Суббота 23 ноября 2024 года | 14:04
  • бел / рус
  • eng

Развагі пра тое, ці гатовая Вілейка “пахаваць” Леніна

23.12.2012  |  День города   |  Захар Кадышаў, фота аўтара і з фондаў Вілейскага краязнаўчага музея,  
Развагі пра тое, ці гатовая Вілейка “пахаваць” Леніна

Сёння, напэўна, ніхто не адкажа, калі ў Вілейцы з’явіўся першы помнік. І якім ён быў. Але тое, што ў горадзе па-над Віліяй іх было шмат – нават не абмяркоўваецца.

Віляйчане, які і шматлікія жыхары іншых невялічкіх гарадоў на Беларусі, с правінцыяльнай цікавасцю ставяцца да новых ідэй творчых людзей. Але адначасова не спяшаюцца мяняць аблічча – тут не любяць бурыць і цяжка прывыкаюць да ўсяго новага. Увогуле: з недаверам ставяцца да наватараў, якія прапануюць аздобіць горад новым помнікам са сваёй пэўнай гісторыяй. Гісторыю тут шануюць, але тую, якая зацверджана.

 Барацьба за помнік

Самы загадкавы помнік у горадзе – Юзафу Пілсудскаму. Знаходзіцца ён на тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў і, фактычна, схаваны ад чужых вачэй. Яго гісторыя вельмі займальная і пачалася яшчэ ў 1935 годзе. У той польскі час, у адной з вёсак Вілейскага раёна адчынілі школу імя Пілсудскага. А побач – камень з надпісам “Маршалку Юзефу Пилсудскому, 1935, давшему Польше свободу, границы, силу и честь”. 

 Прастаяў гэты камень у вёсцы аж да 2004-га года, калі пра яго празналі супрацоўнікі польскага пасольства і вырашылі забраць яго на тэрыторыю пасольства ў Мінску. І мясцовыя ўлады не пярэчылі, але упёрліся вілейскія краязнаўцы. Сярод іх быў і дырэктар таго прадпрыемства, дзе зараз “хаваецца” помнік. Камень хутка прывезлі ў горад. Ён і сёння пад пільным наглядам аховы прадпрыемства. Да таго ж, застаўлены машынамі – паспрабуй, звязі!

 -          Купляй! – заўважыўшы карэспандэнта ля помніка, крыкнуў ахоўнік.

-          Колькі хочаш?!

-          А колькі не шкада?.. Жартую-жартую! Не прадаецца! Памяць!

Дарэчы, мясцовыя ўлады потым схамянуліся і нават рашэнне вынеслі – камень пакінуць у горадзе!

 

 

Таксама адным з першых помнікаў можна лічыць “нулявы кіламетр”. Месціўся знак ў трыццатых гадах на брукаванай плошчы Свабоды і паказываў адлегласць да Вільні, Варшавы і Мінска. Калі ён знік, у Вілейцы не памятаюць. Хутчэй за ўсё, падчас аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, калі на змену палякам прыйшлі “красные кавалеристы”.

Потым грымнула Айчынная вайна і гораду было не да помнікаў, а вось савецкі час стаў росквітам для каменна-металічных скуптур і бюстаў. Дарэчы, з помнікамі пралетарыям-правадырам ў Вілейцы заўсёды здараліся нейкія загадкавыя рэчы.

 Утапілі сталіна, скруцілі леніна

Адным з першых, каго ў горадзе ўшанавалі ў метале, быў “отец народов”. На старых фотаздымках бачна, што Сталін меў вялізарны рост, бліскучую шынель і мудра пазіраў з вышыні дрэваў гарадскога парку. Паставілі яго пры жыцці самаго Сталіна і жыхары з ахвотай фатаграфаваліся на фоне “хозяина”. 

Але ці магчыма было інакш у той час? Пасля смерці Сталіна яго металічны культ прастаяў яшчэ колькі часу і ў адзін дзень (дакладней, ноч) знік. Куды падзеўся, невядома, але...

