BE RU EN
rss facebook twitter

Андрэй Вітушка — аб беларускай медыцыне (Відэа)

10.09.2021 Аналітычны праект «Чацвёртая Рэспубліка»
Андрэй Вітушка — аб беларускай медыцыне (Відэа)
Думать Беларусь
Аналітычны праект «Чацвёртая Рэспубліка» — гэта спроба пошуку падстаў і магчымых варыянтаў будучыні Беларусі, разгляд пытанняў пераходу ад існуючай мадэлі да варыянту сучаснай дэмакратычнай дзяржавы.

Гл.: аналітычны праект «Чацвёртая Рэспубліка»

У чым унікальнасць беларускай сістэмы аховы здароўя, чаму найважнейшым фактарам яе развіцця з’яўляецца змяненне падыходу да камунікацыі паміж лекарам і пацыентам і якія стымулы для развіцця беларускай медыцыны могуць сёння выкарыстоўвацца — абмяркоўваюць старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў і кандыдат медыцынскіх навук, дзіцячы неанатолаг і рэаніматолаг Андрэй Вітушка.

— Калі ласка, распавядзіце, як уладкаваная сучасная беларуская медыцынская сістэма? Якія, магчыма, у ёй існуюць буйныя блокі, на якія варта звяртаць увагу, калі думаць пра нейкія змены, рэформы ў сферы медыцыны?

— У Беларусі на цяперашні момант склалася па-свойму ўнікальная сістэма аховы здароўя, я кажу гэта без усялякіх эмацыйных канатацый. Яна сапраўды ўнікальная, таму што гэта фактычна захаваная ў такім кансерваваным выглядзе савецкая сістэма аховы здароўя. Маецца на ўвазе т.зв. "мадэль Сямашкі" — мадэль аховы здароўя, якая цалкам кантралюцца дзяржавай, якая жорстка кіруецца зверху данізу, калі ўсе рэсурсы, якія маюць дачыненне да аховы здароўя, знаходзяцца ў руках дзяржавы, і пры гэтым прыватная медыцына ахоплівае дужа невялікі сегмент агулам ва ўсёй медыцынскай сістэме.

Калі глядзець непасрэдна па структуры, то, напрыклад, яна захавала вялікі дысбаланс у бок стацыянарнага сектару. Беларусь уваходзіць у першую дзясятку краін у свеце па колькасці бальнічных ложкаў на душу насельніцтва. Такая спадчына нам дасталася ад Савецкага Саюза, таму што калі фармавалася "сістэма Сямашкі" — 20-30-я гады ХХ стагоддзя і далей падчас Другой сусветнай вайны, — асноўнай праблемай грамадскага здароўя былі інфекцыйныя захворванні. І для таго, каб даць рады гэтым захворванням, трэба было зрабіць дзве асноўныя рэчы: па-першае, гэта ўсеагульная вакцынація, і па-другое, гэта арганізацыя вялікай колькасці шпіталёў для таго, каб можна было браць вялікія групы людзей і вылечваць і такім чынам змагацца з інфекцыйнымі хваробамі.

Для свайго часу гэта мадэль была эфектыўнай, але ў сучаснай Беларусі структура грамадскіх захворванняў змянілася. Дамінуючай прычынай смяротнасці зараз з’яўляюцца хранічныя захворванні: хваробы сэрдэчна-сасудзістай сістэмы: інфаркты і інсульты, анкалагічныя захворванні, хранічныя хваробы лёгкіх і дыябет. Ад гэтых хваробаў памірае пад 80% ад усёй колькасці памерлых у Беларусі. Але гэтыя захворванні хранічныя, іх немагчыма вылечыць раз і назаўсёды, толькі паклаўшы чалавека ў шпіталь. Можна толькі некаторыя віды анкалагічных праблем такім чынам вырашыць, і то далёка не ўсе. І таму ва ўсім свеце скарачалася колькасць стацыянарных месцаў, скарачалася колькасць шпіталёў, шпіталі сталі такім вельмі высокатэхналагічным месцам, дзе ўжо лечацца вельмі цяжкія выпадкі — чалавек трапляе ў шпіталь з рэальна сур’ёзнымі праблемамі са здароўем.

Беларусь таксама ішла па гэтым шляху, але вельмі павольна, і ў нас да пандэміі каронавірусу заставалася вялікая колькасць стацыянарных месцаў на душу насельніцтва. А трэба адзначыць, чым жа кепскі гэты дысбаланс — тым, што стацыянарнае звяно вельмi рэсурсаёмкае, адзін дзень знаходжання чалавека ў шпіталі каштуе ў разы больш, чым адзін амбулаторны прыём у паліклініцы, такім чынам, вялікі стацыянарны масіў цягне на сябе шмат рэсурсаў.

