Валяць з лямцу, танчыць фламенка, вандраваць, здзяйсняць мары, ствараць – людзі, якія перажылі рак, ведаюць, як трэба смакаваць жыццё.
“Разам – у імя жыцця” – так называецца творчая гасцёўня Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў “У імя жыцця”, якая ладзіцца актывістамі ў Мінску і іншых гарадах краіны.
Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” завітала на сустрэчу ў сталіцы і апынулася ў надзвычайнай атмасферы падтрымкі, дабрыні, радасці і, вядома, творчасці.
У актавай зале абласной пушкінскай бібліятэкі ўсяго некалькі жанчын. З першага погляду становіцца зразумела: яны рыхтуюцца да свята – папраўляюць макіяж, апранаюць сцэнічныя касцюмы, наладжваюць праектар, падбіраюць музыку... У адным канцы залы на сталах раскладзены вырабы з лямцу – шалікі, пацеркі, завушніцы, цацкі… Усё гэта сваімі рукамі стварыла Вера, якой творчасць дапамагла выйсці з хваробы, і навучэнкі арганізаванага ёй гуртка па валянні.
Работы ўдзельнікаў гуртка па валянні
За арганізацыйнымі клопатамі ўдаецца паразмаўляць з дырэктарам Цэнтра Ірынай Жыхар.
– Творчасць – гэта лад жыцця, таму што чалавек, які мае сэрца, пачуцці, розум не можа не быць творцам. А вось каб паказаць сваю творчасць, патрабуецца пэўная мужнасць. У мяне i маiх каляжанак не заўсёды яе стае, таму мы робім такія мерапрыемствы камернымi, запрашаем толькi анкапацыентаў i iх блiзкiх. Арт-тэрапія вельмі індывідуалізаваная, бо гэта частка цябе, і яе трэба ў сабе адкрыць, а потым i прадэманстраваць. Сэнс жа не ў тым, каб паказаць, наколькі ты прафесійна робіш, а ў тым, колькі ў гэтым тваёй душы.
Тым часам удзельніцы ўсё прыбываюць, некалькі чалавек прыехалі на сустрэчу з Пінска. Нехта прыходзіць з кветкамі. Усе вітаюцца, усміхаюцца, размаўляюць, абдымаюцца, як добрыя сябры, і толькі пасля высваятляецца, што многія нават не знаёмыя паміж сабой. Але ці гэта перашкода, калі людзей аб’ядноўвае такое аграмаднае жаданне жыць і дарыць любоў? І гэтае жаданне проста выпраменьваюць іх вочы і ўсмешкі.
Сустрэчу наведала актрыса Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Ганна Анісенка, адна з гераінь кнігі “Жыццё пасля раку”, якая прадстала ў звычайным для сябе выглядзе: у вялізным цыліндры з чырвонай кветкай і клоўнскім чырвоным носам. Клоўн Доктар Нюша больш за 20 год штотыдзень наведвае хворых дзетак у Рэспублiканскiм дзiцячым анкацэнтры ў Бараўлянах.
Вера, Ганна, Ірына
Хвароба не заўсёды бывае міласэрнай, таму на сустрэчы ўзгадалі тых, каго яна забрала. Сёлета падчас хвіліны памяці ўзгадвалі тых, хто адыйшоў з 2012 па 2014 гады – дзякуй Богу, за апошні год стратаў сярод сяброў Цэнтра не было. Нябеснай “групе падтрымкі” Ірына Жыхар прысвяціла песню, якую напісала сяброўка Валянціны ТалкуновайСвятлана Капылова, каб падтрымаць артыстку падчас хваробы. Выкананне песні пад гітару кранула прысутных да самых глыбіняў.
Пасля сустрэча перайшла на больш мажорны лад. Наталля, мініяцюрная жанчына ў павязанай на манер чалмы хустцы і ў чорнай у белыя гарохі сукенцы з валанамі іспанскага пакрою распавяла пра тое, як здзейсніла сваю мару.
– Я захапляюся фламенка, пачала займацца ім яшчэ да хваробы. Увогуле, заўсёды займалася танцамі – народнымі, усходнімі. Хацелася танцаваць і гаварыць целам пра ўсе пачуцці, і фламенка дазваляе гэта рабіць. І я захацела пабываць у краіне, дзе зарадзіўся гэты танец – Іспаніі.
Тады, у 2011, Наталлю спынiў рак малочнай залозы. Праз 4 гады – новая хвароба. Аперацыi, хiмii… Здавалася, бясконцаму лячэнню не будзе канца. Танцы на пэўны час скончыліся, а мара засталася. І сёлета яна ажыццявілася, нават удвайне: жанчына пабывала ў Ізраілі і Іспаніі.
– Не скажу, што я планавала гэтыя паездкі, але калі падвярнуліся туры, вырашыла не адмаўляцца. Бо вандроўкі, як і жыццё, нельга адкласці на пасля. Мары павінны здзяйсняцца. Нельга баяцца марыць, закрывацца ад жыцця. І я пазычыла грошай і паляцела ў сваю мару.