Мясцовыя кажуць, што Сталін з імі і цяпер. Па адной версіі, яго закінулі ў Вяллю. Магчыма. Тым больш, што рака зусім побач. Але хто б не шукаў помнік, не знайшоў. Віляйчане аўтарытэтна заяўляюць: скульптуру занясло пяском.

Яшчэ адна версія належыць аднаму з мясцовых актывістаў, які кіраваў вілейскім камсамолам ў 80-ых:

- Людзі ў той час былі асцярожнымі. Так, Сталіна прызналі злодзеем, развянчалі культ асобы, але хто яго ведаў, што там далей будзе! Мо,заўтра прыедуць ды да сценкі паставяць. Таму і вырашылі Сталіна ...пахаваць. Як чалавека. Закапалі насупраць гарадскога парку. Там, дарэчы, і сёння можна невялікі прыгорак убачыць.

Прыгорак, насамрэч, існуе. Але капаць там забаронена - прыватная уласнасць.

З другім правадыром – таварышам Леніным – усё прасцей. Стаіць ён сабе на цэнтральнай плошчы ўжо больш за паўстагоддзе. Але і з ім у Вілейцы здарылася гісторыя, калі Ульянаў раптам крутануўся на 180 градусаў. 

- Скруцілі Леніна, - мясцовыя старажылы усміхаюцца і ўспамінаюць тую гісторыю. – Раней у нас была адна плошча – Свабоды. А сённяшняй Цэнтральнай не было. Рэзала яе на дзве часткі Камуністычная вуліца: з аднаго боку стаялі баракі, з другой – выканкам. А між імі – Ільіч. І глядзеў ён ў вокны ўладзе. Потым баракі знеслі і атрымалася вялікая плошча. З аднаго боку выканкам, а з другой - дарога, людзі едуць на працу. Потым нехта ўцяміў: Ленін ад простых людзей адвярнуўся і паказвае ...спіну, а да начальства - тварам!

Каменнага ідала хутка перавярнулі. А потым падумалі і прыпаднялі на добры метр.

Быў у горадзе і другі Ленін. Металічны бюст знаходзіўся на тэрыторыі ПТВ-200 (сёння там месціцца каледж). Дзе ён зараз, невядома. Хтосьці кажа, што здалі на метал, а іншыя бачылі ў гаражы аднаго з майстроў навучальнай установы.

Але вернемся на плошчу Свабоды, дзе знаходзіцца, бадай, самы шчыры помнік. Салдат і партызан, сціснуўшы рукі ўгару, усхваляюць гонар усіх, хто загінуў у Айчыннай вайне. Гэты помнік нават вышэй за “Ленина-оборотня”. Скульптура чымсьці нагадвае легендарную “Рабочего и колхозницу» Веры Мухінай. Але ваенныя – справа рук скульптара Курачкіна. Дарэчы, сёння, нягледзячы на самы разнастайныя помнікі ў горадзе, маладыя, што бяруць шлюб, па традыцыі едуць сюды, да самага светлага помніка. (фота 018)

Тых, хто ў савецкую эпоху ўязджаў у горад, з любога накірунку сустракалі стэлы, выкананыя ў звыклым шэрым абліччы. Серп і молат? Абавязкова! 

На мяжы стагоддзяў “саўковыя” афішы з надпісамі-лозунгамі прыбралі – замест іх устанавілі стэлы нейтральнага выканання з надпісам “Вілейка”. На адну з іх кожную вясну прылятаюць буслы – яе таксама можна лічыць адметным і вельмі папулярным у людзей помнікам.

 

“Час збіраць камяні”

У 90-ых грошай на помнікі было няшмат ці, дакладней, зусім не было. Толькі у 1999-м годзе, калі Вілейка адзначала 400-годдзе (хутка гіторыкі знайшлі новую дату і горад пасталеў на 150 гадоў), насупраць Палаца культуры ўсталявалі гранітную пліту ды закапалі капсулу да нашчадкаў.

