Пятница, 18 мая 2012 года

Інтэграцыйны патэнцыял Еўрапейскай палітыкі добрасуседства

Інтэграцыйны патэнцыял Еўрапейскай палітыкі добрасуседства

Вераніка Скленкова, Slovak Journal of Political Sciences

20.02.2012

Канцэнтруючыся выключна на дасягнутым узроўні інтэграванасці краін УП у Еўрапейскі Саюз, аўтары даследвання прыходзяць да высновы, што ні ЕС, ні краіны-партнёры да гэтага часу не гатовыя да патэнцыйнай інтэграцыі. Аднак інтэграцыя будзе магчымая ў доўгатэрміновай перспектыве пры ўмове палітычай волі партнёраў, паслядоўнага выканання імі ўсіх інтэграцыйных правіл і працы ў адпаведнасці з нарматывамі ініцыятывы.

Гісторыя еўрапейскай інтэграцыі

З пачатку заснавання ініцытыятывы ЕС, еўрапейская інтэграцыя паказала сябе паспяховым праектам, які аказаўся здольным аб’яднаць дэмакратычныя краіны Еўропы з агульнай мэтай: стабільнасць, бяспека і росквіт на кантыненце. Час ішоў, і выгады інтэграцыі аказаліся для еўрапейскіх краін больш прывабнымі, чым напачатку, калі яны адмаўляліся ўступаць у Еўрапейскае аб’яднанне вугля і сталі (першааснову ЕС) у 1950-х гадах. Праз больш як 50 гадоў эвалюцыі, мадыфікаваны інтэграцыйны праект - Еўрапейскі Саюз - аб’ядноўвае 27 краін, 5 кандыдатаў на ўваходжанне ў ЕС (Харватыю, Ісландыю, Турцыю, Македонію і Чарнагорыю), 3 краіны - афіцыйных будучых сяброў ЕС (Албанію, Боснію і Герцагавіну і Сербію) і некалькі заходнееўрапейскіх краін (Ліхтэнштэйн, Нарвегію і Ісландыю), якія не з’яўляюцца сябрамі ЕС, але карыстаюцца галоўным здабыткам еўрапейскай інтэграцыі - агульным рынкам - у рамках інструмента Еўрапейскай эканамічнай прасторы. Гэтаксама Швейцарыя - не ўключаная ў ЕЭП, але ўваходзіць у зону агульнага рынку на аснове некалькіх двухбаковых сектаральных пагадненняў і Пагаднення аб асацыяцыі.

Такім чынам, пасля далучэння да ініцыятывы 10-ці краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў 2004-м і 2007-м гадах, праект еўрапейскай інтэграцыі ўрэшце здолеў аб’яднаць усход і захад Еўропы пасля дзесяцігоддзяў халоднай вайны.

У 2004 годзе ЕС заснаваў новы палітычны інструмент - Еўрапейскую палітыку добрасуседства (ENP) - для ўзаемадзеяння адносін з краінамі Паўночнай Афрыкі і Сярэдняга Усходу, а таксама Украінай, Беларуссю і Малдовай, Грузіяй, Арменіяй і Азербайджанам, дадаткова для якіх быў створаны праект "Усходняе партнёрства" (УП). У рамках ЕПД краінам запланавана аказанне фінансавай, тэхнічнай і палітычнай падтрымкі для найхутчэйшага іх пераходу да дэмакратыі.

Нягледзячы на тое, што, згодна з Маастрыхскай дамовай, любая дзяржава, якая адпавядае крытэрыям, можа падаць заяўку на ўступленне ў ЕС, краінам УП зараз закрыты шлях афіцыйнага ўключэння ў Аб’яднаную Еўропу. Гэтыя краіны былога СССР і Паўднёвага Каўказа заяўляюць пра свае еўрапейскія памкненні і таму прэтэндуюць на хуткае ўваходжанне ў ЕС, але для гэтага ёсць перашкоды.

Складанасці па ўступленню ў ЕС маюць некалькі прычын

1) Геаграфічнае становішча паміж ЕС і Расіяй, якія маюць аднолькава абгрунтаваныя амбіцыі на сферу ўплыву на рэгіён.

2) Спрэчны характар іх еўрапейскасці (ці нават праеўрапейскасці), асабліва ў выпадку з Паўднёвым Каўказам.

3) Галоўная прычына - неадпавяданне нават мінімальным крытэрыям, па выкананні якіх уступленне краін у ЕС можна было б пачаць разглядаць.

