На Беларусі - 118 райцэнтраў і гарадоў раённага падпарадкавання. І кожны з іх мае сваю ўнікальную гісторыю і менталітэт жыхароў, імкнецца па-свойму захаваць ідэнтычнасць. Сёння мы завітаем у Глыбокае.
Глыбокае цывілізацыйна – не Віцебшчына, Глыбокае – гэта гістарычная Віленшчына. Віленскае ваяводства – ў ВКЛ, Віленская губернія – ў Расейскай імперыі, Віленскае ваяводства – ў Другой Рэчы Паспалітай… Ды й ў мяне ў метрыках аб нараджэнні раней было запісана: месца нараджэння – Маладзечанская вобласць. Зразумела, што пры перадачы Сталіным нашай сталіцы Вільні жамойтам, месца цэнтра рэгіёну – пустую нішу – часова заняло Маладзечна. Шкада! Гэта ж – гісторыя! Цяпер ў пашпарце пішуць: месца нараджэння – Віцебская вобласць. А пры чым тут Віцебская вобласць?
Аднаго разу Ала Вярцінская, якая цікавіцца гісторыяй Глыбокага і збірае па гэтай тэме матэрыялы, задала аўтару гэтых радкоў досыць правакацыйнае пытанне: “Чым адрозніваецца глыбачанін ад палачаніна?” Я доўга думаў, што адказаць. Прабачце, але ж не памерамі чарапоў. Адзін народ! Варыянтаў адказу мо сотні. І ўсе будуць дакладныя. Адказаў, нават, нечакана для самога сябе: “Глыбачане – беларускамоўныя, а палачане – рускамоўныя”.
– Не, не ў гэтым розніца, Валодзя. Сапраўдны глыбачанін не будзе есці бульбу з хлебам, а палачане –ядуць! – кажа Ала.
З такога ракурсу, прызнацца, я не разглядаў адрозненне глыбачаніна ад палачаніна. Для людзей майго пакаленння, а тым больш для пакалення маіх бацькоў, гэта, найперш – “бітва цывілізацый”! Так! Мяжа, якая прайшла паміж Глыбокім і Полацкам ў 1921-м і знікла 17 верасня 1939 года, адклала незгладжальны адбітак у свядомасці людзей на доўгія дзесяцігоддзі. Адны – “заходнікі” (у простамоўі ¬– “западнікі”), іншыя – “усходнікі” (“васточнікі”). Варожасць на побытавым узроўні.
Памятаецца, у дзяцінстве – сярэдзіна 1960-х –маці адвезла мяне на лета да бабулі Ганулі ў вёску Бабынічы на Полаччыне. А гэта ўжо іншы бок мяжы, ментальнасць у людзей там зусім непадобная – ва ўсім! Тое, што там мяне заўсёды папракалі “Ты ж з горада прыехаў! Чаму тады размаўляеш па-беларуску?” – яшчэ “кветачкі”. У Глыбокім тады ўсе без вынятку размаўлялі на беларуска-польскай трасянцы. Былі ж яшчэ і не “кветачкі”, а вельмі прыкрыя моманты…
Аднойчы мае стрыечныя браты з мясцовымі бабыніцкімі хлопцамі напераменку каталіся на ровары. Я ж не ведаў, што “ровар” клічуць “веласіпедам”. І такога слова ў Глыбокім ніколі не чуў.
– Дайце і мне ровара пакатацца!– прашу.
– Ах ты пшэк, шляхціч недастрэлены, “западнік”!– пачуў я ўсеагульнае асуджэнне. Крыўдна, не тое што ўсе хлопцы пачалі пуляць у мяне камянямі, а тое, што гэта пачалі рабіць і мае стрыечныя браты.
Неяк, у тыя часы, прыехалі мае стрыечныя браты з бацькамі да нас ў Глыбокае на госці… А тут такі інтрыгуючы момант – міма нашага дома за рулём легкавога аўтамабіля едзе жанчына. Во дзіва! Неверагоднае здарэнне! Жанчына за рулём!
– У вас, у “западнікаў”, бабы ездзяц за рулём!?– з шокам ў голасе пытае брат,– ніфіга сабе!