Напэўна, з таго часу мясцовыя ўлады і пачалі масава ставіць помнікі ў выглядзе невялічкіх пастаментаў. Некаторыя – з граніту, а большасць – гэта проста камяні-валуны.

- Чаму не? – кажа Яўген Ігнатовіч, які ў свой час ўзначальваў мясцовы музей, а потым раённы Савет дэпутатаў, - грошай няма, а ёсць падзея. Як мы маглі яе адзначыць ці не забыць славутага земляка? Знаходзілі добры валун, везлі ў Вілейку, майстры працавалі над шыльдай і ўсё – помнік! Розныя майстры нам прапанавалі свае скульптуры, сапраўдныя творы мастацтва  - але ж гэты вялікія грошы!

З тых часоў на ўсёй Вілейшчыне – шмат камянёў з рознымі шыльдамі. Тут - памяць паэта, а там – мастака, а вось – Алея матулі. Вялікія грошы на сапраўдную скульптуру знайшлі толькі пяць гадоў таму. Тады ў горадзе і з’явілася дзяўчына Вілляна.

Чалавеку патрэбна вера. Калі 70 гадоў савецкія людзі спадзяваліся на светлую будучыню, то 90-ыя навучылі верыць у сябе. А вілейчане з ахвотай вераць яшчэ і ва ўсялякія легенды і паданні.

Вілляна – дзяўчына, якая вельмі кахала свайго хлопца-краўца Сцяпана, ліла слёзы, з якіх утварылася рака. Увогуле, і сама дзяўчына ператварылася ў Віллю. Прыгожая легенда - прыгожы помнік. Ляжыць на камні (не абыйшлося і тут без яго) Вілляна, кліча свайго Сцяпана.

Помнік работы скульптара Уладзіміра Слабодчыкава зацікавіў гараджан, асабліва моладзь, якая раз-пораз аздабляе пазногці басаногай дзяўчыны каляровым лакам. Дарэчы, праз тры гады Вілляна займела і свой хутар на захадзе Вілейкі. Там паставілі браму шчасця, пабудавалі стылізаваныя хаты і краязнаўчы музей ладзіць вясельные старажытныя абрады для маладых Віллян і Сцяпанаў.

 У цёмным-цёмным горадзе...

Калі разважаць у які бок рухаецца Вілейка наконт помнікаў, можна з упэўненасцю казаць: традыцыйна-гістарычны. На мяжы стагоддзяў суполка творчых людзей прызвычаіла насельніцтва да гісторыі роднага краю і сваіх каранёў. Прычым, расказвалі пра ўсё вельмі цікава. Сёння па помніках вывучаюць не толькі паданні, але і гісторыю.

Тры гады таму на вуліцы Савецкай азербайджанская дыяспара паставіла помнік свайму земляку, двойчы Герою Савецкага Саюза Азі Асланаву. Шмат хто тады здзівіўся: хто такі? Моладзь і сёння дадае, жартуючы: “Давай, до свидания!”. Але высветлілася – гэта ён вызваляў Вілейку! І такая акалічнасць пераважыла нават тое, што помнік ваеначальніка – тыповае прывітанне ад савецкага мінулага. Цёмны, вялізарны, грозны – гэта пра Асланава. Дзеці з суседняй гімназіі пужаюць адзін аднаго: “У цёмным-цёмным горадзе, на цёмнай-цёмнай вуліцы стаіць цёмны-цёмны дзядзька. І усіх бачыць! Бо з біноклем! Хто такі?..” 

