7].

Слабым месцам трэцяга прынцыпу ёсць выраз «абавязваць у цяперашняй сітуацыі» (binding in presence). Якія ўмовы павінны быць споўнены, каб можна было сцвердзіць, што рашэнне Р у момант М павінна стаць абавязковым для ўсіх? Інакш кажучы, калі мы ўпаўнаважаны прыпыніць абмеркаванне і прыняць абавязковае рашэнне? Гэта – неўральгічны пункт якога-кольвечы працэсу прыняцця рашэнняў. Трэцім прынцыпам абмеркавальнай дэмакратыі можна злоўжываць двума спосабамі. Адны могуць спасылацца на яго з мэтай расцягвання дыскусіі да бясконцасці і паралізавання прыняцця якога-кольвечы рашэння. Іншыя ж могуць спрабаваць аўтарытарна навязваць выгадныя для іх рашэнні, аргументуючы тым, што вось ужо надыйшоў час на прыняцце рашэння і што такое і такое рашэнне ў дадзены момант слушнае.

Аналагічнымі праблемамі пазначана, бадай, кожная нарматыўная канцэпцыя. Падобна як у выпадку папярэдняга прынцыпу, праблема з недаакрэсленасцю гэтага прынцыпу не павінна ўспрымацца як прызнак нядзеяздольнасці канцэпцыі, а можа папроста азначаць, што яна патрабуе пэўных дапрацовак або мадыфікацый.

Прынцып чацвёрты: Працэс абмеркавання мае рэвідавальны характар. Хоць дэлібэрацыя арыентавана на прыняцце абгрунтаванага і абавязваючага цягам нейкага часу рашэння, то ўсё ж гэта не значыць, што аргументацыя на карысць гэтага рашэння не можа быць у будучыні пастаўлена пад сумнеў. Дый само рашэнне можа быць у будучым анулявана, хіба што яно па сваёй прыродзе не падлягае адкліканню. Інакш кажучы, абмеркавальная дэмакратыя прадугледжвае адкрытасць на ўзнаўленне дыскусіі па якой-кольвечы тэме[8].

Можна вызначыць тры напрамкі прымянення ідэі абмеркавальнай дэмакратыі. Некаторыя ўспрымаюць гэту ідэю як праект новага дзяржаўнага ладу, то бок нешта, што магло б прыйсці на змену існуючым формам грамадска-палітычнага жыцця. Іншыя ж трактуюць гэты тып дэмакратыі як кіраваны – ці то ўрадам, ці недзяржаўнымі арганізацыямі – працэс фармавання новых форумаў публічнай дыскусіі. У гэтым выпадку на першы план выходзіць задача інстытуцыяналізацыі дэмакратычнага абмеркавання праз стварэнне тзв. «мініпублічнасцяў» або «палатаў дыскурсаў»[9] – адмысловых інстытуцый, дзе дарослыя грамадзяне маглі б у ходзе свабоднай дыскусіі абмяркоўваць бягучыя грамадска-палітычныя праблемы. Урэшце, абмеркавальную дэмакратыю можна ўспрымаць як адно з вымярэнняў грамадска-палітычнага жыцця ў рамках ужо існуючых палітычных сістэмаў. З увагі на тое, што гэтае вымярэнне дужа істотнае, у нейкім сэнсе вызначальнае для характару грамадства (гл. прадстаўленая вышэй мадэль грамадскіх адносін як сукупнасці актаў персвазіі), можна лічыць, што прагрэс або рэгрэс дэлібэратыўнай дэмакратыі ўнутры дадзенай палітычнай сістэмы можа мець сур'ёзныя наступствы для самой гэтай сістэмы.

Я схіляюся да трэцяга разумення дэлібэратыўнай дэмакратыі. Паколькі ў аснове грамадска-палітычных, культурных і эканамічных адносін знаходзяцца элементарныя акты персвазіі, іх сумарная якасць адбіваецца на спецыфіцы грамадскага і палітычнага жыцця. Роля канцэпцыі дэлібэратыўнай дэмакратыі тут падвойная: па-першае, яна можа быць  прыдатнай у працэсе канцэптуалізацыі дэлібэратыўнага вымярэння грамадскага жыцця (то бок, дапамагчы ў апісанні і інтэрпрэтацыі названага вымярэння); па-другое, яна дае даволі ясныя нарматыўныя арыенціры, патрэбныя ў кантэксце ацэнкі падзей і працэсаў, што маюць месца ў дэлібэратыўным вымярэнні грамадскага жыцця, а таксама ў кантэксце выпрацоўкі напрамкаў рэфармавання названага вымярэння.