Праекты ЕПД і УП

16 краін-суседзяў ЕС, для ўзаемадзеяння з якімі была заснаваная Еўрапейская палітыка добрасуседства, ужо мелі да гэтага адносіны з ЕС (напрыклад, краіны Паўднёвага Міжземнамор’я) на аснове дамоў, але ЕПД аб’яднала іх у межах аднаго праекта. У рамках ЕПД дэмакратычныя рэформы ў краінах узнагароджваюцца падпісаннем з краінай двухбаковых Пагадненняў аб асацыяцыі - асновы для далейшай узаемнай інтэграцыі.

Выгады і стымулы, якія прапануе праект ЕПД

1) інтэнсіфікацыя ўзаемаадносін з ЕС і перавод іх з узроўня кааперацыі на ўзровень інтэграцыі;

2) уваходжанне ва ўнутраны рынак ЕС, паглыбленне эканамічных стасункаў;

3) пашырэнне палітычнай кааперацыі;

4) зняцце гандлёвых бар’ераў і адкрытасць эканомікі;

5) удзел у палітычных, культурных, адукацыйных, навуковых і інш. праграмах ЕС;

6) пераход заканадаўства краін ЕПД на еўрапейскія нормы.

Адносіны краін Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказа з ЕС базуюцца на пагадненнях аб партнёрстве і супрацоўніцтве, аднак унутры ЕПД ёсць тры партнёры, поўнае супрацоўніцтва з якімі зараз немагчыма (Лівія, Сірыя і Беларусь).

Галоўныя інструменты ЕПД - двухбаковыя Планы дзеянняў, у якіх ЕС сумесна з краінай вызначае прыярытэты супрацоўніцтва і канкрэтныя крокі па ажыццяўленні рэформ гэтай краінай. Сумеснымі працоўнымі органамі з’яўляюцца Саветы па супрацоўніцтву, якія ўхваляюць Планы дзеянняў (на 3-5 гадоў) пасля вывучэння даклада Еўракамісіі па краіне, у якім даецца ацэнка яе палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця і прапануюцца дзеянні па рашэнні існуючых праблем, у адпаведнасці з чым распрацоўваюцца крокі Плана і вызначаюцца галоўныя сферы рэфармавання разам з каротка- і сярэднетэрміновымі прыярытэтамі. У адрозненне ад Пагадненняў аб асацыяцыі ці Пагадненняў аб партнёрстве і супрацоўніцтве, Планы не з’яўляюцца юрыдычна абавязковымі дакументамі і, калі краіна не выканае іх прадпісанні цягам 3-5 гадоў, ніякіх санкцый на яе накладзена не будзе, акрамя магчымасці ЕС абмежаваць ці прыпыніць фінансавую падтрымку краіны. Еўракамісія і краіны-партнёры кантралююць выкананне ўзятых краінамі абавязкаў і адпаведнасць іх абвешчаным мэтам, згодна з рэгулярнымі індывідуальнымі дакладамі краін, дзе апісваецца прагрэс у рэалізацыі рэформ у розных сферах.

  • Для забеспячэння фінансавай і тэхнічнай падтрымкі краін у выкананні рэформ ЕС заснаваў Еўрапейскі інструмент добрасуседства і партнёрства (ENPI) на 2007-13 гады з бюджэтам у 12 млрд. еўра.
  • Краінам, дасягнуўшым найбольш значнага прагрэсу ў рэалізацыі рэформ, забяспечваецца дадатковае фінансаванне ад Фонда кіравання (Governance Facility; бюджэт у 300 млн. еўра) і магчымасць браць крэдыты на розныя патрэбы ад Інвестыцыйнага інструмента добрасуседства (Neighbourhood Investment Facility; бюджэт у 700 млн. еўра).
  • Для падтрымкі рэформ у краінах-партнёрах быў заснаваны Інструмент тэхнічнага садзейнічання і інфармацыйнага абмену (TAIEX) і праграма Twinning для развіцця ў краін-кандыдатаў эфектыўнай адміністрацыі, структур, чалавечых рэсурсаў і кіраўніцкіх навыкаў, неабходных для прыняцця і рэалізацыі заканадаўства ЕС, - інструменты, якія паказалі сваю эфектыўнасць у працэсах трансфармацыі заканадаўства краін ЕПД.

Па дасягненні краінамі дастатковага прагрэсу рэфармавання, ЕС пераходзіць на больш глыбокі ўзровень інтэграцыі і заключае новае пагадненне з краінай, якое замяшчае План дзеянняў, ствараецца пасля працяглых перамоў і ўлічвае ўнутраную сітуацыю абодвух бакоў.