“Газік”, голыя дзеўкі і чупакабра з парасонам

Помнікі ставілі не толькі ўлады, але і прадпрыемствы. На пастаменце каля “Вілейкарайгазу” два гады таму з’явіўся “ГАЗік” 51-мадэлі. Калісьці аўтамабіль спраўна развозіў балоны з прапанам па хатах. Сёння – экспанат. На шыльдзе пафасныя словы: «Для нас газ — это не просто топливо, а нечто большее: работа, судьба, жизнь». Пытанне ўзнікае, калі бачыш дзве даты: 2010 — 2050. Чаму менавіта такі адлік? Работнікі прадпрыемства кажуць, што толькі да гэтага тэрміну хопіць газу. Што будзе – далей? Паціскаюць плячыма...

Самым эратычным помнікам у гісторыі Вілейкі можна лічыць поўнасцю аголеных дзяўчат. Яны “купаліся” ў струменях фантанаў на тэрыторыі грузавога аўтапарка №6. Але няма ўжо такога прадпрыемства, выселілі і нудыстак.

Няма ўжо і назвы “Вілейскі малочны завод”, які стаў філіялам Маладзечанскага камбіната. Але ў гісторыю паспеў трапіць Вільюша. Сіне-зялёна-жоўта-чырвоная пачвара нагадвае гнома, але такім не з’яўляецца. Хто ж гэта? На заводзе шчыра не ведаюць – проста істота. Напрыканцы мінулага стагоддзя кіраўніцтва вырашыла займець свой брэнд, нават конкурс на лепшы малюнак і слоган аб’явіла. Так і з’явілася, як кажуць мясцовыя жартаўнікі, “чупакабра з парасонам”.

Гігант машынабудавання “Зеніт”, дзякуючы якому і вырасла ў 80-ыя Вілейка, свайго помніка не меў, сярпаста-малаткастыя штампоўкі не лічым. Але летась з’явілася прапанова ўстанавіць побач з прадпрыемствам ...фотаапарат “Зеніт”, як сімвал самай папулярнай прадукцыі. Ідэя належыць вілейчаніну Максіму Бабкевічу:

- Калі б не “Зеніт”, Вілейка была б зусім іншай, - распавядае Максім. - Кожны другі там працаваў і бацькі кожнага першага. У Расіі, Украіне ці Прыбалтыцы распытваюць: “Ты адкуль?”, адказваеш: - “З Вілейкі”. – “А гэта дзе?” – “Ну... Ведаеш фотаапарат “Зеніт”?” – “Так, безумоўна!” – “Ну вось з гэтага горада”.

Кіраўніцтва завода, дзе ў лепшыя часы працавалі 6 тысяч чалавек, прапанову разгледзіла, зацікавілася, але ўжо больш за год нічога на “Зеніце”, акрамя адноўленай Дошкі гонару, не з’явілася.

А мясцовы каледж не толькі пазбавіўся ад Леніна, а яшчэ паставіў нядаўна зусім іншы помнік – вялізарную, два з паловай метры вышынёй – падкову. У дырэктара Ігара Кіцікава – захапленне: ён іх збірае. У калекцыі – каля паўсотні розных сувеніраў, з гліны, фарфору, металу, паперы... Таму калі паўстала пытанне: адвезці стары метал на пераапрацоўку ці зрабіць што-небудзь эдакае, дырэктар доўга не разважаў. 

 Супер-помнік – жыццё працягваецца

Але і ўлады тым часам не драмалі. Раз-пораз, як грыбы пасля дажджу ці падтрымцы прапановы, з’явіліся зусім новыя помнікі. Ідэалогія ў іх нікуды не дзелася, ёсць, але не такая звіхнутая, як пры Саветах. Напрыклад, на Цэнтральнай плошчы ўвасобілі задумку архітэктара горада Галіны Кажарновіч і “пасадзілі” дрэва дружбы.         Вакол яго – гербы гарадоў-пабрацімаў Вілейкі. Штогод, на свята вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, міжнародныя дэлегацыі на ім завязваюць рознакаляровыя стужкі. У памяць аб сяброўстве. А Ленін, які на ўсё гэта пазірае, здаецца, пахмурнеў – канкурэнцыя!