Такога кшталту прыклады можна было б доўжыць бясконца. Мяжа ў 18 гадоў падзяліла людзей па ментальнасці. Мы, “васточнікі” – правільныя: жылі ў СССР, будавалі камунізм, змагаліся з яго ворагамі, жывём у горадзе – размаўляем па-руску. Вы, “западнікі” – ворагі, жылі пад палякамі, насылалі да нас шпіёнаў, і ўсё ў вас няправільна – нават жанчыны ездзяць за рулём, веласіпед называеце роварам…
– Паскудныя гэтыя людзі “васточнікі”, зайздрасныя, сквапныя, пойдуць у міліцыю – здадуць цябе,– штораз чуў ад старэйшых глыбачанаў ацэнку жыхароў Полаччыны, то бок “васточнікаў” .
– Прыедзеш да іх за лесам у лясгас,– казаў неяк адзін глыбачанін, – а яны дапякаюць: “У цябе, ў “западніка”, пэўна машына – “польская”, а не “руская”?
– Мала таго што немцы, пакідаючы Глыбокае, спалілі і паўзрывалі яго, дык яшчэ рускія абстралялі горад з “кацюшаў”,– казаў некалі аўтару старажыл Мікола Юргель. Мы пасля вайны гадоў дзесяць туліліся ў зямлянках, будаваліся, з цяжкасцю здабывалі лес на хаты. А прыблуды з усходу атрымалі ўсё лепшае, што не згарэла ¬– раскошныя дамы, якія былі пабудаваныя яшчэ пры польскай уладзе, і пачалі нас вучыць будаваць камунізм.
Час не стаіць на месцы… Ужо як два дзесяцігоддзі Беларусь як – незалежная краіна. Пакрыўджаных амаль не засталося як па гэты бок мяжы, так і па тым баку мяжы. Зышло пакаленне.
– Як жылося пры паляках?– запытаў аўтар гадоў пяць таму аднаго глыбоцкага старажыла.
– Ды гэтак, як і цяпер! Адны магазіны!– вельмі лаканічна і трапна адказвае старажыл.
Да апошняй вайны Глыбокае было выключна габрэйскім гарадком, дзе квітнеў гандаль. Габрэі называлі Глыбокае – “Маленькім Данцыгам”, што неаднойчы адлюстравана ва ўспамінах глыбоцкіх габрэяў імігрантаў, якія цудам не сталіся ахвярамі Халакосту і з’ехалі потым з гораду, каб пазбыцца назаўсёды жахлівых успамінаў аб месцы свайго нараджэння.
Дзіўна атрымліваецца, мо й на “генным” узроўні, цяпер – тое ж самае, хоць і Глыбокае даўно ўжо не габрэйскі горад, але яно сёння – разам з раёнам – займае першае месца ў вобласці па колькасці прадпрымальнікаў на адну тысячу насельніцтва. Гены гандлёвага гораду ўсплываюць праз восем дзесяцігоддзяў, і даюць аб сабе ведаць і сёння. Толькі цяпер гандляры не габрэі, а беларусы.
Глыбокае цяпер належыць да ліку трох дзясяткаў самых дарагіх гарадоў краіны. І гэта не пустыя словы, а даступная інфармацыя з інтэрнэту, якая выстаўленая адпаведнымі аналітычнымі цэнтрамі. Неверагодна, але кошты продажу жылля ў Глыбокім можна супаставіць толькі з коштамі на жыллё ў такіх гарадах вобласці, як Віцебск і Полацк. Калі ж браць, для прыкладу, адпаведны райцэнтр у межах ўсёй Беларусі, то атрымліваецца, што роўназначная 2-пакаёвая кватэра ў Глыбокім каштуе 35 000 у.а, а ў Мсціслаўі – 12 000 у.а. Ого!
З кватэрамі зразумела… А звычайная гародніна на рынку? Усім вядомы балгарскі перац на рынку ў Маладэчне каштуе за кілаграм на 1500 рублёў танней, чым у Глыбокім. І якая адпаведнасць? Глыбокае – 18 тысяч насельнікаў, Маладзечна ¬– 100 тысяч! Самі глыбачане здзіўляюцца коштам, але купляюць!
Народ абураецца! Чаму такія кошты? Хто ўсталяваў іх? Аўтар перакананы, што не ўсе жыхары таго ж Глыбокага, адэкватна ўехалі ў новую рэчаіснасць пасля распаду СССР і набыцця незалежнасці Беларусі. Глыбокае сталася не толькі адным з самых дарагіх гарадоў Беларусі, але і адным з самых багатых! Па эканамічных паказніках! То бок знайсці працу ў Глыбокім – значна лягчэй, чым у Докшыцах ці Лепелі. І шмат хто паехаў сюды шукаць працу з вёсак суседніх раёнаў. І колькасць абвестак у газетах па найму жылля аб гэтым сведчаць!
