Маладзечна. Вугал на ажыўлёным пераскрыжаванні вуліц Машэрава і Вялікага Гасцінца. У атачэнні петунь бачны шэры валун. Гэта той самы “Помнік пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі".
Як і раней, у яго падножжа – свежыя кветкі. Напамінам аб тым, што не заўседы так было – адзін толькі памяты крыж на помніку. І памялі яго свае, тутэйшыя, калі цягнулі помнік ночай пад пакрывам цемры. Далей, далей з вачэй! Далей - з Цэнтральнай плошчы гораду!..
19 год таму, 27 сакавіка 1993 года ў “Маладзечанскай газеце” з’явіўся невялічкі артыкул. Вось што тады напісалі: “Не хочацца пачынаць з журналісцкага штампа, але што зробіш, калі прырода як быццам “падыграла” людзям: у другой палавіне дня хмары разышліся, выглянула сонца, пацяплела, і маладзечанцы пачалі збірацца на Цэнтральную плошчу горада на адкрыцце мемарыяльнага знака “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі”, прымеркаванага да 75-й гадавіны з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Даўно ўжо наш горад і яго жыхары, стомленыя ад празмернай палітызацыі грамадства і эканамічнага крызісу , не бачылі столькі ўдзельнікаў якога-небудзь мерапрыемства. У сонечных промнях луналі і пераліваліся шматлікія бел-чырвона-белыя сцягі…”.
Падзея сабрала людзей розных: простых жыхароў горада, прастаўнікоў грамадскіх арганізацый, культурную эліту ды святароў. Ці была яна незвычайнай і нечаканай для горада? Не, – успамінаюць маладзечанцы. На іх думку, гэта было цалкам натуральна і нават чакана. Тым больш што ініцыятыва ва ўсталяванні помніка шла менавіта ад самаго народа. Гэтага патрабаваў і сам Генадзь Карпенка – на той час – мэр гораду. Калі да яго звярнуліся з прапановай усталяваць такі знак ён сказаў толькі адно – калі гэтага захоча народ – тады і зробім. І зрабілі. Ініцыятыўная група, як бы зараз сказалі, складалася з чатырох чалавек: стварыў праэкт помніка Юры Белановіч, Святаслаў Палівода прыдумаў мастацкае афармленне, Лявон Цімохін займаўся арганізацыйнымі пытаннямі, а з матэрыяламі, дакладней, бетонам для помніку, дапамог Івашкевіч, на той час - дырэктар заводу жэлезабетонных вырабаў.
Была і яшчэ адна цікавая дэталь: спецыяльна для помніку Святаславам Паліводай быў знойдзены стары каваль які зрабіў металічны крыж Еўфрасінні Полацкай. Ім, а таксама шыльдай з надпісам “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” і аздобілі валун.
А 25 сакавіка помнік быў усталяваны ды асвечаны адразу трыма святарамі – праваслаўным, каталіцкім і ўніяцкім. Дарэчы, гэта была першая ў беларускай гісторыі сумесная служба асвячэння помніка.
Месца для яго было абранае невыпадковае, а ў самым цэнтры горада – на Цэнтральнай плошчы. Тады гэтаму не пашкодзіла нават тое, што з іншага боку плошчы ўжо стаяў помнік Леніну. Помнік пакутнікам заняў свае пачэснае месца ў горадзе, а апасля – і ў яго гісторыі.
Як з’яўляюцца традыцыі
Магчыма, гэта быў той самы час, калі беларусы нарэшце пачалі адчуваць сябе сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі. На старонках газет мастакі ды паэты абмяркоўваюць пытанні беларусізацыі, друкуюцца рэпартажы з святкаванняў Дзядоў, Калядаў. Дзякуючы намаганням Генадзя Карпенкі ў Маладзечне з 1993 года пачынае ладзіцца Фестываль беларускай песні і паэзіі, тэатральны фестываль “Маладзечанская сакавіца”. Вуліцы набываюць новыя імёны.
З часам помнік пакутнікам становіцца не проста помнікам. Ён становіцца месцам, дзеправодзяцца паэтычныя вечарыны, людзі збіраюцца тут на святы, а маладыя пасля вяселля едуць менавіта сюды каб ускласці да помніку кветкі. Помнік становіцца традыцыяй.