Але найбольшую любоў атрымаў супер-помнік – Мемарыял зніклым вёскам. Ён, зроблены рукамі людзей, – унікальны і першы ў Беларусі. Яго ідэя належыць Яўгену Ігнатовічу і Анатолю Рогачу. Першым яго ўбачыў архітэктар Анатоль Капцюг:

- Зрабіць мемарыял простым не хацелася. Ідэя – вельмі добрая, не кожны дадумаецца паставіць помнік не людзям, не падзеям, а роднай вёсцы, якой ужо няма і вяртацца няма куды. Таму вырашыў зрабіць мемарыял у выглядзе формулы ДНК. Жыццё працягваецца! На эскізах атрымалася нічога сабе. Увачавідкі – яшчэ лепш.

Увесь мемарыял – гэта 16 камянёў, якія сімвалізуюць сельсаветы і сам горад. На кожным – назвы вёсак, якіх ужо няма. На Вілейшчыне за 70 гадоў па розных прычынах – спалены падчас вайны, затоплены вадасховішчам, далучаны да іншых - зніклі 253 населеныя пункты. Пяць вёсак напаткаў лёс Хатыні – для іх асобная памяць. А побач – валун у гонар лётчыкаў. Экіпаж СУ-2 загінуў на гэтым месцы з поўным складзе на самым пачатку вайны.

Гэты самы мемарыял стаў, бадай, фінальным акордам таго перыяду, які ў Вілейцы называюць “каменным”. З таго часу прайшло больш за два гады, але новых і сапраўдных помнікаў у горадзе не ставілі. І пра ідэі нічога не чуваць.

Але зусім нядаўна ў сцянах выканкама асцярожна прагучала прапанова:

- А можа прыйшоў тэрмін Леніна прыбраць з плошчы?

            Дакладна вядома, што ўлады да прапановы аднесліся с энтузіязмам, але ўзніклі два новыя пытанні: “Чым замяніць правадыра?” і “Куды яго дзець?”. Пакуль будуць шукаць адказы, можна не сумнявацца – новых помнікаў у Вілейцы не будзе. Жыццё тут павольнае, як Вялля. Спяшацца няма куды.

  Дарэчы

* Самы любімы жарт у горадзе – пра помнік Леніну. Звычайна, задаюць пытанне: якую руку ўзняў угару Ленін? Адказы розныя, але толькі два: левая і правая. Насамрэч, Ленін стаіць, апусціўшы рукі.

 * У пачатку 90-х на помнік Леніну напалі. Невядомыя ноччу аблілі галаву правадыра карычневай (па другіх чутках, зялёнай) фарбай. Аддзіралі і чысцілі “светлую” галаву міліцыянеры. Ледзь паспелі да світанка.

 * Сярод вілейскіх чыноўнікаў лічыцца добрым звычкай паставіць помнік самаму сабе. Вядома, не ў прамым сэнсе слова. Напрыклад, многія лічаць фантан – помнікам цяперашняга старшыні райвыканкама, басейн – былога дэпутата Парламента. Аднойчы, каля Вілляны давялося ўласна чуць, як бацька казаў свайму дзіцяці:  

- Бачыш? Гэта тата твой паставіў!

 * Адна з ідэй новага помніка ў Вілейцы – капліца на могілках па вуліцы 1 Мая. З прапановай паставіць помнік усім, хто палёг у Першую і Другую Сусветныя вайны, не першы год турбуе народ мастак Барыс Цітовіч. Нават эскіз зроблены, але справа пакуль не варушыцца. Дарэчы, на гэтых могілках ушанавана памяць польскіх жаўнераў. І помнік дбайны стаіць. 

 * У адной з сацыяльных сетак віляйчанам задалі пытанне: “А каму б вы паставілі помнік?”. Адказы кажуць самі за сябе: Героям Савецкага Саюза, рыбе (сімвалу вадасховішча – самага буйнога ў краіне), сабе, галоўнаму доктару мясцовага радзільнага дома, атракцыёнам, якіх ужо няма з надпісам “Яны згінулі ад абыякавасці чыноўнікаў”. Але два самых папулярных адказы: паставіць помнік таму, “хто зможа прывясці гарадскія дарогі ў належны стан” і “лепш прыбраць Леніна”.