Працяг будзе ....


[1]    Ідэя дэлібэратыўнай дэмакратыі абмяркоўваецца таксама ў кантынэнтальнай традыцыі, пераважна ў повязі з канцэпцыяй публічнай сферы (Öffentlichkeit) Юргена Габермаса, выкладзенай ім у працы Структурная трансфармацыя публічнай сферы (гл. The Structural Transformation of the Public Sphere: An Inquiry into a Category of Bourgeois Society. Translated by Thomas Burger with the assistance of Frederick Lawrence. — Cambridge: Polity Press, 1989. С. 55 і наст.). Наконт эксплікацыі габермасаўскага канцэпту публічнай сферы гл. M. E. Warren. The Self in Discursive Democracy // The Cambridge Companion to Habermas. Edited by Stephen K. White. — Cambridge: Cambridge University Press, 1995. С. 171. «Кантынэнтальнай» версіяй дэлібэратыўнай дэмакратыі не буду тут займацца.

[2]    A. Gutmann, D. Thompson. Why Deliberative Democracy? — Princeton University Press, 2004. С. 7.

[3]    Тамсама. С. 3.

[4]    «Be accepted by free and equal persons».

[5]    «Seek fair terms of cooperation».

[6]    Пар.  Gutmann & Thompson. Op.cit. С. 5.

[7]    Zob. D. N. Walton. What is Reasoning? What is Argumentation? // Journal of Philosophy, Vol. 87, 1990. С. 413.

[8]    Пар. Gutmann & Thompson. Op.cit. С. 4.

[9]    «Chambers of discourses».

Тэкст упершыню быў апублікаваны на сайце Лятучага ўніверсітэта

Другие новости раздела «Общество»