Просты прыклад. Хто на першым месцы ў Віцебскай вобласці па эканамічным патэнцыянале? Тэрыторыя ж сувымерная з Галандыяй, Швейцарыяй… Зразумела, Віцебск. Хто далей па рангу? Орша, Полацк, Наваполацк – і ўсё з 21 райцэнтраў вобласці! Глыбокае – наступнае, гэта прытым што Полацк і Наваполацк можна лічыць адзіным горадам. Значыць, чацьвёртае месца! Ніякі Лепель, Докшыцы, Ушачы не маюць і не змогуць бліжэйшым часам мець тое, што мае цяпер Глыбокае! Гэта вам не пры “панскай Польшчы”, калі палякі аніяк не былі зацікаўленыя ў развіцці Крэсаў. Вельмі ж неадэкватны сусед (СССР) быў побач!
Што мае цяпер стандартны (класічны) беларускі райцэнтар? Хлебакамбінат і цэх па перапрацоўцы малака, пару дробных прадпремстваў і больш нічога…
А Глыбокае? Якую спадчыну атрымала Глыбокае пасля развалу СССР? Ну, ніяк не параўнаеш з пагібеллю Другой Рэчы Паспалітай! Які райцэнтар цяпер мае столькі буйных прадпрыемстваў? Мясакамбінат, малочнакансервавы камбінат, камбікармовы завод, гароднінакансервавы завод, піўзавод, хлебакамбінат, птушкафабрыка, дзясяткі іншых прадпрыемстваў мясцовага значення, такіх,як напрыклад, аўтабаза ці гаргаз. А ўжо рэгіянальных колькі: Глыбоцкія Электрычныя Сеткі, ДАІ, КДБ, калонія (турма), архіў, розныя інспекцыі… То бок апошнія ахопліваюць сваім уплывам не толькі Глыбоцкі раён, але й Докшыцкі, Пастаўскі, Браслаўскі, Мёрскі і Шаркоўшчынскі. Пры будучым новым тэрытарыяльным упарадкаванні краіны ў Глыбокага – вялікія прэтэнзіі на сталіцу рэгіёна: павета ці ваяводства.
У глыбачанаў асаблівых комплексаў няма, калі яны й зайздросцяць каму, то толькі жыхарам сталіцы. Ну, з’явілася ў Мінску мабільная сувязь, то й да нас хутка прыйдзе! Калі ж раней прыязджаў чалавек з Докшыцкага раёна ў Глыбокае і бачыў вышкі мабільнай сувязі, то ён нібы з горыччу заўважаў: “Дык гэта ж Глыбокае! У нас такое будзе гадоў праз дзесяць!” Прыйшла яна, праўда, туды не праз дзесяць, а праз пару гадоў…
Па роду сваёй дзейнасці часта даводзіцца ездзіць па рэгіёну і гэта не толькі па тэме краязнаўчых даследаванняў, але й пошукаў новых пунктаў продажу газеты “Вольнае Глыбокае”.
– Ой, не!– чую адказ уладальніка крамы.
– Чаму?
– А вы не раўняйце Глыбокае з Докшыцамі. Нам бы вашае начальства! У вас, у Глыбоцкім раёне, прадпрымальнікам дазваляюць гандляваць спіртнымі напоямі і цыгарэтамі. У нас забараняюць! Гарэлку ці піва можна купіць толькі ў дзяржаўным гандлі! Якая ўжо тут газета на продаж! Не! Нам праблемы непатрэбныя!
І тут, зыходзячы з крамы, міжволі звяртаеш увагу на сапраўды куртаты выбар на паліцах вясковай ці местачковай крамы: чыпсы, макароны, алей…
А што толькі ў Докшыцкім раёне? І ў Пастаўскім тое ж… Зайшоў неяк, ужо даўнавата, ў адну пастаўскую прыватную краму, пагутарыў з гаспадаром…
– Прыгожы ў вас горад, малайцы вашыя ўлады, што зрабілі з Паставаў горад еўрапейскага кшталту! Нам бы такім зрабіць Глыбокае! – кажу з зайздрасцю.
– Забярыце нашае пастаўскае начальства да сябе ў Глыбокае і хай яны там робяць з яго горад еўрапейскага кшталту!– пярэчыць камерсант. А нам аддайце вашае глыбоцкае начальства!
– Чаму?