Аб праекце:   

Нашая зацікаўленасць да таго, што адбываецца з ідэнтычнасцю беларускіх гарадоў у рэгіёнах, мае ўжо пэўную гісторыю. У 2007-2008 г.г. даследчая група Агенцыі гуманітарных тэхналогіяў зладзіла 18 экспедыцый у малыя гарады з мэтай даследвання ў іх сучаснай арганізацыі і ладу жыцця. Па выніках гэтай працы была выдадзена кніга “Гульня ў гарады”. У 2012 годзе даследчая група Лятучага ўніверсітэта зацікавілася трансфармацыяй гарадской ідэнтычнасці гарадоў, якія станавіліся “сталіцамі Дажынак”.

Мэтай дадзенага праекту – была спроба паглядзець на рэгіянальныя гарады вачыма мясцовых журналістаў альбо журналістаў, якія калі і не жывуць стала ў горадзе, але падтрымліваюць цесную сувязь з горадам, добра ведаюць актуаліі гарадскога жыцця. Да журналістаў мы звярнуліся з прапановай адлюстраваць у артыкулах фактуру сучаснага гораду (значныя падзеі, вядомыя людзі, знакі і сімвалы і г.д.), якая б паказвала, па якіх нормах і прынцыпах арганізавана сёння гарадское жыццё. Нас цікавілі тыя змены, што адбыліся ў беларускіх гарадах за гады суверэнітэту краіны, як яны паўплывалі на гарадское асяроддзе, гарадскія звычкі, які культурны патэнцыял яны надалі гораду? Якія культурныя, гістарычныя аспекты сёння актуалізуюцца ў гарадской культуры? Якім убачаць горад турысты – беларускім, рускім, польскім ці дагэтуль “запаведнікам савецкага”? Якім назавуць горад яго мясцовыя жыхары?

Задача аказалася не простая, бо з сямі гарадоў, з журналістамі якіх абмяркоўвалася ідэя артыкулаў, у выніку засталося толькі тры – Маладзечна, Вілейка, Глыбокае. І гэты момант таксама пэўным чынам характарызуе сітуацыю. Артыкулы, з якімі мы плануем пазнаёміць вас на сайце "ЕўраБеларусi" , не прэтэндуюць на паўнату вобразу, ў кожным з тэкстаў горад прадстаўлены з аднаго-двух, абраных журналістам ракурсаў.

 

Другие новости раздела «День города»