Прататып ЕПД - стратэгія пашырэння Еўрапейскага Саюза

ЕПД пабудаваная па прынцыпах стратэгіі пашырэння ЕС (EU Enlargement policy), якая паказала сябе найбольш паспяховай своеасаблівай формай замежнай палітыкі праз праграмнае ўзаемадзеянне, і цяпер, калі працэсы еўрапейскага пашырэння прыпыніліся, ЕС выкарыстоўвае ўсе яго інструменты і механізмы для тых краін Еўропы, якія не ахопіць у бліжэйшай будучыні яго стратэгія пашырэння.

Аднак асноўная крытыка праекту заключаецца:

  • у адсутнасці галоўнага стымула - сяброўства з ЕС у якасці ўзнагароды краін за выкананне рэформ, паколькі рэформныя выдаткі і выгады ад іх прыняцця для партнёраў несуразмерныя, і Палітыка не можа цалкам выкарыстоўваць свой трансфармацыйны патэнцыял;
  • у неадэкватнасці механізмаў праграмы для зусім іншай палітычнай сітуацыі.

З іншага боку, ЕПД - рэзультат усведамлення памылак мінулага і адаптацыі і камбінацыі палітычнага досведу і навыкаў, атрыманых падчас рэалізацыі палітыкі пашырэння ЕС.

ЕПД выкарыстоўвае механізмы мінулых праграм па двух накірунках:

1) стратэгічным, дзе дзейнічаюць прынцыпы абумоўленасці і сацыялізацыі;

2) аператыўным - праз выкарыстанне Планаў дзеянняў і інструментаў для маніторынгу і ацэнкі прагрэсу. Камюніке ЕС 2003 года “Пашыраная Еўропа - новыя суседзі: новыя рамкі адносін з усходнімі і паўднёвымі суседзямі ЕС” адзначае, што “у абмен на пэўны прагрэс у раздзяленні агульных каштоўнасцяў і эфектыўнага ажыццяўлення палітычных, эканамічных і інстытуцыйных рэформ, у тым ліку ўзгаднення заканадаўства са зборамі правіл ЕС, суседзям ЕС павінныя быць прапанаваныя перспектыва долі на ўнутраным рынку ЕС і далейшая інтэграцыя і лібералізацыя краіны для свабоднага руху людзей, тавараў, паслуг і капіталу". З мэтай адпаведнасці краін-партнёраў крытэрам прагрэсу ў рэформах, былым прэзідэнтам Еўракамісіі Рамана Продзі прапаноўваўся прынцып строгай абумоўленасці па аналогіі з Капенгагенскімі крытэрамі ўступлення ў Еўрапейскі Саюз, што, аднак, мог працаваць толькі ў выпадку няроўнасці бакоў - Еўрасаюза, які ўстаноўліваў і кантраляваў строгую адпаведнасць яго ўмовам, і зацікаўленых у выкананні гэтых умоў краін-партнёраў.

У палітыцы ЕПД ж прынцып абумоўленасці аказаўся абмежаваным новымі прынцыпамі сумеснай уласнасці і партнёрства, што азначае сумеснае з краінай вызначэнне крокаў па рэфармаванні і адпаведна больш дакладную мэтанакіраванасць рэформ. Ужо ў стратэгічным дакуменце “Еўрапейская палітыка добрасуседства” (2004 год) прынцыпы строгай абумоўленасці і крытэраў прагрэсу размытыя і нявызначаныя: “хуткасць збліжэння ЕС з яго партнёрамі будзе залежаць ад прыхільнасці апошніх да агульных каштоўнасцяў, волі і магчымасці рэалізоўваць прынятыя прыярытэты”.

На стратэгічным узроўні ключавымі прынцыпамі ЕПД застаюцца абумоўленасць і сацыялізацыя. Апошняя была таксама запазычаная з палітыкі пашырэння ЕС як “перыядычны ціск на гульцоў праз пасарамленне, угаворы і іншыя дзеянні для сацыялізацыі дзяржаўных актораў”, з мэтай чаго Еўракамісіі варта ўсталёўваць добрыя стасункі з апазіцыяй, НДА і грамадзянскай супольнасцю краін ЕПД для ціска на іх урады і прасоўвання рэформ. У гэтых мэтах ЕС дапамагае праграма Twinning і даклады Еўракамісіі пра прагрэс у рэалізацыі рэформ, якія і ёсць сродкамі ўхвалення краін-лідэраў і пасарамлення партнёраў, прагрэс якіх недастатковы ці ўвогуле адсутнічае, а таксама наракання на парушэнне ў іх правоў чалавека. Для краін у авангардзе рэформ створаны механізм дадатковага фінансавання - сумеснае дзеянне прынцыпаў абумоўленасці і сацыялізацыі.