– Глыбоцкае начальства стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця прыватнага бізнесу, а нашае – не!
Вось так! “Бітва цывілізацый” працягваецца. Толькі на іншым полі, не на глебе непрыязні паміж “западнікамі” і “васточнікамі”, а на ніве культурных і прамысловых брэндаў, канкурэнцыі за сферы ўплыву гарадоў і спосабаў выбівання грошай на іх добраўпарадкаване.
Глыбоцкае начальства, ды й простыя жыхары горада, ніяк не маглі дараваць Паставам за тое, што яны вельмі ўдала перахапілі ад Глыбокага штогадовы Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”.
– Гэта наш фестываль павінен быў быць! А яны забралі!– штораз злятала з вуснаў некаторых чыноўнікаў у прыватных гутарках са мной. – І мы б зрабілі з Глыбокага Еўропу!
Іду па Паставах падчас аднаго з фестываляў, сустракаю шмат знаёмых глыбачанаў, і ўсе як пад капірку гавораць адно й тое: “Вось бы Глыбокаму далі грошу як і Паставам і наш бы горад стаў бы такім прыгожым!”
Глыбокае ўзяло рэванш у 2012 годзе на Дзень беларускага пісьменства і друку. Але ж з якімі цяжкасцямі і высілкамі, бо трэба было не толькі прасіць права на свята і грошы на арганізацыю свята, але й даказаць, што Глыбокае годнае гэтага свята і мы справімся з яго арганізацыяй! Свята адбылося! І што? Горад папрыгажэў, стаў больш утульным, была ўшанаваная памяць выбітных дзеячоў Глыбоччыны помнікамі і мемарыяльнымі шыльдамі! Цяпер, пасля паспяховага правядзення Дня беларускага пісьменства і друку, Глыбокае, глыбачане, мясцовыя ўлады атрымалі карт-бланш на будучыню – цяпер можна прасіць права на правядзенне іншых святаў – “Дажынак”, 600-х ўгодкаў з дня першага ўпамінання горада ў гістарычных хроніках, а значыць і фінансавых сродкаў на добраўпарадкаванне…
Глыбокае, з прэтэнзіямі на сталіцу, імкнецца падпарадкаваць сабе ўвесь рэгіён. Ну, хто не ведае такі папулярны малочны брэнд “Паставы Гарадок”. У Глыбокім, бывае, выстройваюцца чэргі ў крамах за пастаўскім кефірам, тварагом, смятанай. Тое ж, глыбоцкае, бяруць таксама, але ўжо тады як раскупілі пастаўскае. Дык Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат паквапіўся прыбраць да рук і “Паставы Гарадок”, стварыць нешта накшталт канцэрна. Нейкі там Браслаў прыбраць да рук – не такая ўжо і праблема, а Паставы?
– Наша пастаўскае начальства паедзе ў Міністэрства прасіць, абы “Паставы Гарадок” не ўключалі ў склад канцэрна , які ўзначаліць Глыбоцкі МКК,– паведаміў мне пастаўскі журналіст Уладзімір Шык. – Гэта ж папулярны малочны брэнд не толькі на Беларусі, але й за яе межамі. Мяркуючы па тым, што “Паставы Гарадок” усё яшчэ знаходзіцца на паліцах глыбоцкіх крамаў, Паставы ад Глыбокага, пакуль што, адбіліся.
У мінулым годзе, у рамках “Народнай Праграмы” , дзе абмяркоўвалася пазітыўнае бачанне будучыні Беларусі, аўтар напісаў матэрыял “Паветы ці ваяводствы?”, дзе Глыбокаму была адведзеная роля сталіцы ваяводства (альбо павета). Падставы для гэтага – апісаныя вышэй: Глыбокае ўжо дэ-факта сталіца паўночнага-заходняй часткі Беларусі. Гэтая публікацыя абмяркоўвалася і ў інтэрнеце.
– Валодзя, запомні, раз і назаўсёды, – Паставы ніколі не лягуць пад Глыбокае! Бо толькі Паставы мусяць быць сталіцай! Тады лепш мы ляжам пад Смаргонь ці Ашмяны, але не пад Глыбокае! – тэлефануе абураны пастаўскі краязнаўца Міхась Гіль.
– Дык Глыбокае ўжо, дэ-факта, рэгіянальны цэнтр! Вы ўжо ляглі і не заўважылі!– падліваючы масла ў агонь, адказваю свайму калегу краязнаўцу, бо спадар Гіль – вялікі фанат сваіх Паставаў.