Але калі прыйшла пандэмія каронавірусу, высветлілася, што гэта наш плюс. Таму што па выніку на пачатку пандэміі была магчымасць класці ў шпіталь не толькі людзей з падцверджаным каронавірусам, але і кантактных асобаў. Ці, напрыклад, атрымалася даволі лёгка перапрафіляваць 30% ці 40% шпіталёў у горадзе пад каронавірус без крытычнай шкоды для ўсёй сістэмы аказання медычнай дапамогі, каб вось яна лягла зусім цалкам. Г.зн. дзякуючы гэтаму, сярод іншых фактараў, у нас амаль не было такога, каб была рэальная пагроза таго, што, напрыклад, узнікне перад доктарам такая праблема, што вось ёсць два пацыенты, а апарат вентыляцыі лёгкіх толькі адзін і трэба выбіраць, хто будзе жыць, а хто вымушаны будзе памерці. Такого не было, ці калі і было, то пэўна не мела такого масавага характару. Пандэмія каронавіруса нам паказала, што тыя мінусы, якія ёсць у беларускай сістэме аховы здароўя, часам абарочваюцца ў плюс. Але гэта не нагода для таго, каб не думаць крытычна пра тое, як яна ўладкаваная, як яна будзе развівацца.

— Некаторыя моманты мы адзначылі, калі казалі на пачатку пра захаванне савецкай мадэлі, пра залежнасць ад дзяржавы, і пэўна агулам, за выключэннем колькасці ложкаў у шпіталях, гэта даволі дрэнны варыянт для сістэмы медыцыны, асабліва што тычыцца інфармавання. Калі я глядзеў сацыялагічныя апытанні, то людзі былі незадаволеныя як раз падыходам да інфармацыі, да падачы інфармацыі міністэрствам аховы здароўя, лічылі, што інфармацыі мала і яна не адпавядае рэчаіснасці. Мы бачылі шмат такіх дастаткова дзіўных, скажам так, ітэрацый паміж сістэмай аховы здароўя і іншымі дзяржаўнымі органамі.

— Гэта паходзіць з таго, так бы мовіць, модуса аперандзі, у якім функцыянуе гэтая сістэма. Яна ж з’яўляецца савецкай не толькі па пабудове сваёй, але і па духу. А дамінуючым трэндам камунікацыі паміж лекарам і пацыентам у той сістэме быў патэрналізм: то бок, я доктар, я першы пасля Бога на зямлі, я лепш ведаю, што вам прымаць, як вам жыць і г.д. І вы заўсёды вінаватыя ў тым, што вы захварэлі, і г.д. Гэта несучасна, ад гэтага ўжо ва ўсім свеце далёка адышлі, у прыярытэце імкненне наладжваць нейкія партнёрскія адносіны з пацыентам. Свет ужо пайшоў на наступны ўзровень гэтай камунікацыі, а у нас усё засталося яшчэ ў гэтай савецкай парадыгме.

Тыя людзі, што прымалі рашэнні — я не магу сказаць, што яны не з’яўляюцца прафесіяналамі і што яны нічога не рабілі ці рабілі ўсё няправільна. Але, сапраўды, з камунікацыяй былі велізарныя прабелы, таму што яны, па-першае, можа быць, лічылі не зусім патрэбным камунікаваць з насельніцтвам належным чынам. А па-другое, яны проста не разумеюць, навошта гэта трэба, не разумеюць, што свет змяніўся і што пацыент змяніўся, і што гэта гэта важны аспект дзейнасці дзяржаўных органаў — менавіта камунікацыя з насельніцтвам, што гэта тая сфера дзейнасці, якой мусяць займацца дзяржаўныя органы. Тым больш, тыя, якія адказваюць за захаванне здароўя насельніцтва, і тым больш у такой экстрэмальнай сітуацыі, што датычыцца пандэміі.

— Калі казаць пра непазбежнасць змен у сістэме аховы здароўя, тым больш, што мы адзначалі, што яны і так адбываліся пад уплывам аб’ектыўных абставін, на ваш погляд, калі казаць пра самыя важныя элементы, якія сёння замінаюць гэтаму развіццю, што найперш трэба прыбраць ці, наадварот, дадаць у сучасную беларускую медыцынскую сістэму, каб даць ёй больш магчымасцяў для развіцця? Якія трэба зрабіць першачарговыя крокі?