Наталля паказала фотаздымкі з вандроўкі, а пасля стала танцаваць. Эмоцыі танца складана перадаць словамі, і сказаць, што ён уразіў – усё роўна як змаўчаць.
Прэм'ера новага танца ад Наталлі
Яшчэ адна гераіня гасцёўні – згаданая вышэй Вера.
– У 2013 годзе я захварэла. У мяне шмат сваякоў, таму была каласальная падтрымка – і маральная, і матэрыяльная. Але калі лячэнне скончылася, мяне “накрыла”.
Каб зноў пачаць жыць, Вера павінна была ўбачыць такіх жа людзей, як яна, пераканацца, што яны ходзяць, усміхаюцца. Так жанчына прыйшла ў групу падтрымкі анкапацыентаў і зразумела: яна таксама будзе жыць.
– Калі я прыходзіла ў сябе пасля лячэння, захапілася валяннем. Мне гэта вельмі дапамагло, калі пагружаешся ў творчасць, увесь негатыў знікае. І я падумала: калі гэта мне так дапамагло, чаму гэта не можа дапамагчы яшчэ каму-небудзь?
Так з’явіўся гурток па валянні з лямцу. Цяпер у Веры дзясяткі вучняў, яна дае майстар-класы ў розных гарадах і выношвае новыя творчыя ідэі. А яшчэ Вера марыць, каб у Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў з’явілася магчымасць працаўладкоўваць людзей, якія перажылі хваробу.
Падчас iмпрэзы каля дзесяцi жанчын падзялiлiся сваiмi ўласнымi гiсторыямi творчага натхнення. Гаварылi пра ровары, вышыванкi, лекцыi, марскi бiльярд... Арганiзатары рыхтуюць фотасправаздачу, якая ў хуткiм часе з’явiцца на сайце Цэнтра oncopatient.by.
Атмасферу творчасці дапоўнілі выступленні прафесійных музыкаў: гасцёўню наведаў дуэт выканаўцаў на флейце і віяланчэлі Iгара i Таццяны Скрыпко, якія сыгралі папуры джазавай і класічнай музыкі.
А завяршыла вечар закладанне новай прыгожай традыцыі. Ірына Жыхар распавяла, што цяпер у Еўропу прыходзіць звычай з Амерыкі ў першую нядзелю чэрвеня адзначаць Міжнародны дзень анкапацыента. І прапанавала падпісаць паветраныя шарыкі з пажаданнямі самім сабе, гэтаму свету, людзям, якія побач, і выпусціць іх у неба. Няхай лятуць і спрыяюць здзяйсненню мар і планаў – іх у актывістаў Цэнтра яшчэ вельмі шмат.
Налета Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў “У імя жыцця” сумесна з Літвой плануе рэалізаваць міжнародны праект, які дазволіць вывесці на новы ўзровень камунікацыю доктара і пацыента.
Известно, что в Беларуси ежегодно от рака умирает почти 18.000 человек, но об излеченных пациентах почти никто не говорит, в том числе сами излеченные — тема почти табуированная.
В Минске завершила работу 1-ая Международная научно-практическая конференция «Качество жизни онкопациентов: системный подход к организации помощи после активного лечения».
В рамках 1-ой Международной научно-практической конференции "Качество жизни онкопациентов: системный подход к организации помощи после активного лечения" в Минске открылась тематическая фотовыставка.
Первый день конференции обозначил приоритетные вопросы от решения которых, по мнению ряда участников, зависит прогресс системного подхода в реабилитации онкопациентов.
О том, как исцелять не болезнь, а больного, как сделать работу с пациентами в Беларуси системным явлением, шла речь на открывшейся в Минске конференции.
Беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич обратился к Александру Лукашенко с открытым письмом, в котором потребовал от беларусского правителя не отдавать преступные приказы.
Альтернативного властному сценария по-прежнему не просматривается. Предложенный Виктором Бабарико и его командой сценарий референдума вряд ли может быть таковым.
За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.
Важно не только то, О ЧЁМ вы говорите, но и КАК. И если вы – журналист, блогер, публичный человек, а одна из ваших тем – люди с инвалидностью, то вот несколько рекомендаций, как подавать её корректно.
У Еўропе — мэры гарадоў, у нас — старшыні гарвыканкамаў. Бо мэраў абіраюць, а старшыняў прызначаюць. Але нечакана Лідзія Ярмошына загаварыла пра ўзмацненне мясцовага самакіравання.
Без прыватызацыі ды закрыцця стратных прадпрыемстваў беларуская эканоміка хутчэй расці не будзе, з чым згодныя нават улады Беларусі, заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Вазіл Худак
Экологи, эксперты в сфере экологии и представители гражданского общества отвечают на обвинение в негативном влиянии на инвестиционный климат и недобросовестной конкуренции.