“Бітва цывілізацый” – добры рухавік дадатных зменаў ў нашых гарадах, які стаўся магчымым толькі ў гады незалежнай Беларусі. Гэты рухавік мабілізуе і простых жыхароў і чыноўнікаў гарадоў на рэалізацыю пэўных праектаў і пошуку новых ідэй. На змену колішняму ўсяму тыпавому савецкаму, цяпер прыходзіць новае і арыгінальнае на мясцовым узроўні.
Вось і Глыбокае, як і Паставы раней, “выбіла” сабе, нарэшце, штогадовы фэст! Глыбокае стала вішнёвай сталіцай Беларусі, а ў 2013-м годзе, улетку, адбудзецца Вішнёвы фэст.
Алкаголь і цяпер не прадаюць у Мосары, але мясцовыя аматары як і раней кпілі з гэтага "сухога закону", дык і зараз не бядуюць. Ёсць ровар - ёсць крамы ў суседніх вёсачках.
Ёсць у сусветнай гісторыі прыклады, калі два невялікіх гарады становяцца адным вялікім горадам, Будапешт, напрыклад. Былі Буда і Пешт, сталіся Будапештам.
Аднойчы, праходзячы праз плошчу 17 Верасня ў Глыбокім, убачыў – 10 турыстычных аўтобусаў! Немудрагелістыя падлікі далі такі вынік: 10 х 40 месцаў = 400 экскурсантаў.
Алея Славы ў Глыбокім, якая была ўрачыста адкрытая 2 Верасня 2012 года да Дня беларускага пісьменства і друку, як не дзіўна, пачала стварацца з першых часоў набыцця Беларуссю незалежнасці.
Калі гаварыць пра СМІ, то Глыбокае ў гэтым родзе горад унікальны. Тут выдаюцца чатыры газеты, гораду прысвечаны некалькі сайтаў у iнтэрнэце. Але гiсторыя глыбоцкiх СМI значна багацейшая.
На Беларусі - 118 райцэнтраў і гарадоў раённага падпарадкавання. І кожны з іх мае сваю ўнікальную гісторыю і менталітэт жыхароў, імкнецца па-свойму захаваць ідэнтычнасць. Сёння мы завітаем у Глыбокае.
Маладзечна – горад на шляху з Менска ў Горадню, які я дзесяць гадоў праязджаў, не выходзячы з вагона, і не адчуваючы з-за гэтага ніякіх згрызотаў сумлення.
Першы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне адбыўся ў 1993 годзе. З таго часу ладзілася адзінаццаць, але ніводнаму не ўдалося хаця б параўняцца з першым.
Маладзечна. Вугал на ажыўлёным пераскрыжаванні вуліц Машэрава і Вялікага Гасцінца. У атачэнні петунь бачны шэры валун. Гэта той самы “Помнік пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі".
У гісторыі Вілейкі было многа выпрабаванняў. Яна бачыла шмат пакут, і ўлада не паспявала мяняць ўладу. Толькі вулічныя шыльды хутка здымалі і вешалі нов
Сёння, напэўна, ніхто не адкажа, калі ў Вілейцы з’явіўся першы помнік. І якім ён быў. Але тое, што ў горадзе па-над Віліяй іх было шмат – нават не абмяркоўваецца.
Беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич обратился к Александру Лукашенко с открытым письмом, в котором потребовал от беларусского правителя не отдавать преступные приказы.
Альтернативного властному сценария по-прежнему не просматривается. Предложенный Виктором Бабарико и его командой сценарий референдума вряд ли может быть таковым.
За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.
Важно не только то, О ЧЁМ вы говорите, но и КАК. И если вы – журналист, блогер, публичный человек, а одна из ваших тем – люди с инвалидностью, то вот несколько рекомендаций, как подавать её корректно.
У Еўропе — мэры гарадоў, у нас — старшыні гарвыканкамаў. Бо мэраў абіраюць, а старшыняў прызначаюць. Але нечакана Лідзія Ярмошына загаварыла пра ўзмацненне мясцовага самакіравання.
Без прыватызацыі ды закрыцця стратных прадпрыемстваў беларуская эканоміка хутчэй расці не будзе, з чым згодныя нават улады Беларусі, заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Вазіл Худак
Экологи, эксперты в сфере экологии и представители гражданского общества отвечают на обвинение в негативном влиянии на инвестиционный климат и недобросовестной конкуренции.