У гэты перыяд фарміруецца аблічча горада. Маладзечна становіцца добра вядомым не толькі ў роднай краіне, але і за мяжой. Горад з буйной прамысловасцю, ён становіцца і культурным цэнтрам, набываючы рысы сапраўднага еўрапейскага. Набытак тых часоў зараз складае асноўную частку ў вобразе гэтага горада і цяпер.
Узарваны крыж
Амаль два дзясяткі год помнік упрыгожваў галоўную плошчу горада. Два дзесяткі год помнік мірна суіснаваў з маладзечанцамі. Шмат чаго змянялася ў краіне, бурліва змянялася жыццё самаго беларуса. Але не змянялася тое, што ў цэнтры плошчы стаіць помнік Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі. Навіна аб тым, што ў 2011 годзе Маладзечна будзе прымаць рэспубліканскае свята “Дажынкі” і прынесла з сабой змены.
Спачатку па горадзе распаўсюдзіліся чуткі пра магчымы дэмантаж помніка. У мясцовай моладзі БНФ былі нават думкі аб пікетаванні. Але вырашылася ўсё хутка...
11 красавіка ў мінскім метро быў здзейснены тэракт. Навіны ператварыліся ў бясконцыя звесткі аб трагедыі, а журналісты назвалі гэта днём, які падзяліў гісторыю Беларусі на дзве паловы – “да тэракту, і апасля”.
Пакуль уся краіна знаходзілася ў сапраўды шокавым стане пасля трагедыі, на наступны дзень пасля тэракту ў 10 гадзін вечара помнік “Пакутнікам за волю і незалежнасць” быў дэмантаваны. Сімвалічна ці не – аднак тая самая моладзь БНФ якраз і стала сведкам дэмантажу. Аднак гэта ўжо не вырашыла лёсу помніка. Момант для дэмантажу, як бы гэта вусцішна не гучала, быў абраны ідэальна. А на яго месцы засталася толькі глыбокая яма.
Вакол яе паўсталі толькі драўляныя крыжы - відаць, разметка для будаўнічай тэхнікі.
Помнік жа схавалі пад тканіну і аднеслі далей – пад яшчэ адзін помнік-валун каля Палацу культуры. Ізноў побач аказаўся крыж. Цяпер – гэта крыж мемарыялу, каля якога дэмантаваны валун ляжаў яшчэ некалькі дзён. Можна бачыць у гэтым нейкі знак – крыжы нібы суправаджалі шлях гэтага мемарыялу... А можна назваць гэта простым супадзеннем. Кожны вольны гэта вырашаць сам.
Тым часам аб гвалтоўным пераносе помніка з плошчы нагадвалі разбітыя і пакамячаныя свечкі.Іх знайшлі людзі на былым месцы помніка пакутнікам ды вярнулі да мемарыялу.
[
Прычына ўчыненага гвалту была досыць выдавочнай, каб ў нечым сумнявацца. Як потым адказалі ўлады, дэмантаж “правялі ў сувязі з добраўпарадкаваннем і перапланіроўкай Цэнтральнай плошчы”. Ды напярэдадні рэспубліканскага свята Дажынак”. Як кажуць, без каментароў. Толькі калі пры ўсталяванні помніка з жыхарамі горада раіліся, то ў апошнім выпадку вырашылі абыйсціся без гэтага.
Але і з яшчэ адной дэталлю не палічыліся ўлады. Як расказваў стваральнік праэкту помніка Лявон Цімохін,на гэтым месцы яшчэ ў дасавецкія часы стаяў каменны крыж. Але ён быў узарваны з прышэсцем Саветаў. На гэтым месцы ў 1993 годзе і быў усталяваны знак пакутнікам. Прычым быў асвечаны святарамі. Праўда, сімвалічная дэталь? Фактычна – месца святое, помнік нельга дэмантаваць “проста так”. Але ж...