— Ёсць некаторыя праблемы з тымі падыходамі, якія выкарыстоўваюць нашыя дактары падчас камунікацыі з пацыентам. Адпаведна, нам трэба рабіць нейкія захады ў гэтым кірунку, падымаць вось гэтую, так бы мовіць, масавую медыцыну, павышаць яе ўзровень.

— А як павышаць гэты ўзровень?

— Па-першае, шмат што залежыць менавіта ад арганізацыі работы ў той жа самай амбулаторна-паліклінічнай службе. Калі ў цябе цэлы вал папяровай работы, калі ты мусіш пастаянна запаўняць нейкія формы, весці нейкія журналы і г.д., то на працу з пацыентамі ў цябе амаль не застаецца часу і па выніку амаль немагчыма адэкватна камунікаваць з пацыентам, якасна правесці агляд і выдаць яму нейкія рэкамендацыі. Плюс ёсць некаторыя пытанні да якасці адукацыі лекараў, ёсць вялікія пытанні да матывацыі лекараў да працы, таму што, нажаль, цяперашняя сістэма аплаты працы не стымулюе лекараў развівацца, не стымулюе расці, трымацца нейкіх сучасных тэндэнцый, найбольш эфектыўных спосабаў лячэння хваробаў. Лекары банальна мала чытаюць па сваёй спецыяльнасці, бо гэта ніяк не стымулюецца. Бо няма розніцы, ты будзеш выдаткоўвываць свой асабісты час на тое, каб нешта пачытаць, неяк развівацца, альбо ты проста будзеш адпачываць, набірацца сіл перад наступнай зменай — заробак прыблізна будзе адзін і той жа.

— А якія механізмы стымуляцыі могуць быць у гэтым накірунку?

— Напрыклад, ва Украіне зараз мне падабаецца, што там зменена цалкам сістэма прафесійнай паслядыпломнай адукацыі лекараў і кожнаму лекару за пэўны перыяд часу трэба набраць пэўную колькасць балаў, то бок, напрыклад, наведаць курсы, наведаць нейкія лекцыі, семінары і г.д. Ва Украіне, калі ты не набраў вось гэтую колькасць гадзін, пытанне пра працяг тваёй ліцэнзіі ставіцца адразу ж. І па выніку людзі стараюцца павышаць свой прафесійны ўзровень, і гэта дае плён.

— Усё ж такі калі пераходзіць да перспектываў развіцця беларускай медыцыны і намаляваць нейкую такую ідэальную карцінку рэформаў, зменаў гэтай сістэмы, то што б вам, як лекару, хацелася б бачыць у гэтай сістэме?

— Слухайце, ідэальнай карцінкі не будзе, таму што няма ідэальных сістэм аховы здароўя ў свеце ў прынцыпе. Гэта ўтопія, гэта міф, гэта недасягальная рэч. І ладная колькасць людзей усё роўна будуць незадаволеныя тым, як будзе аказвацца дапамога. Пры гэтым трэба адрозніваць, што значыць ідэальная сістэма з пункту гледжання медработніка і з пункту гледжання пацыента. Для медработніка, калі абстрагавацца ад гуманітарных складнікаў, ідэальная сістэма — гэта цалкам прыватная медыцына. Але гэта такі вельмі спрошчаны падыход, таму што медработнікі таксама людзі, таксама часам бываюць пацыентамі і г.д.

А для мяне ідэальная сістэма аховы здароўя ці, прынамсі, добрая сістэма аховы здароўя — гэта сістэма справядлівая, якая будзе дасяжнай для ўсіх грамадзян Беларусі, у якой будуць па-сапраўднаму вытрымлівацца стандарты якасці аказання дапамогі на розных узроўнях, у якой няма дыскрымінацыі адпаведна месца жыхарства чалавека.

На жаль, гэтага далёка не заўсёды зараз удаецца дасягнуць, таму што нават калі глядзець па фармальных крытэрах, то ў многіх малых мястэчках дактары надоўга не затрымліваюцца і, скончыўшы стажыроўку, адразу імкнуцца з’ехаць. Адпаведна, вось толькі-толькі чалавек набраўся досведу — і з'ехаў. Таму хацелася б, каб сістэма была справядлівая, хацелася б, каб у сістэме, у работнікаў гэтай сістэмы, было больш правоў і больш магчымасцяў выказваць свае меркаванні, свае заўвагі наконт таго, як гэта ўсё працуе, як гэта ўсё арганізавана, каб яны былі больш уцягнутыя ў аказанне дапамогі і не былі проста такімі чыстымі выканаўцамі, вінцікамі, якія ўкруцілі там на сваё месца і ўсё.