У Еўрапейскай палітыцы добрасуседства запраграмаваны інавацыйны прынцып дыферэнцыяцыі: адзінай канечнай мэты выканання ўсіх патрабаванняў ЕПД для краін-партнёраў не існуе, яна для кожнай краіны свая, паколькі перспектывы далучэння да ЕС для іх не прадугледжваецца. Хаця ЕПД усталёўвае адзіную рамку ўзаемадзеяння з партнёрамі, сама палітыка да краін заснаваная на двухбаковым падыходзе, які адлюстраваны ў складанні індывідуальнага Плана дзеянняў для кожнай краіны.

На аператыўным узроўні ЕПД узяла з палітыкі пашырэння ЕС свой асноўны інструмент - Планы дзеянняў, а таксама інструменты для маніторынгу і ацэнкі прагрэсу - штогадовыя індывідуальныя даклады краін ЕПД па дасягнутым прагрэсе.

Інтэграцыйныя амбіцыі краін-суседзяў

Відавочна, што палітыка ЕПД - і УП унутры яе - былі створаныя для ўтрымання ўсходнееўрапейскіх суседзяў - Украіны, Беларусі і Малдовы - ад жадання ўвайсці ў ЕС, прапанаваўшы ім іншы інтэграцыйны праект.

Саюз прытрымліваецца дэвіза Продзі “Аб’яднаць усё, акрамя інстытуцый” (без магчымасці краін удзельнічаць у працэсах прыняцця палітычных рашэнняў ЕС і ўплыва на еўрапейскае заканадаўства) і строга абмяжоўвае любое памкненне партнёраў увайсці ў ЕС. Разуменне стратэгіі ЕПД і чаканні ад яе партнёраў вельмі адрозніваюцца і дзеляцца на 3 групы:

1. Краіны, якія ўжо дамагліся падпісання Пагаднення аб асацыяцыі ці Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве і працягваюць інтэграцыю з ЕС у розных сферах праз рэалізацыю Планаў дзеянняў, але яны не маюць законнага права прэтэндаваць на сяброўства з ЕС (Марока, Туніс, Егіпет, Ізраіль, Палесцінская аўтаномія) ці самі не хочуць уваходзіць у ЕС (Арменія, Азербаджан).

2. Краіны, якія не хочуць удзельнічаць у Палітыцы добрасуседства (Беларусь, Алжыр, Расія) ці з якімі ЕС пакуль не можа знайсці кансэнсуса (Беларусь, Лівія, Сірыя). Інтэграцыя магчымая ў бліжэйшым часе пры ўмове змянення палітычнай сітуацыі, росту цікаўнасці ў краін да супрацоўнітва з ЕС ці калі ЕС зразумее, што яго суседзі выканалі неабходныя ўмовы для ўзнаўлення кааперацыі.

3. Краіны, якія заяўляюць пра сваю праеўрапейскую арыентацыю, гатоўнасць да ўступлення ў ЕС ці мінімум - статуса кандыдата і па саюзным заканадаўстве маюць поўнае права патрабаваць уваходжання ў ЕС (Україна, Малдова і Грузія). Успрыняцце імі ЕПД, аднак, парушанае іх інтэграцыйнымі амбіцыямі: рэформы, якія краіны рэалізуюць, яны напрамую звязваюць з перспектывай уваходжання ў ЕС. Нягледзячы на неабгрунтаванасць іх жадання далучыцца да Аб’яднанай Еўропы, для ЕС выгадна падтрымліваць партнёрскія амбіцыі гэтых краін.

Патэнцыял пашырэння і інтэграцыі Еўрапейскай палітыкі добрасуседства і Усходняга партнёрства

Пад дэвізам “Аб’яднаць усё, акрамя інстытуцый” ЕПД задумвалася як палітыка, недатычная да пашырэння Еўрасаюза, без магчымасці краін удзельнічаць у працэсах прыняцця палітычных рашэнняў ЕС і ўплыва на агульны збор заканадаўчых актаў ЕС (acquis communautaire). Аднак удзел партнёраў ва ўнутраным рынку ЕС запатрабуе ўзгаднення заканадаўства партнёраў з законамі ЕС і, калі першыя дасягнуць адпаведнага ўзроўня прававой інтэграцыі з ЕС, яны акажуцца на тым жа ўзроўні інтэграванасці з ЕС, што і сябры Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (у рамках Еўрапейскай эканамічнай прасторы).