Мексіканскі серыял
Пры ўсёй драматычнасці сітуацыі, падзеі далей развіваліся не горш чым у якім мексіканскім серыяле. Пакуль адныя шукалі вінаватых, іншыя ўжо прадумывалі што будзе на гэтым месцы замест помніка пакутнікам. Не ўсе ведаюць, што адным з першых варыянтаў на гэтае месца быў помнік Янке Купале. Прычым варыянт быў досыць рэальны. Быў створаны сапраўдны макет. Але на мастацкім паседжанні, дзе сабраліся улады горада ды прадстаўнікі культурнага асяродку, вырашылі – Купала здаецца вельмі маладым ды сумным. Вырыянт не падыходзіць. Адмаўляемся.А каб не гэта – Маладзечна мог бы ўпрыгожваць вось такі помнік:
А вось другая мастацкая парада прайшла больш абмежаваным колам людзей. Пра яе рашэнне даведаліся на наступны дзень, “постфактум”: варыянт скульптуры абраны. І ўжо зацверджаны. Канчаткова. “Адам і Ева” – так назвалі потым у народзе кампазіцыю Уладзіміра Жбанава. Вось тут ўся гісторыя толькі і пачынаецца.
Камуніст, купалаўцы і галякі.
Амаль усе СМІ адгукнуліся на навіну пра тое, што ў Маладзечне распачаты збор подпісаў супраць усталявання новай скульптуры. Аргументавалі гэта паўсюль амаль аднолькава – вельмі аголеныя былі скульптуры хлапца і дзяўчыны, вельмі відавочная пошасць. Гэтай сітуацыяй зацікавіліся нават расійскія журналісты з тэлеканалу НТВ:
А у культурным асяродку пераказвалі адну і тую ж гісторыю – другая мастацкая парада прайшла не без алкаголю, ды падсумоўвалі: такое на цвярозую галаву і не маглі б прыняць!
Аднак не ўсе так проста, як здаецца на першы погляд. Не шмат людзей звярнула ўвагу на тое, хто сапраўды распачаў увесь гэты збор подпісаў. А збору подпісаў можа б і не было, каб не ліст мясцовага камуніста. Прычым тут палітычныя перакананні гэтага чалавека? Ні пры чым, калі б на Цэнтральнай плошчы ўжо не стаяў помнік Леніну. Супадзенне? Наўрад ці. Можа быць сапраўдная прычына хаваецца ў непажаданым суседстве Леніна з аголенымі юнакамі?
Але была і яшчэ адна версія, якую журналісты амаль праігнаравалі. Людзям на словах амаль паабяцалі, што на месцы помніка пакутнікам з’явіцца помнік Купале. Таму можна дапусціць і такую думку, што самі маладзечанцы асэнсавана дазволілі дэмантаж помніку пакутнікам. Толькі кіраваліся яны тым, што ахвяра ўсё ж будзе “акуплена”, што на гэтым месцы паўстане помнік “народнаму песняру” ды проста земляку Купале. І каму судзіць: хто ж вінаваты, што людзі паверылі ў гэта і апынуліся ў падмане? Хіба аднаму Богу...
А подпісы тыя так і не спатрэбіліся: рашэнне было прынятае. Можа нават лепш сказаць так – вядомае “узгоднена”. Больш за сто подпісаў мастакакоў, пісьменнікаў, паэтаў, і проста людзей не абыякавых – з усёй рэспублікі – цяпер пыляцца нікому непатрэбныя. Хіба “для гісторыі”. Калі стала вядома, што такое змаганне проста бессэнсоўнае – збор подпісаў быў спынены.
Начныя ліхтары Маладзечна
Вядома, што пасля Дажынак горад змяніўся. Палову парку вырубілі ды зрабілі вялікае возера з альтанкамі па берагах, з’явіўся летні амфітэатар. Дарогі ды тратуары ў цэнтры гораду абнавілі новым пакрыццём. А згодна з сваесаблівай тэндэнцыяй у беларускай (менавіта беларускай!) архітэктуры дамы візуальна абнавілі за кошт яркай расфарбоўкі, часам вельмі незрузумелай у спалучэнні колераў. Але гэта тое, што навідавоку, тое, што пры дзённым святле.
Увечары, калі становіцца цемна, горад становіцца іншым. І мне нават здаецца, што ў гэты момант якраз і можна убачыць сапраўднае аблічча Маладзечна. Цэнтральная плошча і парк ахутвае святло шматлікіх ліхтароў ды каляровая падсветка фантанаў. У тым ліку і фантану са скульптурай, які паўстаў на былым месцы помніка пакутнікам. Дажынкі насамрэч змянілі не шмат. Толькі тут, у цэнтры, добра і надзейна працуюць ліхтары. Як і раней, астатнія раёны, асабліва на ўскраіне гораду, хаваюцца ў цемры. А беларускі народ, які так часта да свайго сораму называюць памяркоўным - аднак кемлівы. Нездарма кампазіцыю, якую Жбанаў назваў “Пошукам папараць-кветкі” – маладзечанцы клічуць не іначай як “Адамам і Евай”. Сюды, як раней да помніку пакутнікам, кветак не ўскладаюць. Але лепш за усе дух гэтага гораду і яго жыхароў можна адчуць па тым, як пачалі яны называць падыход да новай скульптуры на плошчы. А празвалі гэта не іначай як “вуліца чырвоных ліхтароў”.