— Маецца на ўвазе большая свабода для дактароў у сэнсе выбара метадаў лячэння і г.д. ці маецца на ўвазе большы ўдзел дактароў у вызначэнні асаблівасцяў увогуле сістэмы працы, напрыклад, у асобных шпіталях, амбулаторыях, паліклініках і г.д.?

— Так, больш свабоды на розных узроўнях, каб дактары мелі ўплыў на тое, як арганізаваная праца ў лячэбнай установе, каб яны мелі празрыстыя магчымасці камунікацыі з тымі асобамі, якія непасрэдна адказныя за прыняццё рашэнняў у сістэме, каб камунікацыя была не толькі зверху ўніз, але і наадварот. Вось гэтая свабода прыняцця рашэнняў і свабода выказвання ўласнай думкі і ўплыў на прыняццё рашэнняў у межах сістэмы дзеля здароўя пацыентаў — гэта тое, што мусіць быць. І таксама трэба павялічваць адукацыйны ўзровень калег — я не кажу, што там усе ў нас спрэс неадукаваныя, але трэба стымуляваць, каб адукаванасць была нормай жыцця для доктара і каб гэта нейкім чынам стымуляваць у медработнікаў.

— А ці ёсць у нас нейкія, магчыма, назіральные рады, уцягванне прыватнага бізнесу па дапамогу?

— Зараз у некаторай ступені гэта мела месца ў сувязі з каронавіруснай інфекцыяй, калі мясцовы бізнес дапамагаў мясцовым дактарам. Напрыклад, у мяне ёсць знаёмы прадпрымальнік, які на сваёй аграсядзібе на пряцягу двух месяцаў варыў сняданкі, абеды і вячэры, загружаў у свой пікап і вазіў іх у мясцовы раённы шпіталь. І такім чынам ён карміў там медперсанал для таго, каб забяспечваць іх гарачай ежай і ашчаджаць электрычнасць, бо на электрасетку і так была вялікая нагрузка ў сувязі з эпідэміяй. І ўвогуле было б добра , каб людзі мясцовыя мелі адказнасць за тое, што вось у нас ёсць шпiталь і гэта наш шпiталь, i мы тут лечымся, і мы таксама маем адказнасць, наколькi якасна ён працуе, наколькi задаволеныя тыя дактары, якія працуюць, бо менавіта яны нас лечаць. І адпаведна дактары мусяць ставiцца з належнай павагай да сваiх пацыентаў. Я думаю, што калi такiя партнёрскiя адносiны будуць адбудоўвацца, яны мусяць адбудоўвацца, i я думаю, што гэта будзе на карысць усiм.

— Ёсць меркаванне многіх экспертаў, што медыцына з’яўляецца адным з падставовых фактараў развiцця агульнай сiстэмы якасцi жыцця ў краiне. І немагчыма ўявiць сабе эканамічны рост без паляпшэння сістэмы аховы здароўя, то бок стан медыцынскай сістэмы мае такі генеральны ўплыў на развiццё краiны ў цэлым. I ў гэтым сэнсе пэўна медычная сістэмэ павінна быць лепшай, чым у суседзяў, каб спецыялiсты, якiя патрэбныя эканомiцы ў цэлым, ехалі туды, дзе лепшыя ўмовы для жыцця, у тым лiку звязаныя з сiстэмай аховы здароўя. Цi можна ўявiць сiстэму аховы здароўя ў Беларусi, якая будзе лепшая, чым у нашых суседзяў? І за якi прамежак часу, скажам так, можна было б гэтага дасягнуць?

— Слухайце, ёсць вялiкая спакуса адказаць проста на гэтае пытанне, але пытанне насамрэч больш складанае. Пачнем з таго, што менавiта ад сiстэмы аховы здароўя, паводле крытэраў Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, залежыць дваццаць ці можа быць дваццаць пяць адсоткаў ад усяго стану здароўя iндывiда. Астатнее найбольш залежыць ад ладу жыцця і ад тых умоў знешняго асяроддзя, у якiм чалавек жыве. Напрыклад, было вельмi цiкавае даследванне Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя ў Беларусi, якое было прысвечанае пошуку адказу на пытанне, у што лепей і выгадней за ўсё ўкладацца з пункту гледжання паляпшэння здароўя насельнiцтва Беларусi, у што варта iнвеставаць, што прыносiць найбольшую карысць, што вяртаецца найбольш у выглядзе большай працягласці жыцця чалавека, большай працягласці жыцця без iнвалiднасцi, большай працягласці працаздольнага жыцця. Дык вось, развіццё аховы здароўя, захады, якiя звязаныя з развiццём першаснага звяна медыцыны былі далёка не на першым месцы, а на першым месцы там былi, наколькi я памятаю, змаганне з паленнем i спажываннем солi, а таксама павялiчэнне штодзённай фiзічнай актыўнасцi. Так што тут гэта такая больш комплексная праблема стварэння здаровага асяроддзя i развiцця здаровых звычак у грамадстве, але, канешне, сiстэма аховы здароўя таксама, безумоўна, мусiць быць на даволі высокім узроўнi.