Мониторинг реализации Конвенции ЮНЕСКО об охране разнообразия форм культурного самовыражения (2019)
Мониторинг реализации Конвенции ЮНЕСКО об охране разнообразия форм культурного самовыражения (2019)
Представляем отчет по результатам второго комплексного исследования-мониторинга реализации Республикой Беларусь Конвенции ЮНЕСКО об охране и поощрении разнообразия форм культурного самовыражения.
Улад Вялічка: Я з цеплынёй і павагай узгадваю 10 год у "ЕўраБеларусі". Гэта было варта і годна!
Улад Вялічка: Я з цеплынёй і павагай узгадваю 10 год у "ЕўраБеларусі". Гэта было варта і годна!
Ад учорашняга дня Улад Вялічка сыйшоў з пасады генеральнага дырэктара Міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь", але шэрагаў сябраў арганізацыі ён не пакідае.
Мацкевич: В Беларуси есть подготовка кадров, воспитание и обучение, но образования как такового нет
Мацкевич: В Беларуси есть подготовка кадров, воспитание и обучение, но образования как такового нет
Образование в Беларуси не меняется, потому что государство заинтересовано в дешевой и в меру грамотной рабочей силе.
Владимир Мацкевич: Ежедневный плебисцит беларусской нации должен продолжаться и развиваться
Владимир Мацкевич: Ежедневный плебисцит беларусской нации должен продолжаться и развиваться
11 марта 1882 года в Сорбонне Эрнест Ренан прочел свою знаменитую лекцию "Что такое нация".
Владимир Мацкевич: Нация — множество всех людей с одинаковым государственным паспортом
Владимир Мацкевич: Нация — множество всех людей с одинаковым государственным паспортом
Я знаю, что такое национальная валюта, но не знаю, что такое национальный характер.
Культурная политика как фактор развития (Фото)
Культурная политика как фактор развития (Фото)
В Беларуси есть цензура и не соблюдаются авторские права, а Кодекс о культуре направлен прежде всего на ее контроль, а не на развитие.
Татьяна Водолажская: Беларусам не свойственно рефлексировать свои эмоции и рассказывать о них
Методолог Мацкевич: "Чернобыльский шлях" нужно сохранить, отвязавшись от протестов (Видео)
Методолог Мацкевич: "Чернобыльский шлях" нужно сохранить, отвязавшись от протестов (Видео)
Три десятка лет истории проведения "Чернобыльского шляха", приуроченного к годовщине катастрофы на Чернобыльской АЭС, делают его культурным достоянием Беларуси.
Владимир Мацкевич: Я — философ и методолог
Владимир Мацкевич: Я — философ и методолог
Философия — это то, чем я занимаюсь.
Пять самых актуальных задач, которые стоят перед беларусским обществом и нацией
Пять самых актуальных задач, которые стоят перед беларусским обществом и нацией
Как-то политолог Павел Усов написал: "Тема выборов уже стала проблемой не политической, а философской. Проблемой мировоззренческой. В спорах сталкиваются не практические, а ценностные системы".
Доступность публичных пространств и мероприятий в Минске: оценка состояния и перспективы изменений
Доступность публичных пространств и мероприятий в Минске: оценка состояния и перспективы изменений
Проект "Живая Библиотека" представил отчет по результатам пилотного исследования "Доступность публичных пространств и мероприятий в Минске: оценка состояния и перспективы изменений".
Оксана Шелест: Еще рано говорить о партнерских отношениях структур гражданского общества и власти
Оксана Шелест: Еще рано говорить о партнерских отношениях структур гражданского общества и власти
30 января 2019 года в Гомеле прошел информационный день программы ЕС "Восточное партнерство".
Ребята с нашего двора. Как Осмоловка избежала сноса и станет ли она образцом городского активизма
Ребята с нашего двора. Как Осмоловка избежала сноса и станет ли она образцом городского активизма
Четыре года борьбы за Осмоловку ее жителей и активистов принесли победу: первый послевоенный микрорайон Минска сносить не будут.
Владимир Мацкевич: У каждого есть возможность внести свою лепту в общее дело
Владимир Мацкевич: У каждого есть возможность внести свою лепту в общее дело
Беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич в своем блоге в Фейсбуке поделился размышлениями, которые озаглавил "О правилах поведения".
Ці выратуе дэпалітызацыя і дыялог з уладамі грамадзянскую супольнасць Беларусі? (Фота)
Ці выратуе дэпалітызацыя і дыялог з уладамі грамадзянскую супольнасць Беларусі? (Фота)
Старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Аксана Шэлест тлумачыць, "што можа развіць і забіць" грамадзянскую супольнасць Беларусі.
Спор философа с Богом за Беларусь
Спор философа с Богом за Беларусь
"Бороться с Богом мне незачем, а вот поспорить за Беларусь — есть повод", — пишет философ и методолог Владимир Мацкевич.
До Киева не доведет. Почему нет связи между языком и готовностью бороться за независимость страны
До Киева не доведет. Почему нет связи между языком и готовностью бороться за независимость страны
Большинство беларусов считают свою страну самодостаточной — вне зависимости от того, на каком языке говорят. И уверены, что она должна оставаться независимой.
Публичная встреча с Адамом Михником "[Не]своя страна" (Видео)
Публичная встреча с Адамом Михником "[Не]своя страна" (Видео)
17 декабря 2018 года в Минске Летучий университет и Галерея TUT.BY провели публичную встречу с легендарным польским диссидентом, общественным деятелем и журналистом Адамом Михником.
Уладзімір Мацкевіч: Каля ста чалавек кожны год вучыцца ў беларускім Лятучым універсітэце (Аўдыё)
Уладзімір Мацкевіч: Каля ста чалавек кожны год вучыцца ў беларускім Лятучым універсітэце (Аўдыё)
Адукацыйная пляцоўка была створана на ўзор Лятучага ўніверсітэта, які пад канец 1970-х гадоў дзейнічаў у Польшчы.
Электронный бюллетень Центра правовой трансформации "LawtrendMonitor", # 12, 2018
Электронный бюллетень Центра правовой трансформации "LawtrendMonitor", # 12, 2018
Центр правовой трансформации (Lawtrend) представляет выпуск Электронного бюллетеня LawtrendMonitor, # 12, 2018.
"Повестка 50": история одной кампании

Общественная кампания по реализации принципов Конвенции ООН о правах людей с инвалидностью подводит итоги и намечает новые горизонты.

Мониторинг реализации Конвенции ЮНЕСКО об охране разнообразия форм культурного самовыражения (2019)

Представляем отчет по результатам второго комплексного исследования-мониторинга реализации Республикой Беларусь Конвенции ЮНЕСКО об охране и поощрении разнообразия форм культурного самовыражения.

Улад Вялічка — пра ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве: трэба больш жадаць і намагацца большага

10 год удзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве. Што гэта дало нашай краіне? Як складваліся адносіны з ЕС? Якімі магчымасцямі Беларусь да гэтага часу не скарысталася? Чаго чакаць надалей?

Перспективы политического протеста в России: эскизный набросок

Нельзя понять анатомию человека, основываясь исключительно на анатомии обезьяны. Человек продвинулся в своей эволюции куда дальше.