Помнік які не існуе
Што ж стала з валуном “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі”? Цяжка вызначыць – ці цяжкі лёс выпаў яму, ці не? Калі параўноўваць гэта з тым, як часцей за ўсе абыходзяцца з “неўгоднымі” мемарыяламі – напэўна гэта не горшы выпадак. На шчасьце, ён не быў зруйнаваны як той каменны крыж, што быў да прыходу савецкай улады на плошчы горада. Ён не быў апаганены, як Курапаты, на якія апошнім часам глядзяць не іначай як з боку выгоднага месца для пабудовы забаўляльных цэнтраў. Праўда і супакойваць сябе гэтым не варта. Можа мудрэй, а, можа, (і хутчэй за ўсё) – хітрэй зрабілі ўлады горада. Помнік проста перанеслі ў іншае месца. Месца канешне не параўнаецца з ранейшым - помнік знаходзіцца каля ажыўлённага пераскрыжавання, да яго складана пад’язджаць на машыне, асабліва маладзёнам. Аднак як і раней у падножжа валуна заўседы свежыя кветкі. На крыжы павязаная бел-чырвона-белая стужка. У гэтым выпадку сітуацыя абсалютна не паўплывала на традыцыі.
Тым не менш за помнік яшчэ трэба змагацца. Можа быць цяпер гэта адбываецца не так гучна, а часцей – нават ціха. Але як цяжка змагацца за права існавання такога помніка, калі табе кажуць што яго не існуе ўвогуле!
А менавіта гэтая думка і чытаецца “паміж радкоў” у афіцыйных адказах на запыты грамадзян аб добраўпарадкаванні новага месца для помніка:
Такім чынам яшчэ раз улады гораду акрэслілі сваю пазіцыю да гэтага мемарыялу. Праўда часам акрэсленая пазіцыя лепш чым яе адсутнасць. Цяжка тут шукаць вінаватых. Ці правільна вінаваціць людзей за даверлівасць? Кажуць, гісторыя можа навучыць нечаму на чужых памылках. За што можна было б нас вінаваціць – гэта хутчэй за тое, што блага мы ведаем сваю гісторыю. Нас няцяжка падмануць, бо мы не ведаем як падманвалі нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. А хлусня ўсё адна і тая ж.
Калі ламаюць крыжы
Можа б ніколі не дазволілі маладзечанцы знясці гэты помнік, каб ведалі каму ён прысвечаны, якія намаганні былі для гэтага прыкладзеныя. Адна знаёмая расказвала, як аднойчы ў горад завітаў сябра з Гродзенскай вобласці. Першае што ён папрасіў паказаць – помнік пакутнікам. Той усё дзівіўся што за дзівосны такі горад, гэтае Маладзечна, што тут ёсць такі помнік, ды яшчэ спакойна стаіць на галоўнай плошчы горада. Няйначай як цуд, адзіны такога кшталту з усёй Беларусі. А зямлячцы раптам сорамна стала. Яна і расказаць нічога не можа пра помнік. Хадзіла ўсё жыцце праз плошчу, бачыла шмат разоў валун, але ніколі не думала – а каму гэты помнік усталяваны? Потым расказвала – сорам ахутаў. Жудасна няемка стала ад таго, што знаёмы з іншага гораду ды нават вобласці ведаў больш пра гэты мемарыял, чым яна – маладзечанка!
Лагічным было б спытацца: як яна зараз глядзіць на гэты помнік? Але я не ведаю. Толькі спадзявацца застаецца, што цяпер гэты мемарыял для яе не просты валун. Толькі спадзявацца застаецца каб на яго так глядзела як мага больш людзей. Ды каб ад погляду не хаваўся пагнуты крыж.