Зразумела, што мы не можам у блiжэйшыя там гадоў пяць прэтэндаваць на такi ўзровень, якi ёсць, напрыклад, у Нямеччыне, i наўрад цi ў блiжэйшыя гадоў пяць мы здольныя прэтэндаваць на такi ўзровень, якi ёсць у Лiтве. Але ў нас блiскучыя перспектывы, перш за ўсё за кошт таго, што ўсе нашыя суседзi ўжо прайшлi шлях рэфармавання сiстэмы аховы здароўя.

У нас ужо ёсць досвед нашых суседзяў. Яны прайшлi праз гэты шлях, i Лiтва, i Польшча, i Латвiя, i Эстонiя, там шмат што зроблена, i мы можам проста браць i адаптоўваць тыя лепшыя практыкi, якiя ёсць. Больш за тое, нам даступны досвед той жа самай Велiкабрытанii, дзе таксама медыцына кiруецца, фiнансуецца з дзяржаўнага бюджету. Яна найбольш, можа быць, па структуры фiнансавання падобная на нас. Мы таксама бачым, якiм чынам развiваюцца тэхналогii зараз, асаблiва ў сувязi з каранавiрусам. Тая ж самая тэлемедыцына, штучны iнтэлект у медыцыне і шмат розных тэхналагiчных навацый, якiя мяняюць аблiчча сучаснай медыцыны. I паколькi ў нас някепскi навуковы патэнцыял, iнтэлектуальны патэнцыял, у нас ёсць даволi прыстойныя перспектывы ўзяць усё лепшае i хутка стартануць, i хутка рухацца па гэтай дарозе.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!

Андрэй Вітушка — аб беларускай медыцыне (Відэа)
Думать Беларусь
Андрэй Вітушка — аб беларускай медыцыне (Відэа)
10.09.2021 Аналітычны праект «Чацвёртая Рэспубліка»

Аналітычны праект «Чацвёртая Рэспубліка» — гэта спроба пошуку падстаў і магчымых варыянтаў будучыні Беларусі, разгляд пытанняў пераходу ад існуючай мадэлі да варыянту сучаснай дэмакратычнай дзяржавы.

Татьяна Водолажская — о реформах в образовании (Видео)
Думать Беларусь
Татьяна Водолажская — о реформах в образовании (Видео)
09.09.2021 Аналитический проект «Четвертая Республика»

Аналитический проект «Четвертая Республика» — попытка поиска возможных вариантов будущего Беларуси, рассмотрение вопросов перехода от существующей модели к современному демократическому государству.

Владимир Дунаев — об образовании (Видео)
Думать Беларусь
Владимир Дунаев — об образовании (Видео)
08.09.2021 Аналитический проект «Четвертая Республика»

Аналитический проект «Четвертая Республика» — попытка поиска возможных вариантов будущего Беларуси, рассмотрение вопросов перехода от существующей модели к современному демократическому государству.

Владимир Мацкевич — о будущей конституции (Видео)
Думать Беларусь
Владимир Мацкевич — о будущей конституции (Видео)
07.09.2021 Аналитический проект «Четвертая Республика»

Аналитический проект «Четвертая Республика» — попытка поиска возможных вариантов будущего Беларуси, рассмотрение вопросов перехода от существующей модели к современному демократическому государству.

Максим Богрецов — об IT-секторе (Видео)
Думать Беларусь
Максим Богрецов — об IT-секторе (Видео)
06.09.2021 Аналитический проект «Четвертая Республика»

Аналитический проект «Четвертая Республика» — попытка поиска возможных вариантов будущего Беларуси, рассмотрение вопросов перехода от существующей модели к современному демократическому государству.

Видео
Андрэй Вітушка — аб беларускай медыцыне

Аналітычны праект «Чацвёртая Рэспубліка» — гэта спроба пошуку падстаў і магчымых варыянтаў будучыні Беларусі, разгляд пытанняў пераходу ад існуючай у цяперашні час у краіне палітыка-эканамічнай мадэлі да варыянту сучаснай дэмакратычнай дзяржавы.