Мосар пасля Булькі
Мосар пасля Булькі
Алкаголь і цяпер не прадаюць у Мосары, але мясцовыя аматары як і раней кпілі з гэтага "сухога закону", дык і зараз не бядуюць. Ёсць ровар - ёсць крамы ў суседніх вёсачках.
Возвращаясь в «другую» Европу…
Возвращаясь в «другую» Европу…
Из окна полутемного купе, я вижу очертания почти забытых, но, тем не менее, до боли знакомых и родных зданий железнодорожного вокзала.
Два Глыбокіх, дзве цэнтральныя плошчы,  два замкі
Два Глыбокіх, дзве цэнтральныя плошчы, два замкі
Ёсць у сусветнай гісторыі прыклады, калі два невялікіх гарады становяцца адным вялікім горадам, Будапешт, напрыклад. Былі Буда і Пешт, сталіся Будапештам.
Паў апошні беларускамоўны бастыён?
Паў апошні беларускамоўны бастыён?
У сярэдзіне 1990-х гг па Віцебскаму абласному тэлебачанню давялося паглядзець адну музычную перадачу…
Маленькая Вільня
Маленькая Вільня
Аднойчы, праходзячы праз плошчу 17 Верасня ў Глыбокім, убачыў – 10 турыстычных аўтобусаў! Немудрагелістыя падлікі далі такі вынік: 10 х 40 месцаў = 400 экскурсантаў.
Алея Славы замест помніка Леніну
Алея Славы замест помніка Леніну
Алея Славы ў Глыбокім, якая была ўрачыста адкрытая 2 Верасня 2012 года да Дня беларускага пісьменства і друку, як не дзіўна, пачала стварацца з першых часоў набыцця Беларуссю незалежнасці.
Камісар паліцыі Пацэвіч
Камісар паліцыі Пацэвіч
У межах спецпраекту "Дзень гораду" eurobelarus.info працягвае серыю нарысаў пра Глыбокае.
Самыя "глыбокiя" СМI Беларусi
Самыя "глыбокiя" СМI Беларусi
Калі гаварыць пра СМІ, то Глыбокае ў гэтым родзе горад унікальны. Тут выдаюцца чатыры газеты, гораду прысвечаны некалькі сайтаў у iнтэрнэце. Але гiсторыя глыбоцкiх СМI значна багацейшая.
“Бітва цывілізацый”
“Бітва цывілізацый”
На Беларусі - 118 райцэнтраў і гарадоў раённага падпарадкавання. І кожны з іх мае сваю ўнікальную гісторыю і менталітэт жыхароў, імкнецца па-свойму захаваць ідэнтычнасць. Сёння мы завітаем у Глыбокае.
Ці такі ўжо малады Маладзечна?
Ці такі ўжо малады Маладзечна?
Маладзечна – горад на шляху з Менска ў Горадню, які я дзесяць гадоў праязджаў, не выходзячы з вагона, і не адчуваючы з-за гэтага ніякіх згрызотаў сумлення.
Нацыянальны фестываль у Маладзечна: як адрадзіць былы аўтарытэт?
Нацыянальны фестываль у Маладзечна: як адрадзіць былы аўтарытэт?
Першы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне адбыўся ў 1993 годзе. З таго часу ладзілася адзінаццаць, але ніводнаму не ўдалося хаця б параўняцца з першым.
Паламаныя крыжы Маладзечна
Паламаныя крыжы Маладзечна
Маладзечна. Вугал на ажыўлёным пераскрыжаванні вуліц Машэрава і Вялікага Гасцінца. У атачэнні петунь бачны шэры валун. Гэта той самы “Помнік пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі".
Вулічная гісторыя Вілейкі: ад Мінска-Дзісненскай да Повночной
Вулічная гісторыя Вілейкі: ад Мінска-Дзісненскай да Повночной
У гісторыі Вілейкі было многа выпрабаванняў. Яна бачыла шмат пакут, і ўлада не паспявала мяняць ўладу. Толькі вулічныя шыльды хутка здымалі і вешалі нов
Развагі пра тое, ці гатовая Вілейка “пахаваць” Леніна
Развагі пра тое, ці гатовая Вілейка “пахаваць” Леніна
Сёння, напэўна, ніхто не адкажа, калі ў Вілейцы з’явіўся першы помнік. І якім ён быў. Але тое, што ў горадзе па-над Віліяй іх было шмат – нават не абмяркоўваецца.
Беларускія НДА супраць COVID-19

Якія выклікі пандэмія каронавіруса кідае грамадскім арганізацыям і як яны з імі спраўляюцца?

«Это наша большая совместная работа»

За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.

Представители пяти городов обсудили ситуацию с безбарьерной средой (Фото)

23-24 сентября под Минском прошла двухдневная рабочая встреча в рамках кампании "Повестка 50".

Уладзімір Мацкевіч: Каля ста чалавек кожны год вучыцца ў беларускім Лятучым універсітэце (Аўдыё)

Адукацыйная пляцоўка была створана на ўзор Лятучага ўніверсітэта, які пад канец 1970-х гадоў дзейнічаў у Польшчы.