Бо ведае наш народ, але часам забываецца на гэтую благую прыкмету: палілі, ламалі і нішчылі крыжы толькі ў самыя цёмныя часіны. Крыж пагнулі, калі цягнулі ночай помнік з плошчы. Ён і дагэтуль такім застаецца.
Ад рэдакцыi:
Тэкст публікуецца ў межах спецыяльнага праекту "ЕўраБеларусі", мэтай якога было адлюстраванне фактуры сучаснага беларускага гораду (значныя падзеі, вядомыя людзі, знакі і сімвалы і г.д.), якая б паказвала, па якіх нормах і прынцыпах арганізавана сёння гарадское жыццё ў рэгіёнах.
Папярэднiя тэксты, надрукаваныя ў межах праекту, можна знайсцi па спасылках:
Алкаголь і цяпер не прадаюць у Мосары, але мясцовыя аматары як і раней кпілі з гэтага "сухога закону", дык і зараз не бядуюць. Ёсць ровар - ёсць крамы ў суседніх вёсачках.
Ёсць у сусветнай гісторыі прыклады, калі два невялікіх гарады становяцца адным вялікім горадам, Будапешт, напрыклад. Былі Буда і Пешт, сталіся Будапештам.
Аднойчы, праходзячы праз плошчу 17 Верасня ў Глыбокім, убачыў – 10 турыстычных аўтобусаў! Немудрагелістыя падлікі далі такі вынік: 10 х 40 месцаў = 400 экскурсантаў.
Алея Славы ў Глыбокім, якая была ўрачыста адкрытая 2 Верасня 2012 года да Дня беларускага пісьменства і друку, як не дзіўна, пачала стварацца з першых часоў набыцця Беларуссю незалежнасці.
Калі гаварыць пра СМІ, то Глыбокае ў гэтым родзе горад унікальны. Тут выдаюцца чатыры газеты, гораду прысвечаны некалькі сайтаў у iнтэрнэце. Але гiсторыя глыбоцкiх СМI значна багацейшая.
На Беларусі - 118 райцэнтраў і гарадоў раённага падпарадкавання. І кожны з іх мае сваю ўнікальную гісторыю і менталітэт жыхароў, імкнецца па-свойму захаваць ідэнтычнасць. Сёння мы завітаем у Глыбокае.
Маладзечна – горад на шляху з Менска ў Горадню, які я дзесяць гадоў праязджаў, не выходзячы з вагона, і не адчуваючы з-за гэтага ніякіх згрызотаў сумлення.
Першы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне адбыўся ў 1993 годзе. З таго часу ладзілася адзінаццаць, але ніводнаму не ўдалося хаця б параўняцца з першым.
Маладзечна. Вугал на ажыўлёным пераскрыжаванні вуліц Машэрава і Вялікага Гасцінца. У атачэнні петунь бачны шэры валун. Гэта той самы “Помнік пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі".
У гісторыі Вілейкі было многа выпрабаванняў. Яна бачыла шмат пакут, і ўлада не паспявала мяняць ўладу. Толькі вулічныя шыльды хутка здымалі і вешалі нов
Сёння, напэўна, ніхто не адкажа, калі ў Вілейцы з’явіўся першы помнік. І якім ён быў. Але тое, што ў горадзе па-над Віліяй іх было шмат – нават не абмяркоўваецца.
Беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич обратился к Александру Лукашенко с открытым письмом, в котором потребовал от беларусского правителя не отдавать преступные приказы.
Альтернативного властному сценария по-прежнему не просматривается. Предложенный Виктором Бабарико и его командой сценарий референдума вряд ли может быть таковым.
За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.
Важно не только то, О ЧЁМ вы говорите, но и КАК. И если вы – журналист, блогер, публичный человек, а одна из ваших тем – люди с инвалидностью, то вот несколько рекомендаций, как подавать её корректно.
У Еўропе — мэры гарадоў, у нас — старшыні гарвыканкамаў. Бо мэраў абіраюць, а старшыняў прызначаюць. Але нечакана Лідзія Ярмошына загаварыла пра ўзмацненне мясцовага самакіравання.
Без прыватызацыі ды закрыцця стратных прадпрыемстваў беларуская эканоміка хутчэй расці не будзе, з чым згодныя нават улады Беларусі, заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Вазіл Худак
Экологи, эксперты в сфере экологии и представители гражданского общества отвечают на обвинение в негативном влиянии на инвестиционный климат и недобросовестной конкуренции.