ЕПД успрымаецца як палітыка падрыхтоўкі да ўваходжання ў Еўрасаюз з-за:

  • супярэчнасці паміж сяброўствам Еўрасаюза з партнёрамі, удзел у ЕПД для якіх - этап на шляху да ЕС, і падтрыманнем адносін ў рамках ЕПД з краінамі, перспектыва ўваходжання ў ЕС для якіх цалкам выключаная;
  • ужывання для ЕПД метадалогіі палітыкі еўрапейскага пашырэння; з-за гэтага, чым больш дакладна і паспяхова партнёры будуць рэалізоўваць крытэры ЕПД, тым верагодней стане неабходнасць ЕС разглядаць перспектыву свайго пашырэння.

І хаця ЕПД прапануе глыбокую інтэграцыю з рознымі сферамі палітыкі ЕС і выгады ад многіх праграм і праектаў ЕПД, што заахвочвае стратэгічны рух партнёраў “у Еўропу” і ў выніку атрымання статуса, падобнага на той, які маюць не сябры ЕС, але сябры Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (EFTA), верагодна, інтэграцыі без удзелу ў фарміраванні самой інтэграцыйнай палітыкі некаторым амбіцыйным сябрам будзе недастаткова.

Працэс эканамічнай інтэграцыі краіны (згодна з тэорыяй эканамічнай інтэграцыі Баласса), які мае 4 этапы, у дачыненні да ЕПД абмяжоўваецца пакуль гнуткай інтэграцыяй на ўзроўні агульнага рынку:

1. Стварэнне зоны свабоднага гандлю: зняцце тарыфных і нетарыфных бар'ераў для ўдзельнікаў і свабоднае перамяшчэнне тавараў і паслуг паміж імі (дакумент “Моцная Еўрапейская палітыка добрасуседства” (2007 год), заключэнне Глыбокіх і ўсеабдымных пагадненняў аб свабодным гандлі і ініцыятыва Усходняга партнёрства).

2. Стварэнне мытнага саюза пасля гарманізацыі мытных тарыфаў і стварэнне адзінага мытнага тарыфа для тавараў з трэціх краін.

3. Стварэнне агульнага рынку (свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы).

4. Стварэнне эканамічнага і валютнага саюза (адзіная валюта і адзіная манетарная палітыка на наднацыянальным узроўні) і нейкай формы палітычнага саюза краін-удзельніц.

Такім чынам, першачарговымі задачамі Усходняга партнёрства з’яўляюцца:

1. Стварэнне Глыбокай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю (з абавязковай умовай ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю), якая будзе ахопліваць усе сферы гандлю, у першую чаргу - энергетычны гандаль.

2. Заключэнне і рэалізацыя Пагадненняў аб асацыяцыі (свабодны гандаль паміж партнёрамі; палітычная прыхільнасць партнёраў да ЕС; збліжэнне з еўрапейскім заканадаўствам; агульная знешняя палітыка і палітыка бяспекі; візавая лібералізацыя і адмена віз (пасля падпісання Пакта мабільнасці і бяспецы); паступовае адкрыццё еўрапейскіх працоўных рынкаў для грамадзян УП).

Стратэгічны дакумент ЕПД раіць партнёрам пачаць рэалізацыю Пагадненняў аб партнёрстве і супрацоўніцтве ў сферы гандлю (далучэнне да Сусветнай гандлёвай арганізацыі, зняцце колькасных абмежаванняў на імпарт тавараў і пачатак эканамічных рэформ), толькі пасля чаго Еўрасаюз распачне глыбокую гандлёвую і эканамічную інтэграцыю з удзельнікамі Палітыкі добрасуседства.

Любая краіна Еўрапейскай палітыкі добрасуседства і Усходняга партнёрства, якая дасягне ўзроўня інтэграванасці сябраў Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, юрыдычна мае права ўступіць у Еўрасаюз. Пры гэтым ЕС у бліжэйшай будучыні будзе вельмі асцярожна разглядаць магчымасць пашырэння, паколькі ён хоча бачыць у сваім складзе толькі краіны з моцнай і стабільнай эканомікай. Таму такі сцэнар можа адбыцца толькі на ўмовах строгай абумоўленасці і гнуткай інтэграцыі з партнёрамі паводле іх амбіцый.

 

Пераклад з англійскай мовы: Яўгенія Камарова, ЕўраБеларусь - паводле: Veronika Sklenková. Integration Potential of the European Neighbourhood Policy. Slovak Journal of Political Sciences, Volume 12, 2012, No. 1.

 


Мнения

Centre For European Transformation Belarusian Institute for Strategic Studies
free counters